Былыя піянеры добра памятаюць песню пра шаснаццацігадовага партызана, якога ў атрадзе называлі «арлёнкам», а ворагі – арлом.

Гэта поўнасцю можна аднесці да Аляксандра Герасімавіча Дзенісевіча. Камсамолец з 1940 года, 5 снежня 1943 года добраахвотна далучыўся да 16-га атрада Смаленскай партызанскай брыгады. Першае бая­вое хрышчэнне атрымаў 20 снежня 1943 года падчас дыверсіі на чыгунцы, калі мсціўцы знялі з палатна рэйкі на некалькіх кіламетрах. Аляксандр удзельнічаў у разгроме варожага гарнізона, зведаў і цяжкасці блакады.

Малады кулямётчык быў двойчы паранены: першы раз 2 сакавіка 1944 года падчас бою каля вёскі Зачысце, і другі раз 26 мая 1944 года пры прарыве блака­ды. Ён удзельнічаў у вызваленні райцэнтра Глыбокае, затым у трэці раз быў паранены ворагамі, якія яшчэ хаваліся па лясах. 

Пасля вызвалення Беларусі сяржант Дзенісевіч – у складзе Чырвонай Арміі ў радах 806 стралковага палка 225 стралковай дывізіі першага Прыбалтыйскага фронту. Ваяваў у Прыбалтыцы, Усходняй Прусіі. Пры прарыве варожай абароны ў раёне горада Мемеля ў Латвіі адным з першых фарсіраваў раку Ліелупэ і, уварваўшыся ў траншэі праціўніка, агнём з аўтамата знішчыў некалькіх гітлераўцаў. За гэта быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

Пры прарыве абароны каля горада Кёнігсберга вызначыўся ў баі і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За ўзяцце Кёнігсберга».

У маі 1945 года  Дзенісевіч у складзе штурмавога батальёна прарваўся да партовага горада Данцыга, воіны перарэзалі варожыя камунікацыі. Пад агнём праціўніка вынес з поля бою 24 параненых байцоў і афіцэраў. Узнагароджаны ордэнам Славы трэцяй ступені і ўдастоены гонару сфатаграфавацца пад сцягам вайсковай часці. У пісьме камандавання значылася: «Вы с честью выполняли свой долг перед Родиной. Уверены, что большая любовь к Родине, которая вела вас на ратные подвиги, будет источником вдохновенного труда в мирном строительстве».

Некалькі пасляваенных гадоў Дзенісевіч працаваў інструктарам Халопеніцкага райкама партыі, быў загадчыкам аддзела Халопеніцкага  райвыканкама, старшынёй Халопеніцкага пасялковага Савета. Неабходная для кіраўніка прынцыповасць спалучалася з чуласцю, яго вельмі паважалі. У мірны час узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Мне пашанцавала колькі разоў сустракацца з ім у Халопенічах і ў райкаме партыі. Аляксандр Герасімавіч ніколі не расказваў пра сваё баявое юнацтва, пра тое даведаліся з пісьмовых крыніц і сайта «Подзвіг народа». Мы павінны памятаць пра кожнага, хто ў баях адстаяў свабоду нашай Радзімы і будучыню наступных пакаленняў.

Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.