krupki.by

ru RU be BE en EN


Узлёт і падзенне. Частка 2

Автор / Паралелі часу / Четверг, 13 декабря 2018 12:10 / Просмотров: 1789

 

У мінулым матэрыяле мы пачалі аповяд пра нашага земляка, наркама земляробства БССР, Дзмітрыя Філімонавіча Прышчэпава. Мы расказалі пра тое, як просты батрацкі сын з вёскі Калодніца вывучыўся, служыў, як стаў вядомым грамадскім дзеячам. Сапраўдны ўзлёт.  Але гэтаму чаловеку, як, дарэчы, і многім іншым, наканавана было зведаць і падзенне, пачуць прысуд, але не пачуць апраўданне. Як гэта было, даведаемся ў кандыдата гістарычных навук Дзмітрыя Хромчанкі.

– Прышчэпаў абвінавачваўся ў тым, што праз загады і ўстаноўкі Народнага камісарыята земляробства БССР насаджаліся хутарскія, адрубныя гаспадаркі, што мелі «кулацкі характар». Аднак, трэба адзначыць, што яшчэ ў 1922 годзе, да таго, як ён заняў пасаду наркама земляробства, Прэзідыум Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР прыняў Дэкрэт «Аб свабодным выбары форм землекарыстання», якім аднолькава законнымі прызнаваліся сельскагаспадарчыя арцелі, прыватнае землекарыстанне, пераход на хутары і адрубы. Пазней, у 1925 годзе, пад кіраўніцтвам наркама земляробства Прышчэпава быў распрацаваны «Пяцігадовы перспектыўны план развіцця лясной і сельскай гаспадаркі БССР на 1925-1929 гады», дзе значная ўвага адводзілася заахвочванню хутарской формы вядзення гаспадаркі, або адрубной, калі пабудовы гаспадара заставаліся на месцы, а зямля яму адводзілася за вёскай. Пры гэтым сяляне, што пажадалі перайсці на хутары ці займець адрубныя ўчасткі, для большай зацікаўленасці дадаткова надзяляліся зямлёй з былога памешчыцкага фонду. Пленум ЦК КП(б)Б, што прайшоў у красавіку 1925 года, рэкамендаваў не перашкаджаць сялянам у стварэнні хутарскіх гаспадарак. Як бачым, у цэлым погляды наркама не разыходзіліся з праводзімай тады палітыкай КПБ. Больш таго, сам Прышчэпаў не лічыў выхадам паўсюднае ўкараненне хутарскіх гаспадарак. Лепшым спосабам ён лічыў рассяленне сялян па невялікіх пасёлках, а перспектыўнай формай гаспадарання – калектыўныя. «Жывучы ў пасёлку, можна весці шматпольны севазварот, …мець школу, арганізаваць кааператыў, адным словам, тут увачавідкі ўсе зручнасці да таго, как лепш пабудаваць у вёсцы гаспадарку, – пісаў Дзмітрый Філімонавіч. – Паступова нашы вёскі і сёлы пачнуць арганізоўвацца ў розныя кааператыўныя таварыствы. Такую работу сярод сялянства трэба вітаць і як мага больш дапамагаць вёсцы ў гэтай цяжкай справе. Хутар звычайна прынята называць дзікім дваром, і гэта правільна. Праўда, пры ім зямля знаходзіцца ў адным месцы, але хутары адарваны адзін ад аднаго на далёкую адлегласць і ўяўляюць нейкія воўчыя двары».

Такія яго погляды адлюстраваны ў пэўнай ступені і ў зямельным кодэксе БССР 1925 года. Адмаўляючы абшчыну як форму эканамічнага ўзаемадзеяння, кодэкс у той жа час захоўваў зямельнае таварыства як пераемніка грамады для вырашэння спрэчак і пытанняў. Інструментам такога рашэння заставаўся сельскі сход.

У адпаведнасці з гэтымі ўстаноўкамі ў Беларусі, у тым ліку і ў Крупскім раёне, пачалося драбленне вёсак на невялікія паселішчы. Партыйныя, камсамольскія ячэйкі праводзілі растлумачальную работу сярод насельніцтва, новая форма землеўладкавання актыўна прапагандавалася праз газеты, але жыхароў больш прыцягвала тое, што тым, хто выходзіў на пастаяннае месца жыхарства ў пасёлкі, дадаткова «наразаліся» кавалкі зямлі. Старажылы Крупскага раёна яшчэ не забыліся назвы населеных пунктаў, што з’явіліся ў той час, але затым хутка і зніклі. Напрыклад, Рыкаўка, Чырвоны  Пахар, Новы Шлях, Трудавік і г.д. Аднак хутка, пачынаючы з 1930 года, пайшоў адваротны працэс: аб’яднанне двароў у калектыўныя гаспадаркі.

Наступнае абвінавачванне Прышчэпава заключалася ў тым, што ён дапускаў «адкрыта кулацкае выступленне з патрабаваннямі падзелу падворнага хутарскога карыстання дзяржаўнага меліярацыйнага фонду». Сапраўды, выступаючы, напрыклад, на з’ездзе меліяратараў 15 кастрычніка 1927 года, Дзмітрый Філімонавіч настойліва праводзіў думку пра тое, каб тыя меліярацыйныя землі, што не выкарыстоўваліся, перадаваліся сялянам у індывідуальнае землекарыстанне з умовай іх акультурвання: «Зараз з’яўляецца надзвычай важным пытаннем увязка землеўпарадкавальных работ з меліярацыйнымі, – зазначаў ён. – Я баюся, што калі мы гэтыя землі не замацуем за асобнымі дварамі, то яны па-ранейшаму застануцца неакультуранымі. Тут каласальную ролю адыгрывае прынцып замацавання балот у падворнае землекарыстанне. Да цяперашняга часу гэтыя балоты ў нас знаходзіліся ў грамадскім карыстанні і таму ніякія паляпшэнні на іх не праводзіліся. І як толькі гэтыя балоты пераходзяць у падворнае карыстанне, пачынаецца іх акультурванне… Мы за кошт дзяржавы праводзім асушэнне, а астатнія работы праводзіць у крэдыт само насельніцтва…» Менавіта пасля паездкі ў Данію, дзе Прышчэпаў пабываў, каб вывучыць вопыт правядзення селькагаспадарчых работ, ён стаў праводзіць думку, што ў Беларусі, дзе балоты і тарфянікі займаюць значную тэрыторыю, трэба праводзіць меліярацыйныя работы такім чынам, каб расходы былі падзелены паміж дзяржавай і сялянскімі гаспадаркамі. На мой погляд, гэтыя прапановы дазваляюць па-гаспадарску распарадзіцца балотнымі масівамі. Таму звязваць іх з праваапартуністычным ухілам, падтрымкай так званых кулакоў, хутчэй за ўсё няма падстаў.

Наступныя абвінавачванні супраць Прышчэпава зусім ужо неістотныя: ненаведванне партыйных сходаў, з’яўленне ва ўстанове ў нецвярозым стане і г.д. Хутчэй за ўсё, гэта проста падстава выключыць яго з партыі. Прычыну ж трэба шукаць у іншым…

У 1929 годзе саюзная камісія пад старшынствам сакратара ЦК КП Украіны Затонскага, вывучыўшы пастаноўку нацыянальнага пытання ў Беларусі, прыйшла да высновы, што ў рэспубліцы існуе падпольная арганізацыя «Саюз вызвалення Беларусі», якая мае на мэце адрыў рэспублікі ад СССР. Пачынаючы з 1930 года, гэтай справай стаў займацца НКУС. Былі арыштаваны каля 100 чалавек, частку затым вызвалілі, частку прыгаварылі да невялікіх тэрмінаў зняволення. Чатырох жа, у тым ліку і Прышчэпава, прыгаварылі да 10 гадоў канцлагераў. У прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі» і заключалася галоўнае абвінавачванне Дзмітрыя Філімонавіча. Але не толькі. Яшчэ пры разглядзе яго персанальнай справы на парткалегіі ЦК КП(б)Б у верасні 1929 года было падкрэслена, што «Прышчэпаў Д.Ф. дапускаў падман партыі ў тым, што адмаўляў сваю прыналежнасць да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Між тым, расследаваннем ЦКК устаноўлена, што ён быў актыўным эсэрам, у 1918 годзе ў Сянно прымаў актыўны ўдзел у кіраўніцтве паўстаннем леваэсэраў супраць савецкай улады, быў камандзірам атрада, пасля разгрому Чырвонай Арміяй хаваўся і нават быў арыштаваны». Гэта заключэнне, дарэчы, ставіць пад сумненне меркаванне краязнаўцы  А. Бараноўскага на навукова-практычнай канферэнцыі, што прайшла нядаўна ў Віцебску, пра тое, што Прышчэпаў «быў хутчэй сведкай, чым удзельнікам паўстання палка ў Сянно».

У аўтабіяграфіі, напісанай Прышчэпавым, ёсць пропуск падзей сярэдзіны 1918 года, хоць у анкеце ён указаў, што прымыкаў да эсэраў. Зноў жа, фармуліроўка даволі неканкрэтная: прымыкаў, але не быў членам партыі эсэраў. Але не галоўная ў гэтых адценнях фармуліроўкі яго сувязь з эсэрамі. Важна было, з пункту погляду членаў цэнтральнай кантрольнай камісіі ЦК і ў цэлым кіраўнікоў савецкай улады, іншае.

Сапраўды, летам 1918 года Прышчэпаў камандаваў 2-м Смаленскім палком, што ахоўваў дэмаркацыйную лінію каля Сянно. Па ўказанні Маскоўскага эсэраўскага цэнтра на пачатку жніўня гэты полк здзейсніў правакацыю, расстраляўшы некалькі нямецкіх салдат, каб выклікаць абвастрэнне канфлікту з Германіяй. Савецкай уладзе ўдалося гэты канфлікт уладзіць. Прышчэпаў быў адхілены ад пасады камандзіра палка, і 5 жніўня ў Сянно выехалі новы камандзір і камісар, але не паспелі прыняць камандаванне. У той час на Сенненскім павятовым з’ездзе Саветаў пад уплывам левых эсэраў была прынята рэзалюцыя, якая асуджала палітыку савецкай улады, і 8 жніўня 2-гі Смаленскі полк рушыў на Сянно і затым на Оршу, дзе таксама пачалося паўстанне супраць савецкай улады. На тое, каб яго падавіць, кінулі спешна сфарміраваны атрад пад камандаваннем Даўбэ, які, аднак, быў акружаны ў Оршы Смаленскім палком і вымушаны з боем і стратамі прарывацца на Багушэўск. Толькі пасля падыходу з Віцебска латышскага кавалерыйскага палка паўстанне было падаўлена, а яго кіраўнікі, у тым ліку і Прышчэпаў, былі аб’яўлены ваенна-рэвалюцыйным камітэтам па-за законам.

Якім чынам у той час Прышчэпаў пазбегнуў больш суровага пакарання, акрамя кароткачасовага арышту, і як праз кароткі час стаў працаваць старшынёй Веліжскага павятовага Савета, застаецца загадкай. Можна меркаваць, што калі Веліж у той час знаходзіўся на тэрыторыі Расіі, Прышчэпаву ўдалося выйсці з-пад кантролю мясцовых беларускіх органаў улады.

Дзмітрый Прышчэпаў – вязень ГУЛАГАВідаць, праводзячы даследаванне па ўдзеле Прышчэпава ў дзейнасці «Саюза вызвалення Беларусі», улады выкрылі і факт яго ўдзелу ў паўстанні левых эсэраў. На гэта ўказвае і артыкул 52 п.2, па якім прыцягваўся Дзмітрый Філімонавіч: падрыхтоўка ўзброенага паўстання, імкненне звергнуць савецкую ўладу і ў цэнтры, і на месцах». Прычым, пацярпеў не толькі Прышчэпаў. Рэпрэсіі датыкнуліся і людзей, на той час звязаных з ім. У 1935 годзе быў выключаны з партыі і зняты з работы сакратар Крупскага райкама партыі Г.М. Брыгіневіч. Як сведчыць з пастановы бюро ЦК КП(б)Б, за тое, што «хаваў сваю актыўную сувязь з Сенненскім эсэраўскім камітэтам і эсэраўскім палком пад камандаваннем Прышчэпава і факт атрымання Брыгіневічам ад гэтага камітэта зброі для контррэвалюцыйных паўстанцкіх мэт. Ведаючы пра тое, што Прышчэпаў з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком контррэвалюцыйнага эсэраўскага паўстання супраць савецкай улады ў 1918 годзе, Брыгіневіч нічога не зрабіў, каб яго выкрыць, і пасля таго, як Прышчэпаў пралез у партыю і быў на кіруючай савецкай рабоце».

Прышчэпаў адбываў пакаранне на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала, затым у лагерах на поўначы. У чэрвені 1937 года ён быў датэрмінова выпушчаны, але ўжо праз некалькі месяцаў, 13 жніўня 1937 года, зноў арыштаваны ў Магадане і адпраўлены ў Мінск, дзе знаходзіўся ў турме. 20 лістапада 1939 года ваенным трыбуналам Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу.

Скончыў ён свой жыццёвы шлях яшчэ даволі маладым, але змучаным выпаўшымі на яго лёс нягодамі, у 1940 годзе на койцы ў турэмнай бальніцы ў Мінску.

Па першым прысудзе рэабілітаваны 14 чэрвеня 1988 года Вярхоўным судом БССР. Па другім – 11 сакавіка 1956 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР. 

Цяпер, калі мінула столькі гадоў, цяжка аднавіць усе акалічнасці падзей, якія адбываліся ў 1930-я гады мінулага стагоддзя, амаль немагчыма выявіць сапраўдную ролю кожнай асобы ў той, без сумнення, складаны час. Час, калі краіна была на раздарожжы, калі  ішоў супярэчлівы, бадай, нават пакутніцкі пошук кожнага сваіх шляхоў у жыцці. Магчыма, больш удалося б высветліць, пазнаёміўшыся з архівамі КДБ. У свой час для таго, каб больш даведацца менавіта  аб Прышчэпаве, я звярнуўся туды з афіцыйным пісьмом аб допуску да архіўных матэрыялаў. Мне растлумачылі, што выйшла службовая інструкцыя, якая патрабуе для работы з матэрыяламі аб канкрэтнай асобе яшчэ і дазвол кагосьці са сваякоў гэтага чалавека. Магчыма, гэта трэба было для таго, каб яны былі ўпэўнены, што знойдзеныя звесткі не будуць скажаць памяць, не скампраметуюць яго.

Раней я, калі пачаў збіраць звесткі аб Прышчэпаве, сустракаўся з яго пляменнікам, ён тады працаваў начальнікам цэха на Мінскім аўтамабільным заводзе. Мы доўга гутарылі ў яго дома за кубкам кавы, дакладней, расказваў мой субяседнік, я больш слухаў. Але гэта было даўно. Цяпер я шкадую, што не занатаваў яго ўспаміны на паперы. Але тады я не думаў, што трэба будзе дазвол для работы ў архіве, а затым было ўжо позна...

Складаны быў час, складаны лёс выпаў на долю нашага героя. Але тое, што ён быў рэабілітаваны, гаворыць пра многае. Праўда, гэта адбылося праз шмат гадоў пасля яго смерці. Вельмі важна захаваць памяць пра тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, шукаў шляхоў да лепшай долі для сваіх суайчыннікаў. Магчыма, у тыя далёкія часы, калі ўсё было так заблытана, хтосьці і памыляўся ў нечым, але памыляўся несвядома. Адно толькі можна сказаць з упэўненасцю, што Прышчэпаў дбаў не пра сабе, ён дбаў пра людзей, хацеў, каб ім жылося лепш і ўсё рабіў для гэтага.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

2 мая прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания

В четверг, 2 мая, с 10.00 до 11.00 в здании Крупского районного исполнительного комитета (ул. Советская, 8, каб. 21) прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь КОРСИК Юрий Васильевич. Запись на прием будет осуществляться 22-26 апреля по телефону 2-71-87 в рабочее время (с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30).

27 апреля состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 по вопросу о включения товарищества в границы города

В субботу, 27 апреля, в 11.00 в доме культуры состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 с участием представителей Крупского районного исполнительного комитета по вопросу о возможности включения территории товарищества в границы населенного пункта г. Крупки.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.