Тое, што мухаморы – грыбы неядомыя, вядома, мабыць, кожнаму. Ды і самі гэтыя прыгажуны, як правіла, сумленна «семафораць» чырвонымі шляпкамі здалёку, быццам папярэджваючы: лепей абыдзіце нас бокам!
Але мала каму вядома, што для некаторых лясных жыхароў гэты грыб не проста ядомы, а нават лекавы.
Як сцвярджаюць заолагі-практыкі, ім не раз даводзілася бачыць, як мухаморы з яўным задавальненнем паядаюць ласі і алені. Яд мухамора вельмі эфектыўна дапамагае гэтым жывёлам пазбаўляцца ад паразітаў – глістоў. Але важны гэты грыб у іх рацыёне і па іншай прычыне.
Аказваецца, у ласёў і аленяў адсутнічае жоўцевы пульхір, які робіць натуральную таксікацыю свайго «гаспадара». Паядаючы мухаморы, звяры самаатручваюцца, аднаўляючы баланс у арганізме. Менавіта таму зімой, калі грыбоў няма, жывёлы часта выходзяць да дарог, заходзяць у гарады. Не, не аматарства выманьвае іх з лесу і не шляхі міграцыі, а сажа, выхлапныя газы, якімі можна падыхаць і... крышку атруціцца для добрага самаадчування.
Таму, шаноўныя аматары ціхага палявання, калі вам на шляху сустрэўся мухамор, не футбольце яго, не тапчыце. Бо ён так неабходны ў «лясной аптэчцы» ласёў і аленяў.