krupki.by

ru RU be BE en EN


У кожнай публікацыі вучонага абавязкова ёсць тое, што зачэпіць чытача

Автор / Земляки / Понедельник, 10 июня 2019 10:23 / Просмотров: 393

Споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння кандыдата гістарычных навук, дацэнта  Сяргея Яўгенавіча Новікава, якога я ўжо ведаю 29 гадоў. Ганаруся знаёмствам з гэтым чалавекам. Глыбока ўпэўнены, што і ў жыхароў вёскі Радзіца Крупскага раёна ёсць усе падставы ганарыцца сваім земляком.

Ён нарадзіўся на Крупшчыне, атрымаў сярэднюю адукацыю, зрабіў першыя крокі ў самастойнае жыццё. Далей былі армія, Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Пасля заканчэння з адзнакай яго накіравалі на работу ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (да 1993 года – Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў). Тут Сяргей Яўгенавіч працуе ўжо 39 гадоў. 

З 1992-га таленавіты навуковец і кіраўнік бесперапынна ўзначальвае кафедру. Напачатку гэта была кафедра гісторыі, затым кафедра гісторыі і беларусазнаўства, а зараз кафедра гісторыі, сусветнай культуры і турызму. Усе гэтыя гады кафедра з’яўляецца адной з лепшых ва ўніверсітэце, што ў першую чаргу трэба паставіць у заслугу ўраджэнцу з вёскі Радзіца. Ён стварыў калектыў аднадумцаў, дзе ўсе раўняюцца на лідара ў асобе загадчыка кафедры.

Сяргей Яўгенавіч адбыўся як буйны навуковец. Яго працы па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, германскай эканамічнай палітыцы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941–1944 гг.), германскай гістарыяграфіі гісторыі Другой сусветнай вайны трывала ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай гістарычнай навукі. Гэта – класіка. Тут ёсць усё: і нестандартная здольнасць сфармуляваць навуковую праблему, і схільнасць да вычарпальнага аналізу, і майстэрскія абагульненні гіганцкага факталагічнага масіву, і ўменне так структураваць навуковую працу, каб высновы арганічна вынікалі з яе зместу.

Галоўны аргумент нараджэнца вёскі Радзіца – прыцягненне новых дакументаў і матэрыялаў у даследчыцкім працэсе. Ён шмат працуе ў беларускіх архівах. На карысць справе былі навуковыя стажыроўкі ў Германіі. Там Сяргей Яўгенавіч завязаў цесныя кантакты з супрацоўнікамі мясцовых універсітэтаў, інстытутаў, музеяў і архіваў. Проста ўражвае іх пералік: Цэнтр ваенна-гістарычных даследаванняў і Цэнтр па даследаванні сучаснай гісторыі (Патсдам), Інстытут сучаснай гісторыі (Мюнхен), Інстытут сацыяльных даследаванняў (Гамбург), Цэнтр па даследаванні антысемітызму пры Берлінскім тэхнічным універсітэце (Берлін), Федэральны ваенны архіў (Фрайбург), Федэральны, зямельны архівы ў Кобленцы, Бундэсархіў у Берліне. Пасля кожнай падобнай стажыроўкі ў навуковае абарачэнне ўводзіліся ўнікальныя дакументы.

Менавіта дзякуючы Сяргею Яўгенавічу Новікаву былі зроблены важныя ўдакладненні па гісторыі Мінскага гета. У час навуковай стажыроўкі ў Інстытуце сучаснай гісторыі ў Мюнхене ён першым сярод гісторыкаў натыкнуўся на дзённікавыя запісы берлінскіх яўрэяў М.Крон і Б.Руднера аб знаходжанні ў Мінскім гета. У тым жа інстытуце яму трапіла ў рукі выніковая справаздача аб дзейнасці «Эканамічнага штаба Ост» на акупаванай савецкай тэрыторыі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1943 гадах. І тут нараджэнец вёскі Радзіца быў першы. Гэту знаходку навуковец выкарыстаў у манаграфіі «Эканамічная палітыка нацысцкай Германіі ў Беларусі 1941–1944 гг.: агляд крыніц і германскай гістарыяграфіі 1990-х гадоў», якая ўбачыла свет у 2002 годзе.

Усяго ў Сяргея Яўгенавіча 338 публікацый навуковага характару. Тут маюцца на ўвазе тры асабістыя манаграфіі, суаўтарства ў больш за дзесяці калектыўных манаграфіях, артыкулы, тэксты дакладаў на навуковых мерапрыемствах, рэцэнзіі. І ў кожнай такой публікацыі ёсць унёсак у навуку, ёсць тое, што абавязкова зачэпіць чытача. Але памер газетнай плошчы абмежаваны, і я павінен з гэтым лічыцца. Сяргей Яўгенавіч Новікаў – бліскучы арганізатар навукі. Кіруемая ім кафедра актыўна ўдзельнічае ў Дзяржаўнай праграме навуковых даследаванняў на 2016–2020 гг. «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства». Гэтым структурным падраздзяленнем МДЛУ шмат робіцца ў рамках Падпраграмы 12.1 «Гісторыя і культура». Заданне 12.1.01 «Беларусь у гады сусветных войнаў: сацыяльна-эканамічныя і грамадскія трансфармацыі».

5 красавіка 2019 года аўтар гэтых радкоў удзельнічаў у 18-й Міжнароднай канферэнцыі «Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць». Падобная канферэнцыя праводзіцца кафедрай традыцыйна з 2002 года. Канешне, на ўсіх 18 канферэнцыях мне не пашчасціла пабываць. Але на большасці з іх я прысутнічаў. Уражанні вельмі добрыя. Перш за ўсё кідаўся ў вочы вельмі моцны склад удзельнікаў, якія выступалі з выдатнымі дакладамі. Сяргей Яўгенавіч пастаянна трымаў руку на пульсе, забяспечваў творчы настрой. На тых канферэнцыях, дзе я ўдзельнічаў, прысутнічалі навукоўцы з Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі.

Студэнты МДЛУ атрымліваюць вялікае задавальненне, наведваючы навучальныя заняткі, якія вядзе нараджэнец вёскі Радзіца. Тут бліскуча выкарыстоўваюцца міжпрадметныя і ўнутрыпрадметныя сувязі, пастаянна наладжваецца плённы кантакт з аўдыторыяй, вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню здольнасці маладых людзей да праблемнага мыслення.

Нараджэнец вёскі Радзіца быў адным з ключавых аўтараў вучэбнага выдання 2004, 2005 і 2009 гадоў па спецкурсе «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны) для школ  і ўніверсітэтаў. Я пастаянна выкладаю гэты спецкурс і заўсёды заўважаю, што гэта выданне карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод студэнтаў.

Сяргей Яўгенавіч – прызнаны майстар прапаганды гістарычных ведаў. Ён ужо шмат гадоў па ўласнай ініцыятыве водзіць бясплатныя экскурсіі на месцы былога нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера па Трасцянцы. Мне выпала шчасце папрысутнічаць на такой экскурсіі. Яна працягвалася 5 гадзін. Слухаў экскурсавода на адным подыху. Чым цікавая экскурсія? Сяргей Яўгенавіч Новікаў укараняе шмат уласных навуковых напрацовак, падае матэрыял такім чынам, каб гэта найбольш эфектыўна паўплывала на фарміраванне культуры гістарычнай памяці. Дарэчы, у яго ёсць уласная канцэпцыя фарміравання гэтай культуры, якую ён неаднойчы фармуляваў з тэлеэкрана.

Правільна сказана: «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім». Нараджэнец вёскі Радзіца ўсё, абсалютна ўсё можа зрабіць уласнымі рукамі. Ён выдатна абсталяваў інтэр’ер сваёй кватэры, нічым не саступаючы прафесійным сталярам і цеслярам. Мне пашчасціла есці смачны торт, які ўласнаручна спёк таленавіты навуковец і педагог. Адна з калег Сяргея Яўгенавіча па МДЛУ у гутарцы са мной назвала гэтага чалавека залатой ручкай. Безумоўна, яна мае рацыю.

Жадаю Сяргею Яўгенавічу моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, новых творчых поспехаў. Веру, што ён яшчэ не сказаў апошняга слова ў навуковых і адукацыйных справах.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Автор

admin

admin

  • Район
  • Область

Актуально

20 июля "прямую линию" проведет первый заместитель председателя Минского областного исполнительного комитета

В субботу, 20 июля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию проведет первый заместитель председателя Минского областного исполнительного комитета МАКАР Игорь Николаевич. Телефон 8 (017) 500-41-60.

20 июля "прямую линию" проведет председатель Крупского райисполкома

Прямая телефонная линия с председателем Крупского  райисполкома КОЗЕЛОМ Анатолием Станиславовичем пройдет в субботу, 20 июля, с 9.00 до 12.00 по телефону 2-77-47.

Please publish modules in offcanvas position.