krupki.by

ru RU be BE en EN


Камсамол жыве, яго лепшыя традыцыі пераймаюцца сучаснымі юнакамі і дзяўчатамі

Автор / Паралелі часу / Среда, 24 октября 2018 14:11 / Просмотров: 1688

Камсамольскае юнацтва – час, дарагі для многіх людзей. Гэта маладосць, магчыма таму ён у пэўнай ступені ідэалізуецца. Але гэта, бясспрэчна, і нядрэнна. Цікава даведацца, чым жа жыла, у што верыла, чым займалася моладзь апошняй чвэрці мінулага стагоддзя. Звернемся да эксперта. Самае цікавае расказвае нам кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка – на падставе сваёй даследчай дзейнасці і ўражання ад раённага мерапрыемства, што прайшло днямі.

Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння ВЛКСМ у раённым Цэнтры культуры прайшла сустрэча камсамольцаў розных пакаленняў – камсамольскага актыву Крупскага раёна. Вечар адбыўся незабыўным, сама атмасфера яго правядзення ўражвае, за што асаблівая падзяка арганізатарам. Падчас сустрэчы вядучыя правялі свайго роду перакалічку. Першымі падняліся са сваіх месцаў камсамольцы шасцідзясятых. Іх было ўсяго некалькі чалавек. Затым сямідзясятых гадоў – дзесьці каля дваццаці чалавек. Канечне, гэта навявае пэўную тугу. Зразумела, час робіць сваё. Нехта з’ёхаў далёка, нехта ўжо не змог з’явіцца па прычыне здароўя, а каго ўжо і няма з намі. Падчас сустрэчы, напрыклад, з цеплынёй згадалі Маю Драніцу, якая працавала ў райкаме камсамола няхай не на высокай пасадзе, але стварала асаблівую атмасферу працавітасці і адначасова ўвагі да наведвальнікаў, добрых узаемаадносін паміж работнікамі апарату. На жаль, яна ў самым сваім росквіце пакінула гэты свет.

Пасля камсамольцаў 1970-х падымаліся камсамольцы ўжо канца мінулага стагоддзя. А на завяршэнне вядучыя папрасілі падняцца са сваіх месцаў сучасных маладзёжных актывістаў – членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – пераемніка ЛКСМБ. Паднялася больш за дзве трэці залы. І гэта радуе, значыць, камсамол жыве, яго лепшыя традыцыі пераймаюцца сучаснымі юнакамі і дзяўчатамі.

Падчас вечарыны ў мультымедыйным суправаджэнні вядучыя лаканічна і яскрава расказалі, нават адлюстравалі ў песнях розных гадоў асноўныя этапы гісторыі камсамола. Размова ішла і аб тым, які ўнёсак зрабілі камсамольцы ў аднаўленне разбуранай у гады вайны гаспадаркі, у асваенне цалінных земляў, у работу на ўсесаюзных камсамолькіх будоўлях…

Гэта ўсё тычылася і агульнасаюзных маштабаў, і кожнай, нават самай аддаленай, вёскі. Камсамольцы працавалі, вучыліся, займаліся спортам, фізкультурай, удзельнічалі ў культурна-масавых мерапрыемствах, паходах па месцах баявой і працоўнай славы савецкага народа і г.д. Пытанне толькі ў тым, як удзельнічалі. Не хачу сказаць, што несаюзная моладзь не прымала альбо не ў поўнай меры прымала ўдзел. Але, як кажуць, «завадатарамі», арганізатарамі, сваім прыкладам вядучымі за сабой, былі менавіта камсамольцы.

Пасля вызвалення Крупшчыны ад нямецкай акупацыі гаспадарка раёна была амаль уся разбурана. Ды і не толькі гаспадарка. Нямала вёсак, асабліва ва ўхвальскай зоне, былі спалены, усяго ж па раёне поўнасцю альбо часткова былі спалены 27 вёсак. Больш за 70% жывёлы было знішчана акупантамі альбо вывезена ў Германію. Але галоўная страта – гэта людзі. Падчас вайны загінулі каля трэці жыхароў раёна, больш за 2 тысячы вывезена на прымусовыя работы ў Германію, вярнуўся дадому толькі кожны дзясяты чалавек. Пры гэтым гінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны альбо на чужбіне перш за ўсё моладзь і людзі сярэдняга ўзросту.

Яшчэ на захадзе грымелі артылерыйскія залпы, яшчэ Чырвоная Армія з баямі прабівалася да Берліна, а на вызваленай зямлі пачаліся аднаўленчыя работы. Актыўна ўключылася ў іх моладзь. Раённы камітэт камсамола стварыў і накіраваў на будаўніцтва дамоў для сем’яў, што жылі ў зямлянках, 10 камсамольска-маладзёжных будаўнічых брыгад колькасцю больш за 200 чалавек. Вось адзін з прыкладаў іх працы. 28 лютага 1945 года газета «Звязда» пісала: «У дні масавага разгортвання лесанарыхтовак камсамольская арганізацыя Абчугскага сельсавета арганізавала 2 маладзёжныя брыгады і накіравала іх у лес. Працавалі маладзёжныя брыгады ў лесе так, што да 17 лютага квартальны план лесанарыхтовак быў выкананы. Днямі камсамольская арганізацыя арганізавала нядзельнік па нарыхтоўцы лесу для будаўніцтва дамоў для калгаснікаў. 40 маладых лесарубаў на працягу дня нарыхтавалі і вывезлі 64 кубаметры будаўнічага лесу. Для сем’яў франтавікоў камсамольцы вывезлі ў гэты дзень 22 кубаметры дроў».

Палеткі за гады акупацыі былі спустошаны, не хапала ўгнаенняў. І тут камсамольцы не засталіся ўбаку. Напрыклад, як пісала раённая газета 14 сакавіка 1946 г., камсамольцы калгаса «Энергія» Грыцкавіцкага сельсавета шляхам падворнага аб’езду калгасных двароў сабралі 9 цэнтнераў попелу, прычым збор попелу і птушынага памёту працягваецца. Пры актыўным удзеле камсамольскай арганізацыі, адзначалася далей у артыкуле, у гаспадарцы поўнасцю вывезены гной на поле. Такіх прыкладаў можна прывесці нямала.

Ішлі гады, пакрысе залечваліся раны, нанесеныя вайной людзям і зямлі. Жыццё паступова стабілізавалася. Эканоміка Крупскага раёна ў пасляваенныя дзесяцігоддзі мела пераважна сельскагаспадарчы накірунак і спецыялізавалася ў асноўным на вырошчванні льну і бульбы. Ужо адна з першых пасляваенных раённых сельскагаспадарчых выстаў паказала, што моладзь і тут не засталася ўбаку. Сярод экспанатаў выдзялялася прадукцыя, атрыманая маладзёжным звяном калгаса імя Молатава Ігрушкаўскага сельсавета, якім кіравала Ніна Сцяпанаўна Рапіцкая. На плошчы 7 гектараў ільнаводы атрымалі ў сярэднім па 5 цэнтнераў ільнасемя і льновалакна з кожнага гектара, што было нядрэнным паказчыкам на тыя гады.  Праз некаторы час, у 1956 годзе, звяно ўжо атрымлівала па 7 цэнтнераў ільнасемя і льновалакна з гектара, што дазволіла прыняць удзел ужо ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі.

Многія звенні па вырошчванні льну ў той час складаліся выключна з моладзі, і невыпадкова за багатыя ўраджаі крупскіх маладых ільнаводаў раённая камсамольская арганізацыя была ўзнагароджана Ганаровай граматай ЦК камсамола Беларусі.

Па 9 цэнтнераў ільнасемя і льновалакна з кожнага з 18 гектараў атрымлівала камсамольска-маладзёжнае звяно, якое ўзначальвала малады льновод Ганна Юпатаўна Паташова. ЦК камсамола Беларусі прэміраваў гэтае звяно грашовай прэміяй у суме 1500 рублёў, што было нямалай сумай у тыя гады. Сама ж Ганна Юпатаўна была пазней узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Гэтак жа і малады льновод Марыя Ягораўна Скумс за поспехі ў працы была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У 1950-я гады пачаў распаўсюджвацца ў гаспадарках квадратна-гнездавы спосаб вырошчвання бульбы. На такі спосаб пасадкі хутка перайшлі калгаснікі калгасаў «Бальшавік» і «Май». Ужо ў 1953 г. з абменам вопыту ў гэтай справе выступіла малады аграном з калгаса «Май» (цэнтр гаспадаркі вёска Майск) Вера Мікалаеўна Мурашка. У гаспадарцы, дзе яна працавала, выкарыстоўваючы квадратна-гнездавы спосаб пасадкі бульбы, атрымлівалі ў сярэднім па 175 цэнтнераў з гектара, небывалы для таго часу ўраджай.

За кошт рацыянальнага ўнясення ўгнаенняў, наладжвання насенняводства, прытрымлівання правільных севазваротаў у гаспадарцы хутка пачалі атрымліваць і высокія ўраджаі збожжавых культур. Пасля аб’яднання калгасаў «Май» і імя Калініна аб’ёмы работ павялічыліся, але аграном паспяхова спраўлялася з работай.

Вадзіцель аўтамашыны саўгаса Старанная праца агранома была заўважана. У 1968 г. ёй было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аграном Беларускай ССР». Пазней яна была ўзнагароджана двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума медалямі «За працоўную доблесць», дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, неаднаразова была ўдзельніцай Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі.

Сярод перадавікоў сельскай гаспадаркі было нямала маладых механізатараў. Напрыклад, у 1964 г. сакратар Крупскага райкама партыі І.М. Барценеў адзначаў: «Поспехі вызначаюць людзі. Сёння нельга прамаўчаць аб поспехах камбайнера саўгаса «Заклік» камсамольца П.М. Лабаноўскага, які за сезон убраў 510 гектараў збожжавых».

Малады вадзіцель аўтамашыны камсамолец Сяргей Антаневіч з саўгаса «Стараселле» за старанную працу ўзнагароджаны ў 1986 годзе ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені.

Механізаванае звяно Аркадзя Шынкарова з саўгаса «Бобр» спецыялізавалася на вырошчванні бульбы і збожжавых культур. За дасягнутыя высокія паказчыкі Аркадзь Ільіч у 1971 г. быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў наступным годзе – ордэнам Леніна. Яго традыцыі працягнуў сын, Генадзь Аркадзьевіч Шынкароў, які, як і бацька, працаваў у саўгасе «Бобр» не толькі механізатарам, а таксама вадзіцелем аўтамашыны. У 1983 г. за дасягнутыя поспехі падчас уборкі ўраджаю рашэннем бюро ЦК ЛКСМБ ён быў прэміяваны персанальным аўтамабілем.

У прамысловасці адным з вядучых прадпрыемстваў у 1970-я гады лічыўся Халопеніцкі масласырзавод. Там сярод лепшых вылучалася змена пад кіраўніцтвам зменнага майстра, камсамольскага актывіста Марыі Іванаўны Сурмы. Задачай змены было правядзенне ўсяго комплексу тэхналагічнага працэсу: ад цэльнага малака да выхаду гатовай прадукцыі ў выглядзе сыроў. «Кожную аперацыю патрэбна выконваць з душой, старанна. Гэта ж прадукты харчавання!» – такое патрабаванне малады майстар пастаянна даводзіў да сваіх падначаленых. Таму невыпадкова, што змена заўсёды спраўлялася з заданнем пры высокай якасці працы. А Марыя Іванаўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені.

Пётр Аляксандравіч Масько ўсё сваё жыццё звязаў з тэхнікай і палеткамі роднай Крупшчыны. Працаваў спачатку ў саўгасе «Халопенічы», затым трактарыстам у МПМК-90, яшчэ пазней – у раённым аддзяленні «Сельгасхімія». І ўсюды ён паказваў прыклад у працы, за што быў узнагароджаны ў 1978 г. Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1981 г. – медалём «За працоўную доблесць».

Фота з архіва Дзмітрыя ХРОМЧАНКІ.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.