krupki.by

ru RU be BE en EN


Моваю вобразаў

Автор / Фарбы и рыфмы души / Понедельник, 22 февраля 2016 12:09 / Просмотров: 1723

Самабытная прыгажосць Крупскага краю натхніла шмат таленавітых асоб. І без перабольшвання можна сказаць, што тут, на Крупшчыне, іх душэўныя парывы вельмі ўдала ўвасобіліся ў мастацкія палотны і вершы.

У новым праекце мы прапануем угледзецца ў звыклыя краявіды праз зоркі таленту тых, чые фарбы і рыфмы здольныя абудзіць пачуцці, спыніць імгненні прыгажосці і паказаць нам, мітуслівым, звычайнае цуда. Мы пакажам карціны, дзе нашы родныя пейзажы, раскажам пра тых, хто іх ствараў, і як сапраўдны мастацкі талент натхніў талент паэтычны.

Таямніцы мастацтва, напэўна, самыя прыцягальныя. Як творчы чалавек бачыць свет? Што аддае яму сваё? Як гэты свет праходзіць праз сэрца, адоранае талентам, і ўзбагачаецца новымі фарбамі, новымі пачуццямі, новым сэнсам? Сучаснасць імчыць нас на сваіх хуткіх крылах, і ў штодзённых клопатах-турботах не заўсёды стае часу спыніць погляд на прыгажосці, што побач. Але, на шчасце, ёсць людзі, здольныя перайначыць гэта сваёй творчасцю. 

Яна стаяла ля акна галерэі і ў задуменні глядзела на раку Бобр, што грацыёзна рабіла згіб, пяшчотна трымаючы ў сваіх абдымках невялікі востраў, і павольна плыла ў далячынь. Уся гэта прыгажосць у надзейнай абароне дрэў па берагах прыемна хвалявала сэрца і было такое адчуванне, што ў памяці цудоўная панарама застанецца асаблівым маляўнічым адбіткам.

Яна – знакамітая беларуская мастачка Аксана Аракчэева. Пройдзе час, і рамантычны пейзаж, што запомніўся з самабытнай прыроднай натуры, перанясецца на палатно. 

Крыху больш дзясятка гадоў таму пачалася гісторыя сяброўства знакамітай творчай сям’і з Крупшчынай. З нагоды адкрыцця мастацкай галерыі геніяльны жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Барыс Аракчэеў падарыў некалькі сваіх работ. Ён, а затым яго дачка Аксана сталі чаканымі гасцямі ў Крупках, чый кожны візіт – сапраўднае культурная падзея. 

Як раз праз Крупкі ляжыць той шлях, што кранае самыя патаемныя струны душы мастачкі – на Чашніччыну. Там зараз дом, дзе жыла бабуля і дзе часта працаваў над сваімі творамі бацька. Там знакаміты жывапісец знайшоў свой апошні прытулак… Да творчасці Барыса Аракчэева ў крупчан самыя шчырыя адносіны, а мастацкая галерэя з гонарам носіць яго імя. 

Аксана ўзяла ў спадчыну бацькаў талент. З гэтай жыватворнай крыніцы ўзрос і расквітнеў і яе асабісты дар жывапісца. Мастачка працуе ў многіх жанрах. Адметным акцэнтам, што выяўляе яе індывідуальную творчую манеру, стаў цыкл карцін «Мінскія вокны» – гарадскія пейзажы, якія бачыла і пісала Аксана з акна майстэрні ў цэнтры сталіцы. Гэта дарагія яе сэрцу краявіды, што клаліся на палатно ў тым творчым месцы, дзе некалі пісаў сам знакаміты мастак. Напэўна, таму работы маюць нейкую асаблівую прыцягальнасць і энергетыку – хочацца глядзець, і думаць, і марыць.

Сімвалічна, што менавіта ў стылі гэтага цыкла Аксана Аракчэева і напісала карціну «Акенца. Крупкі». Памятаеце, краявід на раку Бобр, што некалі так узрушыў і натхніў. Угледзьцеся: той самы пейзаж, знаёмы нам усім. Здаецца, што ля акна стаіць сама творца, замілавана глядзіць на мясціны, якія змагла палюбіць.

Вакно – не проста дэталь, не проста фон. Звычайны архітэктурны элемент пераўтварыўся ў мастацкі вобраз – ёсць у гэтым нешта сакральнае. Праз вакно мы выходзім на сувязь са знешнім светам, яно пускае святло ў нашы дамы. Празрыстае шкло не мяняе навакольны свет, а толькі крыху запавольвае ўспрыманне і дае магчымасць больш уважліва разгле-дзець асобныя дэталі, а праз гэта крыху пафіласофстваваць і паразважаць.

Там, за вакном, цудоўны куточак сучаснай прыроды Крупшчыны. А з другога боку ў пакоі, на падаконніку – прадметы, расліны, нібыта адчуваеш сябе ў мінулым. А там, яшчэ далей, па-за гэтым сюжэтам, адчуваецца вірлівае жыццё горада. Мастачка здолела аб’яднаць пейзаж і нацюрморт у адно гарманічнае цэлае. Гэтая цікавая аўтарская знаходка надзвычай удала ўмяшчае ў сабе і прыгажосць, і думкі, і сувязь часоў. Яна нібы знітавала і перадае духоўны запавет, каб мы не забываліся ў віхуры дзён і гадоў пра сапраўдныя каштоўнасці, маглі бачыць і захапляцца цудоўным. А яно побач.

Работы Аксаны Аракчэевай вельмі духоўныя, натхняльныя. Да шчасця, сёння гэта вельмі запатрабавана, таму яны ўпрыгожваюць лепшыя музеі, галерэі і калекцыі краіны і далёка за яе межамі.

Зараз карціна «Акенца. Крупкі» захоўваецца ў мастацкай галерэі нашага горада.

Таццяна КАВАЛЕНКА

Талент гэтай мастачкі пакліча ўвысь за сабою

Над будзённасцю ўзняцца, тады і адбудзецца цуд:

З вышыні стане бліжай рака з брыльянцістай вадою,

І гарбуз, і акенца, гладыш і каштанчыкаў груд...

У свет дабра зазірнеш з верай шчырай у заўтра,

А інакш быць не можа: так продкі наказвалі нам

Усё сваё берагчы і любіць, працаваць так упарта,

Каб самім цуд стварыць на здзіўленне часам і вякам.

Я мастацтвам захоплена. Гэтым хачу падзяліцца.

Рукатворны наш востраў. А ён непаўторны такі!

Добра крупскі пейзаж на палотны мінчанкі лажыцца,

У ім ўзлёт яе музы, цяпло яе добрай рукі. 

Гэты свет унікальны прымусіць цябе ўсміхнуцца.

У любое надвор’е падорыць узнёслы настрой.

І з мастацтвам дарогі-шляхі нашы не размінуцца

 

Ні вясной, ні зімой, ні ўвосень, ні летняй парой.

P.S. Апошнімі днямі ў жыцці Аксаны Аракчэевай адбылася яшчэ адна значная падзея. На XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ёй уручаны медаль імя класіка беларускай дзіцячай літаратуры, першага рэдактара часопіса «Вясёлка» Васіля Віткі. Адметна, што дагэтуль медаль прысуджаўся выключна пісьменнікам, а сёлета яго ўладальнікам стаў мастак. «Я апантаная гэтым часопісам, з якім цесна супрацоўнічаю. З асаблівым пачуццём малюю для дзяцей, вельмі люблю гэтую справу, амаль у кожным нумары «Вясёлкі» ёсць мае ілюстрацыі. Таму я сапраўды ганаруся, што атрымала такую высокую ўзнагароду», – падзялілася мастачка падчас тэлефоннай размовы.

Мы віншуем Аксану і спадзяемся на тое, што яе творчасць яшчэ не раз парадуе нас карцінамі, напісанымі спецыяльна для крупчан. 

 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.