Крупская зямля заўсёды славілася сваімі талентамі. Вось і на гэтай выставе прадстаўлены напісаныя мастакамі ў розныя гады творы – краявіды, нацюрморты, партрэты. Кожная карціна захоплівае сілай душы і пачуцця, вывастранымі гадамі майстэрства. І, бясспрэчна, Божы дар нам дорыць творы мастацтва, ад якіх цяжка адвесці позірк.
25 кастрычніка сваё 80-годдзе адзначае таленавіты мастак Уладзімір Салавей. Прафесія Уладзіміра Паўлавіча – абараняць Радзіму. З 1960 па 1985 гады служыў на Крупшчыне. Зараз маёр у адстаўцы.
Жывапіс для яго – галоўнае захапленне. Малюе ён з дзяцінства, прымаў удзел у школьных і раённых выставах. Працуе ў такіх жанрах, як пейзаж, нацюрморт, партрэт у традыцыях рэалізму. У кастрычніку 2008 года ўдзельнічаў у сумеснай выставе «Наша хобі», якая прайшла ў галерэі г. Крупкі, разам з мастаком Уладзімірам Стулавым. У чэрвені 2010 года зноў жа ў галерэі горада адбылася асабістая выстава Уладзіміра Салаўя «Фарбы жыцця», прысвечаная 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2011 годзе мастак прымаў удзел у Міжнароднай выставе «Гагарынская вясна», што праходзіла ў г. Гагарын. Некалькі работ Уладзімір Паўлавіч перадаў у дар Крупскай мастацкай галерэі. Карціны майстра вельмі паэтычныя, светлыя, цёплыя. У кожны свой твор ён укладае часцінку душы і любові.
У гэты ж дзень, 25 кастрычніка, сваё 85-годдзе адзначыў бы і самадзейны мастак, наш зямляк Уладзімір Стулаў. Але, на жаль, яго няма з намі. Уладзімір Мікалаевіч родам з Расіі, а з 1950 года другой радзімай стала для яго Крупшчына, дзе ён жыў і працаваў.
У аснове мастацтва Уладзіміра Стулава ляжыць імкненне перадаць праз вобразы прыроды пачуццё і настрой чалавека. Яго карціны напісаны з натуры ў «жывым» выглядзе, бо яны прадстаўлены нашай цудоўнай прыродай. Большая частка работ прысвечана Крупшчыне, і гэта не дзіўна – як можна не захапляцца такімі цудоўнымі краявідамі!
Як успамінаў сам мастак: «Заўсёды, ідучы раніцай на работу, я назіраў за абуджэннем прыроды: кожны кусцік, дрэва, рэчка, неба – усё пакідала адбітак у душы. А пазней гэта ўсё пераносіў на палатно. Так нарадзілася карціна з выявай старога мастка праз рэчку Бобр ва ўрочышчы Лебартова. Цяпер усяго гэтага няма, так што гэта свайго роду гісторыя».
Выставы Уладзіміра Мікалаевіча Стулава таксама неаднаразова праходзілі ў мастацкай галерэі нашага горада.
Наведаўшы выставу «Вобразы мілыя роднага краю…» і пабачыўшы карціны, застаецца адчуванне нейкага цуду, быццам робіш падарожжа па роднаму краю і адчуваеш гонар за гэтую зямлю!
Сардэчна запрашаем жыхароў і гасцей города наведаць выставу, якая будзе доўжыцца да 2 лістапада.
Хрысціна ЖУКАВА,
навуковы супрацоўнік Крупскай мастацкай галерэі імя Б.У. Аракчэева.