krupki.by

ru RU be BE en EN


Незабыўныя ўрокі настаўніка Абчугскай школы Івана Рабкова засталіся ў памяці яго вучняў

Автор / Земляки / Вторник, 15 ноября 2022 14:16 / Просмотров: 1645

Нашай роднай беларускай мове ўсё-такі ў пэўныя гістарычныя перыяды шанцавала. У Вялікім княстве Літоўскім у XVI стагоддзі на ёй ствараліся ўсе тры Статуты, на пачатку і напрыканцы XX стагоддзя яна займала «свой пачэсны пасад між народамі».

Шанцавала ёй і тады, калі на беларускай зямлі нараджаліся Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін… А колькі ёй слугавалі іншыя нашы асветнікі – такія, як Фёдар Янкоўскі, Алесь Белакоз, Іван Рабкоў... З першымі двума я быў крыху знаёмы, а вось трэці – мой школьны настаўнік.

Так, Іван Ісакавіч Рабкоў, якому сёлета, у 2022 годзе, споўніла­ся б 100 гадоў, як увайшоў у маё жыццё ў дзяцінстве і юнацтве, так і па сённяшні дзень застаецца галоўным настаўнікам. У доўгім і бясконцым роздуме мінулага лета пра лёс майго самага любімага школьнага настаўніка Абчугскай школы Рабкова Івана Ісакавіча адзін за адным, нібыта бліскавіцы, успыхвалі яркія згадкі пра яго незабыўныя ўрокі беларускай літаратуры. Асабліва пра тыя моманты, калі ён заўсёды падкрэсліваў, што самы вялікі ўраджай на пісьменнікаў у нашай Беларусі сабралі Уздзенскі і Ушацкі раёны. Я ня­зменна верыў свайму школьнаму літаратурнаму куміру, але лёс падараваў мне хвіліны, гадзіны, дні, тыдні, месяцы і гады, калі вельмі ўжо цесна злучыў мяне з гэтымі беларускімі пісьменніцкімі мясцінамі. І таму, калі бываў у Тычынках ці Нізку на Уздзеншчыне, альбо ў Баркоўшчыне ці Бычках на Ушаччыне, тады абавязкова прысутнічаў побач са мною вобраз настаўніка.

Дваццаць гадоў таму, калі ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшла мая кніга «Трэба дома бываць часцей», 30 верасня ў пагодны восеньскі дзень я паехаў у свае родныя крупскія Астроўкі і, канешне, завітаў у Абчугу, дзе вучыўся ў сярэдняй школе. Зайшоў у хату настаўніка, у якой ужо чвэртку стагоддзя жыла без яго жонка Вера Іосіфаўна. Мы наведалі могілкі, дзе схілілі галовы і ўспомнілі не толькі Івана Ісакавіча, але і іншых незабыўных абчугскіх настаўнікаў. Потым доўга ўжо ў хаце гарталі старонкі ўспамінаў, што засталіся не толькі ў нашай памяці, але і на шматлікіх фотаздымках, у літаратурных альманахах, папках з газетнымі і часопіснымі выразкамі, зробленымі калісьці руплівым настаўнікам, якія так беражліва захоўвала яго верная спадарожніца жыцця. Я павіншаваў шаноўную Веру Іосіфаўну з Міжнародным днём Веры, Надзеі і Любові. Некалькі папак потым яна перадала ў мой школьны музей «Літаратурны космас Мётчы». Таксама нашай Мядоцкай школе была падаравана кніга Рабкова Івана Ісакавіча «Пазакласная работа па беларускай літаратуры», якая выйшла ў выдавецтве «Народная асвета» ў далёкім 1967 годзе, калі я яшчэ быў вучнем сёмага класа. На кнізе той вельмі незвычайны аўтограф, пакінуты вядомым даследчыкам беларускага слова Фёдарам Янкоўскім: «Івану Рабкову ў дзень апошняга дзяржаўнага экзамена з пажаданнем і надзеяй –

  • Шчасця большага няма ў жыцці,
  • Як на мове роднай прарасці.
  • 23.7.1967г.».

Кніга гэта сёння не толькі ў музеі, але і на маім рабочым стале. Асабліва часта я звяртаюся да яе ў гэтым двойчы юбілейным годзе: 100-гадовым Івана Рабкова і 140-гадовым Якуба Коласа. Бо ў ёй ёсць цэлы раздзел, прысвечаны класіку беларускай літаратуры.

…Вось памяць вяртае мяне ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя, калі Іван Ісакавіч на ўроках паказвае нам невялічкую, у сто з астаткам старонак, кнігу. Мы, сямікласнікі, цікаўныя і ўзрушаныя, з вялікім гонарам за свайго любімага настаўніка, таксама ў марах сваіх, у жыцці будучым сваім ледзь не бачым сябе аўтарамі ўласных кніг. Пазней у хатах – бацькам, у вёсках – людзям і сябрам сваім распавядаем пра гэтую вялікую падзею ў нашай школе.

У тыя гады мы вучыліся яшчэ ў старой драўлянай, але вялікай па памеры, Абчугскай школе. Тут жа была адна яшчэ больш даўняя прыбудова, у якой месцілася тагачасная школьная бібліятэка. Як распавядаў нам Іван Ісакавіч, у далёкую вясну 1908 года ў гэтым будынку здавалі экзамены вучні, якіх рыхтаваў сам Якуб Колас. А маглі б мы і ніколі не ведаць пра тое, калі б наш настаўнік і члены яго літаратурнага гуртка падрабязна і дэталёва не даследавалі гэтыя месяцы жыцця і дзейнасці будучага народнага пісьменніка БССР. Бо гэта яны наведалі вёскі Габрылёва, Папоўку, Плоскае, Сані Талачынскага раёна, потым адшукалі былога вучня Якуба Коласа Фёдара Ларывонавіча Жураўлёва з вёскі Відзінічы Аленаўскага сельсавета. Вось што напісаў Фёдар Ларывонавіч 26 сакавіка 1964 года абчугскім руплівым краязнаўцам: «Была справа так. У 1908 годзе я вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе ў вёсцы Плоскае. Разам са мною ў чацвёртым класе вучылася 10-11 хлопцаў. Клас рыхтавалі да экзаменаў. Галоўным кіраўніком гэтай школы быў поп. У маёнтку Папоўка жыў памешчык Канстанцін Гардзялкоўскі, дэмакрат. Ён прыехаў у вёску Сані да майго бацькі і дамовіўся, каб той адпусціў свой дом пад школу. Бацька зга­дзіўся: няхай дзеці вучацца! Гардзялкоўскі зараз жа прыводзіць да нас настаўніка. Звалі настаўніка Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Хлопец быў дужа стройны, харошы і вучыў нас добра, без ніякіх пакаранняў. Ён вырваў нас з рук папа, і мы лёгка ўздыхнулі. Вучням стала лягчэй: не вучылі Закона Божага і не хадзілі пець у царкву. Настаўнік прывозіў нам беларускія кнігі і газету «Наша Ніва». Мы развучвалі вершы, чыталі па-беларуску. Правучыў ён нас да Пасхі і па­ехаў, больш не вяртаўся. Потым прыязджаў ураднік і распытваў у майго бацькі аб тым, які ў яго быў настаўнік. «А я не ведаю: пан прывёз, зіму правучыў і паехаў – вось і ўсё», – адказаў бацька. Пасля Пасхі поп сабраў нас і павёў у мястэчка Абчуга на экзамен. За мастом стаяла старая школа. Там праводзіліся экзамены, якія мы ўсе здалі добра і атрымалі пасведчанні».

Яшчэ Іван Ісакавіч расказваў нам, што гэта быў той час у жыцці Якуба Коласа, калі вялося следства па ўдзелу пісьменніка ў нелегальным настаўніцкім з’ез­дзе 1906 года. І тут жа на ўроку мы даведаліся, што потым Якуб Колас быў асуджаны і адбываў зняволенне ў Мінскім астрозе.

Праз гады, ужо калі я паступаў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, то на ўступным экзамене па беларускай літаратуры захоплена расказваў паэту і прафесару Алегу Лойку пра гэты перыяд жыцця Якуба Коласа. Магчыма, таму прасцей і хутчэй атрымаў чаканую пяцёрку. Ну як тут не быць удзячным свайму настаўніку! Дарэчы, праз год на філфак універсітэта паступаў яшчэ адзін вучань Івана Ісакавіча, ураджэнец вёсачкі Луцішча Вася Старычонак. Сёння гэта вядомы сярод беларускіх філолагаў доктар навук, прафесар, аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Васіль Дзянісавіч Старычонак.

Падчас вучобы ва ўніверсітэце былі ў мяне сустрэчы ў Абчузе з любімым настаўнікам. Менавіта тады я свядома зацікавіўся жыццём і лёсам гэтага, несумненна, таленавітага педагога, які так плённа і паспяхова шчыраваў на ніве нашай асветы. Нарадзіўся Іван Ісакавіч у азёрнай віцебскай старонцы ў Дубровенскім раёне ў шматдзетнай сям’і. Там жа скончыў на выдатна Зарубінскую сярэднюю школу і атрымаў атэстат сталасці з адзнакай. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны з-за цяжкай хваробы не быў мабілізаваны ў войска. Але пазней напісаў рапарт, што хоча пайсці ў дзеючую армію добраахвотнікам. Ваяваў на 2-м Беларускім фронце ва Усходняй Прусіі, затым – супраць японцаў у Кітаі. Быў тройчы паранены. Атрымаў узнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За адвагу», «За ўзяццё Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй». Пасля вайны скончыў у 1949 годзе Аршанскі педагагічны настаўніцкі інстытут, а пазней атрымаў дыплом аб завочным заканчэнні Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Усе гэтыя гады ён працаваў настаўнікам у Абчугскай сярэдняй школе.

Са слоў Івана Ісакавіча і аповядаў маіх знаёмых і аднавяскоўцаў было вядома, што наш настаўнік да апошніх дзён свайго нядоўгага жыцця (пражыў усяго 54 гады) клапаціўся пра лёс роднай мовы. Многія беларускія пісьменнікі гасцявалі па яго запрашэнні ў Абчузе. Сам Іван Ісакавіч пісаў артыкулы ў «Настаўніцкую газету», «Звязду», «Чырвоную змену», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», часопісы «Маладосць», «Полымя», «Беларусь». Яго публікацыі заўсёды выклікалі цікавасць чытачоў, пісьменнікаў, настаўнікаў. Рабкоў быў пастаянным удзельнікам навуковых канферэнцый, прысвечаных пытанням беларускай літаратуры. Аднойчы Іван Мележ звярнуў увагу на аб’ектыўнасць яго артыкулаў. Многія гады педагога запрашалі ў інстытут павышэння кваліфікацыі настаўнікаў чытаць лекцыі.

За амаль паўстагоддзя маёй педагагічнай дзейнасці і служэння роднай Беларусі дзясяткі, сотні рупліўцаў беларускага слова сустрэліся на маім шляху. То былі настаўнікі, пісьменнікі і самыя звычайныя як вясковыя, так і гарадскія людзі. Усіх іх і нас заўжды аб’ядноўвала жаданне адрадзіць і захаваць спрадвечную беларускую мову. Але пе­ршацветам гэтай высакароднай справы для мяне заўсёды быў і застаецца Іван Ісакавіч Рабкоў. Бо яму, як таго і жадаў Фёдар Янкоўскі, удалося на мове роднай прарасці.

Уладзімір ЛАЙКОЎ, краязнаўца, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік музея «Літаратурны космас Мётчы» (в. Новая Мётча, Барысаўскі раён). 


P.S. 2-га лістапада раптоўна пайшоў з жыцця Уладзімір Піліпавіч Лайкоў.  Незадоўга ён наведаў малую радзіму, паспеў расказаць сучаснікам пра галоўнага настаўніка, пабываў у нашай рэдакцыі... Выказваем родным і блізкім Уладзіміра Піліпавіча глыбокія спачуванні ў связі са стратай дарагога чалавека. Памяць аб ім будзе вечна жыць у нашых сэрцах.

Автор

admin

admin

Актуально

6 июня ИМНС проведет консультации по вопросам применения физлицами налога на профдоход

6 июня инспекцией Министерства по налогам и сборам Республики Беларусь по Борисовскому району для физических лиц проводится тематический день информирования по вопросам применения физическими лицами налога на профессиональный доход согласно главе 40 Налогового кодекса Республики Беларусь.
Обращаться в отдел информационно-разъяснительной работы инспекции по тел. (0177) 73-93-27.

3 июня "горячую линию" проведет начальник отдела статистики Крупского района

В понедельник, 3 июня, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Контактный телефон 8-01796 4-24-86.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.