krupki.by

ru RU be BE en EN


Георгій Буракоў – малады фельчар, які лячыў і дапамагаў партызанам

Автор / Паралелі часу / Среда, 25 марта 2020 08:55 / Просмотров: 1081
Георгій Буракоў
Георгій Буракоў

Барацьба насельніцтва Беларусі з нямецкімі захопнікамі пачалася з першых дзён вайны. І была яна рознай – ад невыканання патрабаванняў акупацыйных улад да ўзброенага супраціўлення. Вядомая сваім падпольным і партызанскім рухам наша Крупшчына, і час працягвае адкрываць новыя старонкі гісторыі.

Шмат цікавых звестак пра падпольшчыкаў-медыкаў сабраў Міхаіл Паўлавіч Вайцяховіч, і мы пра многае ўжо расказвалі на старонках газеты. І вось напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі яму зноў ёсць пра што паведаць. А мы працягваем наш доўгатэрміновы праект «Паралелі часу» і слухаем Міхаіла Вайцяховіча:

– 1941 год. Пачатак лета, чэрвень пераваліў за другую палову. Выпускнікі Барысаўскага медвучылішча рыхтуюцца зда­ваць апошні дзяржаўны экзамен. У Георгія Буракова ён быў прызначаны на 25 чэрвеня – трэба яшчэ падвучыць, збегаць на кансультацыю…

Сям’я Бураковых жыла ў вёсцы Ліпавец. Бацька, Мікалай Фёдаравіч, меркаваў зрабіць з сына пераемніка ў нялёгкіх сялянскіх клопатах. Але хлопец марыў пра медыцыну, марыў з тае пары, калі дактары не змаглі дапамагчы яго маці пераадолець хваробу… Бацька змірыўся, уважыў сынава рашэнне і загадаў добра вучыцца, каб не давялося за яго чырванець.

Георгій бацькаў наказ запомніў цвёрда, паступіў у медвучылішча на фельчарскае аддзяленне, старанна вучыўся. І вось хутка ён – малады дыпламаваны спецыяліст.

На 22 чэрвеня была прызначана чарговая кансультацыя, і Георгій накіраваўся ў вучылішча, дзе і даведаўся пра страшную вестку. Вайна… Было вельмі трывожна, але тады і не думалі, што бяда закране кожнага.

Так і не здаўшы свой апошні экзамен, Георгій вярнуўся дадому, у Ліпавец, з цвёрдым намерам пайсці ў армію. Але тады ў ваенкамаце яму адмовілі.

Вельмі хутка паявіліся на Крупшчыне «новыя гаспадары» і адразу ж пачалі ўсталёў­ваць свае парадкі. Георгій пачаў меркаваць, як асабіста ён можа змагацца з ворагам, і вырашыў звярнуцца ў аддзел аховы здароўя, што працаваў пры раённай управе ў Крупках. Там яго сустрэў сам загадчык, Арсеній Андрэевіч Чайкін, чалавек у медыцынскім асяроддзі вельмі вядомы і паважаны, арганізатар падполля сярод медыкаў раёна.

На гэтым фота – партызан Сямён Паўлавіч ДАМАНЬКОЎ, з якім у цеснай звязцы быў падчас сваёй падпольнай дзейнасці Георгій Буракоў. На жаль, здымкаў самога Георгія Мікалаевіча Буракова знайсці не ўдалося
На гэтым фота – партызан Сямён Паўлавіч ДАМАНЬКОЎ, з якім у цеснай звязцы быў падчас сваёй падпольнай дзейнасці Георгій Буракоў. 

У гутарцы вопытны спецыяліст спакойна і ненадакучліва распытваў хлопца, каб высветліць грамадзянскую пазіцыю, адчуць, чым ён «дыхае». Сваёй самастойнасцю, імкненнем прыносіць людзям карысць у тую складаную гадзіну Георгій зрабіў на Чайкіна добрае ўражанне. І той вырашыў хоць і без дыплома, але ўзяць хлопца на работу, прыгледзецца да яго больш уважліва, выпрабаваць у справе. Памыліцца было нельга – надзвычай высокай была стаўка. Чайкін накіраваў Георгія на вельмі складаны і адказны ўчастак – загадваць ФАПам у вёску Сакалавічы, што недалёка ад станцыі Бобр. Там, у Сакалавічах, размяшчаўся вельмі моцны нямецкі гарнізон. Вакол вёскі і ў бок Дзянісавіч – векавы сасновы бор. Такое багацце адразу ўпадабалі немцы і з дапамогай палонных хутка пабудавалі на станцыі Бобр лесазавод з чатыр­ма моцнымі піларамамі. Да лесу працягнулі вузкакалейку і пачалі інтэнсіўную нарыхтоўку і вывазку драўніны. Увесь працэс, ад нарыхтоўкі да пагрузкі ў вагоны, немцы старанна і вялікімі сіламі ахоўвалі ўдзень і ўначы.

Акупантам было што і ад каго ахоўваць. У той час у навакольных лясах пачалі з’яўляцца партызаны. Хоць сілы былі і не роўныя, але яны актыўна шукалі шляхі, як перашкодзіць акупантам драпежнічаць і рабаваць. Іх цікавіла ўсё, што звязана з лесазаводам, з гарнізонам, аховай, перамяшчэннем і планамі немцаў. Пасля некалькіх няўдалых спроб партызаны сталі больш шчыльна збіраць інфармацыю і шукаць найбольш слабыя месцы. Ім вельмі былі патрэбны людзі, якія змаглі б без асаблівых цяжкасцей хадзіць па навакольных вёсках, што значна паскорыла б рух інфармацыі.

Для гэтай мэты вельмі падыходзілі супрацоўнікі мясцовага ФАПа, што быў якраз у Сакалавічах, – цэнтры нямецкага гарнізона. Прыгледзеліся да маладога хлопца, што толькі пачынаў працаваць, – Георгія Буракова.

Хворых было шмат і на прыёме, і тых, каго трэба было наведваць дома. Георгій працаваў ад світанку і да світанку, паказаўшы сябе падрыхтаваным спецыялістам, знаходлівым і смелым чалавекам. Задаволены хлопцам быў і Арсеній Чайкін, які і вырашыў паспрабаваць яго ў іншай справе…

Па заданні камандавання партызанскага атрада да Георгія на прыём пад выглядам хворага наведаўся падпольшчык Сямён Паўлавіч Даманькоў. Георгій папрасіўся ў партызанскі атрад, але Сямён Паўлавіч запэўніў, што, працуючы на ФАПе, хлопец зможа прынесці партызанам большую карысць, а немцам – шкоду. І расказаў пра метады сувязі і перадачы інфармацыі, папярэдзіў, каб быў вельмі асцярожны.

Даманькоў стаў перыядычна наведваць ФАП, дзе Георгій перадаваў яму для партызан лекі, перавязачны матэрыял, а таксама каштоўную інфармацыю пра нямецкія пасты, апорныя пункты, што ён заўважаў, бываючы ў вёсках. Пры магчымасці сам тайком лячыў партызан у сёлах. Хлопец вёў актыўную падпольную дзейнасць, апраўдваючы давер старэйшых таварышаў і паплечнікаў.

Гэта хутка ацанілі, і Чайкін вырашыў даверыць яму наступны, яшчэ больш адказны і небяспечны ўчастак. Так Георгій апынуўся на Дзянісавіцкім ФАПе, у самым «асіным гняздзе». Немцы стварылі там моцны апорны пункт з гарнізонам каля 120 узброеных да зубоў ваяк. На ўскрайку вёскі былі пабудаваны дзоты. Былую школу пераўтварылі ў казарму, добра яе ўмацаваўшы.

Вакол Дзянісавіч была партызанская зона, а гэты гарнізон скоўваў яе дзейнасць, пагражаючы нападзеннямі. Партызанам надзвычай трэба была надзейная сувязь з вёскай. Мясцовым ФАПам загадвала тады акушэрка Зінаіда Кірычэнка. Яна была дачкой святара, яе бацька быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе і загінуў. З прычыны гэтага немцы да Зінаіды, як пацярпелай ад савецкай улады, былі больш лаяльнымі. Георгій заўважыў гэта і пры чарговай сустрэчы з Чайкіным у Крупках расказаў яму.

Дзяўчына ж стала заўважаць, што Георгій займаецца не толькі сваёй непасрэднай работай, часцяком да яго зазіраюць незнаёмцы. Да таго ж пачалі знікаць медыкаменты і інструменты. Яна не перашкаджала, а часам і незаўважна дапамагала яму. Паступова яны пасябравалі, працавалі зладжана, падстрахоўвалі адзін аднаго. А для большай пераканаўчасці і бяспекі нават вырашылі ўзяць фіктыўны шлюб.

У адзін са студзеньскіх дзён 1942 года Георгій з весткай пра тое, што жэніцца, завітаў дадому, у Ліпавец. Усёй праўды хлопец сказаць не мог, і раззлаваны бацька накрычаў на сына – не час зараз для вяселля! Ніхто з родзічаў так і не прыехаў да маладых… Але «вяселле» адбылося, за «свата» быў Арсеній Андрэевіч Чайкін.

Георгій працягваў падпольную работу. Чайкін увесь час прасіў яго аб асцярожнасці. «Бачыш, як гінуць нашы людзі», – гаварыў ён, маючы на ўвазе гібель 25 чэрвеня партызанскіх сувязных братоў Іосіфа і Мікалая Ясінскіх, праз якіх яны падтрымлівалі сувязь з партызанамі.

Як успамінала Валянціна Кля­шчонак (Карнавухава), фельчар Буракоў у Дзянісавічах быў сваім чалавекам. «І я, – расказвала Валянціна Фёдараўна, – васьмігадовае дзяўчо, часта хадзіла да бабулі. Памятаю, прывяжуць мне бінтамі на талію пад сукеначку хустку з бумажкай, пілюлямі, і я пабегла. На мяне, як на дзіця, патрульная ахова гарнізона ўвагі не звяртала, а ўсіх дарослых правяралі. А бацька пісьмы, што я прыносіла ад Буракова, перадаваў партызанам…»

Георгій не раз прасіўся ў партызаны, ды і ў атрадзе абмяркоўвалі яго пераход, бо медыкі былі вельмі патрэбныя. Але пакуль ён быў больш патрэбны ў «асіным гняз­дзе», і замены яму не было. Урэшце партызаны вырашылі, што пасля разгрому Дзянісавіцкага гарнізона, да якога старанна рыхтаваліся, забяруць яго ў атрад.

Трэба адзначыць, што пра смелых падпольшчыкаў Буракова і Кірычэнка з удзячнасцю апавядае ў кнізе «Ад Дняпра да Буга» славуты партызанскі камбрыг, Герой Савецкага Саюза Сяргей Жунін. «Ніхто з нас тады не меркаваў, што над Бураковым навісла смяротная небяспека», – пісаў ён.

А небяспека падступала ўсё бліжэй. Пры чарговым наведванні хворых у вёсках Папарнае, Яджар, Шынкі Георгій сустрэўся з добра знаёмым яму па Сакалавічах Сямёнам Паўлавічам Даманьковым і, страціўшы асцярожнасць, перасеў у яго падводу. У Папарным ад партызан хаваўся ў хлеве нехта Радзецкі, які ведаў і Георгія, і Даманькова. Праз шчыліну ён бачыў іх разам і данёс немцам.

Нічога не падазраваючы, Георгій пабыў у хворых, затым наведаўся да партызанскага сувязнога Івана Пацёмкіна, дзе ўжо былі партызаны Чычын, Айсаеў, Даманькоў і іншыя.

Немцы на данос Радзецкага адрэагавалі імгненна, устанавілі дзяжурства каля ФАПа, з вёскі не было магчымасці выйсці, але ён рызыкнуў. Зіна сабралася разам з ім. Але іх схапілі і пад канвоем даставілі ў Крупскую турму. На другі дзень пачаліся гвалтоўныя допыты. У турме працягвалася няроўная барацьба з жорсткім ворагам двух смелых маладых людзей, якім было па 19 год. На ўсіх допытах Георгій і Зіна трымаліся мужна і пад катаваннем нікога не выдалі. Змучаных, іх перавялі ў Барысаўскую перасыльную турму, адкуль быў адзі­ны шлях – у канцлагер.

Гэтыя маладыя людзі, як і мільёны іх равеснікаў, з годнасцю вытрымалі суровы жыццёвы экзамен, выканалі свой грама­дзянскі і прафесійны абавязак.

Доўгі час пра іх не было нічога вядома. Нават у кнізе «Памяць», што выйшла ў 1999 годзе, значыцца, што Георгій Буракоў расстраляны. А ў 2006 годзе мне пашчасціла пазнаёміцца з дакументамі, якія сведчаць, што лёс быў міласэрны да стойкіх медыкаў Георгія і Зінаіды. Яны цудам выжылі і вярнуліся на родную Крупшчыну. І тут шчыра працавалі ў складаны пасля­акупацыйны перыяд, аднаўлялі сістэму аховы здароўя. Так, Зінаіда Буракова (Кірычэнка) загадам па Крупскім райздраўаддзеле ад 6 ліпеня 1944 года залічана загадчыкам Дзянісавіцкага ФАПа. У 1945 годзе яна вярнула сабе дзявочае прозвішча, што пацвярджае загад № 41 ад 24 студзеня 1945 года. А 26 жніўня яна звальняецца па ўважлівай прычыне – у сувязі з пераездам у Смаленск па месцы працы мужа (загад № 86 ад 26 жніўня 1945 года). Пра яе далейшы лёс нічога невядома. Але, мяркуючы па прычыне звальнення, яна сустрэла сваё сапраўднае каханне.

Георгій Буракоў са жніўня 1946 года працаваў загадчыкам Нацкага ФАПа, а з верасня 1946 года – загадчыкам Шынкаўскага ФАПа. Затым ён пераехаў у Мінск, дзе працаваў у Рэспубліканскай псіхіятрычнай бальніцы. Стварыў сям’ю, меў, па сведчаннях вяскоўцаў, траіх дзяцей – двух сыноў і дачку.

Па ўспамінах медсястры Ухва­льскай участковай бальніцы Вольгі Фёдараўны Шчакоўскай, што добра ведала Георгія Буракова, бо пэўны час працавала з ім на Шынкаўскім ФАПе, Георгій карыстаўся сярод жыхароў свайго ўчастка вельмі вялікім аўтарытэтам і павагай. Пасля ад’езду ў Мінск, доўгі час штогод наведваў Шынкі, жыхары сустракалі яго як роднага.

Мужнасць і гераізм гэтых зусім маладых людзей заслугоўваюць вялікай павагі, добрай і светлай памяці.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

2 мая прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания

В четверг, 2 мая, с 10.00 до 11.00 в здании Крупского районного исполнительного комитета (ул. Советская, 8, каб. 21) прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь КОРСИК Юрий Васильевич. Запись на прием будет осуществляться 22-26 апреля по телефону 2-71-87 в рабочее время (с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30).

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета СЕНЦОВА Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

27 апреля состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 по вопросу о включения товарищества в границы города

В субботу, 27 апреля, в 11.00 в доме культуры состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 с участием представителей Крупского районного исполнительного комитета по вопросу о возможности включения территории товарищества в границы населенного пункта г. Крупки.

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами Крупского райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета Сенцова Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.