Той, хто прыйшоў у гарадскі парк, у суботні летні вечар 6 ліпеня, трапіў у сваеасаблівую атмасферу. На забаўляльных пляцоўках дзяўчынкі плялі вяночкі, дзеткі малявалі, моладзь удзельнічала ў конкурсах. Усем жадаючым прапаноўвалі патрэніраваць сваю раўнавагу на балансбордзе. Забавак на любы густ.

Пад лірычную музыку прыгожыя дзяўчынкі з вяночкамі ішлі да святочнай пляцоўкі, абвяшчаючы пачатак дзеі. Пра тое, каб перадаць настрой гэтага паэтычнага народнага свята, паклапаціліся ­ўдзельнікі танцавальных калектываў, салісты раённага Цэнтра культуры, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў. Увесь вечар прысутныя назіралі за карагодамі, і самі ў іх ўдзельнічалі, слухалі купальскія песні, у якіх гучала любоў да зямлі, прыроды, роднага краю. Артысты прапанавалі гледачам паглыбіцца ў гісторыю і паспрабаваць злучыць мінулае і сучаснасць: легенду аб папараць-кветцы з сучаснымі меркаваннямі беларусаў.

Вядома, што нашы продкі надавалі святу глыбокі магічны сэнс. Чаму? Таму, што імкнуліся з дапамогай пэўных абрадавых дзей ­уздзейнічаць на прыроду, на ўласныя дабрабыт і шчасце. Важна тое, што тыя дзеі нашыя таленавітыя суправаджалі цікавымі песнямі, танцамі, тым, што з’яўляецца нашай самабытнай культурнай спадчынай.

Да купальскай ночы нашы продкі рыхтаваліся з самай раніцы. Жанчыны ішлі на луг збіраць зёлкі, лічылася, што ў гэты дзень яны набываюць асаблівую лекавую моц. Дзяўчаты рвалі для вянкоў кветкі з розных палёў, часцей каля суседніх вёсак, каб заманіць адтуль, па народным павер’і, жаніхоў. Увечары з музыкай і танцамі купальскі гурт выходзіў з сяла. Людзі збіраліся каля раскладзенага вогнішча, якое заўсёды было на высокім месцы ля ракі ці возера.

Сцэну ў гарадскім парку ўпрыгожылі згодна купальскім традыцыям – кветкамі і зелянінай. Безумоўна, важнейшай часткай Купалля з’яўляецца песня, без якой нават нашы продкі не абыходзіліся. Таму, каб лепш ілюстраваць абрад, прыгожымі купальскімі песнямі суправа­джаліся ўсе асноўныя моманты свята, гульні, тэатралізаваныя дзеянні.

 

Адна з самых таямнічых дзеяў – купальскае вогнішча. Паглядзець на яго сабраліся ўсе госці. Здаецца, што ў гэты час кожны думаў пра самыя патаемныя свае жаданні і марыў, каб яны збыліся.
Народная творчасць была і застаецца адной з самых цікавых частак нашай культуры. I так хочацца, каб іскрынкі купальскага агню ніколі не згасалі, з пакалення ў пакаленне перадавалі любоў да роднай зямлі, павагу да таленту продкаў.