krupki.by

ru RU be BE en EN

Шосты год запар у Халопенічах адзначаецца «Халопеніцкі карагод» (фота)



Шосты год запар у Халопенічах адзначаецца «Халопеніцкі карагод» (фота)

Автор / Главные новости / Вторник, 28 августа 2018 14:58 / Просмотров: 4334

У кожнага чалавека ёсць любімы куточак зямлі, які з гонарам і пяшчотай заве ён малой радзімай. І кожны наш зварот да роднага краю – як глыток з гаючай крыніцы. Гарадскі пасёлак Халопенічы ў чарговы раз сабраў сваіх землякоў, ураджэнцаў і навасёлаў, запрасіў гасцей на традыцыйнае свята «Халопеніцкі карагод-2018».

Кожны год выпадае пасялкоўцам магчымасць сабрацца разам і з гонарам адчуць сябе землякамі. Да ўрачыстасцей пасёлак рыхтаваўся адмыслова: асаблівая ўвага як насельнікаў, так і мясцовай улады, была скіравана на добраўпарадкаванне і святочнае ўбранне. З самай раніцы ў цэнтры пасёлка панавала атмасфера свята. Менавіта тут праходзілі гулянні, працаваў гандаль, а маленькія жыхары Халопеніч скакалі на батуце і частаваліся салодкай ватай і папкорнам. Пасёлак застракатаў яркімі фарбамі, напоўніўся гукамі вясёлых мелодый, задорным смехам і водарамі пачастункаў. Свята ў гэты дзень панавала ў кожным сельскім двары, несла добры настрой у кожную сям’ю і сагравала сэрца кожнага госця.

Да пачатку свята мы знаёміліся з мясцовымі жыхарамі, якія кожны год з нецярпеннем чакаюць гэтага мерапрыемства. Мікалай Аляксандравіч Фацеенкаў сёлета прыйшоў з унучкай Вікай.

– Свята «Халопеніцкі карагод» – гэта вельмі добрая традыцыя, – гаворыць ён. – Прыемна паслухаць добрыя песні ў выкананні мясцовых і крупскіх артыстаў, для дзяцей шмат забаў. Менавіта на «Халопеніцкім карагодзе» можна пабачыць амаль усіх сваіх землякоў, пагутарыць з імі. Такую магчымасць ні ў якім разе нельга ўпускаць. Сёлета дзеці прыехалі да нас з унукамі. Вось з Вікай вырашылі завітаць на свята. Яна ўжо наскакалася на батуце, зараз пойдзем да пляцоўкі танчыць.

Амаль адразу запрыкмецілі маладую шматдзетную сям’ю Якубовічаў. Аляксандр і Хрысціна прыйшлі на свята ўсёй сваёй сям’ёй. Двайняткі Кірыл і Лера з зацікаўленасцю глядзелі на тое, што адбываецца вакол, а маленькі Міша ціхенька пасапваў у калясцы. Аляксандр і Хрысціна ў Халопенічах жывуць ужо тры гады. Домік атрымалі ад Крупскага лясгаса, дзе працуе Аляксандр. Самі яны родам з вёсак Прудзец і Узнацк. Але Халопенічы яны таксама лічаць сваёй малой радзімай.

– На любое свята мы ідзем усёй сям’ёй, – гавораць шматдзетныя бацькі. – Ды ўвогуле, мы ўсё робім разам. Работы не баімся, а наадварот нам падабаецца працаваць на зямлі, трымаем вялікую гаспадарку: тры кані, бычка, кароў, свінак, курачак. Іншага жыцця мы сабе не ўяўляем.

Паразмаўляўшы з мясцовымі жыхарамі, можна зрабіць вынік, што ў Халопенічах жывуць працавітыя людзі.

Прыйшлі на свята не толькі жыхары гарадскога пасёлка, але і з іншых вёсак. Як толькі вядучыя абвясцілі: «Свята пачынаецца», госці хуценька накіраваліся да адкрытай пляцоўкі. Свята адкрыў старшыня Халопеніцкага сельскага Савета дэпутатаў Андрэй Вакулаў:

– Сёння ў нас выдатнае свята – «Халопеніцкі карагод». Многія з вас тут нарадзіліся, жывуць і працуюць. Дарагія жыхары, памятайце: пакуль жыве наша малая радзіма, разам з ёю жывем і мы. Шчасця ўсім, бадзёрасці і самае галоўнае – здароўя!

Вядучыя мерапрыемства ўзгадалі асноўныя падзеі з гісторыі гарадскога пасёлка Халопенічы, якому, дарэчы, у гэтым годзе спаўняецца 567 гадоў. Адметнай датай – 315 гадоў – адзначана існаванне ў пасёлку будынка касцёла дамініканцаў, узведзенага ў 1703 годзе. Цікава і тое, што 190 гадоў спаўняецца з дня ўзвядзення Свята-Успенскай царквы, а яшчэ 245 гадоў таму ў мястэчку Халопенічы адкрылася адна з першых свецкіх школ у Беларусі, а 155 гадоў таму была заснавана Халопеніцкая сярэдняя школа.

Самае галоўнае багацце – гэта людзі, якія жывуць у павазе, згодзе і паразуменні, укладваюць часцічку сваёй працы і клопату ў агульныя дасягненні, услаўляюць свой родны пасёлак. Працягнулася свята, вядома ж, ушаноўваннем людзей. Так, гарадскі пасёлак Халопенічы ў гэтым годзе стаў багацей на аднаго чалавека: на свет з’явіўся Міхаіл Якубовіч, які стаў самым маленькім жыхаром населенага пункта. Павіншавалі і яго бацькоў Аляксандра і Хрысціну. Сям’я Мікалая Мікалаевіча і Валянціны Нікіфараўны Баркоўскіх па праве названа самым моцным саюзам пасёлка, разам яны ўжо 60 гадоў. Сем’і-доўгажыхары года – Уладзімір Ільіч і Наталля Іванаўна Буйвідовічы, Анатолій Раманавіч і Вера Максімаўна Новікі, Валянцін Фёдаравіч і Аляксандра Аляксееўна Гліннікі, Мікалай Аляксандравіч і Валянціна Іосіфаўна Сілівончыкі. Гэтыя сем’і зарэгістравалі шлюбы 45 гадоў таму. Называлі сямейныя пары, якім у гэтым годзе споўнілася 35, 30, 25 гадоў. Бурнымі апладысментамі віталі і дзве самыя маладыя сям’і – Яўгенія і Алы Асташка, Яўгенія і Вікторыі Кароткіх. Выказалі глыбокую падзяку ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Розе Андрэеўне Баярынай і Уладзіміру Адамавічу Скалубовічу.

Пагадзіцеся, заўсёды прыемна бачыць, як людзі сваёй працай упрыгожваюць малую радзіму і з кожным годам яна становіцца больш прывабна. Радуе, што многія сем’і імкнуцца, каб у іх дамах панавалі парадак і ўтульнасць, каб у дварах і каля дамоў была чысціня, раслі кветкі і дрэвы. Вось і падчас свята быў названы дом, які сапраўды ўпрыгожвае Халопенічы: гэта падворак Уладзіміра і Тамары Мажуль. Менавіта ён быў прызнаны лепшым у пасёлку на сённяшні дзень. А свята – чым не нагода яшчэ раз выказаць словы падзякі гаспадарам за іх працу і любоў да свайго роднага кутка.

На мерапрыемстве пасялкоўцы разам узгадалі мінулае, радаваліся поспехам адзін аднаго, дэманстравалі свае таленты, весела бавілі час і па-сапраўднаму адпачывалі душой. Якое ж свята без песень і танцаў? Пад прыгожыя галасы артыстаў Халопеніцкага гарпасялковага дома культуры,  Каменскага сельскага клуба-бібліятэкі і раённага Цэнтра культуры танчылі дзеці, пляскалі ў далоні гледачы – народ весяліўся. Песні ліліся па ўсім наваколлі. Свята пасёлка – гэта яскравы доказ таго, што ў родных мясцінах і сонца ярчэй свеціць, і паветра чысцей, і людзі больш добрыя. Нездарма ж кажуць: «Родны край – сэрцу рай!»

Автор

Светлана Гринь

Светлана Гринь

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.