krupki.by

ru RU be BE en EN


Лепшая ўзнагарода для Раісы Аляксандраўны Табэрка – гэта словы падзякі ад былых вучняў і калег

Автор / Земляки / Суббота, 20 января 2024 14:44 / Просмотров: 298

«Не кожны здольны стаць настаўнікам, бо для гэтага недастаткова атрымаць дыплом, трэба яшчэ валодаць непадробленай цягай да адукацыі».

Так думае мая субяседніца – ветэран педагагічнай працы Раіса Аляксандраўна Табэрка. Размова наша пачалася з таго, як для Раісы Аляксандраўны педагогіка стала яе свядомым прафесійным выбарам.

– Нарадзілася я ў Пружанскім раёне на Брэстчыне ў сям’і рабочых, – расказ­вае калега. – У дзіцячыя гады больш за ўсё любіла гуляць у школу. Як зараз памятаю, садзіла вакол сябе лялек і іншыя цацкі і вучыла іх пісаць і чытаць, ставіла адзнакі. Улічваючы тое, што мама вечарамі расказвала пра свайго бацьку, які працаваў настаўнікам, паказвала і чытала кнігі, пакінутыя маім дзедам, то роздуму наконт будучай прафесіі ніколі не было. Заўсёды ведала, што стану настаўніцай.

Да прынятага з дзяцінства рашэння Раіса Аляксандраўна мэтанакіравана ішла крок за крокам. Пасля заканчэння сярэдняй школы па пуцёўцы райкама камсамола працавала піянерважатай у сельскай школе (выпускнікі павінны былі адпрацаваць два гады).

– Я паступіла на філалагічны факультэт БДУ імя У.І. Леніна, – працягвае Раіса Аляксандраўна. – Чаму на філфак? У школе была цудоўная настаўніца Ягорава Раіса Іванаўна. На яе ўроках мы маглі спрачацца, адстойваць свой пункт гледжання, выразна чытаць вершы. Яна і прывіла мне любоў да рускай літаратуры. З 15-ці вучняў нашага класа пяць выбралі прафесію настаўніка.

Любоў да прафесіі настаўніка расла. З дыпломам на руках Раіса Аляксанд­раўна пачала педагагічную дзейнасць на Крупшчыне.

– У Крупскі раён трапіла па размеркаванні маладым спецыялістам, – успамінае Раіса Аляксандраўна. – Доб­ра памятаю той дзень, калі загадчык аддзела адукацыі Васіль Фёдаравіч Мазурын прывёз мяне ў Касяніцкую школу і прадставіў калектыву. Тут і прайшло маё прафесійнае станаўленне. Усё мне спадабалася ў школе: і атмасфера, і калектыў, і работа з дзецьмі. Не было страху, што нешта не атрымаецца. Адразу стала ўспрымаць дзетак як сваіх. Мы жылі дружным калектывам. Заўсёды прыходзілі на дапамогу мае калегі: дырэктар школы Пулькач Васіль Антонавіч, а затым Петрачук Людміла Валянцінаўна. А таксама настаўнікі Пятровіч Святлана Іванаўна, Зябко Рыгор Іванавіч, Клімовіч Ніна Паўлаўна, Загорскі Уладзімір Аляксандравіч і іншыя. У школе я працавала 18 гадоў. А затым пераехала па сямейных абставінах у г.п. Бобр і ўладкавалася ў Бобрскую сярэднюю школу. У гэтым творчым калектыве было вельмі цікава працаваць. Побач заўсёды былі Белаус Марыя Аляксанд­раўна, Кушнер Ула­дзімір Васільевіч, Ерамянок Людміла Пятроўна і іншыя. Сярод прыярытэтаў настаўнікаў заўсёды былі якасная адукацыя і ўсебаковае развіццё навучэнцаў. Нашы вучні вынікова ўдзельнічалі ў прадметных алімпіядах, даследчых і творчых конкурсах.

Самым галоўным лічыць Раіса Аляксандраўна тое, што яе дачка Таццяна пайшла па слядах маці. Яна працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў адной з мінскіх школ. За плённую працу ў галіне адукацыі Раіса Аляксандраўна мае шмат Грамат і Падзяк рознага ўзроўню. Але самай дарагой узнагародай з’яўляюцца словы па­дзякі ад выпускнікоў і былых калег. З радасцю ў вачах і гонарам расказала яна пра сваіх выпускнікоў, якія выбралі прафесію настаўніка – Вольгу Садоўскую, Фаіну Крывіцкую, Вольгу Шмаўганец, Вольгу Благачынную, Таццяну Ванью. Чулыя выказванні я пачула ў адрас педагога ад былых вучняў.

– Раіса Аляксандраўна – мой класны кіраўнік, – кажа Юрый Пятровіч. – Яна заўсёды назірала за нашымі дасягненнямі, дзяліла з намі нашы радасці ад перамог. Да кожнага вучня ў яе існаваў індывідуальны падыход. Кожныя ўрок і мерапрыемства – гэта была атмасфера супрацоўніцтва.

– Раіса Аляксандраўна – настаўнік, апантаны сваёй прафесіяй, – дзеліцца Святлана Іванаўна Пятровіч. – Школа для яе была не толькі месцам працы, але і часткай жыцця. Яна кожны дзень заходзіла ў клас да дзетак з задавальненнем, з усмешкай, бо ведала, што яе чакаюць вучні, якім яна павінна дапамагчы.

Сёння Раіса Аляксандраўна адзначае свой юбілей. Без сумнення, яна прымае шмат віншаванняў не толькі ад родных і знаёмых, але і ад былых вучняў, якім дала пуцёўку ў жыццё. Няхай жа, як і раней, паважаная Раіса Аляксандраўна, у вашым сэрцы ніколі не згасне агеньчык педагагічнага таленту, майстэрства. А лепшай узнагародай заўсёды застануцца павага і любоў вашых былых калег, родных, блізкіх і, безумоўна, вашых вучняў.

Валянціна СКВАРКОЎСКАЯ,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі.
Фота з сямейнага альбома
Раісы ТАБЭРКІ.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.