krupki.by

ru RU be BE en EN

Старадаўнія традыцыі каледавання працягваюць вучні гарадской СШ № 3



Старадаўнія традыцыі каледавання працягваюць вучні гарадской СШ № 3

Автор / Общество / Понедельник, 15 января 2024 10:52 / Просмотров: 157

Зараз ідуць зімовыя дні, калі мы святкуем Нараджэнне Збавіцеля нашага Госпада Іісуса Хрыста. Радасць жыцця, кожнага новага дня, падараваныя Богам, напаўняюць нашы сэрцы і натхняюць на любоў. Мы дзелімся гэтай радасцю са сваімі блізкімі.

Са святкамі звязаны многія народныя абрады. Сярод іх – каледаванне. Старэйшыя людзі памятаюць, як ні адзін шчодры вечар 13 студзеня не абыходзіўся без гасцей-калядоўшчыкаў, якія віталі гаспадароў песнямі, танцамі, забаўкамі, жадалі ім урадлівага года, шчасця, багацця. Тыя дзякавалі гасцям і адорвалі падарункамі.
Традыцыі нашых продкаў перадаюцца і маладому пакаленню. Вось ужо трэці год сямікласнікі гарадской сярэдняй школы № 3 удзельнічаюць у старажытным абрадзе. Да гэтага іх далучыла класны кіраўнік Яна Швед.

– Я нават не памятаю, калі ўпершыню пайшла каледаваць, – расказвае педагог. – Пэўна, гэта было ў далёкім дзяцінстве. Вырасла я на Ухвале. І кожны год па вёсцы хадзілі калядоўшчыкі. Гэта было некалькі кампаній дарослых і дзяцей. У мясцовым клубе ладзіліся тэатралізаваныя пастаноўкі свята. У школе настаўнікі расказвалі пра свята, праходзілі імпрэзы. Таму пайсці па хатах і павіншаваць сваіх аднавяскоўцаў успрымалася як нешта абавязковае і патрэбнае. Калядны гурток складаўся з хлопцаў і дзяўчат нашага двара. Збіраліся ў адной жанчыны – Людмілы Нікіпаронак. На жаль, яе няма ўжо сярод нас. Засталася добрая светлая памяць. Яна дапамагала нам складаць сцэнарый, рабіць святочныя касцюмы. Прыбіраліся ў цыган, дзеда, бабу, казу. Абавязкова рабілі Віфлеемскую Зорку. Ішлі, праўда, па кватэрах, бо баяліся сабак у дварах. Віталі гаспадароў, віншавалі са святам Нараджэння Бога. Нас чакалі, нам заўсёды былі шчыра рады, і гэта адчувалася. Шчодра адорвалі прысмакамі, каўбасамі, салам, пірагамі. Памятаю, як неслі цяжкія мяшкі. І пры гэтым былі шчаслівыя і радасныя. Дзялілі на ўсіх пачастункі, а ўспамінаў хапала яшчэ надоўга. Так было кожны год, пакуль не паехала вучыцца.

Больш за два гады таму Яна Швед прыйшла працаваць у школу маладым спецыялістам. Ёй адразу далі класнае кіраўніцтва ў 5-м класе.

– Неяк пачула, як мае пяціклашкі аб нечым спрачаюцца, – працягвае Яна Швед. – Я пацікавілася. Аказалася, што задумалі яны пайсці каледаваць, але саромеюцца заходзіць да чужых лю­дзей. Я прапанавала павіншаваць вучняў нашай школы. А таксама патлумачыла сэнс гэтага абрада – услаўленне Нараджэння Бога. Склалі сцэнарый, падрыхтавалі песні, вершы, касцюмы, Віфлеемскую Зорку і вечарам пайшлі на заняткі да тых, хто вучыўся ў другую змену. Дзяўчаты мае пасмялелі, увайшлі ў вобраз, і мы пайшлі па хатах.

– Тады завіталі і да сваіх аднакласнікаў, і да незнаёмых людзей, – успамінае Каця Тарасік. – Нам усе былі рады. Мы праслаўлялі Божае Нараджэнне і віншавалі гаспадароў песнямі. А яны клалі ў мяшок падарункі.

– У адной сям’і падаравалі пірог, – працягвае Насця Панкратава. – Памятаю, што мы пайшлі пасля каледавання да Яны ­Сяргееўны і пілі чай, дзяліліся сваімі ўражаннямі.

– Вельмі спадабалася дарыць радасць людзям, і мы вырашылі, што будзем кожны год каледаваць, – кажа Таня Радзівіл. – А яшчэ такія справы збліжаюць нас, аднакласнікаў пазнаеш з іншых бакоў. Хлопчыкі не ўдзельнічаюць з намі, але чакаюць дома ў госці.

– Я думала, што ў шостым класе дзяўчаты самі пойдуць, тым больш і вопыт маюць, – гаворыць Яна Сяргееўна. – Ды дзе там! «Толькі з вамі!» – казалі ў адзін голас. Ну, як тут адмовіш? Рыхтаваліся загадзя. Развучвалі калядныя песні, рэпетыравалі, звярталіся за дапамогай да педагога-арганізатара. Усё як мае быць. Трэба сказаць, што і бацькі дзяцей падтрымліваюць. У мінулым годзе да нас далучылася Насця Манкевіч.

– Я тады толькі перайшла з Хацюхоўскай школы, – успамінае дзяўчынка. – Было гэта ў трэцяй чвэрці. Яшчэ добра са ўсімі пазнаёміцца не паспела. Класны кіраўнік з аднакласніцамі прапанавалі мне пайсці каледаваць. Я згадзілася. Да нас у Хацюхова прыходзілі калядоўшчыкі, а сама я не ўдзельнічала. Мне было цікава паглядзець, як мае равеснікі захоўваюць старажытныя звычаі далёкіх продкаў. Так у радасныя святочныя дні я хутка зблізілася з аднакласнікамі, мы пасябравалі.

Фота прадастаўлена Янай ШВЕД.

Автор

Инна Гара

Инна Гара

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.