krupki.by

ru RU be BE en EN


Літара за літарай з’явяцца словы

Автор / Фарбы и рыфмы души / Среда, 28 сентября 2016 14:17 / Просмотров: 2044

Сэрца зямлі – сэрца жанчыны. Гэта скарбніца, дзе сабраны найвялікшыя каштоўнасці. Гэта цэлы сусвет. Там мы заўсёды зможам знайсці ісціну, супакаенне, дараванне і радасць, адказы на складаныя пытанні. 

Было заўважна, як вядомы беларускі скульптар Кацярына Зантарыя працуе над кампазіцыяй «Сэрца зямлі» з асаблівым пачуццём. Ды яна і не хавала, што работа гэта кранае, што шмат укладзена ў яе сіл і душы, каб адгукнулася сэрца чалавечае на напамін сэрца зямлі. Над гэтым праектам яны шмат тыдняў шчыравалі разам са знакамітым скульптарам Ігарам Засімовічам падчас абласнога пленэра ў Крупках. Было вельмі цікава назіраць, як дзень за днём праяўлялася ў камяні, ажывала аўтарская творчая задума.

Здаецца, у суаўтарстве былі не толькі скульптары, але і сам валун. Прырода надала яго форме постаць зубра, а Ігар сваімі моцнымі рукамі зрабіў яе больш дакладнай, пазнавальнай. Шмат дзён у спецыяльнай экіпіроўцы, з магутнай «балгаркай» у руках, у дрэнна праглядваемых клубах каменнага пылу людзі працавалі для таго, каб  праявіліся першыя абрысы будучай скульптуры. І вось настае час больш тонкай работы.

Акенцы з выбітымі выявамі паліруюцца, дапрацоўваюцца, і малюнак паказвае свае фарбы, якія дагэтуль таіліся за грубай паверхняй каменя. Я заўважаю, з якой пяшчотай і жаноцкасцю робіць гэта Кацярына.   

– Паліруецца акенца, – тлумачыць яна, – затым я наношу разметку, а тады раблю заглыбленні, тое, што ўрэжу, вось, датыкніцеся, забярэ частку паліроўкі і, літара за літарай, з’явяцца словы. 

Што ж, нам пашчасціла дакрануцца да таямніцы прафесіі і ўбачыць, як за прозай працы з перфаратарам, шліфавальнай машынай і далатом хаваецца паэзія і адухоўленасць мастацкага твора.

– Творчая задума скульптуры «Сэрца зямлі» з’явілася ў нас па матывах эскіза, распрацаванага некалькі гадоў таму, – расказвае Кацярына. – Меркавалася, што гэта будзе цэлая каменная азбука – пяць камянёў з поўным алфавітам. Там не было надпісу, а захоўвалася паслядоўнасць літар з адпаведнымі сімваламі і словамі. Для пленэра, улічваючы абмежаванасць часу і прасторы, дзе будзе стаяць скульптура, гэту ідэю адаптавалі. Здаецца, будзе нядрэнна. Мы імкнуліся закласці ў яе глыбокі сэнс найважнейшых духоўных каштоўнасцяў, на якія людзі павінны абапірацца ў сваім паўсядзённым жыцці. Каб чуць сэрца зямлі, быць у гармоніі з сабой, з зямлёй, нават з цэлым сусветам.

Адразу відаць і руку майстра, і сэрца жанчыны, неабыякавае да лёсу людзей. Таямніцы стварэння скульптур Кацярына спасцігала ў мастацкім вучылішчы імя Ахрэмчыка, там і вызначылася са спецыялізацыяй, якую працягвала асвойваць у Беларускай акадэміі мастацтваў. Цяпер яна сама вучыць моладзь – скончыла магістратуру і выкладае ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце малюнак, пластычнае мадэляванне і некаторыя іншыя дысцыпліны.

Кацярына Зантарыя – чалавек шматбаковых інтарэсаў і захапленняў. З’яўляецца  членам Беларускага саюза мастакоў, ёсць у яе і ўласная майстэрня. У сваёй творчай дзейнасці не абмяжоўваецца адным напрамкам, час ад часу звяртаецца і да жывапісу. Але скульптура была і застаецца любімым заняткам, яна ўжо стала ладам жыцця.

– Займаюся станковай скульптурай, гэта цікавае поле для творчага эксперыменту, ліццём, дрэва таксама класны матэрыял. На жаль, з каменем працую не так часта, пераважна на пленэрах – у майстэрні надта не парэжаш. Камень – вельмі прыгожы матэрыял. У нас у краіне шмат розных валуноў – як кажуць, вялікае поле дзейнасці.

Падчас пленэра пад Гродна, што прайшоў два гады таму, Кацярына ўвасобіла ў камені гістарычную тэматыку, там яна стварыла бясстрашнага воіна-ліцвіна. Ёсць яе работы і ў Калінінградзе. Некалькі цікавых скульптур можна ўбачыць у Еўпаторыі ў Музеі сусветнай скульптуры і прыкладнога мастацтва. Там на набярэжнай радуюць наведвальнікаў дасканаласцю форм яе «Хан Крым-Гірэй» і «Пігмаліён і Галатэя».

– У адрозненні ад іншых відаў мастацтва скульптура валодае рэальным аб’ёмам, яна жыве ў прасторы, яе можна бачыць з розных бакоў, пад рознымі ракурсамі, паступова раскрываючы мастацкі вобраз, – расказвае Кацярына. – Вельмі хочацца, каб людзі цябе зразумелі, адчулі, што ты хочаш сказаць сваім творам. Канечне, мастак не перастае думаць пра сваю скульптуру і пасля таго, як адпускае яе ў вольнае жыццё. Што да мяне, то я яшчэ не раз перадумаю: можа трэба было нешта зрабіць па-іншаму. Добра, калі ты працуеш, укладваеш душу, і атрымліваецца твор, які падабаецца людзям і сабе. Вось, напрыклад, калі мы пазней прыехалі ў Еўпаторыю адпачываць, наведалі музей пад адкрытым небам, паглядзелі – стаяць работы, людзі прыходзяць на іх паглядзець, так прыемна, часцінка цябе засталася ў іншай краіне.

Ёсць творчы ўклад Кацярыны і ў такі знакавы аб’ект, як Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ля галоўнага ўвахода размяшчаецца фантан «Каскад», у яго падножжа кранальная скульптура Аляксандра Шатэрніка «Развітанне» – жанчына бласлаўляе мужа, які ідзе на вайну. Агароджа фантана стылізавана пад жывую загарадзь – нібы пара спынілася і развітваецца ля ручая. Гэты бронзавы плот, які стаў вельмі ўдалым акцэнтам, – справа рук Кацярыны Зантарыя. 

– Фантан вельмі прыгожы, асабліва ўражвае ноччу, калі ўключаюць падсвечванне, здаецца, гэта агонь гарыць і сцякае, – падкрэслівае яна. – Там заўсёды вада, і праз нейкі час бронза пачала крыху мяняць свой колер, нібы падладжвацца пад агульны кантэкст, і робіць гэта вельмі ўдала. Атрымліваецца, што мой скульптурны элемент арганічна ўпісаўся ў кампазіцыю, яна вельмі натуральная, жывая. 

Творы скульптара гаворыць пра шматграннасць мастацкай натуры, майстар не абмяжоўваецца пэўнымі перавагамі ў тэматыцы, стылі і ў матэрыяле, а гэта значыць, кожны раз спрабуе сябе ў нечым новым. Не памылюся, калі скажу, што мінчанам, асабліва маленькім, вельмі прыйшліся да спадобы бронзавыя бегемоцік, жырафа, ільвяня і чарапаха з граніту, якія не так даўно з’явіліся ля фантана на рынку «Заходні». Гарэзлівыя, няўрымслівыя, нібы самі дзеці. Іх зрабілі ў суаўтарстве Кацярына Зантарыя, Ігар Засімовіч і Паліна Багданава. 

– Калі бываю ў тых краях, дык заўсёды бачу, як малыя гуляюць, залазяць на гэтыя скульптуры, – адзначае з усмешкай і іскрынкай у вачах Кацярына. – Калі кантактная скульптура (а вышыня, напрыклад, жырафы – 1 метр 65 сантыметраў) стаіць і на яе лезуць дзеці, значыць, усё працуе, усё добра.

Вось гэта і ёсць для душы. Для творцы кожная работа значная, нягледзячы, буйная яна ці невялікая. 

– Галоўнае, што добра зроблена і на месцы стаіць, – падкрэслівае мастачка. – Гэта важна. Бывае, што крыху сыраватая па пластыцы рэч на сваім месцы выйгравае, а здараецца, што добра зробленая і не там – і яна губляецца. Любое гарадское асяроддзе ўжо сфарміравана, таму ўпісацца бывае цяжка.

А на пытанне, ці ўпішацца кампазіцыя «Сэрца зямлі» ў наша асяроддзе, яна адказала:

– Сам парк – славутасць горада, там такія цудоўныя лістоўніцы стаяць. Павінна атрымацца прыгожая сітуацыёнка, таму думаю, што ўсё будзе вельмі добра выглядаць.

Здавалася б, скульптура – не зусім «жаночы» від мастацтва. Таму падчас нашай сустрэчы я не магла не закрануць гэту тэму.

– Працаваць з каменем моцным людзям, мужчынам, канечне, прасцей, – зазначыла Кацярына. – Любы штрых – гэта не проста росчырк – гэта добры кавалак работы. Але калі сіл не хапае, то возьмем цярпеннем.

А мне хочацца дадаць – яшчэ далікатным жаночым сэрцам, якое тонка адчувае прыгажосць. 

Барыс МАКАРЭВІЧ

Жаночая лёгкасць рукі,

Дыханне яскравай ідэі,

Прытулак знайшлі на вякі,

У вобразах скульптара-феі.

 

Энергію сэрца зямлі

Яе маладосць адчувае,

Каб людзі пабачыць змаглі,

Шэдэўры, што аўтар стварае.

 

Пачуццяў парыў, глыбіня,Каштоўнасць, 

мастацкая сутнасць,

Палёт дабрыні, чысціня,

Няўрымслівай мары прысутнасць.

 

Задумка, рэальнасці змест,

Адкрытага сэрца ўспрыманне,

Нябыту і цемры пратэст,

Высокага таленту ззянне…

 

Зіма на двары, ці вясна,

Мне чуецца ветлівы голас,

Аднойчы казала яна –

«У месца павінен быць вобраз».

 

Для творчасці зайздрасць і злосць

Ніколі не мелі значэнне.

Пяшчота, святло, прыгажосць,

У ім як адно спалучэнне.

 

Жанчына – як кветка вясны,

Жадаю ёй ветру натхнення,

Хай здзейсняцца светлыя сны,

Душа хай не знае старэння.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.