krupki.by

ru RU be BE en EN

На Крупшчыне аднавілі фрагменты старадаўняга вясельнага абрада (фота)



На Крупшчыне аднавілі фрагменты старадаўняга вясельнага абрада (фота)

Автор / Главные новости / Вторник, 09 июля 2019 14:54 / Просмотров: 4130

Як ладзілі вяселле даўней і як робяць гэта зараз – вялікая розніца. Хоць гэта і так, але цікавасць да аўтэнтычных падыходаў да такой важнай справы не знікае, і гэта добра. Некалькі творчых калектываў нашага раёна пад кіраўніцтвам намесніка начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі Таццяны Мельнік аднавілі фрагменты вясковага вяселля, якое ладзілася менавіта на Крупшчыне.

Для гэтага была праведзена грунтоўная даследчая работа. Галоўнымі літаратурнымі крыніцамі сталі матэрыялы вядомага этнографа Адама Багдановіча і энцыклапедыя «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў». Дарэчы, манаграфія Багдановіча «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов» пабачыла свет яшчэ ў 1895 годзе. Асаблівая каштоўнасць яе ў фальклорным матэрыяле, запісанным Адамам Ягоравічам з вуснаў сваёй бабулі Рузаліі Осьмак, якая нарадзілася і ўсё сваё жыццё пражыла ў мястэчку Халопенічы. Нагадаем, што і сам Адам Багдановіч нарадзіўся ў Халопенічах. Ён пісаў «Старажытны беларускі шлюб – гэта не толькі пір, – гэта найперш усяго, рэлігіёзная містэрыя, ад правільнага звяршэння якой шмат чаго залежыла».

Ітак, мы едзем гуляць вяселле! Усё адбываецца ў маляўнічым месцы на беразе возера Сялява на базе адпачынку «Сялява-тур». Уявім, што прайшоў ужо перадвясельны цыкл: выглядзіны, сватанне, запоіны, заручыны і г.д. Сем’і маладых падрыхтаваліся да вяселля: спечаны караваі, гатовыя падарункі, накрытыя сталы чакаюць гасцей. А мы апынуліся падчас ад’езду маладых на вянчанне ад хаты маладой.

І вось разгортваецца незвычайная дзея, у якой кожны рух, кожнае слова мае сваё сакральнае значэнне, у якое свята верылі нашыя продкі. І тое, што нам, сённяшнім, здаецца амаль тэатральным, было для іх вельмі жыццёвым і вельмі важным.

…Вось пад’ехалі два святочна ўпрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі вазы. Маладыя, бацькі, сваты ідуць паралельна па саматканых дарожках, падыходзяць да вясельнага картэжа. Маладыя ўвесь час кланяюцца гасцям, а, падняўшыся на вазы, не садзяцца, а працягваюць аддаваць паклоны.

Бацькі маладой тройчы абыходзяць вазы па сонцы, маці абсыпае іх жытам, а бацька нясе ікону.

Да сей, маці, жыта,
Каб было добра жыці.
Сей, пшаніцу, бацька, яру,
Каб жылі вечна ў пары.

І вось вясельны картэж рухаецца ў шлях. Адметна тое, што на Крупшчыне маладыя не разам, а паасобку са сваімі хроснымі бацькамі, сватамі, раднёй ехалі ў  царкву, дзе адбывалася вянчанне.

…Праз пэўны час картэж маладых па сонцы вяртаецца да хаты маладой. Яго сустракаюць песнямі. Зразумела, маладым  «загароджваюць» дарогу, патрабуючы «выкуп». Сват «таргуецца», у рэшце рэшт адкупляецца цукеркамі, калі перашкоды рабіла моладзь, ці гарэлкай, калі гэта былі дарослыя.

І вось маладыя падыходзяць да парога, дзе хлебам-соллю іх сустракаюць бацькі. Падкрэслім, што маці маладой трымае хлеб-соль не на белай частцы ручніка, а на чырвонай. Бацька налівае маладым па чарцы гарэлкі. Яны падносяць да вуснаў, але ні ў якім разе не п’юць. Правай рукой выліваюць гарэлку абавязкава праз левае плячо за спіну (сэнс у тым, што з правага боку ў чалавека знаходзіцца анёл-захавальнік, а з левага – змей-спакуснік). Рытуал паўтараецца, а за трэцім разам чаркі неабходна разбіць, і зноў-такі правай рукой праз левае плячо. Верылі ў такую прыкмету: шчаслівым і доўгім будзе шлюб у тым выпадку, калі абедзве чаркі разаб’юцца.

Маці абвязвае ручніком рукі маладых і праз арку з ручнікоў вядзе на пачэснае месца, у чырвоны кут, па сонцы. Яны стаяць, пакуль усе госці не зоймуць свае месцы ў адпаведнасці з раством і вясельным чынам. Затым садзяцца на лаву, засланую кажухом (не на стулы), і распачынаецца вясельнае застолле.

– Госцейкі прыезджыя, суседзі памежныя, браты, сёстры, дзядзькі, цёткі, прашу ўсіх устаць, мінуту памаўчаць, мае словы паслухаць. Першую чарку прапаную падняць за продкаў маладой і маладога. Каб маладыя старых звычаяў не забывалі і перадалі іх паважаць дзецям сваім, – уступае ў свае абавязкі сват.

Дарэчы, сваты за сталом не сядзелі, хадзілі, за парадкам сачылі, выпіць запрашалі. А самі не пілі – у чарках была вада. Ды і госці не падлівалі, усе разумелі, што ім трэба быць стойкімі.

Як правіла, другую чарку падымалі за бацькоў маладой, а ўжо трэцюю – за саміх маладых.

– Дай жа, Божа, вам на век доўгі, на быт добры, няхай жа Бог вас шчасцем і доляю спаткае, – шчыра жадалі.

І затым, нарэшце, рассмакоўвалі, што гарэлка горкая! Пра што дружна крычалі, чакаючы пацалунку маладых.

Вяселле ішло сваім ладам, госці елі, пілі, танцавалі і спявалі. А ці ведаеце вы, што на Крупшчыне песні пра маладую былі выключна хвалебныя, а пра маладога – ганебныя, зразумела, з добрай доляй гумару?

– Просім вашага дазволу – пад высокім вянком, пад бацькоўскім крылом, за цясовымі сталамі, за шырокімі абрусамі ды сахарнымі стравамі новых маладых прывітаць, каравай падзяліць, шчасця-долі пажадаць, – пытаецца ў гасцей сват, і атрымлівае іх дазвол.

Тым часам ён выносіць каравай на накрыўцы ад хлебнай дзяжы, накрытай ручніком. Сват трымае ў руцэ талерку, абвязаную хусткай ці ручніком. На ёй стаіць чарка гарэлкі. А хросная маці нявесты пачынае дзяліць каравай.

– Даруем цябе, дачушка, не адной падушкай, а яшчэ цялушкай. Сотнямі рублямі, конікам з санямі, а яшчэ і словам: каб была здарова!

– Дарую вам, бульбы падполле, каб дзяцей было застолле!

– Дарую вам палатно, каб у хаце гора не было, – сыпаліся шматлікія пажаданні.

Дзяленне каравая сведчыла, што гулянне падыходзіць да канца. Але трэба было выканаць яшчэ абрад пячэння яешні, якую гатавала маці (колькасць яек цотная, у пару) і прыносіла маладым са словамі:

– Ешце, дзеткі, даядайце, зло вы мне не пакідайце… А табе, дачушка, даю наказ: рана з сонцам уставаць, свякроў мамай называць, суседзяў паважаць. Калі будзеш гэтак рабіць, не будуць людзі цябе судзіць.

З гэтым маладыя пачыналі збірацца ў дарогу, бо вяселле чакала і ў доме маладога.

Ад’езд з роднай хаты, прадчуванне карэннай змены жыцця і ўсведамленне немагчымасці вярнуць светлыя дзявочыя дні – усё гэта было падставай для горкіх і працяглых слёз.

Маладая па прыездзе да жаніха адорвае яго бацькоў, сваякоў падарункамі. У доме маладога адбываліся тыя самыя дзеянні, што ў доме маладой. І яшчэ амаль да канца тыдня адбывалася паслявясельная частка, так званыя пярэзвы, цыгане. Бацькі і родныя маладой ехалі ў госці да цяпер ужо сватоў, а родныя жаніха – да бацькоў маладой, сваёй цяпер ужо нявесткі.

Зразумела, што ў невялікай дзеі немагчыма паказаць усю складанасць і хараство вясельнага абрада. Але каштоўнасць таго, што мы ўбачылі, у нашых, крупскіх адметнасцях, дэталях, акцэнтах. І тут не абыйсціся без каментарыя спецыяліста.

Расказвае Таццяна Мельнік:

– Вяселлі на Крупшчыне ладзілі ў любую пару года, за выключэннем перыяду пастоў. Але больш за ўсё або ўвосень – як узгадвалі сведкі «калі з дзеламі справіліся, ураджай убраны» (ад канца жніўня і да пачатку Каляднага посту, да Піліпаўкі), або на Сёмуху (Тройцу). Самы спрыяльны дзень – нядзеля, «святы» дзень тыдня. Маладая пара спачатку прытрымлівалася тыдневага посту, прыходзіла ў храм на споведзь, а ў нядзелю адбывалася вянчанне і само вяселле. Другім днём вяселля праваслаўная царква ўсталявала пятніцу. Толькі не субота, бо гэта штотыднёвы памінальны дзень. Адметна, што ручнікі, на якіх стаялі ў царкве пры вянчанні маладыя, захоўвалі ў сям’і да канца іх жыцця.Таксама і захоўваліся пакладзеныя ў ручнік грамнічная свяча, якой благаслаўлялі бацькі на шлюб, і вянчальная свяча. Іх клалі за  абразы і выкарыстоўвалі ў рэдкіх выпадках: пры цяжкіх родах, калі хварэлі дзеці ці самі бацькі. Яшчэ адной адметнасцю быў вянок маладой. Яго на Крупшчыне плялі за тыдзень-два да вяселля, і не сяброўкі маладой, а «ўмелыя людзі». Вянок быў самы інфарматыўны ў вясельным убранні дзяўчыны. Пры жывых бацьках ён быў з чырвонымі і ружовымі кветкамі, а ў вянку сіраты – толькі белыя кветкі і зялёныя лісточкі. Вянок, што быў на нашай маладой, зроблены майстрамі Дома рамёстваў па ўзоры, што мы знайшлі на Ухвальшчыне. Яшчэ трэба сказаць пра каравай, якім сустракалі маладых пасля царквы. Гэта зараз імкнуцца хто больш адкусіць ці адламаць, а даўней гэтага ні ў якім разе рабіць было нельга, бо каравай лічыўся сімвалам сямейнай цэласнасці і адзінства. Хачу звярнуць увагу і на тое, што ў сваіх даследаваннях Адам Багдановіч пісаў, што сярод халопенцаў было меркаванне, што чым больш і праўдзіва будзе маладая плакаць падчас вяселля, тым больш яна будзе радавацца ў жыцці. Плач для маладой з галашэннем лічыўся абавязковым. Галашэнні завучвалі, як вучаць песні, разам са словамі і напевам. Нават практыкаваліся загадзя, каб у неабходны момант не асаромецца. Яшчэ цікавым на Крупшчыне быў абрад абразання касы маладой. Зрабіць гэта быў павінен нежанаты брат нявесты, а жаніху трэба было за гэта заплаціць. Вось такі цікавы абрад стаў вынікам нашай дзейнасці. У ім бралі ўдзел калектывы Прошыцкага, Калодніцкага і Дубраўскага сельскіх клубаў-бібліятэк і творчыя жыхары з Прошыкі. Мы працавалі з цікавасцю і спадзяёмся, што нешта будзе карысна маладым, што збіраюцца ўзяць шлюб. Як бы там ні было, але і зараз нямала тых, хто бярэ пэўныя элементы з нашых спрадвечных абрадаў. Трэба сказаць, што сёлетні год у сферы культуры Міншчыны аб’яўлены годам вясельнай абраднасці, таму нашы даследаванні будуць працягвацца, а скарбонка творчых знаходак – папаўняцца. Запрашаем усіх далучыцца да нашай творчай даследчай дзейнасці!

 

 

 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.