krupki.by

ru RU be BE en EN

Крупчане ў цяжкія яе перыяды з’ядноўваліся, каб разам вырашаць праблемы і ўмацоўваць свой раён



Крупчане ў цяжкія яе перыяды з’ядноўваліся, каб разам вырашаць праблемы і ўмацоўваць свой раён

Автор / Общество / Среда, 11 августа 2021 14:52 / Просмотров: 656

Гісторыя сведчыць, што крупчане ў цяжкія яе перыяды з’ядноўваліся, каб разам вырашаць праблемы і ўмацоўваць свой раён. Яны не баяліся брацца за незнаёмыя справы, не саромеліся таго, што нешта не ведаюць, а імкнуліся хутка навучацца новаму, займаліся стваральнай працай і ўмелі супрацьстаяць тым, хто перашкаджаў гэтаму.

Вынікі рэформы

Шмат цікавага, доказнага і абгрунтаванага пра далёкі час, калі толькі-толькі ўтварыўся Крупскі раён, нам расказаў кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка. У мінулым, стартавым, выпуску новага праекта «Час: падзеі і асобы» мы якраз пагаварылі пра перадумовы і спыніліся на падпісанні акта прыёмкі часткі тэрыторыі Віцебскай губерніі ў склад БССР 4 сакавіка 1924 года.

– Гэты акт стаў часткай праграмы аб’яднання ў складзе БССР тэрыторый, дзе пераважала беларускамоўнае насельніцтва, – працягвае гісторык. – Ён быў зацверджаны прэзідыумам ЦВК СССР  праз некалькі дзён, 7 сакавіка 1924 года. У пастанове, у прыватнасці, адзначалася: «Центральный Исполнительный Комитет Союза Советских Социалистических Республик признает, что соглашение, состоявшееся между Центральными Исполнительными Комитетами Российской Социалистической Федеративной Советской Республики и Белорусской Социалистической Советской Республики, в силу которого в составе Белорусской Республики объединяются все территории Советского Союза с большинством белорусского населения, является новым и ярким доказательством фактического осуществления все более тесных, дружных и братских отношений народов, населяющих Союз… Центральный Исполнительный Комитет Союза Советских Социа­листических Республик не сомневается, что этот величайший акт взаимного доверия народов, населяющих Союз, уважение к самоопределению каждого из них послужит призывом для всех трудящихся Белоруссии дружнее сплотиться под знаменем Советской Белоруссии, работать над своим экономическим и культурным возрождением и развитием, над укреплением и усилением Советской Белоруссии и всего Союза Советских Социалистических Республик».

Праз тыдзень, 15 сакавіка 1924 года, адбыўся VI надзвычайны Усебеларускі з’езд Саветаў. У рэзалюцыі з’езда было падкрэслена, што «при разрешении этого столь важного для дальнейших судеб Белоруссии вопроса Советское правительство стремилось выявить волю рабочих и крестьян, и окончательные свои решения по вопросу о территории Белорусской Республики принимало на основании вы­явившегося уже мнения самих рабочих и крестьян, обсуждавших и разрешавших этот вопрос на волостных, уездных и губернских съездах Советов».

Аб тым, што ў абмеркаванні будучай рэформы прынялі ўдзел шырокія колы насельніцтва, сведчыць наступны прыклад. Газета «Звязда» 17 сту­дзеня 1924 года, яшчэ роўна за 6 месяцаў да прыняцця рашэння Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, пісала аб тым, як востра паўстала пытанне сярод крупчан аб вызначэнні раённага цэнтра. Спачатку меркавалася, што гэта бу­дзе м. Бобр, у гэтым выпадку раён называўся бы Бобрскім. Але на агульным сходзе рабочых і служачых найбольш буйнога на той час на Крупшчыне прадпрыемства, фабрыкі «Саломка», быў прыняты зварот да цэнтральнай улады, у якім абгрунтоўвалася прапанова аб вызначэнні цэнтрам раёна менавіта мястэчка Крупкі.

Пашырэнне тэрыторыі БССР патрабавала ўдасканалення сістэмы кіравання адміністратыўнымі адзінкамі. Ранейшыя паветы былі даволі вялікімі па тэрыторыі, што стварала цяжкасці ў кіраванні,  перашкаджала аператыўнаму і эфектыўнаму вырашэнню пытанняў і праблем. Аб гэтым адзначалася і на сесіі ЦВК БССР, якая адбылася 17 ліпеня 1924 г. Разгледзеўшы пытанне «Аб адміністратыўна-гаспадарчым дзяленні БССР», сесія прыняла наступную рэзалюцыю: «Во исполнение постановления VI Всебелорусского Чрезвычайного съезда Советов и в целях большего соответствия административного деления БССР экономическим особенностям отдельных районов, а также для упрощения, удешевления и приближения к населению советского аппарата 2-я сессия ЦИК Советов БССР VI созыва постановляет: 1. Ныне существующее деление БССР на уезды и волости упразднить, установив деление БССР на округа и районы. 2. Утвердить представленный Совнаркомом план нового административного деления БССР на 10 округов: Минский округ…, Витебский.., Бобруйский.., Оршанский…, Полоцкий…, Могилевский.., Мозырский.., Калининский…, Борисовский.., Слуцкий… 3. Перечисленные округа разделить на районы в количестве, составе и с районными центрами, указанными в особой таблице. 4. Районы…разделить на сельсоветы».

 Такім чынам, была створана чатырохзвённая структура кіравання, прычым частку паўнамоцтваў цэнтральная ўлада перадавала акругам. Барысаўская акруга, у прыватнасці, уключала наступныя раёны: Бягомльскі, Бярэзінскі, Барысаўскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі.

Кропка адліку

Дзень 17 ліпеня 1924 года прынята лічыць датай пачатку гісторыі Крупскага раёна. Але спачатку раён існаваў, вобразна кажучы, на паперы. Першыя месяцы праводзілася арганізацыйная работа па фарміраванні і камплектаванні органаў кіравання, пачынаючы ад райвыканкама і заканчваючы сельскімі і пасялковымі Саветамі. На працягу першага месяца быў сфарміраваны штат работнікаў райвыканкама. Праблема заключалася ў тым, што ў людзей не толькі не было вопыту кіруючай работы, але і не хапала патрэбнай адукацыі. Крупскі раён у гэтых адносінах не быў выключэннем. Дастаткова адзначыць, што пе­ршыя кіраўнікі раёна, сакратар райкама партыі Іван Іванавіч Гордзін, старшыня райвыканкама Аляксей Якаўлевіч Стулаў мелі толькі пачатковую адукацыю. На месцах таксама трэба было пачынаць «з нуля», бо сельскіх Саветаў, як нізавых ячэек улады, да гэтага часу не існавала, яны пачалі стварацца менавіта ў 1924 годзе. Тым не менш, на працягу месяца нізавыя органы ўлады былі ў асноўным сфарміраваны і да 1 верасня Крупскі райвыканкам ужо поўнасцю ўключыўся ў практычную дзейнасць.

Першыя ж вынікі работы падвёў раённы з’езд Саветаў, які адбыўся 7 снежня 1924 года. На ім быў зацверджаны састаў кіраўнікоў раёна, разгле­джаны найбольш важныя пытанні эканомікі. Улічваючы тое, што раён быў амаль цалкам сельскі, шмат увагі адводзілася пытанням землекарыстання і землеўпарадкавання, а таксама праблемам кааперацыі. У прыватнасці, размова ішла аб наладжванні работы сельскіх таварыстваў узае­мадапамогі (СТУ), якія пачалі стварацца пры райвыканкамах і сельскіх Саветах згодна з пастановай Савета народных камісараў і Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР ад 30 верасня 1924 г. Яны павінны былі аказваць дапамогу малазабяспечаным сялянам і сем’ям чыр­вонаармейцаў, садзейнічаць развіццю кааперацыі. Менавіта з дапамогай СТУ ў 1925 годзе было далучана да кааперацыі 150 сялянскіх гаспадарак. Разглядаліся пытанні, звязаныя з правядзеннем новай эканамічнай палітыкі, накіраванай на ажыўленне эканомікі і павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва.

Нягледзячы на вельмі складанае эканамічнае становішча пасля першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, у раёне распачалася актыўная работа па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, арганізацыі работы ўстаноў народнай адукацыі, правядзенні ў жыццё палітыкі беларусізацыі, абве­шчанай у рэс­публіцы менавіта ў 1924 годзе. Амаль адначасова са стварэннем раёна, у ліпені 1924 года, ЦВК БССР прыняў пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі», якой быў дадзены пачатак беларусізацыі. 

Восенню 1924 года райвыканкам правёў раённыя канферэнцыі і сходы настаўнікаў, сялянскай беднаты, беспартыйных сялян, моладзі, жанчын, польскага, яўрэйскага, літоўскага насельніцтва.

Акцэнты

Але калі ўлады, абапіраючыся на шырокія колы насельніцтва, займаліся стваральнай працай, знаходзіліся і тыя, хто імкнуўся перашкаджаць гэтаму. Размова ідзе аб Семенюку і Монічу, якія разам са сваімі паплечнікамі хаваліся па лясах і рабілі шкоду не толькі і не столькі ўладам, савецкім актывістам, колькі сваім землякам, рабуючы іх. 20 гадоў таму, калі стваралася першая кніга «Памяць», мы іх называлі бандытамі. У некаторых жа сучасных публікацыях фармуліроўкі бачым іншыя: быццам бы ідэйныя барацьбіты, змагары за Беларусь. Менавіта такі надпіс («Юрку Монічу, змагару за Беларусь») ёсць на крыжы, пастаўленым на тым месцы, дзе мяркуюць, што загінуў Моніч, фота змешчана ў некаторых публікацыях. А на адным са здымкаў адлюстраваны некалькі чалавек з бел-чырвона-белымі флагамі ў тых мясцінах, дзе загінуў Моніч. Асобныя называлі яго яшчэ «сучасным Робін Гудам». Трэба адзначыць, што ў час судовага працэсу над монічаўцамі, які адбыўся ў 1924 годзе, сведкі расказвалі пра выпадкі, калі сяляне самі прыходзілі да Моніча і прасілі даць магчымасць паўдзельнічаць у «справе», каб набыць матэрыяльныя каштоўнасці, на якія пабудаваць хату ці набыць карову. Магчыма, гэта і дало падставу ў некаторых сучасных публікацыях сцвярджаць, што «отряды Монича помогали крестьянам возвращать отобранное у них через продразверстку имущество и продукты». Але сэнс выхаду «на справу» – рабаванне. Такім чынам мы бачым адну са спроб перапісвання беларускай гісторыі. У свой час, калі пачалася грамадзянская вайна, паручык Моніч далучыўся да белагвардзейцаў, са зброяй у руках ваяваў супраць Чырвонай Арміі. Змагаўся за Беларусь? Але ж калі б белагвардзейцы перамаглі, то адбылася б рэстаўрацыя Расійскай імперыі, дзе суверэннай Беларусі не было б месца, а засталася б  ранейшая назва – «Северо-Западный край» без аніякіх прыкмет аўтаноміі. Ёсць, праўда, недакладныя звесткі аб былых сувязях Моніча з польскімі спецслужбамі. Але і ў гэтым выпадку, калі б Беларусь трапіла пад уплыў Польшчы, то ператварылася б у «Крэсы ўсходнія» без найменшых прыкмет дзяржаўнасці, як гэта сталася ў даваенны перыяд з Заходняй Беларуссю. Другімі словамі, ніякіх высноў, каб паказваць Моніча змагаром за Беларусь, няма. А вось пра тое, што ён рабаўнік, сведчаць прыклады. У час нападу Моніча і яго паплечнікаў на хуткасны цягнік «Масква-Берлін» пасажыры былі абрабаваны, прычым Моніч асабіста адабраў для свайго карыстання ў шведскага дыпламата 12 тысяч долараў, а ў час налёту на Халопенічы ім быў абрабаваны мясцовы яўрэй Арон Царык. Ці ж гэта герой?!

У лютым 1924 года атрад Моніча колькасцю каля 150 чалавек быў разгромлены. У час судовага працэсу над 75  «баявікамі» летам 1924 года ў Мінску 22 чалавекі былі прыгавораны да смяротнай казні, як адзначалася ў пратаколе, «за аграбленні, знасільванні мірных людзей». Сам Моніч здолеў збегчы, нейкі час хаваўся ў лесе каля вёскі Малыя Жаберычы. Яго прыстанішча мясцовыя жыхары выдалі чэкістам, адзін з іх стаў правадніком і, па звестках сучаснікаў, асабіста застрэліў Моніча.

Зараз праз інтэрнэт распаўсю­джваецца шмат супярэчлівай інфармацыі. Але факты паказваюць, што Моніч у цэлым адмоўна адносіўся да савецкай улады, магчыма, ён быў схільны да звароту да ранейшага, дарэвалюцыйнага становішча, нават мог мець нейкія сувязі з польскім замежжам, якое мела ў адносінах да самастойнай Беларусі свае планы, але рабіць высновы аб тым, што ён змагаўся менавіта за Беларусь, няма падстаў. Дарэчы, аб гэтым добра вядома і тым, хто называе яго змагаром за Беларусь, але, відавочна, гэта робіцца не дзеля памяці аб чалавеку, а з палітычнымі мэтамі, зноў жа, спробамі перапісаць гісторыю.

Вось такімі былі яны, пе­ршыя старонкі гісторыі раёна, няпростымі, насычанымі рознымі па­дзеямі. Але ж гэтая гісторыя і паказвае, як крупчане ў цяжкія яе перыяды з’ядноўваліся, каб ра­зам супрацьстаяць нягодам, гэтак жа, як яны стваральнай працай умацоўвалі свой раён, а разам з ім і ўсю краіну.

Марына БАРАДАЎКА. Фота прадастаўлена Дзмітрыем ХРОМЧАНКАМ.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.