krupki.by

ru RU be BE en EN


Чорны след далёкай вайны (Частка 1)

Автор / Паралелі часу / Четверг, 18 апреля 2019 11:39 / Просмотров: 1949

Вёску ўсю спалілі, нават агароджы і студні пагарэлі. Немцы і паліцаі прыязджалі ў Сомры некалькі разоў… Трымаю у руках сшытачак, бачу роўныя радкі, напісаныя прыгожым настаўніцкім почыркам. Пачынаю чытаць і ўжо не магу адарвацца. Перада мной, як кадры кінахронікі, паўстаюць трагічныя падзеі амаль 77-гадовай даўнасці. Мінулі гады, але яны не прытупілі боль ні на кропельку. Вёска Сомры… Некалі даволі буйная і ажыўленая, хоць і ў лясным кутку Ухвальшчыны далёка ад райцэнтра. Кастрычнік 1942-га стаў для яе сапраўды крывавым – фашысты спалілі вёску і загубілі большасць яе жыхароў.

У сшытачку – успаміны відавочцы пятнаццацігадовай дзяўчынкі Насці Алексіевіч. Анастасіі Сцяпанаўны, цудоўнай жанчыны з цяжкім лёсам, якая зведала шмат гора, але заўсёды была і застаецца стойкім чалавекам. Анастасія Сцяпанаўна зараз жыве ў Крупках. Два гады таму кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка папрасіў яе дапамагчы ўдакладніць асобныя прозвішчы для свайго даследавання. А атрымаўся сапраўдны жыццяпіс перадваеннай вёскі і аповяд пра трагедыю Сомраў, што кранае да глыбіні душы. Асабіста мяне ён настолькі ўразіў, што яшчэ доўга болем адгукаўся ў сэрцы. Нібы сама трапіла ў тыя жахлівыя дні…

– Я, Алексіевіч Анастасія Сцяпанаўна, нарадзілася ў Сомрах 8 сакавіка 1927 года. Бацька, Алексіевіч Сцяпан Антонавіч, 1894 года нараджэння. Маці мая з Мажан. У мяне былі тры браты і сястра: Барыс 1917 года, Сямён 1919 года, Лізавета 1926 года, Васіль 1929 года.

У 1931 годзе ў Сомрах арганізаваўся калгас «Чырвоная зорка». З Крупак прыехалі два чалавекі, ладзілі сход, каб абраць старшыню. Прапанавалі майго бацьку Сцяпана Антонавіча. Згадзіліся, прагаласавалі і выдалі яму пячатку. Бацька ў школе не вучыўся, але ўмеў чытаць і пісаць. У калгас трэба было здаваць коней, кароў і зямлю. Гаспадар меў права пакінуць адну карову, коней забралі ўсіх. Вёска была вялікая – 82 двары.

Але не ўсе хацелі весці калектыўную гаспадарку – 17 гаспадароў падалі заявы, каб выйсці з калгаса. На работу яны не хадзілі. Памятаю, што калі прыехаў Сцяпан Белы жаць жыта, то падбухтораныя адным чалавекам жанчыны і дзеці паламалі жнейку. Падбухторшчыкаў асудзілі на тры гады. Дзеці аднаасобнікаў нас білі. А маю сястру Лізу нават скінулі з высокага маста ў рэчку.

Бацьку было вельмі цяжка працаваць. Ён хадзіў з рабочымі касіць сена. Вечарам і ноччу рабілі дзежкі, цэбары. У дзежках квасілі капусту, а ў цэбарах давалі каровам ваду. Таксама рабілі вёдры і каромыслы. Тату часта выклікалі ў сельсавет на сходы, ён быў дэпутатам.

Мой брат Барыс скончыў 7 класаў Стараслабодскай школы, вывучыўся на бухгалтара і працаваў у калгасе «Чырвоны араты». У 1935 годзе пайшоў у армію і служыў у Бранску. Вярнуўшыся дадому, уладкаваўся працаваць у Крупскую міліцыю. Жаніўся, нарадзілася дачка Галіна, якая ў годзік памерла. Калі Барыс прыязджаў дадому, вучыў мяне азбуцы Морзе, я вельмі добра гэта памятаю.

Брата Сямёна прызвалі ў армію ў 1938 годзе. Барыс вяртаўся, а ён пайшоў, нават не сустрэліся. Сямён служыў у гарадах Белебей і Уфа. Калі пачалася фінская вайна, ён служыў на Петразаводскім фронце ў 7-й арміі 374-м стралковым палку камандзірам узвода. Пісаў лісты. Аднойчы 8 сакавіка ён напісаў, што сядзіць у акопах, нельга галаву падняць, так свішчуць кулі. А развітаўся ён так: «Даю вам правую руку, цалую вас родных і знаёмых, блізкіх і ўсіх, хто мяне ведае. Бывайце». Ліст мы атрымалі раней, чым пахаванку, яе прынеслі 20 сакавіка 1940 года, там было напісана, што 9 сакавіка 1940 года Сямён загінуў у баі з белафінамі. Калі паштальёнка чытала пахаванку, мама павалілася на падлогу непрытомная. Затым яна шмат хварэла, я нават хацела пакінуць школу і быць разам з маці. 

Сястра Ліза скончыла толькі 3 класы Свірыдаўскай школы. Вучыцца яна не хацела. Ведала шмат вершаў, песні спявала вельмі жаласлівыя. Я плакала, калі іх слухала. Голас у яе быў вельмі прыгожы. Замужам не была, жыла з мамай, не хацела пакідаць яе адну. Шмат сватоў прыходзіла, але яна ўсім адмовіла. Ліза ўвесь час працавала: і касіла, і арала, умела запрагаць каня, трымала карову, свіней, авечак.

У 1934 годзе я пайшла ў Свірыдаўскую пачатковую школу. Там скончыла 4 класы. У 1938 годзе пайшла ў Стараслабодскую сямігодку ў 5 клас. Ад Свірыдаўкі да Сомраў было 5 кіламетраў, ішлі лесам праз рэчку Можа. Да рэчкі ішлі багністым балотам больш за кіламетр. Па рацэ сплаўлялі лес. Каб перайсці праз яе, рабілі плыты – звязвалі тры бервяны і пераплывалі на другі бераг. Вясной рака разлівалася шырока, тады хадзілі праз мост на Пышачы, гэта кіламетраў 10 ад Слабады. З вёскі я хадзіла ў 5 клас адна з дзяўчынак. У 1941 годзе я скончыла 7 класаў.

Пачалася вайна. Памятаю, як мама, вярнуўшыся з Мажан, з хваляваннем расказала, што па радыё перадалі пра нямецкі напад. На трэці дзень пачалі бамбіць нямецкія самалёты. Ля ракі Можа ляжала вялізная куча бярвёнаў, там быў вартаўнік, які запаліў вогнішча. З самалётаў заўважылі і скінулі бомбы.

Праз вёску Сомры адступалі савецкія салдаты, а таксама наступалі нямецкія. Нашы салдаты акапаліся ў вёсцы Заазер’е Бялыніцкага раёна – 8 кіламетраў ад Сомраў праз лес. У Заазер’і ішоў бой. Там загінула шмат салдат і нашых, і нямецкіх. Савецкія салдаты адступалі праз Сомры пад нямецкай бамбёжкай. Нашы зеніткі збілі 2 нямецкіх самалёты, адзін упаў у Засценках. Я бегала туды, і бачыла, як ён ляжаў абгарэлы, і лётчык таксама…

Калі скідвалі бомбы, мы з бацькам ляжалі на выгане. Зямля трэслася, былі вельмі глыбокія ямы, якія напаўняліся вадой, ляцелі кулі. Памятаю, як было страшна, калі праз Сомры ішлі нямецкія танкі да Заазер’я, дзе быў моцны бой. Некалькі салдат прарваліся і вынеслі сцяг 100-й дывізіі. Ад гэтай вёскі недалёка ёсць вялікае балота з трыма астравамі. Салдаты там схавалі сцяг і засталіся самі, арганізаваўшы партызанскія атрады. Яны прыходзілі да нас у Сомры.

Стараста вёскі ўвесь час сачыў за бацькам і братам. Ён напісаў заяву і падаў у воласць, якая знаходзілася на Ухвале. Там быў гарнізон – немцы і паліцаі. Яны прыехалі ў Сомры на грузавой машыне і на матацыклах. Раніцай да нас у хату прыйшоў адзін мясцовы, што працаваў у гарнізоне, і сядзеў, пакуль не прыехалі немцы. Памятаю, як ён выйшаў за братам на вуліцу і Барыса арыштавалі, надзелі наручнікі і пасадзілі на лаўку ля суседскай хаты. Калі мы з мамай падбеглі да брата, немец пачаў яе біць. Мама ўпала, я кінулася, каб дапамагчы ёй падняцца. «Бяжы, дачушка, у поле, там тата, скажы яму, што Барыса арыштавалі», – прашаптала яна. Я пабегла і ўбачыла, як па лузе паўз рэчку немцы ўжо вялі звязанага тату. Вярнулася назад, да брата было не падысці – вартавалі немцы. Павяла маму дадому, каб памыць. Калі вярнулася, немцаў ужо не было. Брата і тату павялі за вёску, я пачула стрэлы…

Кінулася праз вёску, у яе канцы сустрэла старасту. Ён сказаў, што іх забілі. Паімчала далей і ўбачыла, што яны ляжаць мёртвыя прама на дарозе. Вярнулася, расказала маме. Тая загадала бегчы на пасёлкі паклікаць свата Івана. Калі ён прыйшоў, то брата і бацьку ўжо закапалі без труны ў адной яме – там, дзе расстралялі. Стараста не дазволіў пахаваць іх на могілках. Гэта было 20 верасня 1941 года.

Пазней партызаны расстралялі старасту і яшчэ некалькі паліцаяў.

Як жахлівы сон перад вачыма тыя страшныя дні, калі гарэла наша вёска. І зараз яўна бачу, як акружылі яе нямецкія атрады. Сабралі шмат людзей, усіх, хто быў дома. Пасярод вёскі паставілі ля хаты чалавек 200 – дзяцей, старых, жанчын. Стралялі з кулямёта. Мама мая Аксіння, брат Васіль і я пабеглі на выган, праз раку, у лес, а затым на пасёлкі. Прыбеглі да хаты свата Івана Міронавіча Белага, там жыла наша нявестка, жонка Барыса. Немцы і паліцыі, пастраляўшы людзей у Сомрах, прыехалі на пасёлкі. Мы з мамай сядзелі на печы. Фашысты паставілі кулямёты ў двары, некалькі немцаў дзяжурылі, хадзілі ўсю ноч. У двары ляжалі ля сцяны дровы, Вася і дзядзя Сяргей залезлі за іх, так і прастаялі да світання.

Назаўтра раніцай немцы паехалі на Матошку і Слабаду.

Разам з Марфай Алексіевіч мы пайшлі ў Сомры. Недалёка на хутары жыў мой стрыечны брат Іван. Я забегла ў іх хату. Там, прыціснуўшыся да сцяны, сядзела Хадосся. Яна адхінула кашулю і паказала раны, якія былі закрыты нейкімі анучамі. Раны былі на грудзях, пасечаныя ўсе ногі. «Яны расстралялі маю дачушку шасцігадовую Ганулю і дзеда», – толькі і змагала прашаптаць. На падлозе ляжалі Аляксей Маціеўскі і Міхаіл Алексіевіч. Аляксей ледзь прамовіў: «Пасеклі мне ўсе ногі, я ледзь дапоўз сюды». Ён памёр на трэці дзень. Вольгу, яго жонку і дваіх дзяцей, расстралялі. У Міхаіла быў абгарэлы бок. Немцы расстралялі яго бацьку, маці і траіх дзяцей.

Я пайшла ў хату Ігната Юсціновіча, там была мая стрыечная сястра сямігадовая Надзя. Хацела сесці на ложак, а яна крыкнула: «Не садзіся, там Сонька ляжыць, яе расстралялі, ёй быў адзін годзік!» Я вылезла праз вакно і пайшла ў вёску. Калі ішла праз мост, у рацэ вада была чырвоная, па дарозе нельга прайсці, таму што ўся была ў крыві...

Калі прыйшла ў вёску, то ўбачыла згарэўшыя хаты і мёртвых людзей. Адкаціўшыся да дарогі, ляжала маладая жанчына, абгарэлы жывот, каля яе – абгарэлае немаўля.

Прыбеглі людзі з суседняй Свірыдаўкі і сомраўскія, якія ўцяклі, калі пачалі страляць па вёсцы.

Зараз у Сомрах стаіць помнік, там напісана, што там пахаваныя 180 чалавек, якіх загубілі немцы. Але я налічыла 202 чалавекі.

Вёску ўсю спалілі, нават агароджы і студні пагарэлі. Немцы і паліцаі прыязджалі ў Сомры некалькі разоў…

Автор

admin

admin

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.