krupki.by

ru RU be BE en EN


У аснове дзейнасці старэйшыны вёскі Стары Сакол – клопат пра людзей і парадак на зямлі

Автор / Земляки / Понедельник, 04 июня 2018 15:50 / Просмотров: 9013

Віктар Паўлавіч ВарановічСа старшынёй Ухвальскага сельвыканкама Святланай Гатчэня мы загадзя абмеркавалі мэту нашага прыезду ў вёску Стары Сакол – расказаць аб дзейнасці старэйшыны гэтага населенага пункта Віктара Паўлавіча Варановіча. Падчас размовы Святлана Іванаўна заўважыла: «Старэйшыны вёсак – гэта актыўныя пасрэднікі паміж насельніцтвам і мясцовай уладай. Яны аказваюць нам адчувальную дапамогу ў своечасовым вырашэнні праблем, якія патрабуюць неабходнага ўмяшання, з’яўляюцца ініцыятарамі добрых спраў, самі прымаюць удзел у іх і сваім прыкладам натхняюць іншых».

І калі мы пазнаёміліся з Віктарам Паўлавічам, то адразу пераканаліся ў справядлівасці гэтых слоў. Больш таго, па дарозе ў Стары Сакол вядучы спецыяліст сельвыканкама Вера Сасноўская ахарактарызавала старэйшыну вёскі як адказнага і камунікабельнага чалавека, які ўмее весці дыялог з людзьмі. «Свае словы Віктар Паўлавіч заўсёды пацвярджае канкрэтнымі  ўчынкамі,  – гаварыла Вера Мікалаеўна. – Аўтарытэтны, актыўны і самае галоўнае – справядлівы. Ён ведае, як вырашаць праблемы, умее ўзаемадзейнічаць з рознымі арганізацыямі і мясцовымі жыхарамі. Немалаважны і чалавечы фактар – выслухаць і прыйсці на дапамогу. Гэта прыстойны чалавек, які карыстаецца аўтарытэтам у вяскоўцаў.

І, як мы даведаліся ў далейшым, на рахунку Віктара Паўлавіча сапраўды шмат добрых і карысных спраў. Пачнем з таго, што з самага пачатку і да канца вёскі мы ўбачылі добраўпарадкаваныя сядзібы, прыгожыя агароджы, шматлікія кветнікі.

– Дагледжаная наша вёсачка, – адзначыў яе старэйшына. – Вясной прыязджаюць дачнікі і тады ўжо ўсё лета і восень завіхаюцца каля падворкаў, дбаюць пра свае агароды і соткі, садзяць бульбу, памідоры, агуркі, розную зеляніну, дзеляцца з суседзямі расадай кветак, мнагалетніх раслін. Стараюцца зносіць старую агароджу і замяніць на новую. Не сакрэт, што ў свой час і ў Старым Сакале можна было ўбачыць сметнікі. Даводзілася ваяваць з тымі, хто іх ствараў, весці гутарку, пераконваць у тым, што ў чысціні і парадку і жыць весялей. Шкада, што ў асобных яшчэ не-не ды і праяўляліся спажывецкія патрэбы. Маўляў, няхай усё сельсавет робіць. Я ж сам амаль чатыры гады кіраваў Дзянісавіцкім сельсаветам і ведаю, якія магчымасці ў яго. Наша вёсачка маленькая, усе людзі навідавоку, таму і парадак у ёй лягчэй наводзіць.

 

Так, згодна слоў Віктара Паўлавіча, раней вяскоўцы былі больш засяроджаны на добраўпарадкаванні. Цяпер жа асноўнае зроблена, варта толькі падтрымліваць. І літаральна ўсе ахвотна згаджаюцца з гэтым.

– Без нашага Паўлавіча ніхто і нішто не абыходзіцца, – заўважыла Ніна Леанідаўна, якая штогод прыязджае на малую радзіму мужа з Мінска. – Ён – наш старэйшына. Скажа: «Трэба рабіць», значыць, будзем рабіць. Канечне ж, пытанні ёсць, але вырашаем іх самі.

Калі размова зноў зайшла аб справах, зробленых Віктарам Паўлавічам, у заслугу яму былі пастаўлены прыведзеныя ў парадак мясцовыя могілкі, дзве добраўпарадкаваныя крыніцы і мост праз раку Можа. Аказваецца, тут спакон вякоў праз рэчку пракладваліся пераходныя мосцікі. Але нават самыя трывалыя з цягам часу прыходзілі ў заняпад. Нязручна было і вяскоўцам, і тым, каму трэба было перабрацца на другі бок. Ініцыятыву Віктара Варановіча зрабіць мост сваімі сіламі, падтрымалі ўсе. Бясспрэчна, што работы хапіла, але вось ужо чатыры гады, як мост дзейнічае.

І калі Віктар Паўлавіч прапанаваў нам пабачыць крыніцу, мы і праехалі па гэтым мосце. Па дарозе ён разважаў, што берагі ракі зноў зарастаюць кустоўем, а яго ж толькі-толькі высеклі, паказваў прывалы, на якіх спыняюцца вучні Ухвальскай школы падчас паходаў, гаварыў аб ягадных і грыбных мясцінах. Уразіла нас і сама крыніца. Аказваецца, гэта гідралагічны помнік прыроды «Крыніца ў вёсцы Стары Сакол», і такіх у раёне – толькі пяць. Спусціўшыся да яе па ступенях з поручнямі і пакаштаваўшы сцюдзёнай крыштальнай вады, ад Віктара Паўлавіча мы пачулі шмат гісторый аб гаючых якасцях гэтай вады.

– Нашу ваду вазілі ў Мінск у лабараторыю, дык навукоўцы далі ёй найлепшую характарыстыку – 100% чыстая, – гаварыў ён. – Адразу і не паверылі, што такое магчыма. Прывезлі ў другі раз. І 100-працэнтная чысціня вады зноў пацвердзілася. Цяпер, калі ёсць мост, дарога да крыніцы не зарастае: едуць на машынах, матацыклах, веласіпедах... Неяк, наведаўшы крыніцу, на слупе альтанкі заўважыў запіску з наступным тэкстам: «Дзякуй за такую цудоўную ваду, г. Мінск».

Не маглі мы не наведацца і да яшчэ адной абсталяванай крыніцы, якая знаходзіцца ля ракі, але ўжо ў самой вёсцы. Суправаджалі нас дачніцы: ужо знаёмая Ніна Леанідаўна і Раіса Юбко, якая жыве разам з пажылой маці – Нінай Аляксандраўнай Сакавец. Сцяжынка да крыніцы вяла якраз ля іх падворку. Праз сетку агароджы бачны роўненькія градкі з цыбуляй, часнаком, кветкі і нават старыя тазікі розных памераў, замацаваныя на ножках і пафарбаваныя пад мухаморы...

– Самі бачыце, што ў нас усе стараюцца, каб было прыгожа ў вёсцы, – гаварыла Раіса. – Пад чулым кіраўніцтвам Віктара Паўлавіча зроблена і пафарбавана накрыўка, ёсць посуд, каб набраць і папіць вады. Усе разам мы пастаянна абкошваем траву, высякаем кусты, прыводзім у парадак бераг ракі. Наогул, наш Паўлавіч – проста незаменны чалавек.

Дарэчы, стараста вёскі прывучае сваіх землякоў, каб наводзілі парадак, бралі ўдзел у добраўпарадкаванні ў сваім населеным пункце, на падворках і на прысядзібных участках не толькі ў Год роднай зямлі. Напрыклад, летась дружнай грамадой, арганізаваўшы суботнік, высадзілі дрэвы і кусты ўздоўж дарогі, якую зімой перамятала, паміж вёскамі Стары і Новы Сакол. І цяпер радуюць тых, хто ідзе на аўтобусны прыпынак, 12 дрэўцаў яблынь, кусты ядлоўцу, агрэсту і бэзу.

Да месца адзначыць, што Віктар Паўлавіч вельмі добра ведае гісторыю сваёй вёскі. Як ён прызнаўся, час ад часу гартае кнігу «Памяць. Крупскі раён». У прыватнасці, пры размове ён нагадаў, што Стары Сакол вядомы з 1670 года як вёска Сокал у 8 дымоў у Барысаўскім старостве Аршанскага павета.

– У 1772 годзе, а гэта праз 100 гадоў, было 70 душ мужчынскага полу, – працягваў Віктар Паўлавіч. – А ўжо ў 1800 годзе налічвалася 235 жыхароў і вёска была ўласнасцю віленскага ваяводы Міхаіла Радзівіла. Дзейнічала тады і ўніяцкая царква Пакрова Багародзіцы. Некалькі гадоў назад на гэтым месцы вяскоўцы ўстанавілі паклонны крыж, асвяцілі яго, добраўпарадкавалі і цяпер ля яго заўсёды можна ўбачыць жывыя кветкі. Мы помнім загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі 4-х мірных вяскоўцаў, на франтах загінулі і прапалі без вестак 11 жыхароў вёскі.

З гэтым чалавекам не хацелася і развітвацца. Яго паважаюць, з ім раяцца, да яго звяртаюцца за дапамогай. У працоўнай кніжцы Віктара Паўлавіча Варановіча адзін запіс – Ухвальскае сельскае спажывецкага таварыства. Некалькі скліканняў выбіраўся дэпутатам сельсавета. А старэйшынам вёскі, здаецца, быў заўсёды.

Мы пакідалі Стары Сакол у добрым настроі. У гэты дзень адзначалася царкоўнае свята Ушэсце. Па дарозе сустрэлі Валянціну Дудко, якая, прыехаўшы з Санкт-Пецярбурга, жыве тут ужо больш чатырох гадоў і даглядае маці – самую старэйшую жыхарку вёскі Вольгу Іванаўну Дудко.

– Я іду з царквы і спяваю, – гаварыла Валянціна Сцяпанаўна. – Перада мной мая любімая вёсачка! Я была бязмежна рада, што сёлетні год Прэзідэнт Беларусі аб’явіў Годам малой радзімы. Гэта такое шчасце, такая радасць! Няхай кожны з нас пасадзіць дрэўца альбо кусцік, і такой прывабнай стане наша краіна! Хачу назваць тых, хто заўсёды клапоціцца аб сваім родным кутку. Гэта, у першую чаргу, Віктар Паўлавіч Варановіч, Ганна Васільеўна Дудко, малады хлопец Аляксей Лупека і наогул усе-усе жыхары нашай вёскі. Стары Сакол – мая малая радзіма. І я імкнуся аддаваць ёй усё, што магу. А з Віктарам Паўлавічам мы быццам павязаныя аднымі думкамі, аднымі імкненнямі.

Пагадзімся, што словы людзей: «Каб у кожнай вёсцы знаходзіўся такі чалавек, як  Віктар Паўлавіч», пацвярджэнне ўсяму сказанаму вышэй.

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.