krupki.by

ru RU be BE en EN

На 1 жніўня ў сельгасфіліяле «Шчаўры» намалочана амаль 2,5 тысячы тон збожжа



На 1 жніўня ў сельгасфіліяле «Шчаўры» намалочана амаль 2,5 тысячы тон збожжа

Автор / Главные новости / Пятница, 02 августа 2019 14:21 / Просмотров: 1355

Пэўна, памыляліся ў народзе, калі сцвярджалі, што ўвосень работ восем. Той, хто звязаны з сельскай гаспадаркай, зазначае, што не менш самых неадкладных работ і ўлетку. А што гэта так, мы яшчэ раз пераканаліся, пабываўшы ў чацвер, 1 жніўня, у сельскагаспадарчым філіяле «Шчаўры» ААТ «Здравушка-мілк».

– Упэўнены, многія пагадзяцца са мной, што час заўсёды прыспешвае хлебароба, – зазначае дырэктар сельгасфіліяла Барыс Трыдзенскі. – Трэба то зябліва ўзнімаць, то раскідваць угнаенні, то сеяць, то праводзіць хімпраполку, а тут глядзіш – і час жніва надышоў... А ўбраць у нас сёлета трэба 2 105 гектараў зерневых і збожжабабовых культур. На першую жнівеньскую раніцу нашы камбайнеры ўбралі 932 гектары, што складае 44 працэнты да задання. Пры сярэдняй ураджайнасці 25,4 цэнтнеры з гектара намалочана 2367,4 тоны збожжа, што таксама, думаю, няблага. Хочацца адзначыць, што на нашых палетках шчыруе шмат старанных і ўвішных працаўнікоў. Таму і справа ладзіцца...

І сапраўды, на той дзень гэта былі лепшыя паказчыкі сярод іншых гаспадарак раёна і па тэмпах, і па намалотах, і амаль што па ўраджайнасці. Так што ёсць надзея, што шчаўроўскі каравай будзе важкім.

Прыехаўшы ў гаспадарку і зайшоўшы ў дыспетчарскую, мы былі прыемна здзіўлены. На адной са сцен змешчаны «Экран ходу ўборкі ўраджаю». Уразіла тое, што на кожнага старшага камбайнера, камбайнера і вадзіцеля, занятага адвозкай збожжа, заведзены асобны ліст, дзе за адпрацаваны дзень указаны, якая ўбіралася культура, колькі ўбрана за дзень, заработная плата і колькі тон намалочана або адвезена.

У дыспетчарскай нам паведамілі, што літаральна ўсе працаўнікі, занятыя на ўборцы ўраджаю, кожную раніцу заходзяць сюды і цікавяцца гэтым экранам. Да таго ж, ля механічных майстэрняў, штодзень узнімаецца Сцяг працоўнай славы. На дзень нашага наведвання сельгасфіліяла «Шчаўры» ён быў узняты ў гонар Дзмітрыя Асіповіча, які на аўтамашыне «МАЗ-551605» адвёз 414,16 тоны збожжа. Тут жа, ля мехмайстэрняў, мы сустрэліся з галоўным аграномам гаспадаркі Валерыем Куянічэнка і паехалі на збожжавыя палеткі, размешчаныя за вёскай Падбярэззе.

Першымі, каго тут сустрэлі, былі маладзёжныя экіпажы Сяргея і Мікалая Зуёнкаў і Максіма Балотнікава. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Куксіна і першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Уладзімір Рогаў нагадалі хлопцам, што ў раёне 7 маладзёжных экіпажаў, якія прымаюць удзел у акцыі «Моладзь – за ўраджай!», расказалі аб умовах яе правядзення, заклікалі дабівацца высокіх рэзультатаў, каб выйсці ў пераможцы. Падчас размовы высветлілася, што Сяргей Зуёнак у пазамінулым годзе быў памочнікам камбайнера ў свайго бацькі Васіля Аляксандравіча, а сёння ўжо ў яго – старшага камбайнера – малодшы брат Мікалай, які вучыцца ў Мінску, працуе камбайнерам, аднак падчас канікулаў вырашыў і гаспадарцы дапамагчы, і падзаробіць. Ужо восьмы сезон садзіцца за штурвал камбайна іх калега Максім Балотнікаў – яшчэ адзін удзельнік акцыі «Моладзь – за ўраджай!» Хлопцы з гумарам, хаця і заклапочана, гаварылі, што сёлетні ліпень – самы халодны ў ХХІ стагоддзі. «Не прынёс нам цяпла і першы дзень жніўня, – канстатавалі яны. – Слухалі прагноз, згодна якога і ў выхадныя дні разлічваць на цёплае надвор’е не прыйдзецца».

– Цяпер галоўная ранішняя навіна для вяскоўцаў – прагноз надвор’я, – працягнуў размову галоўны аграном Валерый Куянічэнка. – Ім дастаткова глянуць на неба, каб зразумець, ці ўдасца як мае быць папрацаваць. І як толькі хмары расступяцца – камбайны адразу ж уключаюцца ў справу. Зазначу, што створаны атрад з 10-ці камбайнаў – 4-х «ДОН-1500Б» і 6-ці «КЗС1218», працуе на славу. Шчыруюць на палетках Мікалай Бакан, Аляксандр Свірыда, Юрый Голуб, Аляксандр Рогаў, Мікалай Шыла, Аляксандр Іваноў, Раман Крывецкі. Раман, дарэчы, вучыцца ў магістратуры, але не забывае родную гаспадарку і падчас адпачынку імкнецца ёй дапамагчы.

У далейшым па дарозе мы сустрэлі камбайнера на адвозцы збожжа Дзяніса Шведа, які ў сельгасфіліяле «Шчаўры» працуе 10 гадоў і неаднойчы выходзіў пераможцам працоўнага спаборніцтва. «Я кожны год чакаю лета, рыхтуюся да яго, – заўважыў Дзяніс. – Зразумела, што і для камбайнераў, і для вадзіцеляў гэта самы адказны перыяд. Сёлетняе жніво, безумоўна, цяжкое. Дажджы не даюць нармальна працаваць. Але ж хлеб трэба ўбіраць, таму і стараюцца ўсе».

– Неаднойчы даводзілася бачыць, што тэхніка вымушана чакаць, пакуль ніва прасохне, – працягваў думку Дзяніса вадзіцель Мікалай Дзеравяга, стаж работы якога пачынае адлік з 1983 года. – Людзі гатовы працаваць у полі, але надворныя ўмовы не даюць магчымасці разгарнуцца камбайнам на поўную магутнасць.

І тут варта зазначыць, што на пытанне, колькі гадоў Мікалай працуе вадзіцелем у гаспадарцы, ён заўважыў: «Як сам сябе помню...» Сярод вадзіцеляў малагабарытнай тэхнікі Мікалай Пятровіч з’яўляецца лідарам.

У гэты дзень Валерый Куніячэнка паказаў нам не толькі, як ідзе ўборка збожжавых, але і іншыя работы, і, у прыватнасці, уборку саломы, дасушванне збожжа на КЗС.

На палетках, што за вёскай Вялікія Жаберычы, адразу заўважаеш вялікую сцірту з рулонамі. Рапсавая салома звозіцца з бліжэйшых палёў і складваецца пагрузчыкам. А займаецца гэтай справай Святаслаў Слабуха, работнік з 30-гадовым стажам. Да месца адзначыць, Святаслаў у свой час 17 сезонаў адпрацаваў на камбайне, а вось апошнія гады – на пагрузчыку.

Далей наш шлях пралягаў на збожжаток «Дакудава». Давялося пераканацца ўвачавідкі, што тут кожны з работнікаў ведае сваё месца. Яго загадчыца Наталля Крыгіна зазначыла, што збожжаток падчас жніва – таксама адказны ўчастак работы. Працуюць пасутачна, у дзве змены па чатыры чалавекі. Сёлета на рабоце заняты Аляксей Сас, Мікалай Ціцянкоў, Пётр Цэдрык і Дзмітрый Крыгін.

Падчас размовы Аляксей Сас расказаў, што аператарам працуе толькі першы год, але ўжо ўнік ва ўсе нюансы гэтай важнай і адказнай справы. «Працэс сушкі збожжа кантралюецца па камп’ютары, які ўстаноўлены ў аператарскай кабіне, – заўважыў ён. – На «ЗСК-40» у суткі сушым па 180 і больш тон збожжа. Высушаная пшаніца аўтаматычна ідзе на выгрузку і зараз пастаўляецца для выканання дзяржзаказу». Відавочна, што на збожжатоку зладжана працуюць людзі, якія хварэюць за справу.

...Мы пакідалі шчаўроўцаў у разгар працоўнага дня. Сцяг працоўнай славы, экран спаборніцтва, даведзеныя нормы і іх штодзённае выкананне, заробленыя за дзень грошы, стымул па заканчэнні ўборкі – усе гэтыя і іншыя атрыбуты працоўнага саперніцтва ў сельгасфіліяле распрацаваны і дзейнічаюць безадмоўна. Па ўсім адчувалася, што шчаўроўскія хлебаробы знаходзяцца ў адной звязцы, перажываюць за лёс вырашчанага ўраджаю, змагаюцца за першынство ў раённым спаборніцтве, бо сярод іх заўсёды шмат пераможцаў.

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.