Як ветэран педагагічнай працы, я з любоўю пішу летапіс школы, успамінаю цудоўныя моманты сваёй працоўнай дзейнасці, сваіх любімых выпускнікоў. Яны, нібы птушкі, на сваіх крылах нясуць любоў, прыгажосць і багацце нашай зямлі па ўсёй краіне. Шчыра кажучы, вельмі цікава сачыць за лёсам сваіх выпускнікоў, хвалявацца за іх, радавацца дасягненням.
Наведваючы родную школу № 3, я неаднаразова спыняю позірк на стэндзе «Імі ганарыцца школа», дзе змешчаны фотаздымак Аляксандра Гайдука, падпалкоўніка ўнутраных спраў, выпускніка ваенна-патрыятычнага класа 2002 года.
У час гутаркі з Аляксандрам перада мною, нібы кадры кіно, праплывалі старонкі яго свядомага жыцця.
Нарадзіўся ў горадзе Крупкі. Ужо з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. Вельмі любіў чытаць кнігі пра нялёгкую, але высакародную працу людзей у міліцэйскай форме. Асобны змест старонак кнігі «Следствие продолжается» М.У. Чаргінца неаднаразова перадаваў сваёй сястры Алёне, якая працуе зараз суддзёй у Крупскім раённым судзе. А пасля першай экскурсіі ў аддзел унутраных спраў Аляксандр цвёрда вырашыў стаць міліцыянерам. I калі ў школе ў 2001 годзе адкрылі ваенна-патрыятычны клас, Аляксандр першы падаў заяву. У аснову супрацоўніцтва з Ваеннай Акадэміяй была закладзена ідэя сістэмнай работы па патрыятычнаму выхаванню вучняў.
Сваю прафесійную схільнасць Аляксандр апісвае проста: з дзяцінства цягнула дапамагаць людзям, разбірацца ва ўсіх жыццёвых сітуацыях у дэталях, даводзіць справу да канца і абавязкова выконваць пастаўленую задачу. Жыць па прынцыпу, які не патрабуе гучных слоў: «Не падвядзі!» Трэба адзначыць, што бацькі Аляксандра Таццяна Андрэеўна і Сяргей Уладзіміравіч у тандэме з настаўнікамі школы імкнуліся выхоўваць у Аляксандра, як і ва ўсіх вучняў, сапраўднага патрыёта сваёй Радзімы. Яны навучалі правільна жыць, разумець і любіць прыгожае, шчыра і праўдзіва адносіцца да людзей, змагацца супраць кепскага ў нашым жыцці. I гэта дапамагала Аляксандру ў далейшым жыцці.
Менавіта школа, вучоба ў ваенна-патрыятычным класе былі асновай жыццёвага шляху, насычаныя яркімі багатымі ўражаннямі. З атрыманнем атэстата аб сярэдняй адукацыі ў Аляксандра нарадзілася шмат новых ідэй і імкненняў, а галоўнае – паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Але не ўсё так атрымалася. У першы год пасля заканчэння школы ён прайшоў курсы першапачатковай падрыхтоўкі ў Акадэміі МУС РБ. Па рэкамендацыі дзядзі Мікалая Андрэевіча Крыварота, які ў той час праходзіў службу ў Следчым ізалятары № 1 кіравання Дэпартамента па гораду Мінску і Мінскай вобласці, Аляксандр прыйшоў на службу ў СІЗА № 1 і паступіў на завочную форму навучання ў Мінскі інстытут кіравання на факультэт правазнаўства. Пасля заканчэння інстытута Аляксандр атрымлівае першае афіцэрскае званне – лейтэнанта ўнутраных спраў. «Кожную хвілінку мяне не пакідала мара працаваць у міліцыі ў аддзеле крымінальнага вышуку», – прызнаваўся ён.
Працалюбства, арганізаванасць, уменне пераносіць цяжкасці і дабівацца пастаўленай мэты дазволілі вызначыцца Аляксандру з прафесіяй. Ён ужо з сям’ёй вяртаецца на малую радзіму – горад Крупкі. Мара яго здзейснілася. Малады лейтэнант быў накіраваны на службу ў Крупскі РАУС. Тут пачалася яго працоўная сцяжынка, на якую ён ступіў са згоды ўласнага сэрца. «Былі і памылкі ў першапачатковых дзеяннях, але мае настаўнікі Дзмітрый Мельнік, Андрэй Андрэйка так падтрымлівалі мяне: «Аляксандр, памыляцца – гэта нармальна, галоўнае, зрабіць правільныя высновы», – успамінае мой суразмоўца. І Аляксандр прыслухоўваўся да кожнага слова сваіх калег.
Крымінальнаму вышуку Аляксандр прысвяціў 10 год. Ён вызначыў формулу: «Не так важна, колькі дзён у тваім жыцці, важна, колькі жыцця ў тваіх днях». Аляксандр імкнуўся, каб кожны дзень быў яркім, выніковым.
У памяці назаўсёды засталіся першыя рэзанансныя злачынствы, а іх за 10 год у крымінальным вышуку больш за 20. Засады, раскрыццё злачынстваў па гарачых слядах, забойствы, разбоі.... І так дзень за днём, год за годам.
«Але я ніколі не шукаў лёгкага хлеба і рабіў разам са сваімі калегамі ўсё, каб маім землякам жылося спакойна, – дадае Аляксандр. – Недастаткова мець дыплом, патрэбна шчыра любіць тое, чым займаешся і аддаваць гэтай справе ўсяго сябе».
За ўзорнае выканне службовых абавязкаў Аляксандр узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» IIІ ступені.
За 14 год службы ў міліцыі Аляксандр прайшоў па службовай лесвіцы ад оперупаўнаважанага да начальніка аддзела крымінальнага вышуку. А сёння ён – намеснік начальніка Крупскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню, падпалкоўнік міліцыі. Аляксандр часта наведвае ўстановы адукацыі раёна. Выступаючы перад вучнямі, ён засяроджвае ўвагу на тым, што кожны юнак і дзяўчына яшчэ ў школе павінны фарміраваць у сабе такія якасці, як мужнасць, адвага, заўсёды быць надзейнай апорай для сваіх землякоў. На базе Крупскага РАУС функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб «Мужнасць», дзейнасць якога накіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі, моцнай грамадзянскай пазіцыі. Пасля кожнай сустрэчы нашы вучні звяртаюць увагу на фотаздымак Аляксандра на стэндзе. Мне здаецца, што ім вельмі хочацца быць падобнымі на нашага выпускніка, якім мы ўсе ганарымся.
Як бачна, няма для Аляксандра лепшай прафесіі, чым тая, якую ён выбраў яшчэ ў школе. Такая ўлюблёнасць у сваю справу дапамагае і зараз яму разгледзець да крупінак прыкметы сваёй прафесіі, нялёгкай, але, як паветра, патрэбнай людзям.
Кожны дзень крочыць падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Гайдук па сваёй любімай сцяжынцы ў адзел унутраных спраў і з радасцю вяртаецца дадому, дзе яго чакаюць жонка і сыночкі-двайняшкі Марк і Захар.
Няхай жа спадарожнічае на жыццёвым шляху нашага выпускніка поспех, а сэрца перапаўняецца гонарам і радасцю за нашу маленькую радзіму Крупшчыну, якая дае яму сілы на новыя здзяйсненні.
Валянціна СКВАРКОЎСКАЯ, педагог-ветэран СШ № 3 г. Крупкі.