krupki.by

ru RU be BE en EN

Сапраўдныя рэкорды на палетках Крупшчыны ставіў у свой час звычайны механізатар з Радзіцы Уладзімір Усошын



Сапраўдныя рэкорды на палетках Крупшчыны ставіў у свой час звычайны механізатар з Радзіцы Уладзімір Усошын

Автор / Общество / Среда, 01 июня 2022 11:11 / Просмотров: 739

Яго заслугі перад дзяржавай атрымалі вышэйшую ступень адзнакі – званне Героя Сацыялістычнай Працы. Такога гонару ўдастаіваўся той, хто сваёй выдатнай наватарскай дзейнасцю садзейнічаў ўздыму народнай гаспадаркі, росту магутнасці і славы СССР.

Каб уявіць, наколькі гэта высокая ўзнагарода, згадаем, што за 53 гады яе існавання ганаровага звання ўдастоіліся 549 беларусаў – прадстаўнікоў розных сфер грамадскай вытворчасці, навукі і культуры. І ў кагорце такіх слаўных працаўнікоў – механізатар з Крупскага раёна.

У нашай рэдакцыі захаваліся газетныя архівы. Некалькі дзясяткаў гадоў – са старонак, як з кадраў кінахронікі, – вытворчая дзейнасць героя. А яшчэ змястоўная сустрэча з дочкамі, якія на лета прыяз­джаюць у бацькоўскую хату, – і вось ён, працаўнік-асоба.


 Уладзімір Іосіфавіч УСОШЫН – Герой Сацыялістычнай Працы – ганаровае званне ў СССР з 1938 па 1991 гады, вышэйшая ступень працоўнай адзнакі. Званне прысвойвалася асобам, якія сваёй выдатнай наватарскай дзейнасцю ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, гандлю, навуковых адкрыццяў і тэхнічнай вынаходлівасці праявілі выключ­ныя заслугі перад Савецкай дзяржавай, садзейнічалі ўздыму народнай гаспадаркі, навукі, культуры, росту магутнасці і славы СССР.


Сталёвы характар

«Бацька мой батрачыў, пасвіў чужых кароў. Разам з горкай бядняцкай доляй ён рыхтаваўся перадаць мне ў спадчыну сваю пастушыную пугу. Але час вырашыў інакш…», – так пачынаў адзін са сваіх допісаў у Крупскую раённую газету «Голас калгасніка» Уладзімір Іосіфавіч Усошын у 1958 годзе.

Тады яго зорка гарэла вельмі ярка, ён быў сапраўдным героем для сваіх землякоў-крупчан – просты селянін, які атрымаў вышэйшую ступень працоўнай адзнакі.

Нарадзіўся Уладзімір Іосіфавіч ў вёсцы Радзіца Нацкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерніі ў сялянскай сям’і ў далёкім 1911 годзе. Тут, як кажуць, нарадзіўся, тут спатрэбіўся, тут уславіў сваю малую радзіму.

Як і ўсе сялянскія дзеці, працу спазнаў з маленства, дапамагаў у бацькоўскай гаспадарцы, пасвіў жывёлу. У 1929 годзе ў Радзіцы была арганізавана сельскагаспадарчая арцель «Чырвоны барацьбіт», куды ў ліку першых уступіла сям’я Усошыных.

Арцельная гаспадарка мацнела, набіралася сіл. Праўленне прызначыла яго брыгадзірам як найбольш пісьменнага і працавітага. Хлопца вельмі ўразіла тэхніка мясцовай МТС. Выбар быў адназначны – стаць  механізатарам. І ён заканчвае  курсы трактарыстаў-ілноцерабільшчыкаў пры МТС, куды ў хуткім часе і перахо­дзіць. З тае пары яго праца неразрыўна звязана з зямлёй, з тэхнікай, якая ва ўмелых і ўвішных руках майстра праяўляла свой сапраўды сталёвы характар. Такі ж характар дэманстраваў і сам малады механізатар, а інакш не было б поспеху. Вясной і летам узворваў глебу, а затым пераходзіў на церабленне даўгунцу. Хутка дабіўся высокіх паказчыкаў, заваяваў рэпутацыю аднаго з лепшых працаўнікоў. У 1939 годзе за поспехі ўдастоіўся права ўдзельнічаць у першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве, а затым яшчэ неаднаразова бываў на гэтым і іншых прадстаўнічых галіновых форумах, узнагароджаны залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Ула­дзімір Іосіфавіч разам са старэйшым братам у складзе 84-й гвардзейскай стралковай дывізіі прымаў удзел у Мінскай і Вільнюсскай наступальных аперацыях. Вызваляў родную Беларусь, а затым змагаўся на тэрыторыі Літвы. Удзельнічаў у фарсіраванні ракі Нёман і захопе плацдарма ў раёне літоўскага горада Алітус. У жорсткіх баях за ўтрыманне плацдарма ў ліпені 1944 года Усошын трапіў у палон. А за дзень раней у палон трапіў яго брат. Яны былі ў няволі амаль да самага заканчэння вайны і вызвалены 2 мая 1945 года. Затым дэмабілізаваліся і прыехалі на радзіму.

Восенню 1945 года Уладзімір Іосіфавіч вярнуўся да працы на зямлі – быў механізатарам на палетах калгасаў, што абслугоўвала Грушаўская МТС. І зноў ён узворваў, сеяў, убіраў лён. Быў па-сапраўднаму апантаны працай і з кожным годам удасканальваў сваё майстэрства.

На пачатку 50-х шырокае развіццё ў раёне атрымала льнаводства. І Усошын упэўнена заявіў пра сябе, як пра перадавога механізатара. Лён тады лічыўся асновай росту эканомікі калгасаў. Гэта адразу кідаецца ў вочы, калі гартаеш газетныя падшыўкі той пары. Напэўна, больш падрабязна, як пра лён, яго вырошч­ванне, апрацоўку, уборку, не пісалі ні пра адзін іншы від сельскагаспадарчых работ. Разважалі пра тэхналогіі спецыялісты, паказваўся вопыт перадавых ільнаводаў. Дарэчы, тады ў раённай газеце практычна не было ўласных фотаздымкаў, а вось партрэт Усошына быў. Праўда, некалькі падобных клішэ, але тым не менш. І гэта пры тым, што яго галоўны тытул быў яшчэ наперадзе.

На гэтым здымку мы бачым Уладзіміра УСОШЫНА (у цэнтры) падчас адной з раённых нарад. Злева чалавек, вельмі падобны на ранейшага супрацоўніка раённай газеты, беларускага пісьменніка Івана ШУЦЬКО. Хто жанчына справа – на жаль, невядома.
На гэтым здымку мы бачым Уладзіміра УСОШЫНА (у цэнтры) падчас адной з раённых нарад. Злева чалавек, вельмі падобны на ранейшага супрацоўніка раённай газеты, беларускага пісьменніка Івана ШУЦЬКО. Хто жанчына справа – на жаль, невядома.

Лён мае добрую цану, здавай дзяржаве больш ільну

Чытаем газетныя публікацыі і нібы размаўляем з разважлівым, дасведчаным чалавекам, які дасканала ведае сваю справу. «Не першы год працую я на льноцерабілцы «ЛТ-7». Так, толькі летась у калгасах імя Варашылава, «Бальшавік» і «Усход» я выцерабіў за 15 дзён 120 гектараў ільну, выканаўшы сезоннае заданне на 240 працэнтаў. Заробак на льноцерабілцы разам з прэміяльнымі склаў каля паўтоны збожжа і 2 000 рублёў. І сёлета дырэкцыя Грушаўскай МТС даручыла мне работу на льноцерабілцы. Улічваючы свае магчымасці, я абавязаўся ў гэтым годзе выканаць тры сезонныя нормы. Першыя поспехі ўжо дасягнуты. За чатыры рабочыя дні ў калгасах імя Леніна і «Шлях Сталіна» выцераблена 45 гектараў ільну. Гэта значыць, што за змену выбіраў па 10 гектараў пры норме 5 гектараў.

На аснове ўласнага вопыту магу сказаць, што важнейшай умовай паспяховай работы з’яўляецца своечасовы і высакаякасны рамонт машыны, рэгулярнае правядзенне яе тэхнічнага догляду. Машыну пачаў рыхтаваць яшчэ да ўборкі. Уважліва адрэгуляваў яе, ліквідаваў выяўленыя памехі.

Раніцай, калі на льну яшчэ ляжыць раса, напрацягу гадзіны, а то і больш, праводжу догляд № 1. У гэты час ачы­шчаю механізмы ад смецця, пустазелля і сцяблоў, правяраю крапленне дэталяў, нацяжэнне церабільных рамянёў, праводжу змазку машыны, рэгуліроўку церабільнага апарата і транспарцёра. Чарговы догляд праводжу праз тры гадзіны работы. Ачышчаю раму пад секцыямі ад смецця і наліпшай зямлі, змазваю шарніры карданнай перадачы і вал. Гэтыя работы праводжу незалежна ад таго, добра ці дрэнна ідзе машына. Аглядаю ў часе абедзеннага перапынку і за дзве-тры гадзіны да канца змены.

Дзякуючы ўважліваму і сістэматычнаму догляду льноцерабілка працуе бесперабойна. Вядомы, што яна ідзе на счэпе ў трактара. Таму, зразумела, многае залежыць ад трактарыста, яго ўмення весці машыну. У залежнасці ад рэльефа мясцовасці і гушчыні пасеву льну трактарыст па майму сігналу манеўруе хуткасцямі.

Для больш прадукцыйнай работы палі, засеяныя льном, загадзя трэба разбі­ваць на загоны памерам не менш, чым на дзень работы. Для першага праходу агрэгата, а таксама на вуглах неабходна право­дзіць ручное церабленне льну. Уперадзе яшчэ многа работы. Буду змагацца за выкананне ўзятага абавязацельства». Так расказваў ён у жніўні 1952-га.

За чатыры сезонныя нормы

«На льноцерабілцы я працую з 1936 года. З кожным годам выпрацоўка павялічваецца. Так, у 1952 годзе ўбраў 120 гектараў, а летась – 147. Сёлета абавязаўся даць за сезон 200 гектараў пры заданні 50 гектараў.

На ўборцы льну працую ў сельгасарцелі «Шлях Сталіна» Ігрушкаўскага сельсавета. Ільноцерабілку загадзя адрамантаваў, затым перад пачаткам уборкі яшчэ раз агледзеў яе, адрэгуляваў і абкатаў. Асаб­лівая ўвага пры гэтым была звернута на рэгуліроўку церабільных секцый.

Машына не падводзіць у рабоце. З першых дзён уборкі дабіўся высокай выпрацоўкі. Для дасягнення поспеху важнае значэнне мае таксама штодзённая пад­­рыхтоўка машыны для работы. Перад пачаткам работы разам з трактарыстам Міхаілам Стасевічам праводзім догляд ільноцерабілкі і трактара. Пасля двух-трох гадзін работы машыну спыняем для агляду і змазкі церабільных ролікаў. Пры норме затраты на гэта 1 гадзіны 40 хвілін мы праводзім за 40-50 хвілін. Эканомія часу дасягнута за лік правільнай арганізацыі работы і правядзення змазкі церабільных ролікаў прамывачным шпрыцам. У правядзенні змазкі аказвае дапамогу трактарыст. Ён змазвае шарнір гука, стаканы вядучых ролікаў і іншыя дэталі машыны, а я ў гэты час прамывачным шпрыцам змазваю церабільныя ролікі.

Надвор’е сёлета няўстойлівае. Але гэта не змяншае тэмпаў работы. Церабленне льну праводзім і ў дажджлівае надвор’е. Каб церабільныя рамні не прабуксоўвалі, іх тужэй нацягваем. У сваёй рабоце мы ўстанавілі цесную сувязь з паляводчымі брыгадамі і льнаводчымі звёнамі. Перад пачаткам уборкі калгаснікі ўручную выцярэбліваюць паласу для першага праходу агрэгата і вуглы на паваротах, а таксама каля камення. Узятае абавязацельства – даць сёлета чатыры сезонныя нормы, выканаю». Гэта жнівень 1954-га.

І не выпадкова, што пры такім граматным і дасканалым падыходзе да справы вынікі не прымусілі сябе чакаць. У тым жа годзе раённая газета канстатуе: «У спаборніцтве льноцерабільшчыкаў МТС тав. Усошын заваяваў першынство».

Галіна развівалася, і ў 1955 годзе ў параўнанні з папярэднім годам значна пашырылася плошча пасеву льну ў калгасах зоны Грушаўскай МТС. Што, у сваю чаргу, вымагала і больш кваліфікаванай рабочай сілы. У сувязі з гэтым у МТС арганізавалі двухтыднёвыя курсы льноцерабільшчыкаў, дзе займалася 20 чалавек. Для выкладання на курсах былі прыцягнуты лепшыя спецыялісты. Заняткі па практыцы работы, зразумела, даверылі вопытнаму церабільшчыку, удзельніку Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў 1954 годзе Уладзіміру Усошыну. Дарэчы, у тым жа, 1955-м, яго чарговы раз накіравалі на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу, дзе яе галоўны камітэт узнагародзіў працаўніка малым залатым медалём і прэміяваў матацыклам.

З года ў год усё больш славіўся сваімі вытворчымі поспехамі льноцерабільшчык Грушаўскай МТС Уладзімір Усошын. Дасягнутыя поспехі – вынік стараннай працы, творчага ўкаранення перадавых здабыткаў ільноцерабільшчыкаў краіны.

Традыцыйна тады ў калгасе «Шлях Сталіна» лён церабілі толькі пры высокай спеласці, што прыводзіла да страт. Параіўшыся з праўленнем калгаса, спецыялістамі сельскай гаспадаркі, уборку вырашылі праводзіць значна раней, калі сцяблы маюць зеленаваты выгляд. І з пе­ршага дня Уладзімір Усошын разам з трактарыстам Мікалаем Куляшом забяспечылі высокапрадукцыйную работу агрэгата. Церабленне льну пачыналі ў 5 гадзін раніцы і працавалі ў полі да наступлення цемры. І зноў жа самая пільная ўвага – сталёвым працаўнікам – церабілцы і трактару. Такая сістэма тэхнічнага догляду дазваляла механізатарам працаваць без аварый і паломак.

Уладзіміру Іосіфавічу – 90 гадоў. І задуменны, і ўсмешлівы адначасова, у позірку бачыцца мудрасць гадоў і жывая цікавасць да жыцця.
Уладзіміру Іосіфавічу – 90 гадоў. І задуменны, і ўсмешлівы адначасова, у позірку бачыцца мудрасць гадоў і жывая цікавасць да жыцця.

Высокая ўзнагарода абавязвае

Словы Уладзіміра Усошына ніколі не разыходзіліся са справай. Таму натуральна, што такая працавітасць і адданасць не засталіся незаўважанымі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 студзеня 1958 года за вялікія поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця сельскай гаспадаркі па вытворчасці збожжа, бульбы, ільну, мяса, укараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту Уладзіміру Іосіфавічу Усошыну прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

І было падарожжа ў Маскву. Праўда, падрабязнасці нам невядомы. Хіба толькі з адной цытаты: «Атрымаўшы гэту высокую ўрадавую ўзнагароду з рук Першага сакратара ЦК КПСС тав. М.С. Хрушчова, я абяцаў працаваць яшчэ лепш. І для гэтага не шкадую сіл і энергіі». І яшчэ: «Няма слоў, каб выказаць шчырую ўдзячнасць. У адказ хачу запэўніць, што буду працаваць яшчэ больш і лепш на карысць нашай любімай Радзімы. Сёлета я абавязаўся выцерабіць 200 гектараў ільну. І за гэта зараз змагаюся. Гэта зраблю пастаяннай нормай выпрацоўкі. У справе далейшага ўздыму сельскай гаспадаркі вялікая адказнасць кладзецца на нас, механізатараў. Я ў сваю чаргу зраблю ўсё магчымае для павелічэння вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі».

І далей зноў падрабязна пра машыну, пра тое, як зводзіць прастоі да мінімуму, як трэці сезон працуе без капітальнага рамонту, замяніўшы толькі два ролікі і два пасы.

Здаецца, такія сур’езныя абавязацельствы, такая занятасць, але Уладзімір Іосіфавіч здолеў яшчэ весці грамадскую работу – ён быў абраны кандыдатам у праўленне прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. І, зразумела, пастаянна вёў настаўніцтва, бо такі вопыт абавязкова трэба было перадаваць іншым. Прычым, не толькі з механізатарамі-ільноцерабільшчыкамі са свайго раёна. Ён правёў такі семінар для калег з Барысаўшчыны. Там, у калгасе імя Панамарэнкі, як сказалі б зараз, даў майстар-клас свайго метаду работы на церабленні льну. І больш таго, пры Грушаўскай МТС былі арганізаваны курсы, дзе навучаліся тэорыі і практыцы 50 ільноцерабільшчыкаў Мінскай вобласці.

Вось так, ударна, і шчыраваў на палетках Уладзімір Іосіфавіч Усошын доўгія гады. І высокую планку трымаў заўсёды. На заслужаны адпачынак пайшоў у 1971 годзе, але без справы сядзець не мог. «Вялікай павагай і аўтарытэтам у саўгасе «Стараселле» карыстаецца Герой Сацыя­лістычнай Працы Уладзімір Іосіфавіч Усошын. Хаця ён на пенсіі, але прымае актыўны ўдзел у вытворчай дзейнасці і грамадскім жыцці. Уладзімір Іосіфавіч працуе фуражырам, з’яўляецца дазорным групы народнага кантролю, вядзе вялікую прафілактычную работу па прадухіленні недахопаў, – чытаем мы ў раённай газеце ўжо «Ленінскім курсам» у 1983 годзе. У 80-х мы бачым яго вялікую актыўнасць у грамадскім жыцці. Вельмі адказна адносіўся да партыйнага даручэння – быць народным кантралёрам. Штогод у саўгасе «Стараселле» падчас жніва дзейнічалі пасты народнага кантролю. Народныя дазорныя сачылі за якасцю ўборкі, арганізацыяй працы на ёй.

Бацькоўская навука

Жыццё ў героя было сапраўды прыгожае і насычанае. Няспынны, шчыры працаўнік, на якога раўняліся. А якім ён быў у побыце, сям’і? Пра гэта нам расказалі дзеці. Нас сустрэў дагледжаны дом у Радзіцы па вуліцы Чапаева і яго ветлівыя гаспадары. Знаёмімся: Тамара Уладзіміраўна, яе муж Васіль Мікалаевіч і Таісія Уладзіміраўна.

 

Дачка Уладзіміра УСОШЫНА Тамара Уладзіміраўна з мужам Васілём Мікалаевічам: узнагароды бацькі і альбомы з фота беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве.
Дачка Уладзіміра УСОШЫНА Тамара Уладзіміраўна з мужам Васілём Мікалаевічам: узнагароды бацькі і альбомы з фота беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве.

– Ён быў шчырым камуністам і добрым бацькам, на першым месцы ў яго былі сям’я і работа, – расказвае Тамара Ула­дзіміраўна са светлым успамінам і добрай усмешкай. – Татава першая жонка памерла, пакіншўшы трох сыноў. Сустрэў маму, у яе тады таксама былі два сыны. Нара­дзіліся мы з сястрой. Памятаю, як заўсёды, калі бацьку запрашалі выступіць перад вучнямі ў школе, ён мудра жартаваў: «Дзеці мае – яе – агульныя». І сапраўды, атрымалася вялікая і дружная сям’я, дзе ніколі не дзялілі на «тваё-маё», вельмі любілі адзін аднаго, увесь час дапамагалі і падтрымлівалі.

– Назаўсёды мы запомнілі бацькаву навуку, што трэба шчыра працаваць і трымацца сям’і, – падтрымлівае сястру Таісія Уладзіміраўна. – Вельмі цёплыя адносіны ў нас былі, усе разам, гуртам, ён усіх з’яднаў пад сваё надзейнае бацькоўскае крыло. Жыццё наш бацька пражыў добра і годна. Гэта сапраўды прыклад перш за ўсё для нас, дзяцей і ўнукаў, а таксама для ўсіх іншых людзей.

– Жылі мы сціпла, – працягвае Тамара Уладзіміраўна. – Каб пракарміць сям’ю, трэба было трымаць немалую хатнюю гаспадарку: дзве каровы, цяля, свінні 3-4 заўсёды, гусі, куры. Мы ў ягады і грыбы хадзілі – усё ўласнай працай. Бацька вельмі шанаваў сям’ю. Як шчыра і аддана ён працаваў, таксама ўмеў і адпачыць. Кожнае свята ў нашай хаце збіраліся вялікім дружным гуртам за сталом, мама мусіла ўсіх накарміць. Песні спявалі, жартавалі, смяяліся. Уся Радзіца чула. Праз нейкі час адна з маіх сябровак прызналася, што зайздросціла мне. Я здзівілася, як так, багацця ў нас не было? А яна сказала: «А да вас як ні прыйдзі, у вас заўсёды песні». Гэта самае вялікае шчасце, якое толькі можа быць для чалавека. Гэтага не купіш ні за якія грошы. Мы ніколі ў сям’і дрэннага слова не чулі і дрэнных звычак не бачылі.

– Мой цесць быў вельмі чэсны, заўсёды шанаваў калгаснае, – уключаецца ў размову Васіль Мікалаевіч. – Нават калі абкошвалі дарогі на сена для жывёлы, на калгаснае не дазвалялася зайсці нават на травінку. А чацвёртай гадзіне раніцы ўжо на полі, сцямнее, а ён яшчэ ў полі. Як стаў фуражырам, на ферме шмат працаваў, каня яму дырэктар даў. Выдаваў даяркам сена, муку, дбаў, каб усё было правільна. Шмат чаму навучыў і мяне, а я стараўся заўсёды дапамагаць. Быў вельмі вясёлы. А як спявалі разам з цешчай! Я вельмі ганаруся сваім цесцем, заўсёды расказ­ваў калегам, што ён – герой. А яшчэ быў сціплым чалавекам і ніколі не скарыстаў сваё званне на нейкія матэрыяльныя асабістыя выгоды. Быў упэўнены, што дзеці павінны ўсяго дабівацца ўласнай працай і розумам. Самае галоўнае, што ён сваім прыкладам навучыў усіх нас працаваць.

А яшчэ, як расказала дачка, быў катэгарычна супраць прапановы, каб у яго гонар перайменавалі вуліцу Чапаева ў вёсцы, дзе знаходзіцца іх дом, каб не пакрыўдзіць памяць пра знакамітага чалавека.

– Вельмі падтрымлівала бацьку мама, Ефрасіння Андрэеўна, – працягвае Тамара Уладзіміраўна. – Напэўна, таму ў яго і ў працы так склалася ўдала. І на поле есці насіла, і гаспадарку глядзела, старалася, каб усё было належным чынам. Заўсёды старанна збірала яго ў раён, падбадзёрвала: «Ты ж герой!» Бацьку вельмі паважалі ў раёне, шанавалі, узнагароджвалі. Мама таксама ў калгасе працавала. Пра ўсіх нас клапацілася і калі былі малыя, і калі дарослыя, як бы ні было, а траячку ў кішэню пакладзе кожнаму. Яна ўсіх туліла і навучыла, каб адзін аднаго трымаліся, каб дзяліліся апошнім з таго, што ёсць. Калі мама пайшла з жыцця, бацька жыў у нас па чарзе, затым вярнуўся ў вёску, унук Саша яго даглядаў.

Уладзіміра Іосіфавіча Усошына не стала ў 2004-м. Пахаваны ён на вясковых могілках.

Вось усе разам мы разглядаем сямейны альбом – мноства фотаздымкаў. Асабліва ўразіў той, дзе Уладзімір Іосіфавіч каля сваёй хаты, тут яму 90. І задуменны, і ўсмешлівы адначасова, у позірку бачыцца мудрасць гадоў і жывая цікавасць да жыцця. А на сцяне аднаго з пакояў – вялікі парт­рэт, які ў 1981 годзе напісаў самадзейны мастак Аляксей Гамін з нагоды 70-годдзя героя. Не пусцее роднае гняздо, цяпер тут дзеці, унукі, што трымаюцца сваёй сям’і, сваіх родзічаў. І ў гэтым вялікая бацькоўская роля і самая лепшая жыццёвая навука.

Марына БАРАДАЎКА, Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.

Автор

admin

admin

Актуально

2 мая прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания

В четверг, 2 мая, с 10.00 до 11.00 в здании Крупского районного исполнительного комитета (ул. Советская, 8, каб. 21) прием граждан проведет депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь КОРСИК Юрий Васильевич. Запись на прием будет осуществляться 22-26 апреля по телефону 2-71-87 в рабочее время (с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30).

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета СЕНЦОВА Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

27 апреля состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 по вопросу о включения товарищества в границы города

В субботу, 27 апреля, в 11.00 в доме культуры состоится собрание членов садового товарищества Надежда-5 с участием представителей Крупского районного исполнительного комитета по вопросу о возможности включения территории товарищества в границы населенного пункта г. Крупки.

20 апреля "прямую ли­нию" проведет управляющий делами Крупского райисполкома

В субботу, 20 апреля, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет управляющий делами Крупского районного исполнительного комитета Сенцова Валентина Васильевна. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.