krupki.by

ru RU be BE en EN


85 гадоў спаўняецца Мікалаю Сачыху, які жыве ў Начы

Автор / Земляки / Среда, 19 августа 2020 08:00 / Просмотров: 241

З Мікалаем Мінавічам Сачыха, які жыве ў Начы на вуліцы Юбілейнай, я знаёмы больш за сорак гадоў, амаль з таго часу, як пачаў працаваць у школе.

Сапраўдны рай стварыў Мікалай САЧЫХА ля свайго дома і ля дома сваякоў.
Сапраўдны рай стварыў Мікалай САЧЫХА ля свайго дома і ля дома сваякоў.

Сустракацца і гутарыць прыхо­дзілася не часта. З самага ранку ён завіхаўся каля хатняй гаспадаркі, трэба было накарміць жывёлу, штосьці зрабіць ля дома і спяшацца на машынны двор калгаса, дзе знаходзілася яго машына «ГАЗ-53». Перш чым адправіцца ў рэйс, Мікалай Мінавіч старанна і ўважліва правяраў аўтамабіль, стан колаў, сістэму сігналізацыі, тармазную сістэму, папаўняў запас паліва. Нельга было не здзіўляцца, што яго «ластаўка» адпрацавала столькі часу і заставалася ў добрым стане. 

Пасля службы ў арміі ў 1956-1958 гадах набыў прафесію шафёра і адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы больш за 40 гадоў.

– У канцы 50-х гадоў у былым калгасе «Камунар» было ўсяго 3 машыны і трактар пры тых жа пасяўных плошчах, –  успамінаў  ветэран працы пры сустрэчы. – Значная частка работ выконвалася з дапамогай коней. Сваю першую аўтамашыну «ГАЗ-5» атрымаў у 1960 годзе і шанаваў, як уласную. У нас былі паважлівыя адносіны адзін да аднаго. Я яе своечасова рамантаваў, рабіў тэхнічны агляд, рэгуліроўкі. У мяне не было звычкі «вынімаць з яе душу». За новымі машынамі ездзіў сам. Самазвал, напрыклад, атрымліваў аж у Саранску, адну машыну («ГАЗ» бартавы) забіраў у Горках, яшчэ адну ў Міханавічах. Так, іх было ў мяне восем, і праездзіў без аварый.

Пры адной з сустрэч мой суразмоўца ўспомніў пра сваё нялёгкае пасляваеннае дзяцінства і юнацтва:

– Цяжкі лёс выпаў на нашу сям’ю. У час вайны згарэлі хата і ўся маёмасць, бацька не вярнуўся з вайны, сям’я ж была немалая. Вучыцца доўга не прыйшлося, бо трэба было дапамагаць маці на ферме. Вось так я і спазнаў сялянскую працу. Калі падрос, сам стаў працаваць у калгасе. За працадзень плацілі мала. Гэта азначала, што без уласнай прысядзібнай гаспадаркі абысціся было немагчыма.

Такім чынам, жыццёвы шлях Мікалая Мінавіча багаты не толькі пражытымі гадамі, а яму 19 жніўня спаўняецца 85 гадоў, а і самаадданай працай на карысць гаспадаркі. У калектыве калгаснікаў Мікалай Мінавіч карыстаўся заслужаным аўтарытэтам. Яго, як лепшага працаўніка, накіроўвалі на раённыя злёты перадавікоў народнай гаспадаркі. Кіраўніцтва калгаса заўсёды было задаволена работай ветэрана. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён яшчэ шэсць гадоў адпрацаваў шафёрам. За гады работы на машыне «ГАЗ-53» перавёз дзясяткі тысяч тон сіласу, арганікі, бульбы і збожжа. Для прыкладу, толькі ў адзін ура­джайны год вадзіцелем было звезена з бульбяных палеткаў каля 1 700 тон клубняў. Тады Мікалай Мінавіч заняў 2-е месца ў раёне.

За добрыя вытворчыя паказчыкі і самаадданую працу Мікалай Сачыха неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі, Падзякамі кіраўніцтва гаспадаркі, грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі. Некалькі гадоў фотаздымак ветэрана змяшчаўся на Дошцы гонару. Ён узнагароджаны медалямі« За працоўную адзнаку», «Ветэран працы», знакамі «Ударнік 9, 10, 11 і 12 пяцігодак».

– Аднак гэта не галоўнае, – лічыць Мікалай Мінавіч. – Галоўнае ў тым, каб праца прыносіла карысць людзям, маладому пакаленню, якое павінна пераймаць усё лепшае ў нас, ветэранаў.

Нягледзячы на даволі сталы ўзрост, Мікалай Мінавіч і сёння не сядзіць без справы. Яго ўвішнасці, стараннасці і працавітасці можна пазайздросціць і маладым. Пры падыходзе да дома, дзе жыве герой майго аповяду, адразу заўважаеш яго прывабны выгляд, акуратную шалёўку і афарбоўку. Здалёк ён мае лялечны выгляд і з’яўляецца адным з лепшых у Начы. У раённай газеце змяшчаўся фотаздымак і пісалася, што гэта не проста сядзіба, а сапраўдная рамонкавая асалода і васільковы рай. На сценах – мноства ўзораў, драўляных рамонак, увесь дом патанае ў кветках. Усюды чысціня, парадак, утульнасць. Карацей кажучы, жыві і радуйся.

Мікалай Мінавіч заўсёды ў руху. Часта яго можна сустрэць з пілой, сякерай і касой у руках, ён добры майстар: можа адрамантаваць або зрабіць дзверы, агароджу, паправіць дах, насекчы дроў, забаранаваць агарод. Гэты жвавы чалавек спраўляецца ўсюды. Падчас гутаркі ён адзначаў, што ўсіх карысных спраў, зробленых ім, нельга пералічыць і ўспомніць.

Проста не верыцца, колькі аптымізму і жыццёвай энергіі ў Мікалая Мінавіча. З нагоды адметнай даты хочацца пажадаць шаноўнаму юбіляру добрага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і бадзёрасці.

Уладзімір КАНАПЛІЦКІ, аграгарадок Нача.

Фота Таццяны ТАЛКАЧОВАЙ.

Автор

admin

admin

Актуально

«Горячие линии» по вопросам коронавирусной инфекции работают в Минской области

В регионах Минской области работают «горячие линии» по COVID-19. Консультации оказывают медицинские работники. Также специалисты дежурят и на областной «горячей линии». Свои вопросы можно задать по телефону: 8 (017) 517 20 25. График работы: понедельник – пятницы с 8.00 до 17.00.

Телефон в Крупской ЦРБ: 801796 2-39-66.

Также в Минском областном центре гигиены, эпидемиологии и общественного здоровья работает «горячая линия» по вопросам профилактики коронавирусной инфекции COVID-19. Обратиться с волнующим вопросом можно с 8.30 до 16.30. Перерыв с 13.00 до 13.30. Номера телефонов: 8 (017) 290-00-93, 331 26 14, 331-87-68.

Please publish modules in offcanvas position.