krupki.by

ru RU be BE en EN


Як самую дарагую рэліквію, захоўваў Панцеляймон Барысаў Грамату ўдзельніка Парада Перамогі 1945 года

Автор / Паралелі часу / Среда, 24 июня 2020 11:50 / Просмотров: 555

Гэта падзея засталася самым яскравым успамінам для ветэрана. Права быць яе ўдзельнікам ён заслужыў мужнасцю і адвагай у баях з фашысцкімі захопнікамі.

Сёння спаўняецца 75 гадоў ваеннаму Параду Перамогі 1945 года. Гэта быў трыумф народа-пераможцы, ваеннага майстэрс­тва савецкіх палкаводцаў, усіх Узброеных Сіл, моцнага баявога духу простага чалавека.

З адным з удзельнікаў гэтай грандыёзнай падзеі я была знаё­мая. Шмат гадоў таму, калі яшчэ вучылася ў школе і пісала другі ў сваім жыцці газетны матэрыял, мне пашчасціла распытаць гэтага цікавага чалавека пра яго службу, пра падзеі Вялікай Айчыннай. Мы ўсе добра ведалі Панцеляймона Барысавіча, бо ён шмат гадоў быў дырэктарам Крупскай пасялковай СШ, дзе мы вучыліся, дзе больш за 40 гадоў адпрацавала настаўніцай мая бабуля, ды і жылі практычна побач. Пра вайну ён звычайна гаварыў вельмі стрымана і сціпла. І мне давялося падчас нашай сустрэчы задаваць шмат пытанняў, як зараз памятаю, у многім наіўных, каб сабраць матэрыял на публікацыю. Можа, таму і запомнілася тая сустрэча ў дэталях.

Мы сядзелі ў невялікім пакойчыку за сталом, засланым абрусам. І на самым ганаровым, калі можна так сказаць, месцы ляжала тая самая Грамата ўдзель­ніка Парада Перамогі 1945 года. Было відавочна, з якім пачуццём ён ставіўся да гэтага дакумента.

Пасля вайны Панцеляймон Барысавіч застаўся служыць у арміі ў танкавых войсках Узброеных сіл СССР. Пра тое, што ў Маскве адбудзецца Парад Перамогі, у войсках ведалі яшчэ ў канцы мая. Для ўдзелу ў ім асабісты састаў падбіралі з вялікай стараннасцю. Першымі кандыдатамі былі тыя, хто праявіў у баях мужнасць, гераізм і воінскае майстэрства. Сярод іх – і Панцеляймон Барысаў.

Панцеляймон Барысавіч БАРЫСАЎ са старшакласнікамі Крупскай пасялковай СШ
Панцеляймон Барысавіч БАРЫСАЎ са старшакласнікамі Крупскай пасялковай СШ

На пачатку чэрвеня ўдзельнікаў сабралі ў Маскве для правядзення падрыхтоўкі. Хаця дакумента пакуль не было. А з’явіўся ён сімвалічна 22 чэрвеня, у той дзень, калі фашысты распачалі страшную вайну. Загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага абвяшчаў наступнае: «У азнаменаванне перамогі над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне прызначаю 24 чэрвеня 1945 года ў горадзе Маскве на Краснай плошчы парад войск дзеючай арміі, Ваенна-Марскога флоту і Маскоўскага гарнізона – Парад Перамогі…»

І ў гэтым гістарычным парадзе ўдастоіўся гонару браць удзел Панцеляймон Барысавіч Барысаў. Падрабязна пра гэта пазней ён напіша для кнігі «Памяць».

– Падрыхтоўка да парада была справай нялёгкай, – успамінаў ветэран. – Займаліся па 8-9 гадзін у дзень. Святочны разлік складаўся са зводных палкоў фронту. У яго ўваходзілі 6 паходных рот па 100 чалавек, па адной роце артылерыстаў, танкістаў, лётчыкаў і зводная рота сапёраў, сувязістаў, кавалерыстаў. Наперадзе палка 30 або 36 (дакладна не памятаю) сцяганосцаў неслі баявыя сцягі тых часцей, злучэнняў фронту, якія найбольш вызначыліся. На чале кожнай параднай калоны ішлі камандуючы фронтам і яго намеснікі. Праз некаторы час у ротах танкістаў адабралі 50 афіцэраў, у тым ліку і мяне, і сказалі, што нам належыць удзель­нічаць у парадзе на танках, і павезлі на танкавы палігон пад Масквой. Там мы прынялі танкі з экіпажамі. Механікам-вадзіцелем нашага экіпажа быў старшы сяржант Мікалай Чарапкоў з Урала, камандзірам гарматы – старшы сяржант Люты з Украіны, зараджальшчыкам – сяржант Рыўгат Тухватулін з Татарыі. Адным словам, інтэрнацыянальны экіпаж.

Трэніроўкі на танках былі больш складанымі, чым у пешым страі. У канцы дня мы праводзілі тэхагляд, дазапраўлялі і чысцілі машыны. Практычна ні адпачынку, ні выхадных дзён не было. Кожны член экіпажа адчуваў вялікую адказнасць за прахо­джанне свайго танка па Краснай плошчы. Напярэдадні парада мы вельмі старанна правяралі ўсе рэгуліроўкі і механізмы…

Нарэшце надышоў доўгачаканы дзень парада. Мы падняліся рана, у чатыры гадзіны раніцы. Да 8 гадзін танкі занялі зыходную пазіцыю. Людзі запоўнілі ўсе вуліцы, вакол усмешкі, шчаслівыя твары. Нас віталі кветкамі, махалі рукамі. Дзень быў пахмурны, імжыў дождж, але ніхто гэтага не заўважаў. Роўна ў 10 гадзін камандуючы парадам Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі аддаў рапарт намесніку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршалу Савецкага Саюза Георгію Жукаву, які прымаў парад…

Вялікае пачуццё хвалявання ахапіла нас, калі мы ступілі на Красную плошчу. Мой танк быў правафлангавым, у першым радзе ад Маўзалея Леніна. Ад нашага танка залежала захаванне вызначанай дыстанцыі і раўненне ў шарэнзе. Люкі вежаў былі адчынены. Афіцэры стаялі на вежы з паваротам галавы ў бок Маўзалея і аддавалі чэсць. Я блізка бачыў Сталіна і членаў Палітбюро, а таксама Маршалаў Савецкага Саюза. Калі я знахо­дзіўся ў парадным страі, адчуваў гонар за нашу вялікую Радзіму, за магутны савецкі народ і яго ўзброеныя сілы, пачуццё радасці, што мы перамаглі.

…А да гэтага светлага моманту былі цяжкія вёрсты жорсткай вайны. Як і ўсе яго равеснікі, Панцеляймон Барысаў стаў на абарону Айчыны. Сам ён родам з вёскі Убеева Чырвонаармейскага раёна Чувашскай АССР. У 1939 годзе скончыў Чырвонаармейскую сярэднюю школу і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У красавіку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу ў Казанскае танкавае вучылішча. Ваяваў камандзірам танкавага ўзвода на 2-м Беларускім фронце, паранены ў баях. Лейтэнант, начальнік штаба танкавага батальёна.

Вось некалькі эпізодаў, пра якія ён расказваў падчас той нашай сустрэчы:

– Мы атрымалі загад заняць плацдарм на беразе прытокі Дняп­ра і ўтрымаць яго. У тым месцы прытока была шырокая, як і сама рака. Наша танкавая рота ноччу пераправілася на супрацьлеглы бераг, і мы занялі плацдарм. Сталі акопвацца, да раніцы ўсё было падрыхтавана. Мы ведалі, што вораг не пакіне нас у спакоі. Праз некаторы час на нашы пазіцыі рушылі фашысцкія танкі і пяхота, на брыючым палёце праносіліся самалёты, скідваючы на нас бомбы. Разгарнуўся жорсткі бой, які працягваўся ўвесь дзень.

Нашы танкісты вялі прыцэльны агонь па праціўніку і не задрыжалі перад яго пераўзыходзячымі сіламі. Не ведаю, чым бы ўсё скончылася, каб не нашы артылерысты. Яны вельмі дапамаглі нам.

Вечарам бой пачаў заціхаць. Але перадышка была нядоўгай. На світанні зноў прыляцелі самалёты праціўніка і пачалі шалёна бамбіць пазіцыі. Адна з бомбаў разарвалася побач з нашым танкам, і ён загарэўся. Усе мы былі паранены. І зараз не магу забыць тую бамбёжку. Ад выбухаў бомбаў танкі гойдаліся, нібы дзіцячыя караблікі на вадзе, хаця важылі як-ніяк па 40 тон.

А потым былі яшчэ баі, здавалася, бясконцыя баі… Аднойчы пры налёце варожай авіяцыі Панцеляймон Барысавіч быў сур’ёзна паранены. Пасля медсанбата зноў вярнуўся ў свой полк. Горад Горкі, танкавы лагер пад Тулай, Польшча…

І была вясна 1945-га. Набліжаўся доўгачаканы Дзень Перамогі. Свой баявы шлях Панцеляймон Барысавіч закончыў пад Варшавай.

Радзіма высока ацаніла мужнасць і гераізм Панцеляймона Барысавіча Барысава. На яго грудзях зіхацелі ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 2-й ступені, 8 медалёў, сярод узнагарод – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР. А як самую дарагую рэліквію, захоўваў Панцеляймон Барысаў Грамату ўдзельніка гістарычнага Парада Перамогі 1945 года. Як вядома, усе ўдзельнікі парада былі ўзнагароджаны асобай Граматай, запіс пра якую заносіўся ў Чырвонаармейскую кніжку.

Пасля вайны доўгі час служыў у арміі ў танкавых войсках Узброе­ных Сіл СССР. Калі звольніўся ў запас, прыехаў жыць на радзіму жонкі, у пасёлак Крупскі.

Стаць настаўнікам ён марыў даўно. Нагадаю, што яшчэ да вайны скончыў два курсы Казанскага ўніверсітэта. І вопыт работы з людзьмі ў яго быў – як-ніяк 15 гадоў выхоўваў у арміі абаронцаў Айчыны. Праўда, да дзяцей патрэбен іншы падыход. І Панцеляймон Барысавіч, чалавек па натуры добры і таленавіты, стаў для вучняў сапраўдным сябрам і настаўнікам. У сталым ужо ўзросце ён скончыў перарваную вайной і службай у арміі вучобу ў Казанскім універсітэце, было гэта ў 1959 годзе. Пасля 22 гады (з 1959 па 1981) быў дырэктарам Крупскай пасялковай сярэдняй школы.

Добрасумленнасць і пачуццё высокай адказнасці, патрабавальнасць да сябе і тых, хто побач – такія якасці адзначаюць тыя, хто ведаў Панцеляймона Барысавіча. Інтэлігентны і сціплы чалавек з разумнымі вачыма і добрым сэрцам. Ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод педагогаў і вучняў.

Актыўна ўдзельнічаў у рабоце з ветэранамі і насельніцтвам Дакудаўскага, Жаберыцкага, Нацкага, Ігрушкаўскага, Выдрыцкага сельсаветаў. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў, членам райкама КПБ (у партыі – 44 гады). Быў намеснікам старшыні райсавета ветэранаў.

У кастрычніку 1990 года па рэкамендацыі партыйнай арганізацыі на партканферэнцыі ён быў абраны членам кантрольнай камісіі раённай арганізацыі КПБ. Гэта быў давер, разлічаны на прынцыповасць і высокую партыйную адказнасць. І гэты давер, як і заўсёды, ён апраўдаў спаўна.

Панцеляймон Барысавіч памёр 12 лістапада 1991 года, а 8 жніўня яму споўнілася 70 гадоў. Свой юбілей ён сустракаў у бальніцы ў цяжкім стане. Але і ў тых абставінах усіх, хто яго наведваў, уражвалі аптымізм, вера ў лепшыя змены.

…Здаецца, і зараз бачу, як ідзе Панцеляймон Барысавіч Барысаў па вуліцы Лясной у пасёлку Крупскім – няспешнай, статнай хадой. Баявы афіцэр-франтавік, настаўнік, дырэктар… І ўжо на заслужаным адпачынку, прыхо­дзячы ў знаёмую да драбніц школу, ён маладзеў на вачах. Такім і запомніўся многім людзям, якія ведалі і вучыліся ў яго.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

28 марта состоится заседание комиссии по содействию занятости населения

В четверг, 28 марта, в административном здании Крупского районного исполнительного комитета по адресу: г. Крупки, ул. Советская, д. 8, с 15.00 до 16.00 состоится заседание постоянно действующей комиссии по координации работы по содействию занятости населения.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.