krupki.by

ru RU be BE en EN

Пачынаем новы праект «Час: падзеі і асобы»



Пачынаем новы праект «Час: падзеі і асобы»

Автор / Общество / Понедельник, 19 июля 2021 15:12 / Просмотров: 3509

17 ліпеня нашаму раёну споўнілася 97 гадоў. Роўна праз тры гады мы адзначым стогадовы юбілей. З гэтай нагоды рэдакцыя газеты «Крупскі веснік» сумесна з кандыдатам гістарычных навук Дзмітрыем Хромчанкам распачынае новы маштабны трохгадовы творчы праект «Час: падзеі і асобы». Мяркуем, што гэта будзе цыкл цікавых гістарычных гутарак пра наша мінулае. Планы, канечне, амбіцыйныя, але тым яны і цікавыя.

Раней мы ўжо расказвалі аб асобных гістарычных вехах Крупшчыны. А зараз, за тры гады да юбілею, узнікла ідэя больш грунтоўна і цэласна выкласці гісторыю нашага раёна. Дамовіліся: каб не згубіць паслядоўнасць гістарычнай нізкі, найбольш вядомыя факты і падзеі будзем адзначаць толькі заўважнымі штрыхамі, а вось малавядомыя старонкі, тую, эксклюзіўную інфармацыю, якую альбо ўзгадвалі эпізадычна, альбо і ўвогуле не было чаго сказаць, апішам больш падрабязна. Дзмітрый Мікалаевіч абяцаў здзівіць, а не верыць яму асабіста ў мяне няма аніякіх падстаў.

У 1924 годзе Крупкі сталі цэнтрам раёна, які ўтварыўся ў складаных умовах пачатку ХХ стагоддзя. Амаль векавы адрэзак гісторыі насычаны рознымі падзеямі, звязаны з лёсамі розных людзей.

– Калі ж паглыбіцца ў яе, то праз заслону часу розныя факты могуць трактавацца неадназначна, нават супярэчліва, – адзначае Дзмітрый Хромчанка. – Але гісторыя ў нас адна, і вельмі важна аб’ектыўна падысці да яе раскрыцця, тых ці іншых ацэнак, улічваючы фактар часу, тым больш, што ў сучасны момант мы назіраем не адзін прыклад перапісвання гісторыі, не выключана, што і па заказу.

Ітак, галоўная наша мэта – захаванне гістарычнай праўды. Дзеля гэтага і папрацуем.

Аказваецца, што акт прыёмкі часткі тэрыторыі Віцебскай губерніі ў склад БССР падпісалі людзі, чый лёс тым ці іншым чынам быў звязаны з Крупшчынай.

Гэта вельмі цікавы, нават сімвалічны факт падкрэслівае нам гісторык. І прапаноўвае пачаць наш аповяд са свайго роду перадумоў нараджэння Крупскага раёна.

Даўніна

– Трэба зазначыць, што Крупшчына як мясцовасць і тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка мае гісторыю, якая вылічаецца стагоддзямі, – падкрэслівае Дзмітрый Хромчанка. – За гэты час адбыўся не адзін яе падзел і перадзел. Яшчэ ў перыяд існавання Вялікага княства Літоўскага яна поўнасцю ўваходзіла ў склад Аршанскага павета. Яго межы працягваліся ад Барысава аж да Оршы. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай значная частка адышла да Расіі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя. Заходняя ж, з цэнтрам у Халопенічах, заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай, і знаходзілася там да другога па­дзелу ў 1793 годзе, у выніку якога ўся Крупшчына ўвайшла ў склад Барысаўскага павета Мінскай губерніі Расійскай імперыі. Але на гэтым пераразмеркаванне яе тэрыторыі не скончылася. У выніку адміністратыўных рэформ у Барысаўскім павеце засталіся толькі Халопеніцкая, Нацкая і Ухвальская воласці, паўночная ж і цэнтральная часткі амаль увесь час адносіліся да Сенненскага павета. Пазней у Барысаўскі павет увайшло і мястэчка Крупкі.

Сто гадоў таму

Новы этап гісторыі – напачатку 20-га стагоддзя. Падзеі першай сустветнай вайны, рэвалюцыя 1917 года і пасля гэтага грама­дзянская вайна, савецка-польская вайна наклалі свой адбітак на падзеі ў Беларусі і на Крупшчыне. Пасля спынення вайны з Германіяй у пачатку 1919 года была створана самастойная Беларуская Савецкая Рэспубліка, але з-за пагрозы нападу з боку Польшчы неўзабаве яна была пераўтворана ў Літоўска-Беларускую Савецкую Рэспубліку. Але Польшча і вядучыя дзяржавы Захаду не прызналі Літоўска-Беларускую ССР як суб’ект міжнароднага права, і Польшча пачала ваенныя дзеянні. У выніку наступлення польскіх войск органы ўлады Літбела эвакуіраваліся з Вільні спачатку ў Дзвінск, затым у Мінск, пасля ж захопу палякамі Мінска адышлі яшчэ далей на ўсход у Смаленск. Летам 1920 года польская армія заняла большую частку Беларусі і фронт часова стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Полацк-Лепель-Барысаў-Бабруйск-р. Прыпяць. Такім чынам Крупшчына апынулася практычна ў зоне баявых дзеянняў. Аднак пасля ліпеньскага (1920 г.) наступлення Чырвонай Арміі быў вызвалены Мінск. 31 ліпеня пачаліся савецка-польскія перагаворы аб міры і ў гэты ж дзень на вызваленай ад польскай акупацыі тэрыторыі была паўторна абвешчана незалежная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь. Перагаворы аб міры доўжыліся некалькі месяцаў, і толькі  ў 1921 г. у Рызе была заключана савецка-польская мірная дамова на цяжкіх для савецкай улады ўмовах. Заходняя Беларусь, у прыватнасці, адышла да Польшчы.  Але ж зноў утвораная БССР у сувязі з напружанымі міжнароднымі абставінамі і па іншых прычынах складалася толькі з некалькіх паветаў Мінскай губерніі. Па прычыне гэтага Мінская губернія была скасавана, а Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мінскі, Слуцкі і Мозырскі паветы былі падпарадкаваны напрамую цэнтральным органам улады БССР.

У гэты час у выніку са склаўшыміся абставінамі мяжа БССР з Расійскай Федэрацыяй перасякала ўсходнюю частку тэрыторыі сучаснай Беларусі, прычым нават падзяліла Крупшчыну.  Напрыклад, Бобр, Абчуга як больш буйныя населенные пункты і акаляючыя іх вёскі былі ў складзе Расіі, Крупкі ж уваходзілі ў БССР. Такія вось падзеі адбываліся на тэрыторыі Крупшчыны, і такая сітуацыя склалася 100 гадоў таму.

У складзе Саюза

30 снежня 1922 года 1 з’езд Саветаў СССР зацвердзіў дэкларацыю аб утварэнні Савецкага Саюза. У склад яго, акрамя БССР, увайшлі яшчэ 9 саюзных рэспублік. Уваходжанне ў склад адзінай саюзнай дзяржавы значна аблегчыла вырашэнне тэрытарыяльных пытанняў, прычым мірным шляхам.

Была створана спецыяльная камісія, якой даручана падрыхтаваць прапановы па ўзбуйненні тэрыторыі Беларускай Рэспублікі і правесці «детальную разработку экономической и административной стороны вопроса и, в частности, в связи с вопросом о районировании». 29 лістапада 1923 года камісія ўнесла на зацвярджэнне свае прапановы, згодна з якімі Беларусі перадаваліся 2 паветы Смаленскай, 8 паветаў Гомельскай, 9 паветаў Віцебскай губерній. Трэба пры гэтым зазначыць, што Віцебскі губернскі камітэт камуністычнай партыі на пленуме 8 снежня 1923 года выказаў пратэст супраць аб’яднання Віцебшчыны ў скла­дзе БССР, растлумачваючы гэта тым, што «население Витебской губ. утратило бытовые белорусские черты и белорусский язык не знаком большинству населения губернии, за исключением одиночек-стариков». Але ў Маскве не падтрымалі гэты пратэст, палічыўшы яго неабгрунтаваным.

Канцэптуальныя асновы дзяржаўнага будаўніцтва, у тым ліку і ў сферы тэрытарыяльна-адміністратыўнага падзелу, былі закладзены 31 студзеня 1924 года прыняццем Канстытуцыі СССР, прычым гэтыя асновы раней, 15 студзеня таго ж года, былі ўхвалены V Усебеларускім з’ездам Саветаў.

Рэспубліка расце

4 лютага 1924 года Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт прыняў рашэнне аб далучэнні да БССР часткі Віцебскай губерніі, а 3 сакавіка Прэзідыум УЦВК удакладніў і пашырыў яго, прыняўшы пастанову аб перадачы Беларусі 15 паветаў не толькі Віцебскай, але і Гомельскай, Смаленскай губерній. Ужо на наступны дзень, 4 сакавіка 1924 года, у Віцебску быў складзены акт прыёмкі часткі тэрыторыі Віцебскай губерніі ў склад БССР, у якім, у прыватнасці, адзначалася: «На основании постановления ВЦИКа РСФСР от 4 февраля 1924 г. о присоединении части Витебской губернии к Белорусской Советской Социалистической Республике я, председатель Полномочной комиссии Совнаркома БССР по приему территории Витебской губернии, тов. Адамович, сего числа принял от председателя Витебского губернского исполнительного комитета тов. Прищепова отходящую к БССР, согласно вышеприведенному постановлению ЦИК СССР, территорию Витебской губернии, а именно: Витебский, Оршанский, Полоцкий, Лепельский, Городокский, Сенненский, Суражский и Дриссенский уезды в границах по карте 1920 года со следующими волостями в границах по той же карте:… Лисичинской, … Обчугской, Бобрской – Сенненского уезда…» Усяго згодна з гэтым актам Беларусі было перададзена 126 воласцей Віцебскай губерніі, але мы перш за ўсё звяртаем увагу на тры вышэйпералічаныя. Цікава, што з аднаго і з другога боку гэты акт падпісалі людзі, чый лёс быў тым ці іншым чынам звязаны з Крупшчынай.

Асобы

Восіп Аляксандравіч Адамовіч
Восіп Аляксандравіч Адамовіч

Ураджэнец горада Барысава Восіп Аляксандравіч Адамовіч яшчэ падлеткам пачаў сваю працоўную дзейнасць рабочым на запалкавай фабрыцы ў м. Крупкі. Пазней ён працаваў у Мінску, Тблісі, удзельнічаў у першай сусветнай вайне. Менавіта на фронце ён далучыўся да бальшавікоў, з 1918 года ўжо прымаў актыўны ўдзел у фарміраванні і дзеяннях Чырвонай Арміі, займаў пасады начальніка гарнізона і каменданта г. Смаленска, пазней – губернскага ваеннага камісара. Затым Адамовіч працаваў народным камісарам, старшынёй Савета Народных Камісараў БССР, але ў 1937 годзе па невядомых прычынах пакончыў сваё жыццё самагубствам. Яго імем названа вуліца ў горадзе Барысаве.

Восіп Аляксандравіч Адамовіч
Восіп Аляксандравіч Адамовіч

Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў нарадзіўся ў невялікай вёсцы Калодніца Крупскага раёна. Нягледзячы на складанасці сялянскага быту, ён здолеў скончыць двухкласнае народнае вучылішча, у часы першай сусветнай вайны на фронце за баявыя заслугі яму было прысвоена воінскае званне падпаручыка. Там жа ён зблізіўся спачатку з бальшавікамі, затым з эсерамі (сацыялістамі-рэвалюцыянерамі), пасля лютаўскай рэвалюцыі быў выбраны салдатамі камандзірам палка. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў вярнуўся на Радзіму, працаваў старшынёй Сенненскага павятовага выканкама, Віцебскага губернскага выканкама, пасля тэрытарыяльна-адміністратыўнай рэформы працаваў народным камісарам земляробства, намеснікам старшыні Дзяржплана БССР, але ў 1929 годзе быў зняты з займае­май пасады па абвінавачванні ў «праваапартуністычнай дзейнасці».

Мяркуем, што Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў з асаблівым задавальненнем падпісваў гэты акт пераходу часткі Віцебскай губерніі да БССР, нягледзячы на супрацьстаянне Віцебскага губернскага камітэта партыі бальшавікоў, менавіта таму, што яго родная вёска знаходзілася ў межах перадаваемых Беларусі воласцей.

P.S. Прапаноўваем усім зацікаўленым чытачам, якім ёсць што сказаць, уключыцца ў праект. Мы пойдзем паступова па гістарычных сцяжынах, узгадаем паздеі, знакавыя асобы, проста цікавых людзей. Нераўнадушныя, далучайцеся да нашага пакуль нешматлікага клуба! Пагаворым пра мінулае, гэта трэба нам, сённяшнім, і наступным пакаленням.

Фотаздымкі прадастаўлены Дзмітрыем ХРОМЧАНКАМ.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.