krupki.by

ru RU be BE en EN

Крупчанка наведала месцы, дзе падчас вайны актыўна разгарнуўся партызанскі рух



Крупчанка наведала месцы, дзе падчас вайны актыўна разгарнуўся партызанскі рух

Автор / Общество / Пятница, 27 марта 2020 17:54 / Просмотров: 978

 

Памятаць – балюча, але забыцца нельга. Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі акцыя «Беларусь памятае» набывае асаблівы сэнс, цесна звязваючы многія пакаленні. Усё, што  мы, родныя і блізкія ўдзельнікаў вайны, зараз робім, патрэбна нам і нашым нашчадкам, каб ведалі і памяталі гісторыю і тое, якой цаной здабывалася Перамога.

Я хачу працягнуць размову праз раённую газету аб партызанскім руху ў гады вайны 1941-1945 г.г. у нашым раёне, дзе партызанскай разведчыцай брыгады Васіля Сяргеевіча Лявонава ў атрадзе Анатоля Міхайлавіча Захарава была мая маці, Іванова (Карнеенка) Надзея Ягораўна. І вось я  пабывала на месцы, дзе праходзілі гэтыя падзеі. Накіравалася ў Вялікія Хальнявічы былога Янаўшчынскага сельсавета. А перад гэтым атрымала гістарычную інфармацыю ад уражэнца вёскі Малыя Хальянічы, былога старшыні гэтага сельвыканкама Мікалая Яфімавіча Аксёнава. Вялікі яму за гэта дзякуй!

Барысаўска-Бягомльская зона партызанскага руху праходзіла праз былы Халопеніцкі раён. Тры суседнія раёны былі галоўным ланцужком партызанскай барацьбы гэтай зоны. Барысаўскі раён – возера Палік, палявы аэрадром каля яго. Крупскі раён – вёска Падбярэззе, палявы аэрадром непадалёку ад вёскі. Амаль на мяжы нашага раёна вёска Лаўкі Чашніцкага раёна – месца дыслакацыі партызанскіх брыгад, захаваліся зямлянкі, пахаваны камісар брыгады Лявонава Васіль Апанасавіч Захарчанка.

Я сустрэлася з жыхарамі вёскі. Яны паведалі, што ў вёсцы Вялікія Хальнявічы знаходзіўся нямецкі гарнізон, мне паказалі хату, дзе кватаравалі немцы. Расказвалі, як у час абстрэлу аэрадрома і партызан з вышкі, зробленай ля хаты, кулі траплялі ў вокны, франтоны, сцены хат. Жыхары вымушаны былі ляжаць на падлозе. Пазней вёску вызвалілі ад немцаў партызаны атрада Захарава  з дапамогай жыхара вёскі Фёдара Дарожкіна (????). Зараз яго ўжо няма ў жывых, унукі – у  Навалукомлі. Савецкія самалёты на аэрадром каля Падбярэззя дастаўлялі партызанам грузы, дзятва прыбягала, каб убачыць лётчыкаў. Але дарослыя забаранялі ім рабіць гэта, бо было небяспечна, маглі з’явіцца нямецкія самалёты.

Сустрэлася я і з ахвярамі, якія ў дзіцячым узросце спазналі прыгнёт на нямеччыне. Мая суразмоўца, Святлана Васільеўна Куксіна, пазнаёміла мяне са сваёй цётачкай, якой больш за 90 год, Любоўю Аляксееўнай Красняковай. У 1942 годзе ва ўзросце 15 гадоў яе і старэйшую сястру – маці Святланы Васільеўны – Галіну Аляксееўну Краснякову (памерла), аднавяскоўцаў Марыю Рыгораўну Барсукову-Цыганкову (жыве ў вёсцы), Таісію Данілаўну Хадатовіч (памерла) і іншых дзяцей вёскі, больш за дзясяцера, адвезлі ў нямецкі горад Страсбург на ваенны завод. Яны павінны былі збіваць скрыні для боепрыпасаў, каб адпраўляць на фронт. Пазней старэйшых пакінулі на заводзе, а малодшых, у тым ліку і Любоў Аляксееўну Краснякову, перавялі да гаспадыні дома адпачынку, там яна была  падсобнай рабочай. Пасля вызвалення ў 1945 годзе дзяўчына вярнулася дамоў. Я слухала ўспаміны сталых жыхароў вёскі і сама адчувала тыя жахі вайны.

З вёскі Вялікія Хальнявічы і суседніх вёсак шмат хто знаходзіўся ў партызанскіх атрадах, змагаліся з ворагам. Пры знішчэнні нямецкіх гарнізонаў былі загінулыя і параненыя.

З успамінаў Марыі Антонаўны Якушэвіч (Красняковай), жыхаркі вёскі Малыя Хальнявічы: «Мой брат Васіль Антонавіч Краснякоў быў партызанам брыгады Лявонава. У адным з баёў пры вызваленні вёсак ад немцаў быў цяжка паранены, застаўся без нагі ў зусім маладым узросце. Зараз яго ўжо няма сярод нас. Многа партызан загінула падчас карных нямецкіх аперацый і блакады на паліцкіх балотах».

На свае вочы я пабачыла тую выспу возера Сялява, праз якую перапраўляліся партызаны ў час карнай нямецкай аперацыі, каб трапіць пры адступленні ў Барысаўскі раён у балоты возера Палік. Пабывала на мемарыяльным комплексе памяці ва ўрочышчы Ліпавец, дзе пахаваны загінулыя партызаны (вялікі спіс мясцовых жыхароў), чырвонаармейцы ў час вызвалення Халопеніч і партызаны, якія засталіся ў блакадзе ў час аперацыі «Баграціён».

У кнізе «Памяць» я прачытала ўспаміны дачкі С.Я. Мазалеўскага, партызана брыгады Дубава, Т.С. Макарэвіч: «… Мне бацька неаднойчы расказваў аб партызанскім руху на Беларусі і ў нашым раёне. Але асабліва запомнілася яго апавяданне пра блакаду партызан каля возера Палік у чэрвені 1944 года. Тады, у блакадзе, партызаны ў час голаду, калі скончыліся прадукты, з'елі коней, усю жыўнасць, якую можна было дабыць. Каб трохі суцішыць голад – варылі конскую вупраж. Атрымоўваўся нейкі цёмна-карычневы адвар. Ды і гэта лічылася дэлікатэсам, давалі яго, у першую чаргу, дзецям і параненым. Бацька быў у разведвальным узводзе. Камандзір атрада даў ім заданне разведаць месца, куды можна вывесці з акружэння дзяцей і жанчын. Разведчыкі знайшлі адносна прыдатнае месца ў пазіцыі праціўніка, але  шлях перагароджваў глыбокі 3-4-мятровы яр. Таму карнікі не вельмі і пільнавалі яго. Партызаны пад самым бокам у карнікаў здолелі з лясін зрабіць часовы мост праз яр. Там немцы не чакалі нападу, таму ноччу ўдалося прарваць кальцо акружэння і вывесці жыхароў і частку партызан».

З успамінаў маёй маці, Надзеі Ягораўны Івановай (Карнеенка): «... Партызаны, знаходзячыся ў блакадзе ў чэрвені 1944 года, былі пад частымі кулямётнымі абстрэламі і бамбёжкамі з самалётаў. У гэты час яны імкнуліся зайсці ў дрыгвяністае месца балота. Там снарады траплялі ў багну і не ўзрываліся –  утвараўся невялікі слуп гразі і чуўся хлапок». Асабліва я запомніла з яе апавядання выпадак, калі яна разам з напарніцай па атраду рухалася, прыгнуўшыся да дрыгвы, але раптам напарніца абсунулася на зямлю і больш не паднялася. Калі мама стала яе абглядаць, то высветліла, што ў яе трапіла куля і забіла насмерць. А ў сябе яна заўважыла дзірку ў кофце, што адвісала, калі мама прыгнулася… Вось так цудам яна засталася жывой.

Пасля наведання тых памятных мясцін я адчула патрэбу ў далейшым вывучэнні гістарычных падзей, што адбываліся там у час вайны. Мне вельмі дапамагла ў гэтым кніга «Памяць». Хачу падзяліцца з чытачамі газеты дакладнай гісторыяй аб узнікненні партызанскага руху ў час вайны і вызваленні.

«22 чэрвеня 1941 года савецкую краіну скаланула жудасная вестка аб пачатку вайны фашысцкай Германіяй. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны па шэрагу прычын аказаўся вельмі неспрыяльным для Чырвонай Арміі. Ужо 5 ліпеня райцэнтр Крупкі быў заняты ворагам, а 9 ліпеня 1941 года тэрыторыя Крупскага раёна была поўнасцю акупіравана немцамі. З першых месяцаў акупаці пачалося планамернае знішчэнне людзей. Ужо ў верасні 1941 года былі праведзены масавыя растрэлы яўрэйскіх сем'яў, у ходзе якіх загінулі тысячы мірных жыхароў. Расстрэльвалі не толькі яўрэеў, а таксама савецкіх актывістаў, камуністаў і камсамольцаў.

У цэнтры ўвагі нямецкіх улад, асабліва ў 1943-1944 гадах, былі, у асноўным, два пытанні: па-першае, накіраванне насельніцтва, і перш за ўсё моладзі, на працу ў Германію, а таксама на розныя гаспадарчыя работы ўнутры раёна, і па-другое – лесанарыхтоўкі. З Крупскага раёна ў гады акупацыі вывезена ў Германію шмат моладзі. Таксама ў гэты час вырубка і вываз лесу праводзіліся ў надзвычай шырокіх памерах.

У гэты складаны час нямала жыхароў раёна пад пагрозай вымушаны былі ісці ў паліцыю. Праз сувязных партызаны ўстанаўлівалі з імі сувязь, у выніку нямала паліцэйскіх распраўляліся з немцамі, а затым ішлі ў лес.

Палітыка тэрору і здзекаў акупацыйных улад выклікала нянавісць да фашыстаў, садзейнічала стварэнню барацьбы насельніцтва ў тыле ворага. Паступова ствараліся партызанскія атрады. Арганізатарамі іх былі чырвонаармейцы – акружэнцы і мясцовыя жыхары. Супраціўленне акупантам нарастала. Адным з першых такіх атрадаў у раёне стала група акружэнцаў на чале з С.Г. Жуніным, якая пасля цяжкіх баёў пад Слонімам прабіралася да лініі фронту. У пачатку ліпеня яны спынілія каля вёскі Папарнае і вырашылі перайсці да партызанскіх метадаў барацьбы. У далейшым да іх далучыліся групы чырвонаармейцаў і мясцовыя жыхары. Так быў створаны атрад «Сяргея». Некалькі пазней па суседству ўзніклі і пачалі дзейнічаць групы партызан, якія сталі ядром 8-й Круглянскай партызанскай брыгады. На тэрыторыі Талачынскага раёна ў ліпені 1941 года пачаў дзейнічаць арганізаваны з ліку камандзіраў і чырвонаармейцаў партызанскі атрад В.С. Лявонава. Ён паклаў пачатак Сенненскай брыгадзе. Партызанскія атрады ствараліся таксама на базе груп з ліку работнікаў НКУС, якія накіроўваліся ў варожы тыл для дыверсійнай работы.

Пасля паражэння немцаў пад Масквой у снежні 1941 года ўзмацніліся вера ў Чырвоную Армію і надзея на вызваленне. Партызанскі і падпольны рух стаў набываць масавы і арганізацыйны характар. Улічваючы гэтыя абставіны, савецкі ўрад здзейсніў шэраг мер, каб надаць партызанскай барацьбе арганізацыйны характар, скаардынаваць дзеянні партызан з камандаваннем Чырвонай Арміі. З гэтай мэтай у тыл ворага была перакінута значная колькасць аператыўных работнікаў, афіцэраў сувязі, радыстаў для ўстанаўлення сувязі з фронтам. Былі створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху і Беларускі штаб партызанскага руху. У дапамогу партызанам былі накіраваны спецыялісты для абсталявання палявых партызанскіх аэрадромаў. Пры дапамозе авіяцыі атрады сталі забяспечвацца харчаваннем, зброяй, узрыўчаткай, медыкаментамі. Дарэчы, партызан, якія дзейнічалі ў Крупскім і суседніх раёнах, абслугоўвалі аэрадромы, створаныя каля Лукамльскага возера і возера Палік. Да партызан сталі адносіцца як да рэгулярных войск, як часткі Чырвонай Арміі, якая дзейнічала ў тыле ворага. Рады байцоў партызанскіх атрадаў пастаянна сталі расці. Брыгада Жуніна – 1328 чалавек, бырагада імя Кірава – 731 чалавек, 2-я брыгада імя Панамарэнкі – 741 чалавек, брыгада Лявонава – каля 2 тыс. чалавек. Усе мелі пэўнае ўзбраенне.

На тэрыторыі Крупскага і былога Халопеніцкага раёнаў пастаянна дзейнічалі 4 брыгады: 8-я Круглянская, імя Кірава, імя Панамарэнкі і Лявонава. Перыядычна тут дыслацыравалася яшчэ 5 брыгад: 1-я імя К.С. Заслонава, 2-я Беларуская, імя П.К. Панамарэнкі, Дубава і Гудкова. Акрамя названых, тэрыторыя раёна знаходзілася ў зоне дзеянняў і іншых брыгад, якія або праходзілі рэйдамі, або выконвалі баявыя аперацыі на тэрыторыі раёна.

Занепакоеныя размахам партызанскага руху, гітлераўцы арганізавалі шэраг карных экспедыцый: з 11 па 23 кастрычніка 1942 года супраць партызан, якія дзейнічалі ў Круглянскім, Барысаўскім, Крупскім і Бярэзінскім раёнах, была праведзена карная аперацыя пад кодавай назвай «Карлсбад». Увага ўсіх партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп была прыцягнута да чыгуначнага шляху Мінск – Масква. Урон фашыстам на чыгунцы партызаны нанеслі вялізны. Участак шляху паміж Оршай і Барысавам лічыўся самым небяспечным. Таму ў маі – чэрвені 1943 года была праведзена буйнамаштабная карная аперацыя пад кодавай назвай «Котбус». У ходзе яе ў Халопеніцкі і Крупскі раёны былі накіраваны асобныя часці нямецкай арміі, авіяцыя, танкі. Немцы зноў адцяснілі партызан у раён Паліка. У акружэнне трапіла 9 тысяч партызан. Сфарміраваўшы штурмавы атрад, пасля працяглага бою партызаны здолелі прарваць акружэнне, выйсці з блакады і зноў актыўна разгарнуць баявыя дзеянні. У чарговы раз немцам не ўдалося знішчыць партызан.

Разумеючы небяспечнасць актывізацыі партызанскага руху ў непасрэднай блізкасці да лініі фронту, нямецкае камандаванне вырашыла правесці супраць партызан у маі 1944 года яшчэ адну карную аперацыю пад кодавай назвай «Стракаты дзяцел», каб пакончыць з партызанскім фактарам да пачатку магчымага наступлення савецкіх войск. Для гэтага з фронту было знята 10 дывізій, каля 120 тысяч нямецкіх рэгулярных войск. План фашысцкага камандавання заключаўся ў тым, каб сагнаць каля 35 тысяч партызан у балоты каля возера Палік і знішчыць іх там. Блакада пачалася ў першай палове мая. Пад націскам буйных сіл праціўніка партызаны вымушаны былі з баямі адступаць. Да аперацыі «Стракаты дзяцел» немцы далучылі яшчэ  больш буйную карную аперацыю «Баклан». Частка партызанскіх брыгад змагла адарвацца ад праціўніка і адысці ў Барысаўскі раён. Сенненская партызанская брыгада і іншыя былі прыціснуты да возера Сялява і занялі абарону ў раёне вёсак Язбы, Харытанцы, Калодніца, Высокае. Напрацягу некалькіх дзён ішлі жорсткія баі, пакуль партызаны падрыхтавалі пераправу праз возера Сялява і ноччу праз так званую выспу перайшлі на другі бок у лес, затым выйшлі ў Барысаўскі раён і там працягвалі жорсткія баі. Страты партызан былі вялікімі. Калі была адноўлена сувязь з Вялікай Зямлёй, то да партызан былі накіраваны самалёты, якія скінулі для іх грузы. З цяжкімі баямі ў раён возера Палік адступалі і іншыя брыгады. Да пачатку чэрвеня каля возера Палік у акружэнні аказалася 15 партызанскіх брыгад, якія дзейнічалі ў Крупскім раёне. На працягу месяца, скоўваючы буйныя сілы праціўніка, яны вялі цяжкія баі і наносілі яму значныя страты. Гэтым партызаны аказвалі вялікую дапамогу савецкаму камандаванню, якое ўжо рыхтавала аперацыю «Баграціён». Яно, у сваю чаргу, па магчымасці, таксама аказвала дапамогу партызанам, накіроўвала ў раён Паліка самалёты з грузам. У сярэдзіне чэрвеня 1944 года партызаны распачалі рашаючую спробу вырвацца з акружэння, сфарміраваўшы моцную ўдарную групу, якая павінна была ажыццявіць прарыў блакады. 14-15 чэрвеня ў выніку цяжкіх баёў з акружэння вырваліся поўнасцю або часткова Сенненская, Дубава і іншыя брыгады. Яны адразу ж аднавілі баявыя дзеянні. Астатнія ў цяжкіх умовах працягвалі абарону ў акружэнні, церпячы голад, недахоп боепрыпасаў. Але прыцягвалі да сябе ўвагу буйных сіл карнікаў, якія так былі патрэбны на фронце.

Партызаны, якія прарваліся з блакады, уключыліся ў агульную аперацыю па кантролю руху на чыгунцы Мінск – Масква і амаль поўнасцю яго паралізавалі, у выніку чаго своечасовае забеспячэнне фронту падмацавання немцам тэхнікай і боепрыпасамі было сарвана. А 23 чэрвеня пачалася аперацыя «Баграціён».

Паспяхова Чырвоная Армія наносіла ўдары па праціўніку, і праз 5 дзён, 28 чэрвеня, сумеснымі намаганнямі ўсіх радоў войск авалодала мястэчкам Халопенічы. У гэты ж дзень танкісты танкавай брыгады генерал-маёра Асланава, наступаючы па дарозе з Халопеніч праз Майсееўшчыну, Студзёнку, Пасстрэжжа, прарвалі акружэнне і вызвалілі астатнія партызанскія брыгады, якія абараняліся ў раёне возера Палік.

28 чэрвеня раён быў вызвалены поўнасцю ад праціўніка.

У час вызвалення раёна часцям Чырвонай Арміі вялікую дапамогу аказвалі партызаны. Яны перадавалі савецкаму камандаванню звесткі аб дыслакацыі нямецкіх войск, сістэме абароны, служылі праваднікамі сумесна з чырвонаармейцамі, непасрэдна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, захоплівалі масты і пераправы і ўтрымлівалі іх да падыходу перадавых часцей, рабілі засады, мініравалі дарогі на шляху адступаючых немцаў. А пасля таго займаліся прачосваннем лясоў і ліквідацыяй асобных груп гітлераўцаў.

Да вялікага дня Перамогі заставаўся яшчэ год. Таму ў жніўні 1944 года пасля перафарміроўкі частка партызан засталася падымаць разбураную вайной гаспадарку, а большая частка партызан улілася ў рады Чырвонай Арміі».

P.S. Я зразумела, ужо часткова наведаўшы месцы ваенных падзей, пазнаёміўшыся з гістарычным матэрыялам, чаму немцам трэба было знішчыць партызанскі фактар менавіта ў гэтых месцах. Другой часткай сваёй экскурсіі па гістарычным шляху партызанскай дзейнасці, ланцужку мужнасці і адвагі планую наведаць межавую вёску з нашым раёнам – Лаўкі і яе мемарыяльны комплекс памяці. Вялікія Хальнявічы, Падбярэззе, Лаўкі і Лукамльскае возера размешчаны кампактна і побач, таму гэта было ўлічана пры стварэнні тут месца дыслакаці партызанскіх брыгад. Таксама думаю наведаць месца прарыву партызан з блакады ў чэрвені 1944-га пры дапамозе Чырвонай Арміі, яе танкавай брыгады генерал-маёра Асланава ў раёне возера Палік Барысаўскага раёна. Запрашаю жадаючых далучыцца.

Людміла ІВАНОВА, г. Крупкі.

Автор

admin

admin

Актуально

2 мая прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания

В четверг, 2 мая, с 10.00 до 11.00 в здании Крупского районного исполнительного комитета (ул. Советская, 8, каб. 21) прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь КОРСИК Юрий Васильевич. Запись на прием будет осуществляться 22-26 апреля по телефону 2-71-87 в рабочее время (с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30).

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета СЕНЦОВА Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

27 апреля состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 по вопросу о включения товарищества в границы города

В субботу, 27 апреля, в 11.00 в доме культуры состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 с участием представителей Крупского районного исполнительного комитета по вопросу о возможности включения территории товарищества в границы населенного пункта г. Крупки.

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами Крупского райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета Сенцова Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.