«Гэты старэнькі здымак з сямейнага альбома «прайшоў» вайну, пажары і шмат складаных дзесяцігоддзяў. Мне ён па-асабліваму дарагі. Там – у маладосці мая мама Надзея Ягораўна Іванова-Карнеенка. Гэты ўспамін пра бацькоўскі лёс я хачу прысвяціць менавіта ёй.

На гэтым здымку – выпускнікі 1939 года Вялікахальнявіцкай школы. У гэты час працавала настаўніцай гэтай школы маладзюсенькая Надзея Ягораўна Карнеенка, якая прыехала сюды следам за каханым Сцяпанам Ісаакавічам Севруковым (Севрюковым) з Клімавіцкага раёна, што на Магілёўшчыне. Там яны пазнаёміліся падчас вучобы на педагагічных курсах. Сцяпан Ісаакавіч скончыў курсы раней і прыехаў працаваць у Халопеніцкі раён. Тут і стварылася маладая настаўніцкая сям’я. Нарадзіўся першынец, хлопчык, якога назвалі Уладзімірам. Але неўзабаве здарылася гора, дзіця памерла. Пахавалі яго, мабыць, у Вялікіх Хальнявічах.

Здымак выпуску 1939 года. Тыя, хто пазнаюць сваіх знаёмых або родзічаў, адгукніцеся!   
Здымак выпуску 1939 года. Тыя, хто пазнаюць сваіх знаёмых або родзічаў, адгукніцеся!

Сцяпана Ісаакавіча восенню 1939 года прызвалі ў армію, а калі пачалася вайна, адправілі на фронт.

Мама жыла на акупіраванай немцамі тэрыторыі. У Вялікіх Хальнявічах стаяў нямецкі гарнізон. У той час ужо стварыўся партызанскі рух. З сакавіка 1943 года мама стала партызанкай атрада А.М. Захарава брыгады С.В. Лявонава. Была сувязной, разведчыцай. У маі-чэрвені 1944-га ў выніку нямецкай карнай аперацыі каля 35 тысяч партызан знаходзіліся з акружэнні на Паліцкіх балотах. Мама расказвала пра кулямётную сеч, пра тое, як падалі ў дрыгву снарады, пра прастрэленую куляй кофту, пра голад. У пачатку ліпеня 1944-га партызан вызвалілі наступаючыя часці Чырвонай Арміі. У жніўні мама зноў пачала працаваць у Вялікіх Хальнявічах загадчыцай пачатковай школы. Неўзабаве атрымала пахавальную пра тое, што яе муж прапаў без вестак.

У 1945 годзе яна вярнулася на сваю малую радзіму на Клімаўшчыну. Праз пэўны час выйшла замуж за ўдзельніка вайны Рыгора Уласавіча Іванова. У іх нарадзілася трое дзяцей, старэйшай з’яўляюся я. Тата быў таксама настаўнікам. У 1940 годзе прызваўся ў армію, служыў у Петразаводску ў войсках НКУС. Ён удзельнік карэла-фінскай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, у маладым узросце прайшоў суровую школу жыцця.

У 1978 годзе мы з мамай пераехалі ў Крупкі на радзіму майго мужа Пятра Аляксеевіча Папова. У свой час яна спрабавала знайсці магілу сына, але няўдала. І вось зараз тое, што не здзейсніла яна, хачу паспрабаваць здзейсніць я. Можа хто-небудзь з хальнявіцкіх жыхароў успомніць, дзе быў пахаваны маленькі хлопчык маладой настаўніцкай пары? Мама вельмі добра гаварыла пра гаспадыню, дзе яна кватаравала і якая дапамагала ёй, калі тая хварэла.

Было ў мамы і жаданне знайсці захараўцаў, з якімі прайшлі цяжкімі партызанскімі сцяжынамі. Можа зараз знойдуцца і адгукнуцца родзічы або дзеці захараўцаў, такія, як я, у якіх бацькі прайшлі жудаснае выпрабаванне вайной. Ёсць жаданне сустрэцца, каб разам пакланіцца тым мясцінам, дзе на Паліку мужна змагаліся з ворагам партызаны, паспрабаваць адчуць тое, што некалі зведалі гэтыя бясстрашныя і адданыя сваёй Радзіме людзі. Нашы бацькі, якія былі тады зусім маладымі, яны абаранялі нас, сваіх будучых дзяцей, унікаў і праўнукаў. Сустрэцца, каб пасмуткаваць аб загінуўшых, падзякаваць за мірнае неба над галавой, за тое, што зрабілі яны для сваіх нашчадкаў.

Спадзяюся на водгукі. Звяртайцеся ў раённую газету.

Людміла ПАПОВА.