krupki.by

ru RU be BE en EN


Праз многія выпрабаванні давялося прайсці Надзеі Дзям’янаўне Кукінай

Автор / Земляки / Четверг, 02 июля 2020 12:34 / Просмотров: 1218

– Душой і сэрцам я адданая сваёй малой радзіме, свайму міламу куточку – вёсцы Маслёнка, – гаварыла падчас нашай сустрэчы летнім днём наш 90-гадовы юбіляр. – І нарадзілася вось у гэтым доме, і вырасла тут, і пражыла ў ім сваё доўгае жыццё.

З пачуццём вялікай павагі гаварыла яна пра сваіх аднавяскоўцаў.

– У нашай вёсцы вельмі чулыя і шчырыя людзі, да кожнага можна падысці, падзяліцца і радасцю, і бядой. Суровы лёс змалку загартаваў мяне. Колькі сябе помню – шмат працавала, была і даяркай, і свінаркай, і звеннявой па вырошчванні льну. Зараз мяне абслугоўвае сацыяльны работнік Вольга Чыгрынава, якая ад душы прыхарошвае старасць, знімае праблемы, каб я не турбавалася дарэмна.

Варта адзначыць душэўныя адносіны, якія склаліся ў Надзеі Дзям’янаўны з Вольгай Анісімаўнай, якая забягае да сваёй падапечнай не толькі ў вызначаныя дні, каб дапамагчы, але і проста пагаварыць, спытаць у мудрага чалавека парады.

У Надзеі Дзям’янаўны КУКІНАЙ (у цэнтры) сапраўды ёсць чаму павучыцца. І перш за ўсё – жыццёвай мудрасці, якой яе шчодра надзялілі дзевяць дзясяткаў гадоў.
У Надзеі Дзям’янаўны КУКІНАЙ (у цэнтры) сапраўды ёсць чаму павучыцца. І перш за ўсё – жыццёвай мудрасці, якой яе шчодра надзялілі дзевяць дзясяткаў гадоў.

Варта заўважыць, што наш 90-гадовы юбіляр, як кажуць, не промах. Вясной пасадзіла ўсю агародніну, вядзе яе праполку, глядзіць, дзе што не ўзышло, дык пад дождж падсявае агуркі, перасаджвае буракі. І ўсё робіць сама. Вельмі ўжо любіць у зямлі корпацца. Душа радуецца, калі бачыць плён сваёй працы – рас­туць цыбуля, часнок, памідоры, агуркі, буракі, фасоля...

Па жыцці Надзея Дзям’янаўна заўсёды была лідарам у любой справе – і калі кароў даіла, і калі парасят даглядала. Заўсёды трымала першынство па прывагах сваіх гадаванцаў – парасят ад 2 да 4 месяцаў. Прозвішча стараннай свінаркі не сыходзіла са старонак раённай газеты.

– Разам са сваёй напарніцай – Надзеяй Міхайлаўнай Камаровай – мы даглядалі 1 200 галоў парасят, – працягвала Надзея Дзям’янаўна. – Рабілі ж усё ўручную – і кармы разносілі, і чысцілі ў хлявах...

А шлях да поспеху быў нялёгкім, як і само жыццё гэтай працавітай і шчырай жанчыны.

– Было жаданне вучыцца, – гаварыла Надзея Дзям’янаўна. – Але я скончыла толькі чатыры класы. А якая тады была вучоба? Пасля вайны вучыліся ў драўлянай хатцы ў суседняй вёсцы за пяць кіламетраў. Памятаю, ся­дзім у пакойчыку, холад страшны, нават чарніла замярзала. А настаўнік кажа: каму халодна – танцуйце «Полечку». Так і грэліся.

Надзея Дзям’янаўна ўзгадала, колькі сям’я, дзе было дзевяць дзяцей, нацярпелася ў гады ліхалецця.

– Калі пачалася вайна, немцы забіралі жывёлу, – расказвала яна. – Дык маці мне загадала схаваць трох парасят і курэй. І я пагнала іх у пушчу, а гэта кіламетры за тры ад дома. Пакінула ў кустах, а праз некалькі дзён пайшла праверыць – і знайшла ў тых жа кустах! Яны нікуды не збеглі. А куры нават яек нанеслі.

Нельга не адзначыць выдатную памяць маёй суразмоўцы. Яна жыва цікавіцца як раённымі навінамі, так і падзеямі ў свеце. Чытае на памяць доўгія паэмы і вершы, і нават калі нешта не падабаецца, яна можа змяніць няўдалую частку сама. Надзея Дзям’янаўна і нам прачытала на памяць вершы «Як на пенсію пайшла» і «Пра Маньку». І ніводнага разу не спынілася, не зблыталася. Яна адзначыла, што знаходзіць вершы ў газетах, кнігах, часопісах, а некаторыя ўнучка перапісвае ёй у сшытак з інтэрнэту. Дарэчы, Надзея Дзям’янаўна – багатая бабуля і прабабуля. У яе 7 унукаў і столькі ж праўнукаў.

Ну, і проста ніяк нельга не спыніцца на захапленнях Надзеі Дзям’янаўны. Толькі ступіўшы ў калідор, на падлозе заўважаем адмысловыя плеценыя дыванкі. Ва ўсіх пакоях – сурвэткі, накідкі на падушкі і крэслы, вязаныя кручком лебедзі, грыбы на лясной паляне, клубніцы і вішні... На ложку размясціўся вялізны шчупак-падушка, таксама звязаны з рознакаляровых нітак. А колькі шкарпэтак навязала – не злічыць! Усім надарыла – і родным, і суседзям, і сяброўкам, якіх у Надзеі Дзям’янаўны зашмат. З усімі яна знаходзіць агульную мову, да яе часта прыязджаюць госці, якіх сустракае з уласцівай ёй сардэчнасцю. Напярэдадні адметнай даты зноў прыехалі сяброўкі з Крупак, завіталі сястра Таццяна Дзям’янаўна, суседкі. Падарункі юбіляру прывезла старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Клімковіч. І кожны з прысутных гаварыў у адрас імянінніцы толькі самыя сардэчныя словы.

...Шмат выпрабаванняў выпала на лёс Надзеі Дзям’янаўны. Пайшлі з жыцця трое сыноў: Віктару было толькі 38 гадоў, Аляксандру – 49, Аляксею таксама не споўнілася і 50-ці. Даглядала мужа, які 13 гадоў вельмі хварэў. Яго цяжкі характар улагоджвала добрымі словамі, чуласцю, цярплівасцю.

У Міхаіла Прышвіна ёсць такое выказванне: «Дабро, любоў, прыгажосць не складаюць у душы чалавека асаблівай галіны, а вянчаюць шлях кожнага з нас, калі мы ішлі правільна». Дык вось, Надзея Дзям’янаўна – прыгожай душы чалавек. Многіх ёй гадоў і моцнага здароўя!

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.