krupki.by

ru RU be BE en EN


Памятнымі для Дзімітрыя Сіняка былі баі з нямецкімі гарнізонамі у вёсках Слоўч і Выдрыца

Автор / Земляки / Понедельник, 30 марта 2020 12:41 / Просмотров: 891
Дзмітрый Васільевіч СІНЯК. Фотаздымак 1945 года.
Дзмітрый Васільевіч СІНЯК. Фотаздымак 1945 года.

Родны і блізкі нам чалавек прайшоў скрозь віхуры вайны. І аповяды пра яго слаўныя жыццёвыя дарогі пераказваюцца ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне. Усе мы вельмі любілі, паважалі і шанавалі бацьку, дзядулю, прадзядулю.

Ведаю, што нарадзіўся ён у 1923 годзе і быў другім дзіцём, але сям’я даволі хутка папаўнялася, і ўжо напярэдадні вайны было пяць сыноў і пяць дачок. У апошні перадваенны год па закліку камсамола Дзмітрый паехаў у Мінск на будаўніцтва авіяцыйнага завода. І сонечнай бязвоблачнай раніцай 22 чэрвеня не думаў не гадаў ён, што яго пакаленне стаіць на парозе ваеннага ліхалецця, праз якое і яму прыйдзецца прайсці ад пачатку і да канца. Партызан, падпольшчык, франтавік – такі яго баявы шлях.

З цяжкім настроем дабіраўся ён у сваю родную вёску Прудок, што ля Выдрыцы. І з першых дзён акупацыі актыўна ўключыўся ў падпольную работу. Пра­дзядуля шмат розных выпадкаў з падпольнага, а затым партызанскага жыцця расказваў свайму ўнуку – майму бацьку. А той, у сваю чаргу, мне. Падпольшчыкі вялі разведвальную работу па ўстанаўленні сіл варожых гарнізонаў, іх умацаванняў, маральнага стану людзей, распаўсюджвалі сярод іх лістоўкі і заклікі. Яны неаднаразова выводзілі са строю тэлефонную сувязь, спілоўвалі слупы, перасякалі драты, рабілі завалы на дарогах і розныя «лавушкі», разбіралі невялікія масты і гаці.

Дзесьці ў маі 1942 года ў раёне высадзіўся дэсант – дыверсійная група Алены Колесавай, якая дыслацыравалася ля вёсак Мігаўшчына і Прудок. І група, у якой знаходзіўся і мой прадзядуля, праз мясцовую настаўніцу Ніну Крышталь і работніцу Ухвальскага аддзялення сувязі Кацярыну Крышталь устанавіла кантакт з групай Алены Колесавай, атрымлівала заданні разведвальнага характару. У хуткім часе патрыятычная група Дзмітрыя Сіняка ўлілася ў партызанскі атрад імя Варашылава. І ў гэтым атрадзе мой прадзядуля вырас да камандзіра аддзялення разведкі, палітрука разведкі.

Асабліва памятнымі для пра­дзядулі былі баявыя аперацыі па разгрому нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў у вёсках Слоўч і Выдрыца. Дзякуючы дакладнай разведцы, даручанай менавіта яму, быў паспяхова разгромлены гарнізон у Слоўчы, у палон ўзяты 23 паліцэйскія. З вялікімі цяжкасцямі, бо адбылася здрада, быў знішчаны нямецкі гарнізон і ў Выдрыцы. Але гэты поспех быў азмрочаны гібеллю Алены Колесавай.

Партызанскі атрад імя Варашылава запісаў на баявы рахунак сотні знішчаных салдат і афіцэраў праціўніка, дзясяткі падарваных чыгуначных эшалонаў і аўтамашын, многія кіламетры чыгуначных шляхоў, пашко­джаных у ходзе рэйкавай вайны, ліній сувязі.

Як успамінаў прадзядуля, вельмі цяжкім быў 1944 год. Каб забяспечыць свае тылы, адступаючыя нямецкія войскі спрабавалі знішчыць партызанскія фарміраванні. Баі ішлі бесперапынна. У блакаднай абстаноўцы народныя мсціўцы наносілі праціўніку істотны ўрон. У канцы чэрвеня 1944 года атрад імя Варашылава злучыўся з Чырвонай Арміяй. Але на гэтым вайна для прадзядулі не закончылася. Ужо ў кастрычніку таго ж года ён знаходзіцца ў саставе войск 1-га Беларускага фронту. Удзельнічае ў жорсткіх баях на Вісле, у фарсіраванні Одэра. А 10 красавіка 1945 года быў кантужаны...

Да светлага і доўгачаканага Дня Перамогі не дажылі многія яго баявыя таварышы. Не абыш­ла бядою вайна і яго сям’ю. Старэйшага брата Сяргея ворагі расстралялі яшчэ ў 1942 годзе за сувязь з партызанамі, малодшы Валодзя ў 16 гадоў склаў галаву ў блакадных баях...

Баявы шлях прадзядулі ад­з­начаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны»1-й і 2-й ступеняў, іншымі ўзнагародамі. Ведаю, што прадзядуля быў жаданым госцем вучняў Выдрыцкай сярэдняй школы. Яму было што расказаць аб сваім юнацтве, аб баявой і трагічнай маладосці, абпаленай вайной.

Да месца адзначыць, што маладая дзяўчына Кацярына Крышталь, якая была сувязной у партызанскім атрадзе, пасля вайны стала жонкай Дзмітрыя Васільевіча, а значыць, маёй прабабуляй.

Гонар і павага да іх заўсёды ахопліваюць сэрцы іх пяці ўнукаў і пяці праўнукаў. Гэтыя родныя і дарагія людзі назаўжды застануцца ў нашай памяці.

Марыя БАНДАРОВІЧ, г. Мінск.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.