krupki.by

ru RU be BE en EN


Маленькія камбінатары

Автор / Паралелі часу / Среда, 23 октября 2019 11:30 / Просмотров: 1629

Вулица Леніна«Як падраслі, мы збіраліся ў кампаніі, сябравалі з аднагодкамі з усёй вуліцы, жылі весела, сваволілі і атрымлівалі наганяі ад бацькоў».

Калі датыкаешся да мінулага, то агортваюць нейкія асаблівыя пачуцці. А з успамінаў Васіля Станіслававіча Бярловіча з Бабра гэтае мінулае робіцца такім блізкім, што ты нібыта насамрэч адчуваеш сябе яго часткай. Мы ўдзячны гэтаму чалавеку за найкаштоўнейшую магчымасць даведацца не толькі пра падзеі і аблічча тагачаснага мястэчка, але і пра побыт людей. І так яскрава, дэталёва, жыва, дасціпна і з гумарам, што здаецца, ты і сам пабываў у далёкіх 30-х. Ітак, зноў з задавальненнем пераносімся ў часе і прасторы, і даведаемся, як жылі людзі, чым займаліся і… як сваволілі тагачасныя дзеці.

– Бабуліна хатка – пабудова памерам чатыры на чатыры метры, палову займала руская печ, да яе былі прымацаваны палаткі. Паўз сцяну стаяў драўляны палок, а далей, пад абразамі, туліўся стол і некалькі табурэтак. Вось і ўся абстаноўка, у якой жылі многія нашы продкі даўней. Дадам, што хатка ўдзень асвятлялася трыма маленькімі акенцамі, увечары, асабліва зімой – лучынай альбо агнём каменкі. З хаткай на луцэ ў мяне звязана шмат успамінаў, тут адбылося шмат падзей. Летам вельмі цягнула да вады, да бабулі, у якой амаль заўсёды ў кішэні нібы выпадкова знаходзілася цукерка-«падушачка» ці кавалачак цукру. Гэта яна прывучыла мяне да рыбалкі, бо яшчэ зусім малога брала з сабой лавіць «таптухай», што мне надта падабалася, і я штодня бег да яе, каб ісці на «промысел». Як лавіць сліжоў-падкаменшчыкаў, яна ведала дасканала і з ахвотай вучыла мяне. А таксама бабуля вырошчвала гародніну, якую мы са стрыечным братам Толем і сястрой Янінай са смакам хрумкалі з яе дазволу, і без яго.

Пасля таго, як на рацэ спадала вада, пачынаўся сплаў лесу – адкрываліся заставы і разам з адыходзячай вадой ішоў лес на дровы, будматэрыялы і драўніну для Барысаўскай запалкавай фабрыкі. Вось тут і пачыналіся нашы небяспечныя гульні. Цікава было прабегчы па бярвенні, што плылі, зрабіць прыпынак на трапіўшым па шляху плыту, а затым дабегчы да супрацьлеглага берага і вярнуцца назад. Гэта было вельмі небяспечна, бо бярвёны круціліся, танулі пад цяжарам цела, але ўсё роўна забегі працягваліся, пакуль хто-небудзь з бацькоў не перапыняў гэты азартны занятак. Аднойчы для мяне ён скончыўся вельмі дрэнна. Калі я бег, бярвёны пада мной рассунуліся, і я апынуўся ў вадзе. У імгненне яны сышліся над маёй галавой і закрылі ўсё сабой. Я апынуўся ў пастцы, з якой выйсця, здавалася, няма. Відаць, мне трэба было яшчэ пажыць. За мной следам бег 15-гадовы Жэнька Гайдук. Ён лёг на бярвёны і нагамі рассунуў іх. Калі я адштурхнуўся ад дна і выплыў на паверхню, ён схапіў мяне за каўнер паліто і выцягнуў на бервяно, а затым перацягнуў на бераг, як раз насупраць маёй бабулі. Мяне завялі ў хату, распранулі, сагрэлі на печы, высушылі вопратку. І каб не згубленая шапка, то бацькі і не даведаліся б пра маё веснавое купанне. Наганяй узняўся страшэнны, пасля чаго давялося доўга сядзець дома без права выхаду з двара.

І яшчэ быў адзін рызыкоўны выпадак. Плаваць я навучыўся пазней за сваіх аднагодкаў, з чаго яны часам і пасміхаліся. Праз гэта я ўціхую адзін хадзіў на раку і сам, як мог, спасцігаў навуку плавання. Аднойчы не разлічыў сілы, і цячэнне панесла мяне на глыбіню. Каб не мая цюбецейка, што засталася на плыву, быў бы я на дне. А так небараку выратаваў мясцовы рыбак.

Але мне даводзілася не толькі тануць, але і выратоўваць. Аднойчы ляжалі мы «стайкай» на гарачым пяску купальні і раптам пачулі крыкі, што тоне чалавек. Аказалася, жанчына, якая прыехала на адпачынак, адплыла ад берага і заблыталася рукамі і нагамі ў ціне. Мы хутка кінуліся ў ваду і выцягнулі яе на бераг. За гэта пазней атрымалі прэмію ў памеры 30 рублёў на чацвярых. Радасць была бязмежнай, бо ніхто з нас дагэтуль не трымаў такіх грошай у сваіх руках!

Дзеці пасільна працавалі, і толькі пасля гэтага маглі гуляць. Увесну былі паходы за бярозавікам, яго нарыхтоўвалі і па 100, і па 200 літраў, і толькі дзеці. Затым паспявалі ягады – суніцы, чарніцы, брусніцы, журавіны і дурніцы. Бывала, за дзень хадзілі па два разы – да абеду і ў другой палове дня. Ну, а пасля пачыналіся грыбы! Іх амаль штогод расло так многа, што казалі «хоць касой касі»! Мы ўставалі ў 4 гадзіны раніцы, а вярталіся часцяком у 21-22. Але гэта было ў ахвоту, сваёй кампаніяй.

Не ведаю чаму, але да вайны ў Крупках было мала садоў. Вялікі сад быў на Зарэччы ў яўрэя Зэйліка, а таксама на Інтэрнацыянальнай у былога царкоўнага дзяка Быкава. Аднойчы падчас майго свавольнага наведвання сада я не паспеў пералезці праз плот і павіс на кашулі на частаколе. Дзяк зняў мяне з гэтай «вешалкі» і прыгразіў расказаць бацьку. Даў яблыкаў, сколькі я мог панесці, а я паабяцаў, што больш не буду лазіць праз плот у сад. Ну, а на Зарэчча да Зэйліка хадзілі больш дарослыя хлопцы. Таму што яго сад ахоўвалі дзве сабакі, якіх хлопцы папярэдне прыкармлівалі, а затым ужо рабілі «рэвізію» вітаміннай прадукцыі. Уся гісторыя з набегамі на сады скончылася пасля зімы 1939-40 гадоў, якая выдалася надзвычай марознай. У Крупках было мінус 43. Павымярзалі ўсе пладовыя дрэвы, у лясах загінулі дубы, клёны, вольхі, каштаны, ясені. Словам, усё, акрамя хваёвых і бярозы. На ляту замярзалі птушкі. У хатах, каб сагрэцца, палілі ў печах па два-тры разы на дзень. Калі марозы крыху паслабелі, пачаліся страшэнныя завірухі і моцныя снегапады. Снегу намяло столькі, што раніцай немагчыма было адкрыць дзверы. Памятаю, як бацька вылязаў на вуліцу праз вакно і адчыняў дзверы. А затым капаў у снезе траншэю да суседа, каб дапамагчы яму выйсці. Калі завіруха заціхала і адвальваліся маразы, дзятва на самаробных лыжах каталася з дахаў хлявоў – усё было выраўнена сумётамі.

Як падраслі, мы збіраліся ў кампаніі, сябравалі з аднагодкамі з усёй вуліцы, жылі весела, сваволілі, атрымлівалі наганяі ад бацькоў. Трэба сказаць, што на нашай вуліцы было каля 20 хлопцаў і дзяўчат прыкладна аднаго ўзросту, жылі сем’і, дзе расло да дзесяці дзяцей.

 Наша дзяцінства праходзіла без лішкаў, мы былі прывучаны да працы, а ўсе прылады для гульняў выраблялі самі. Імкнуліся быць падобнымі да герояў фільмаў «Чапаеў», «Браненосец Пацёмкін», што глядзелі шмат разоў і ведалі на памяць усе сцэны. Самай распаўсюджанай гульнёй была лапта. Звычайна яе пачыналі малыя дзеці, да іх далучаліся старэйшыя, а самым надвячоркам уключаліся і дарослыя. Да цемры вуліца была напоўнена смехам і крыкамі, разыходзіліся позна і неахвотна. Мяч для лапты выраблялі з каўчуку – выразалі нарыхтоўку з кола, а каб скругліць яе, церлі аб вугал хаты. Атрымліваўся надзейны і трывалы мяч. Акрамя лапты гулялі ў гарадкі (клёку). Увосень, калі з гародаў убіралі ўраджай, дзеці выходзілі ў поле і пачыналіся наступленні «вуліца на вуліцу». Спачатку кідаліся камякамі ссохлай зямлі, нават каменнем і палкамі, а потым сыходзіліся ўрукапашную. І тут пачыналася бойка, пакуль не разнімалі дарослыя ці слабейшая каманда не ратавалася ўцёкамі.

Хачу расказаць пра адзін занятак, што займаў шмат летняга часу. Гэта здача другаснай сыравіны, з чаго мы мелі нейкія грошы на асабістыя патрэбы: кіно, марожанае, цукеркі, рыбалоўныя кручкі і іншую драбязу. І што толькі мы для гэтага не выраблялі! Арганізатарам і натхняльнікам быў Жэня Гайдук з вуліцы Сялянскай. Ён крыху старэйшы, меў добрыя арганізатарскія здольнасці, быў справядлівым. Дзятва да яго цягнулася. Найперш аб’ектам нашай цікавасці быў нарыхтоўчы ларок. Ім загадваў стары яўрэй, якога мы звалі Кастыль. План быў такі – Жэня загаворваў яго ля прылаўка, а тым часам астатнія выносілі з падвала нешта з металалому, што быў звалены ў кучу недалёка ад дзвярэй. А праз пэўны час прыносілі назад, узважвалі і атрымлівалі плату. Гэта было з дзясятак рыбалоўных кручкоў і некалькі капеек. Задаволеныя былі ўсе. І мы сваім заробкам, і Кастыль тым, што падмануў дзятву на сваю карысць. Але хутка афёра была раскрыта, і металалом хаваўся пад замок.

Кемлівыя хлапчукі знайшлі сабе новы аб’ект. Гэта артылерыйскі палігон, дзе перыядычна праводзіліся стрэльбы па паветраных конусах, якія цягнулі паўз пазіцыі самалёты-цягачы. Стралялі з гармат снарадамі, што мелі алюмініевую галоўку з узрывальнікам і два круглыя кольцы з чырвонай медзі. Гэты метал разам з асколкамі падаў на зямлю. І ў вольныя ад стрэльбаў дні мы, рассыпаўшыся ланцужком, збіралі гэта дабро і неслі здаваць Кастылю.

Выручка была мізэрная, і Жэнька прапанаваў наступны план пад кодавай назвай «Хвасты». У Крупках была арганізацыя, што займалася нарыхтоўкай жывёльнай сыравіны – рагоў, капытоў, валасоў конскіх хвастоў і грыў. Усё гэта захоўвалася ў падвале аднаго з дамоў, а гаспадар і быў нарыхтоўшчыкам. У сцяне падмурка былі два акенцы, праз якія Жэнька-камбінатар доўгім драцяным крукам выцягваў конскія хвасты. Памочнікі адносілі здабытае ў небяспечнае месца і пасля некалькіх заходаў неслі здаваць гэтаму ж нарыхтоўшчыку. Праз пэўны час ён усё ж такі адчуў нешта нядобрае і пачаў наглядаць за падвалам. І вось у чарговую спробу наш завадатар быў злоўлены і атрымаў шыкоўны наганяй з наступнай дастаўкай да бацькоў, ад якіх таксама добра атрымаў па заслугах. Для астатніх гэты выпадак скончыўся толькі натацыямі.

Так, мы, дзеці, самі прыдумвалі сабе забавы. Хаця асобныя з іх мелі характар свавольства і нават больш, гэта не перашкодзіла нам вырасці прыстойнымі людзьмі, добрымі сем’янінамі і прыкладнымі працаўнікамі.

Узімку, вялікімі маразамі, даводзілася большай часткай быць дома, а калі надаралася адліга, мы пускаліся ў зімовыя забавы – каталіся на санках, каньках-дзеравяшках з драцяным лязом, лыжах, зробленых са старых разваліўшыхся драўляных бочак.

Чытаць я навучыўся рана. У 7 гадоў бегла чытаў газету, што дужа цешыла бацьку, і па вечарах ён прасіў яму пачытаць, маўляў, дрэнна бачыць. Грамату асвоіў рана таму, што брат Іван і сястра Тася ўжо вучыліся ў школе, і, гледзячы на іх, я спасціг азы чытання. Да сямі гадоў я быў гатовы для паступлення ў школу, але не трапіў туды ні ў сем, ні ў восем гадоў. Тады закон дазваляў браць у першы клас толькі з поўных дзевяці гадоў. Калі не хапала хоць аднаго дня, то дзіця адпраўлялі дадому да наступнага года. Вось і мяне са слязьмі на вачах тры гады запар выправаджвалі з класа. Мой бацька сябраваў з дырэктарам школы, але саступіць просьбе і ўзяць мяне раней тэрміну той не мог.

Мой першы клас размяшчаўся ў былой сінагозе (дзе зараз аўтобусны прыпынак за рэстаранам) і камплектаваўся з дзятвы вуліц Сялянская (Марцынкевіча) і Інтэрнацыянальная. Першай настаўніцай была Аляксандра Дзмітрыеўна Камарова – педагог ад Бога, клапатлівая і патрабавальная. Пасля эвакуацыі падчас вайны яна вярнулася ў Крупкі і працавала настаўніцай пачатковых класаў да заслужанага адпачынку. За шматгадовую педагагічную працу ўзнагароджана ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дырэктарам школы ў той час быў Ісаак Абрамавіч Дубман – строгі, але справядлівы кіраўнік. У Вялікую Айчынную вайну быў палітруком, пасля вайны вярнуўся маёрам з пяццю баявымі ордэнамі на грудзях. Працаваў у школе, затым ў ліку «трыццацітысячнікаў» быў накіраваны старшынёй калгаса «Камінтэрн», дзе адпрацаваў больш за 15 гадоў і выйшаў на пенсію.

У першыя месяцы вучобы я крыху зазнаўся, мяркуючы, што ведаю ўсё, і стаў атрымліваць дрэнныя адзнакі. Але настаўніца хутка збіла маю фанабэрыю, і ўжо за першы год я атрымаў Пахвальны ліст. Такія ж лісты артымаў за другі і трэці класы. Дарэчы, трэці клас я скончыў у маі 1941 года. А праз тры тыдні ў небе з’явіліся самалёты з чорнымі крыжамі. Усе тавары ў магазінах былі імгненна раскуплены, а з ваенкамата штодня адпраўляліся мабілізаваныя ў армію. Праводзілі будучых байцоў Чырвонай Арміі з духавым аркестрам. Пачалася эвакуацыя, вайна праяўлялася ўсё больш і больш…

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета СЕНЦОВА Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

27 апреля состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 по вопросу о включения товарищества в границы города

В субботу, 27 апреля, в 11.00 в доме культуры состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 с участием представителей Крупского районного исполнительного комитета по вопросу о возможности включения территории товарищества в границы населенного пункта г. Крупки.

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами Крупского райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета Сенцова Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.