krupki.by

ru RU be BE en EN

Крупчане былі ўдзельнікамі сапраўды рэвалюцыйнага паходу за ведамі



Крупчане былі ўдзельнікамі сапраўды рэвалюцыйнага паходу за ведамі

Автор / Общество / Среда, 29 июня 2022 17:02 / Просмотров: 221

Як навучалі грамаце дарослых і дзяцей настаўнікі, якім і самім трэба было вучыцца, і каму пашчасціла слухаць лекцыі Якуба Коласа? Крупчане былі ўдзельнікамі сапраўды рэвалюцыйнага паходу за ведамі: за два дзесяцігоддзі прашлі шлях ад 80% непісьменнасці насельніцтва да ўсеагульнай сямігадовай адукацыі.

У класічнай трыядзе асноўных напрамкаў гісторыі Крупшчыны ў даваенны перыяд, як і гісторыі ўсёй краіны, акрамя індустрыялізацыі і кале­ктывізацыі, значнае месца адводзіцца «культурнай рэвалюцыі». Мы ўзялі гэты тэрмін у двукоссе таму, што слова «рэвалюцыя» тут можна прымяніць хутчэй умоўна. На самой справе вялася паўсядзённая мэтанакіраваная работа, разлічаная на гады і нават дзесяцігоддзі, па перахо­дзе да  ўсеагульнай ­пісьменнасці, развіцці літаратуры, мастацтва. Хаця ў адносінах да адукацыі трэба ўсё ж адзначыць сапраўды рэвалюцыйныя змены, калі за два дзесяцігоддзі адбыўся рэзкі скачок ад непісьменнасці 80% насельніцтва да ўсеагульнага сямігадовага навучання. Праўда, трэба мець на ўвазе, што першыя крокі да гэтага былі зроблены яшчэ да рэвалюцыі, у пачатку ХХ стагоддзя. У той час, напрыклад, на Крупшчыне было адкрыта нямала школ, але практычна ўсе яны былі пачатковымі і навучалася ў іх менш аднаго працэнта насельніцтва рэгіёна. У першае дзесяцігоддзе пасля ўстанаўлення савецкай улады на базе памешчыцкіх маёнткаў, у прыватных пабудовах пачалі адкрывацца новыя школы, у вячэрнія гадзіны пачалі працаваць школы для дарослых. У выніку да 1927 года колькасць непісьменных знізілася да 42%. Але сапраўдны «рэвалюцыйны паход за ведамі» адбыўся ў першай пяцігодцы, пачынаючы з 1925-1927 гг. Да гэтага часу былі ў асноўным ліквідаваны наступствы Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, новая эканамічная палітыка некалькі ажывіла эканоміку, што ў сваю чаргу дазволіла ўмацоўваць матэрыяльную базу сферы адукацыі, звярнуць большую ўвагу на развіццё культуры.

Настаўнікі Крупскага раёна, 1935 год.

У 1927 годзе, праз дзесяць гадоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, лікпунктамі, школамі для дарослых, напрыклад, на Крупшчыне было ахоплена ўжо каля 80% непісьменных і 56% малапісьменных. Былі адкрыты ў раёне 93 школы, але толькі 3 з іх давалі сямігадовую адукацыю, астатнія ж былі пачатковымі. Заставалася праблема з настаўніцкімі кадрамі, іх налічвалася ў раёне каля 100, але большасць педагогаў мела толькі пачатковую адукацыю. З сямігадовых школ можна адзначыць Бобрскую, Халопеніцкую, якія былі створаны ў 1921 годзе, і Крупскую, у якой у 1927 годзе  навучалася больш за 200 дзяцей.

У пачатку 1930-х гадоў згодна з пастановай СНК БССР ад 6 жніўня 1932 года пачаўся пераход ад усеагульнай пачатковай адукацыі да сямігадовай. Гэта быў складаны працэс, разлічаны не на адзін год. Для гэтага патрэбна была адпаведная матэрыяльная база сістэмы адукацыі, дастаткова падрыхтаваныя кадры настаўнікаў. Тым не менш, ужо ў 1931 годзе ў раёне было адкрыта 7 сямігодак. Адначасова вялося будаўніцтва новых школ. Нягле­дзячы на матэрыяльныя цяжкасці, толькі за 2 гады, у 1931-1933 гг., былі ўведзены ў эксплуатацыю будынкі яшчэ 6 сямігадовых школ, не лічачы пачатковых. За гэты ж час колькасць сямігадовых школ павялічылася да 19, а ўсяго ў раёне ў сярэдзіне 1930-х гадоў працавала ўжо каля 250 навучальных устаноў, што дазволіла ахапіць навучаннем больш за 98% дзяцей школьнага ўзросту. Да канца 1930-х гадоў колькасць пачатковых школ заставалася прыкладна на ранейшым узроўні, а сямігадовых і дзесяцігодак павялічылася. Акрамя таго, у 1940 годзе ў вёсцы Ухвала было адкрыта дадаткова і вучылішча фабрычна-заводскага навучання, дзе атрымлівалі навыкі лесарубаў і трактарыстаў каля 300 юнакоў і дзяўчат. За гэтымі лічбамі крыецца сапраўды велізарная работа, распачатая ў раёне, як і па ўсёй краіне, па павышэнні агульнаадукацыйнага ўзроўню насельніцтва, перш за ўсё моладзі. Праўда, пры гэтым трэба ўлічваць, што менавіта ў 1930-1940 гг. колькасць школ вагалася, бо ў гэты час праводзіліся адміністратыўныя рэформы, да Крупскага раёна далучалася частка Халопеніцкага, затым Халопеніцкі раён зноў аднаўляўся як самастойны.

Адначасова з пашырэннем колькасці навучальных устаноў вялася работа і па падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў. Улады звярнулі асаблівую ўвагу на адкрыццё і арганізацыю работы педагагічных ВНУ і тэхнікумаў. Падрыхтоўка навуковых кадраў ажыццяўлялася перш за ўсё на базе інстытута беларускай культуры, пераўтворанага ў пачатку 1920-х гадоў у Акадэмію навук БССР. Педагогі вышэйшай кваліфікацыі навучаліся перш за ўсё на базе Мінскага педагагічнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкрытых у 1920-я гады, сярэдняя спецыяльная падрыхтоўка вялася ў Мінскім педагагічныым тэхнікуме, Барысаўскім педагагічным вучылішчы і іншых навучальных установах падобнага кшталту. Трэба адзначыць, што адным з выкладчыкаў тэхнікума быў класік беларускай літаратуры Якуб Колас, 140-годдзе якога адзначаецца сёлета. Знамянальна, што след гэтага славутага творцы ёсць і на крупскай зямлі.

Яшчэ да ўстанаўлення савецкай улады Якуб Колас (на фота падчас настаўніцтва ў Мінскім педагагічным тэхнікуме, 1929 г. Пуб­лікуецца ўпершыню.) у 1908 годзе працаваў настаўнікам у прыватнай школе ў вёсцы Сані Сенненскага павета, недалёка ад крупскай вёскі Абчуга, праўда, нядоўга, бо ў гэтым жа годзе быў асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. Дарэчы, у той час у Сенненскі павет увахо­дзіла і большая частка сучаснага Крупскага раёна. Зразумела, што па справах школы Якуб Колас часта бываў і ў вёсцы Абчуга. Можна меркаваць, што ў знакамітай трылогіі Я. Коласа «На ростанях», якую многія даследчыкі лічаць аўтабіяграфічнай, адлюстраваны і нейкія моманты яго працы настаўнікам у нашым рэгіёне. У гэтым і іншых творах, у тым ліку ў эпічнай паэме «Новая зямля» створаны абагульняючы вобраз маці-Беларусі, адлюстравана канцэпцыя своеасаблівага нацыянальнага шляху беларусаў, якім выпала жыць на скрыжаванні розных культур, рэлігійных канфесій, геапалітычных памкненняў, намаляваныя партрэты нацыянальнай інтэлігенцыі таго часу, супярэчлівая карціна ідэйных пошукаў, запамінальныя вобразы і характарыстыкі ўдзельнікаў гістарычных падзей.

Вернемся да таго, што ў канцы 20-х Якуб Колас адначасова з працай у інстытуце беларускай культуры, Акадэміі Навук БССР выкладаў па сумяшчальніцтве таксама ў Мінскім педагагічным тэхнікуме. У той час там навучалася і наша зямлячка, былая настаўніца Крупскай пасялковай СШ Р.У. Красоўская. Менавіта ў 1928 годзе, калі яна заканчвала навучальную установу, на агульным здымку выпускнікоў і адлюстраваны сярод выкладчыкаў партрэт Якуба Коласа. Гэты партрэт раней не публікаваўся і змяшчаецца ў раённай газеце ўпершыню.

Нейкая сувязь з Крупшчынай праглядваецца і на другім здымку, дзе Я.Колас і Я. Купала зазнятыя разам з іншымі літаратарамі, сярод якіх ураджэнец Крупскага раёна Гірш Камянецкі і знакаміты Міхась Клімковіч, былы настаўнік Хацюхоўскай школы, паэт, празаік, аўтар тэкста Дзяржаўнага гімна Беларусі.

У цэнтры першы рад – Якуб КОЛАС і Янка КУПАЛА. Цікава, што на лацканах іх пінжакоў мы бачым ордэны, а вось у энцыклапедыі гісторыі Беларусі, том 4, выдадзенай у сярэдзіне 1990 гадоў мінулага стагоддзя, пра ордэн нічога не згадваецца… Уверсе стаяць справа налева Гірш КАМЯНЕЦКІ, паэт, ураджэнец вёскі Чарняўка нашага раёна, Рыгор ПАПАРАЦЬ, які таксама нейкі час працаваў на Крупшчыне.

І тут хочацца зрабіць невялічкае адступленне і ўзгадаць адзін цікавы і надзвычай важны эпізод, які мог бы змяніць біяграфіі нашых класікаў літаратуры, каб не мужны ўчынак у складаныя 1930-я гады кіраўніка Беларусі П.К. Панамарэнкі. Ён не пабаяўся ўзяць пад сваю абарону шэраг беларускіх паэтаў і празаікаў, над якімі звісаў «дамоклаў меч» НКУС. Менавіта Панамарэнка тэрмінова выехаў у Маскву і дабіўся асабістага прыёму ў І.В. Сталіна. У выніку падчас гэтай размовы Іосіф Вісарыёнавіч быццам бы сказаў крылатую фразу: «Изъять ордера, выдать ордена» і, не адкладваючы, даручыў Панамарэнку разам з супрацоўнікамі Крамля падрыхтаваць матэрыялы для ўзнагароджвання групы беларускіх літаратараў дзяржаўнымі ўзнагародамі. А гэта была фактычна «ахоўная грамата» ад НКУС.

Калектыў настаўнікаў Крупскай пасялковой школы, 1936 г. Публікуецца ўпершыню.

Цяпер, калі адкрыты многія архівы, шмат звестак магчыма атрымаць у адкрытым доступе ў інтэрнэце. Так, пры знаёмстве з матэрыяламі па справе так званага «Саюза вызвалення Беларусі» знойдзены спіс каля 30 чалавек тых, хто быў вызначаны НКУС як актыўныя дзеячы гэтай «антысавецкай» арганізацыі. Сярод іх быў і наш зямляк, народны камісар земляробства БССР Дз.Ф. Прышчэпаў, пра якога мы згадвалі раней на старонках раённай газеты, і Янка Купала з Якубам Коласам… Але ў выніку скончылася ўсё гэта для народных паэтаў Беларусі, як мы бачым з пазнейшай гісторыі, паспяхова.

Між тым, да канца ­1930-х гадоў у падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў для школ адбыліся значныя станоўчыя зрухі. Калі ў 1928 годзе ў школах раёна працавалі 7 настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй і 27 з сярэдняй, то ў 1935 годзе адпаведна 17 з вышэйшай і 134 з сярэдняй. Але і гэта недастаткова, праблема кваліфікаваных кадраў заставалася.

Як бачым на здымках, сярод педагогаў пераважала моладзь, новае пакаленне, якое жыло і само выхоўвалася ўжо ва ўмовах савецкай рэчаіснасці.

Развіццё сістэмы школьнай адукацыі, няхай і ў даволі складаных умовах матэрыяльнай забяспечанасці, недахопу кваліфікаваных педагагічных кадраў, давала свой плён. Менавіта гэта дазволіла рыхтаваць кадры для рэальнага сектара эканомікі: механізатараў для сельскай гаспадаркі, рабочых для заводаў і фабрык. Адкрыццё ж вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзе навучанне было не толькі агульнадаступным, але, у адрозненні ад ранейшых часоў, бясплатным, давала магчымасць атрымліваць прафесіі высокай кваліфікацыі. Больш таго, дзяржава яшчэ і даплачвала студэнтам ВНУ і навучэнцам сярэдніх спецыяльных устаноў у выглядзе стыпендый. Вялікая заслуга педагогаў даваеннага пакалення і сістэмы адукацыі ў цэлым гэтага часу ў тым, што ў школах была закладзена не толькі аснова будучых кваліфікаваных, адданых сваёй справе навуковых, прафесійных, культурных кадраў, але і патрыётаў сваёй Радзімы, апошняе асабліва рэльефна выявілася ў наступныя гады ваенных выпрабаванняў.

Марына БАРАДАЎКА, Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістатычных навук.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.