krupki.by

ru RU be BE en EN


Жыццё Свяцкіх у Крупках ахутана цэлым шэрагам легенд

Автор / Паралелі часу / Понедельник, 03 июня 2019 11:28 / Просмотров: 2718

Сядзібны дом Свяцкіх, бадай, самая адметная архітэктурная славутасць нашага горада і раёна. Ён добра захаваўся. І хоць сёння там далёка не панскія палаты, але трэба аддаць належнае людзям, што збераглі гэты цудоўны асабняк. Зараз гэта помнік архітэктуры і знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Але, на жаль, далёка не ўсе аб’екты, што маюць такі статус, могуць ганарыцца такім дагледжаным станам.

І гэта, дарэчы, тычыцца тых жа самых Свяцкіх, чый вялізны, некалі шыкоўны палац і некалі прагрэсіўныя вытворчыя аб’екты ў Беліцы, зараз вёска Полымя на Талачыншчыне, цяпер у страшэнным заняпадзе. А увогуле, што мы ведаем пра Свяцкіх? Што гэта за людзі і які след пакінулі на Крупшчыне? Звестак пра гэты род небагата, таму натуральна, што ён з часам ахутаўся цэлым шэрагам легенд і чутак, недзе нават творчай фантазіі і ўласных інтэрпрытацый. Але, згадзіцеся, у гэтым ёсць свой шарм.

Некалькі гадоў таму ў інтэрнэце распаўсюдзілі фотаальбомы з сямейнага архіва Свяцкіх. У Крупскім гісторыка-краязнаўчым музеі перыядычна ладзіцца выстава, дзе можна іх пабачыць, і яна карыстаецца вялікай папулярнасцю. Дзякуючы гэтым цудоўным фота мы маем магчымасць пабачыць саміх гаспадароў, крыху больш даведацца пра іх побыт і дзейнасць. Ітак, мы паспрабавалі сабраць у адзін аповяд тое, што знайшлі ў гістарычных даследаваннях, іншых крыніцах, усюдыісным   інтэрнэце і ўспамінах, што перадаваліся з вуснаў у вусны. Хто ведае больш, далучайцеся!

На Крупшчыне ў той час наогул было няшмат буйных землеўладальнікаў. Хіба што бобрскі памешчык Аляксандр Барталамей, Вікенцій Брадоўскі, угоддзі якога цягнуліся ад Хацюхова да Шчаўроў, Нітаслаўскія, якія валодалі некалькімі вёскамі на беразе Сялява. І пан Карл Свяцкі….

Сведчыцца, што род Свяцкіх належаў да герба «Слепаўрон». У сярэдзіне XIX стагоддзя маршалкам Сенненскага павета, да якога тады адносілася і большая частка земляў сучаснага Крупскага раёна, быў Іосіф Міхайлавіч Свяцкі. Сям’я тады мела найбольш буйныя ўладанні ў павеце. Пераважна Свяцкія жылі ў маёнтку Беліца. Жонка Іосіфа Міхайлавіча была з роду Ваньковічаў. У даследаванні Аляксандра Бараноўскага «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі»  мы сустракаем інфармацыю, што ў маршалка Свяцкага было двое дзяцей – Карл і Марыя. Пра Марыю звестак амаль не захавалася, вядома толькі, што ў 1909 годзе яна была членам таварыства польскай асветы і дабрачыннасці. Хутчэй за ўсё, пасля яна выйшла замуж і паехала з Беліцы.

Карл нарадзіўся 30 чэрвеня 1866 года ў Беліцы. 27 студзеня 1891 года разам з сястрой Марыяй атрымаў у спадчыну маёнткі Шыйка, Крупка, Гара, Замошша, Гурэц, Старая Беліца і Бачарава Сенненскага павета.

18 ліпеня 1894 года Карл узяў шлюб з Марыяй Данімірскай герба «Брохвіч», ураджэнкай прускай правінцыі Памераніі. У Карла і Марыі нарадзіўся сын Станіслаў, які быў хрышчоны 7 мая 1895 года ў Сенненскім касцёле.

Больш даўнюю гісторыю роду мы знаходзім у артыкуле «Беліца: новыя знаходкі, альбо пра Свяцкіх вачыма родзічаў». Там даследчык Аляксандр Бараноўскі прыводзіць звесткі рэдактара гістарычнага навукова-папулярнага альманаха «Віцебскі сшытак» Людмілы Хмяльніцкай, якая знайшла і пераклала ўспаміны аднаго з родзічаў Свяцкіх – Вацлава Лядніцкага (1891-1967), польскага гісторыка літаратуры. «Беліца разам з іншымі маёнткамі, фальваркамі і лясамі займала тэрыторыю ў дванаццаць тысяч дзесяцін, – узгадвае Лядніцкі. – Маці Карла і яго сястры Марыі была з роду Ваньковічаў, бабка – з роду Дварэцкіх-Багдановічаў. У сям’і распавядалі, што дзед Карла Свяцкага быў упраўляючым у Багдановіча (якога – не ведаю, ва ўсялякім выпадку, пра сваяцкасць заўсёды гаварылася, і Свяцкіх я называў дзядзькам і цёткай), багатага і ўплывовага памешчыка. Багдановіч некалі параіў Свяцкаму набыць які-небудзь большы маёнтак (можа, Беліцу), зразумела на яго, Багдановіча, імя. Свяцкі маёнтак купіў, аднак на сваё імя, а Багдановічу прапанаваў кампраміснае выйсце: каб яму да маёнтка той аддаў таксама дачку. Так і зрабілі, і такім чынам была закладзена аснова вялікай фартуны Свяцкіх».

Карл Свяцкі з сынамШто яшчэ да тэмы роднасці, то сустракаецца інфармацыя, што цёткай Карла Свяцкага была Марыя Гурэцкая, старэйшая дачка паэта і публіцыста Адама Міцкевіча.

На землях сучаснай Крупшчыны ў пачатку 20 стагоддзя Карлу належалі маёнткі Крупка, Шыйка, засценкі Кляновічы, Вялікае Поле, пасёлкі Новы Засценак, Малінаўка, Міляры, Сосенка.

Можна лічыць, што менавіта Свяцкія ўдыхнулі ў Крупкі, гэты ціхі, амаль непрыкметны куток, новае жыццё. Сведчыцца, што Карл Свяцкі быў даволі вядомы эканаміст, шмат увагі ўдзяляў лясной і сельскай гаспадаркам. «Крыніцай вялізнага даходу Свяцкага былі яго лясы і лесапілкі – 6000 дзесяцін так званага «матэрыяльнага» лесу, – працягвае Вацлаў Лядніцкі. – Ён заўсёды меў цудоўнага старшага ляснічага з вышэйшай адукацыяй. Доўгі час ім быў Рышард Луба, жанаты на старэйшай дачцэ Юзафа Пачобута Зоі. Старшы ляснічы жыў у прыгожым, нядаўна пабудаваным, сучасным мураваным палацы-віле ў Крупках… Свяцкі арганізаваў рацыянальную лясную гаспадарку, якая трымалася на штогадовай высечцы і пасадцы лесу. Усе лясы падзяляліся на квадраты з шырокімі прасекамі, якія былі засеяны лубінам або травой і з’яўляліся перашкодай для распаўсюджвання пажару. Такія шыкоўна дагледжаныя лясы я бачыў толькі ў Германіі».

Дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот дадала, што першае, за што ўзяўся Карл у Крупках, гэта ўпарадкаванне лесу. Прасекі, што рабіліся паміж квадратамі, былі шырынёй да 20 метраў, а з лубіну выраблялі тэхнічны алей, які затым прадавалі. Праўда, невядома, дзе яго перараблялі, ці быў завод, або можа нейкім мясцовым спосабам.

– На кожны квадрат быў прызначаны свой ляснічы, – распавядае Тамара Бальбот, –  Нават і зараз дакладна вядома, што ў некаторых крупчан захаваліся жэтоны ляснічага, я сама іх бачыла. Незнаёмы мужчына аднаго разу прыносіў паказаць, але, адчуўшы маю зацікаўленасць, чамусьці хуценька пайшоў, не пакінуўшы ніякіх звестак. Жэтон мае форму васьмікутніка, дыяметр 30,5 мм, металічны, па цэнтры ўказаны нумар квадрата, за які адказваў ляснічы, а вакол надпіс «Лясная служба К. Свяцкага».

«Дзядзька Карл Свяцкі, – як успамінае Вацлаў Лядніцкі, – штогод меў сто тысяч рублёў са свайго цудоўнага лесу, аднак усе гэтыя грошы на сябе не траціў, большую частку ўкладаў у сваю сельскую гаспадарку і жывёлагадоўлю ў Беліцы, якія даходаў яму не прыносілі, хоць і былі ўладкаваны самым цудоўным чынам».

Дарэчы, Карл Свяцкі шмат значэння надаваў развіцці сельскай гаспадаркі. Пацвярджэнне таму мы знайшлі нават на беларускім эканамічным партале ekonomika.by. Там сведчыцца, што з 29 лістапада 1888 года ён быў членам Мінскага сельскагаспадарчага таварыства. Карл разумеў важнасць вывучэння замежнага гаспадарчага вопыту і ў гэтым плане быў адным з самых актыўных членаў таварыства. Па ўласнай ініцыятыве і за ўласныя грошы ён ездзіў у Данію, Швецыю, Германію, Польшчу, дзе вывучаў прагрэсіўныя метады вядзення сельскай гаспадаркі. А затым апублікаваў некалькі навукова-папулярных артыкулаў. Карл лічыў, што Беларусі ў якасці прыкладу трэба браць Швецыю, бо адставанне ад гэтай краіны можна пераадолець на працягу жыцця аднаго пакалення. Ён быў адным з першых беларускіх эканамістаў, хто заявіў у 1908 годзе, што Данія ў гаспадарчым плане з’яўляецца ідэалам, да якога трэба імкнуцца. Калі ў Даніі Свяцкі звярнуў увагу на поспехі ў галіне народнай і сельскагаспадарчай адукацыі як галоўных прычынах эфектыўнасці мясцовай сельскай гаспадаркі, то ў Швецыі – на ўсебаковую дзяржаўную дапамогу прыватнай селянскай ініцыятыве. Ён зрабіў аналіз эканамічных поспехаў сялян, што арандуюць землі ў тых, хто вядзе сваю гаспадарку на ўласнай зямлі, і прыйшоў да высновы, што апошнія больш спрыяльныя, у той час, як эканамічнае становішча сялян-арандатараў цяжкае. Галоўная выснова Карла Свяцкага заключаецца ў тым, што «толькі тая краіна сапраўды культурная, у якой дробныя гаспадаркі квітнеюць».

І сапраўды, сельгасвытворчасць у Беліцы была наладжана з еўрапейскім размахам. Жыла сям’я ў шыкоўным палацы. Эканамічная зона ўключала канюшні, свінаферму, кароўнікі, спіртзавод, сыраварню і г.д. А сыр і масла з назвай «Dobra Bielica, K. Swiackiego» у той час прадаваліся па ўсёй Расійскай імперыі. Штогод Свяцкі ездзіў на губернскія кірмашы і атрымліваў узнагароды. «Яго цугавыя коні былі шырока вядомы, – узгадвае Вацлаў Лядніцкі. – Ездзіў ён звычайна пяцёркай з лейцамі. Я памятаю, што неяк, расхвальваючы свайго фурмана, ён расказваў, што гэтай пяцёркай ноччу той прывёз нейкага біскупа з Талачына ў Беліцу за дзве з паловай гадзіны. Апроч коней для сябе, якіх ён іншым разам купляў у Пецярбурзе і Варшаве, Свяцкі заўсёды меў некалькі ездавых коней для гасцей».

З успамінаў Вацлава Лядніцкага мы можам даведацца і пра характары паноў Свяцкіх: «Прыстойна, заўсёды цудоўна апрануты, брунет, з падстрыжанымі вусікамі над моцна развітай і выступаючай ніжняй сківіцай, з поўнымі жыцця вачамі і зубамі, якія блішчэлі залатымі каронкамі і пломбамі (калі ён зрабіў сабе гэтыя ўпрыгожанні, мая мама неяк сказала яму жартаўліва: «Табе не хапае яшчэ брыльянтаў у гэтым золаце»), бадзёры, заўсёды ў руху…Ён часта гуляў у тэніс, гэтак жа, як і ездзіў верхам (кожны дзень рана аб’язджаў на кані фальваркі і палі, а пасля паўдня гарцаваў з гасцямі… Дзядзька Карл быў славуты сваім тэмпераментам».

«Марыя Свяцкая была ціхай, цудоўна выхаванай і ўвогуле добра адукаванай жанчынай. Яна здолела спалучыць грамадскую працу (у Беліцы былі заснаваны неафіцыйныя падрыхтоўчыя курсы і школа для дзяцей, і цёця вельмі актыўна клапацілася пра мясцовае насельніцтва, улічваючы ўсе яго патрэбы) з гатоўнасцю служыць мужу як дасканалая гаспадыня на пастаянных вельмі шматлюдных прыёмах, балях, паляваннях, якія ён бесперапынна наладжваў».

Культурнай рэзідэнцыяй Свяцкіх можна назваць і сядзібны дом у Крупках. Сям’я прыязджала сюды адпачываць. Тут гасцілі святары з Мінску, з Польшчы. Прыязджалі скульптары, шматлікія сябры. Ставілі тэатральныя спектаклі, ладзілі вечарыны. Сам Карл спяваў, іграў на некалькіх музычных інструментах. А ў мясцовых лясах было чым заняцца заўзятым паляўнічым. Вацлаў Лядніцкі згадвае, што паміж Беліцай, фальваркамі і Крупкамі быў праведзены тэлефон.

Сын Свяцкіх Станіслаў часта суправаджаў бацьку на паляванні. Сведчыцца, што ў яго была багатая калекцыя зброі – узоры з Польшчы і нават Блізкага і Далёкага Усходу. А яшчэ ён захапляўся арніталогіяй.

Як жа з’явіўся палац у Крупках? Гэта ахутана шлейфам легенд, у якія можна верыць, а можна і не. Але, як вядома, інфармацыя не з’яўляецца ніадкуль. Відаць, нешта з яе і ёсць праўда. Самую папулярную легенду з новымі падрабязнасцямі і шмат іншага мы раскажам у наступным выпуску праекта.

Фота з сямейнага архіва Свяцкіх.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

2 мая встречу с населением в Худовцах проведет депутат Палаты представителей Национального собрания

В четверг, 2 мая, в 11.30 в здании Крупского сельского исполнительного комитета депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь КОРСИК Юрий Васильевич проведет встречу с населением агрогородка Худовцы.

2 мая прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания

В четверг, 2 мая, с 10.00 до 11.00 в здании Крупского районного исполнительного комитета (ул. Советская, 8, каб. 21) прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь КОРСИК Юрий Васильевич. Запись на прием будет осуществляться 22-26 апреля по телефону 2-71-87 в рабочее время (с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30).

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.