Асноўная ідэя імпрэзы – паказаць непарыўную сувязь гісторыі беларускага кнігадрукавання з днём сучасным. У аснове ляжаць славянскія вытокі і багатыя культурныя традыцыі, бо беларусам ёсць чым ганарыцца.
У кнігах, друкаваных крыніцах памяці, адлюстравана шматгадовая гісторыя беларускага народа, яго ўклад у сусветную культурную спадчыну. Ідэя свята ўзнікла пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Спачатку дата святкавання была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі – 6 жніўня 1517 года. З 1998 года святкаванне ўсталявана з 1 верасня.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры, кнігадрукавання. Свята адзначалі ў Полацку, Тураве, Наваградку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціслаўі, Міры, Шклове і іншых гарадах.
ХХХІІІ Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Касцюковічах 5-6 верасня. Кожнае свята прысвечана пэўнай тэме: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, юбілею дзеячаў нацыянальнай літаратуры. Дату адзначаюць усе жыхары краіны. Яны ўшаноўваюць людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне беларускага пісьменства.
5 верасня ў Касцюковічах адбудзецца навуковая канферэнцыя «Касцюковіцкія чытанні-2026». Касцюковіцкі край багаты літаратурнымі імёнамі. З горадам і раёнам звязаны жыццё і творчасць Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова, Васіля Хомчанкі, Аляксея Русецкага.
Сярод цэнтральных падзей свята – адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся» па творах паэта Аркадзя Куляшова, традыцыйнае гашэнне маркі і паштовага канверта, інтэрактыўны пешаходны QR квэст «Мая Касцюкоўшчына», фестываль кнігі і прэсы і выязны музей рэдкай кнігі плошчай больш за 300 квадратных метраў.
На галоўнай сцэне адбудзецца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Таксама гасцей фестывалю чакае вялікі гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Міхаіла Фінберга. У фінале канцэрта выступяць фіналісты і пераможцы конкурса юных чытальнікаў «Жывая класіка» гэтага і мінулых гадоў.