krupki.by

ru RU be BE en EN

У Мінскай вобласці існуюць каля 350 разнастайных музеяў, і сярод іх – больш за 20 адзіных у сваім родзе



У Мінскай вобласці існуюць каля 350 разнастайных музеяў, і сярод іх – больш за 20 адзіных у сваім родзе

Автор / Общество / Понедельник, 26 декабря 2022 10:43 / Просмотров: 514

Дзе знаходзіцца самая вялікая драўляная лыжка, які горад лічыцца самым салаўіным і хто такі Хаім Суцін? Адказы на гэтыя і іншыя цікавыя пытанні можна знайсці ў незвычайных музеях Міншчыны.

Увогуле ў Мінскай вобласці існуюць каля 350 разнастайных музеяў, і сярод іх – больш за 20 адзіных у сваім родзе!

Гэта ёсць вельмі арыгінальныя задумкі, якія ажыццявілі творчыя асобы сталічнага рэгіёна. Крыху інтрыгі: музей салаўя, музей малака, музей яйка, музей гісторыі дарог і паштовай службы, музей лыжкі і нават дзіцячы музей міфалогіі і лесу. Аказваецца, і такое магчыма!

У свой час мне асабіста пашчасціла наведаць многія з гэтых музеяў, і таму магу падзяліцца ўражаннямі ад убачанага. Праўда, трэба зрабіць агаворку, што большасць з іх не маюць статусу самастойнай юрыдычнай асобы, а з’яўляюцца структурнымі часткамі розных устаноў, але гэта ніяк не змяншае іх унікальнасць.

Найперш прапаную накіравацца ў Слуцк, там адразу некалькі цікавых аб’ектаў. Слуцкі эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў некалі здзівіў ініцыятывай і стварыў музей, прысвечаны адмысловаму спеваку. І гэта – салавей! У свой час Слуцку быў прысвоены статус салаўінага горада, бо менавіта там налічваецца самая вялікая колькасць гэтых пявучых пярнатых, як падлічылі актывісты грамадскай арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны». А ў эколага-біялагічным цэнтры ўзяліся за стварэнне музея.

Самая вялікая драўляная лыжка знаходзіцца ў Беразіно. Фота Бярэзінскага цэнтра рамёстваў..

Сёння яго экспазіцыя можа пахваліцца сярэбранай манетай, якую Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў па выніках кампаніі «Салавей – птушка 2007 года», афішай Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, падборкай песень, вершаў і казак пра салаўя. У музеі з’явілася нават свая прыкмета: калі пагладзіць па галаве салаўя, адлітага з металу, і загадаць жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца.

За гады існавання Музея салаўя педагогамі было наладжана супрацоўніцтва з Курскім Музеем салаўя, з’явілася экспазіцыя «Салаўінае прозвішча», праводзіліся конкурсы малюнкаў і аплікацый салаўя ўсходняга.

Сёння пра гэту галасістую птушку ўжо сабрана шмат каштоўнай інфармацыі, якая цікавая і дзецям, і дарослым. Упэўнена, што спевы салаўя чулі ўсе, але вось ці многія з нас ведаюць пра тое, што самцы салаўёў уладкоўваюць своеасаблівыя спаборніцтвы: хто лепш і званчэй выдасць свае пошчакі? Прычым, калі два салаўя сядзяць на адным узроўні, «песенная бітва» паміж імі будзе асабліва напружанай і вострай. А лепшы спявак вызначаецца па дзвюх пазіцыях: у каго ў спеве больш каленцаў і ў каго больш чыстае выкананне…

Што новага можна даведацца пра… малако? Аказваецца, можна, калі пабываць у Музеі малака, што стварылі ў Слуцкім каледжы перапрацоўчай прамысловасці.

У ім сабраны экспанаты, прысвечаныя гісторыі гэтага прадукта: маслабойкі і сепаратары, якімі карысталіся яшчэ нашы прабабулі, розныя прыстасаванні для вытворчасці сыроў і тварагу, фатаграфіі, фанатэку… Тут ёсць нават наскальныя малюнкі і выявы на папірусе працэсу даення жывёл і выкарыстання малака.

Звяртае на сябе ўвагу і яшчэ адзін цікавы экспанат – фігурка жабы. Спытаеце, навошта? Супрацоўнікі музея патлумачаць, што гэта і ёсць самы першы халадзільнік, якім карысталіся яшчэ даўней. Для таго, каб малако не кісла, у ёмістасць апускалі жабу. Гэта істота, паводле легенды, навучыла чалавека і масла ўзбіваць.

Спецыяльны раздзел прысвечаны яго вялікасці сыру. Тут прадстаўлены ўсе віды і групы сыроў, іх кароткая характарыстыка. Напрыклад, цікавы факт: у XVIII стагоддзі дыяметр галоўкі сыру дасягаў метра!

Гісторыя пакавання прадстаўлена рознымі яе выглядамі ад старажытнай амфары, разнастайных збаноў да сучасных пакетаў, у тым ліку і па-экалагічнаму чыстых, якія распадаюцца на маленькія малекулы на працягу 7 дзён.Тут можна пачуць легенды і незвычайныя гісторыі пра малочныя прадукты, розныя сакрэты іх прыгатавання і захоўвання. Дарэчы сказаць, музеі малака ёсць у многіх еўрапейскіх гарадах, а ў нашай краіне гэты Музей малака – адзіны, і знаходзіцца ён у Слуцку.

Малако – выдатны прадукт, яго проста нельга было не ўвекавечыць у гісторыі. Дарэчы, каледж, на базе якога дзейнічае музей, адзіны ў краіне рыхтуе спецыялістаў для прадпрыемстваў, якія вырабляюць малочную прадукцыю.

Незвычайнае хобі апантанага случчаніна дало падставы для стварэння яшчэ аднаго цікавага музея – Музея прасаў. Сёння ў калекцыі больш за паўтысячы прасаў з Галандыі, Італіі, Расіі, Венгрыі, Літвы, Германіі... Самым маленькім прасам, памерам з запалкавы карабок, і, адпаведна, самым лёгкім гладзілі карункавую тонкую бялізну, а самы цяжкі – для вельмі тоўстых тканін – важыць дзевяць кілаграмаў. Самы старадаўні прас з усёй калекцыі – 1827 года выпуску. Ёсць прасы наплітныя, духавыя, вадзяныя, прасы, унутр якіх устаўляецца нагрэты на агні металічны брусок.

А ці ведалі вы, што даўней паштовыя станцыі займаліся не толькі перасылкай карэспандэнцыі? Шмат чаго пра гэта і пра іншае раскажа Музей гісторыі дарог і паштовай службы, што працуе на базе Старадарожскага гісторыка-этнаграфічнага музея. 

Горад Старыя Дарогі – самая далёкая кропка на карце Мінскай вобласці – сваю назву атрымаў, калі верыць народнай леген­дзе, не выпадкова. Кажуць, імператрыцы Кацярыне II, якая праязджае неяк па гэтай мясцовасці, не спадабаліся гэтыя выбоістыя і камяністыя дарогі і яна абазвала іх старымі.

Паштмайстар ведае, што цікавага расказаць пра даўніну. Фота Старадарожскага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Аснову экспазіцыі складае адноўлены інтэр’ер паштовай станцыі. Пе­ршым наведвальнікаў сустракае паштмайстар у форменным аддзенні служачага пошты XVIII стагоддзя. Узноўлены гасцёўня, карчма, кузня, сабрана калекцыя падкоў і прадметаў ручнога кавання. Адрэстаўраваны паштовы дыліжанс.

Усе элементы інтэр’ера максімальна набліжаны да рэальнасці. Трэба сказаць, што раней паштовыя станцыі займаліся не толькі перасылкай канвертаў, але і з’яўляліся прыпыначнымі пунктамі для падарожнікаў. Тут можна было падкаваць каня, пад’есці, пераначаваць. Стваральнікі музея пастараліся паказаць, як працавала пошта, заезны двор у тыя гады. Да таго ж ім удалося адшукаць рэцэпты традыцыйных старадарожскіх страў, многія з якіх прапаноўваліся ў карчме падарожнікам падчас іх адпачынку і змены коней.

А чым можа здзівіць нас Вілейка? Музеем яйка! Так, так, на Міншчыне ёсць і гэткі. З’явіўся ён з ініцыятывы супрацоўнікаў Вілейскага Дома рамёстваў і размясціўся ў вёсцы Ізбіно. Тут можна ўбачыць больш за 500 распісаных у самых разнастайных тэхніках яек: ад традыцыйных маляванак, драпанак, крапанак і афарбаваных цыбульнай шалухай да аформленых у мастацкім алейным роспісе, аплікацыяй саломкай, бісерам.

Дзясяткі адроджаных традыцыйных і створаных наватарскіх тэхнік роспісу. Адна з калекцый керамічных яек – у тэхніцы роспісу каляровай глінай – ангобам, які прадстаўляе падглазурную фарбу па кераміцы, якая складаецца з гліны і каляровых пігментаў. Гэта зусім унікальная тэхніка, якая спалучае ў сабе рысы традыцыйнага ангобнага беларускага роспісу з тэхнікай італьянскіх майстроў, званай сграфіта. Усе малюнкі і арнаменты на велікодных керамічных яйках грунтуюцца на традыцыйных беларускіх матывах.

З апошняга – тут з’явіліся распісаныя ў спрадвечна беларускіх тэхніках перапёлчыны, качыныя і гусіныя яйкі, якія майстры афарбоўвалі ў капусным лісці, іржавых цвіках, а таксама яйкі, створаныя з дапамогай дэкаратыўнай тынкоўкі, і многае іншае.

А ці ведаеце вы, дзе знаходзіцца самая вялікая драўляная лыжка? У нашых суседзяў – у Беразіно. У мясцовым раённым Цэнтры рамёстваў створаны цэлы Музей лыжкі.

У калекцыі музея ўжо больш за трыста экспанатаў. Трапляюцца і старажытныя экзэмпляры. Музейныя супрацоўнікі сабралі іх дзякуючы акцыі: «Здай адну старую лыжку – атрымай дзве новыя».

Самы незвычайны экспанат – дубовая лыжка даўжынёй больш за 20 метраў! Можаце сабе такое ўявіць? Каб зрабіць такое цуда, спатрэбіўся дуб вышынёй амаль 23 метры. Разглядаем гіганцкі сувенір. Чарпала (коўш лыжкі) з акуратна вывастраным на ім узорам досыць глыбокае і нагадвае лодачку. Кажуць, што гэтая частка лыжкі можа вытрымаць вагу трох чалавек.

У аснове ручкі выразана мыска міфалагічнай істоты – уладара беларускіх азёр і балот Цмока. Дракон размаляваны нацыянальным арнаментам. Ёсць тут і герб горада з выявай ліса. Убачыць экспанат можна ў любы час, размешчаны ён пад навесам ля ўвахода ў будынак.

Незвычайны, можна нават ска­заць, таямнічы музей стварылі ў Чэрвеньскім раёне. На базе Цэнтра дзіцячай творчасці адкрыта экспазіцыя, прысвечаная ўраджэнцу г.п. Смілавічы, аднаму з вядомых мастакоў Парыжскай школы, Хаіму Суціну. Музей назвалі «Прастора Хаіма Суціна – L’Espace de Soutine». Там можна даведацца пра біяграфію мастака, які нарадзіўся ў 1893 годзе ў шматдзетнай сям’і яўрэйскага краўца. Пра тое, як рэлігійныя бацькі негатыўна ставіліся да захаплення сына жывапісам і адзіным шансам рэалізавацца для маладога чалавека, апантанага маляваннем, было паехаць у Францыю, што ён і зрабіў пры першай жа магчымасці – у 1913 годзе. Пра яго творчасць, засяроджанасць на вечнасці, галоўныя матывы адчування жыцця як пастаяннага душэўнага болю і ўменне спачуваць, уменне цудоўна спалучаць летуценнасць і традыцыяналізм.

У музеі можна пабываць у парыжскім кафэ, а экспазіцыя трэцяй залы прысвечана яшчэ аднаму мастаку Парыжскай школы, таксама ўраджэнцу г.п. Смілавічы, Файбіш-Шразе Царфіну. Мастакі добра ведалі адзін аднаго, сябравалі і падтрымлівалі творчыя памкненні, хоць яны карэнным чынам адрозніваліся. Прыхільнікі мастака пісалі так: «У жывапісе Царфіна… адчуваецца тая ж грандыёзнасць, якая ўзрушвае нас, калі мы слухаем Баха». Дарэчы, яму належыць цэлы цыкл работ, прысвечаных цэрквам і саборам Парыжа і яго наваколляў. Крытыкі асабліва адзначаюць гэтыя работы, лічачы, што ў іх «Царфін знайшоў да гэтага часу невядомыя колеры і адценні… Мастак падняўся да самых вяршыняў мастацтва».

На базе музея штогод праводзяцца міжнародныя пленэры, творчыя сустрэчы з дзеячамі мастацтва, навучальныя семінары.

Расказваць пра незвычайныя музеі сталічнага рэгіёна можна бясконца. «Эвалюцыя энерга­зберажэння», Музеі маці, Першай сусветнай вайны, гісторыі касманаўтыкі, бульбы, музеі пад адкрытым небам «Дудуткі» і «Зніклыя вёскі», музейны комплекс «Заброддзе», дзе можна адчуць прастору без часу…

Сапраўды ўнікальная наша Міншчына сваімі творчымі, таленавітымі людзьмі, якія любяць Радзіму, захоўваюць і памнажаюць яе культурную спадчыну.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.