• Font size:
  • Decrease
  • Reset
  • Increase
Тор: Рагнарёк
США. 3D, боевик, фантастика
Последний богатырь
Россия. Комедия, семейный
Скайлайн 2
Сингапур, Великобритания. Фантастика
Маленький вампир
Нидерланды, Германия. 3D, мультфильм
Фиксики: Большой секрет
Россия. Мультфильм

Транспорт

Фотогалерея

Карта района

Видео

Обратная связь

Карта сайта

Кампазіцыю, напоўненую лірыкай і гісторыяй, дорыць крупчанам наш зямляк, вядомы беларускі скульптар Алег Купрыянаў

Рейтинг:   / 15
ПлохоОтлично 

Здаецца, зусім невыпадкова дабротны валун высакароднага шэрага колеру трапіў на вочы, калі выбіралі матэрыял для ўдзельнікаў абласнога пленэра па вырабу скульптур з каменя. Пад задуму Алега Купрыянава ён падыходзіў ідэальна, нібы нехта падрыхтаваў яго наўмысна для гэтага майстра.

– Яшчэ першапачаткова я меркаваў, што мне патрэбен светла-шэры камень, на якім выгадна будзе глядзецца метал. Вось так удала і сталася. Такі камень прывёз да мяне ляднік з далёкай Cкандынавіі, можа, са Швецыі. Гэта колькі ж ён мяне чакаў, калі апошні ляднік прыйшоў на Беларусь з далёкага паўвострава ажно 15 тысяч гадоў таму? – з жартам гаворыць Алег.

А тым часам сапраўды так яно і ёсць. 

Калі я ўпершыню ўбачыла іх разам, то нават не змагла ўтрымацца:

– Ды вы ж падобныя, як браты!

Алег прыняў маё такое эмацыянальнае параўнанне з задаволенай усмешкай. 

Вельмі прыгожы, з украпінамі металу, высакародны камень стаяў, усім сваім выглядам дэманструючы пачуццё ўласнай годнасці. На ім ужо было прабіта месца, дзе мяркуецца ўладкаваць арнаментальны ручнік, які вырабляецца пераважна з металу. Што мы ўбачым у выніку? Давайце паспрабуем пранікнуць у таямніцы аўтарскай фантазіі. 

Вялікі валун стане трывалай, моцнай асновай для арнаментальнай кампазіцыі. Тут важна ўсё: і яго натуральны шэра-ільняны колер, суадносны з прыродным асяроддзем, і яго непахісная постаць. Ён будзе нібы накрыты ручніком – гэта досыць складаны элемент па сваёй сэнсавай нагрузцы і па спосабе практычнага вырашэння.

– Тут мяркуецца некалькі знакавых элементаў. Своеасаблівае арнаментальные спляценне будзе выканана з дроту і  металічнай коўкі, – дзеліцца Алег. – Гэтыя знакі будуць сімвалізаваць мужчынскі і жаночы пачатак, род, сям’ю, дзяцей. Вянчаць кампазіцыю будзе ўпрыгожванне, таксама сімвалізуючае паглыбленне ў семейную тэматыку.

Цікавая ідэя. Сапраўды, ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснаму. З далёкіх часоў нашых продкаў і па сёння ён абавязкова прысутнічае ў найбольш важныя, пераломныя этапы жыццёвага шляху чалавека: радзіны, хрэсьбіны, сватаўство, вяселле. І, трэба сказаць, беларусы ставяцца да яго з вялікай павагай. 

– Назаву яго дарун-камень, – працягвае майстар. – Чаму? Бо я задумаў яго не толькі як мастацкі твор, а яшчэ і як функцыянальны арт-аб’ект.  Кожнаму, хто да яго дакранецца, ён падорыць свае сілы і энергію. Трэба толькі датыкнуцца да свайго сімвала або да самога каменя – і ўсё будзе добра!

Ёсць у гэтым свая праўда – людзі спакон вякоў надавалі магічную сілу камяням. Пэўна, недарэмна. Да таго ж, майстар працуе над работай з асаблівым настроем, аддаючы свае самыя найлепшыя думкі і пачуцці. Вось такі ў яго шчыры намер – трансліраваць людзям пазітыў і нагадваць пра вытокі.

– Гэта зямля маіх продкаў, якія тут жылі, – тлумачыць Алег. – І яна мяне натхняе.

Яшчэ ў раннім дзяцінстве хлопчык упершыню ўбачыў, як увішныя рукі майстра пераўтвараюць звычайную драўляную нарыхтоўку ў цікавы мастацкі вобраз. Ён і зараз да драбніц памятае, як зачаравана глядзеў, як працуе яго бацька – былы ваенны, а ў больш вольны час – заўзяты разьбяр. І не толькі глядзеў, а ахвотна пераймаў бацькаву навуку.

– Гэта і прывяло мяне да прафесіі, ужо ў 12 гадоў я добра ведаў, што буду скульптарам, – успамінае Алег. – Ішоў вучыцца ў тады Тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Акадэмія мастацтваў) абсалютна свядома і мэтанакіравана. І зараз бацькавы драўляныя работы беражліва захоўваюцца ў нашай сям’і: частка ў мяне, частка ў мамы, а нешта ён яшчэ ў свой час раздарыў родзічам. Мой дарун-камень я зрабіў таксама і ў памяць пра бацьку, пра бабулю, якія жылі ў Крупках. 

Вось такі кранальны падарунак – шчыра, блізка, па-сямейнаму.

У творчасці Алег Купрыянаў усё сваё жыццё. Але сэрца яго аддадзена не толькі каменю. Зараз вопытны майстар, член Беларускага саюза мастакоў, актыўна працуе з новымі сучаснымі матэрыяламі. Тым часам класіка жанру – камень, дрэва, бронза – таксама ў рабоце і задумах.

Нельга не падкрэсліць, што скульптуры нашага земляка ўпрыгожваюць знакавыя аб’екты беларускай сталіцы. Кожны бачыў на  цэнтральнай і найбуйнейшай плошчы Мінска – плошчы Незалежнасці –  натхнёную скульптурную кампазіцыю «Тры буслы» на купале фантана. Але не кожны ведае, што картушы з гербамі абласных цэнтраў у падмурку купала выкананы менавіта Алегам. Каля кантрольна-прапускнога пункта Ваеннай акадэміі ўстаноўлена яго скульптура «Выпускнік-лейтэнант». А ля галоўнага ўваходу на Камароўскі рынак «гандлюе» семечкамі і «корміць» вераб’ёў бабка Камарыха, так у народзе назвалі бронзавую скульптуру, зробленую нашым таленавітым земляком. Нават з’явілася прыкмета: калі датыкнуцца да шклянкі з семечкамі, то гандаль пойдзе ўдала, а пакупкі будуць добрымі.

Падараваў скульптар сталіцы і помнік-бюст выдатнага гуманіста і грамадскага дзеяча, першага лаўрэата Нобелеўскай прэміі свету, заснавальніка Чырвонага Крыжа Анры Дзюнана. Наведваючы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, многія адзначаюць, наколькі прафесійна зроблены манекены, здаецца, што гэта натуральна жывыя людзі, салдаты. У 48 фігурах – праца нашага таленавітага земляка. Сапраўды, уражвае! Ёсць яго ўнёсак і ў стварэнне экспазіцыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». А для касцёла ў Магілёве ён выразаў распяцце з дрэва. Шмат работ майстра выстаўлена і за мяжой.

Відавочна, наколькі блізкія мастаку агульначалавечыя тэмы: мір, каханне, сям’я, працяг роду. Здаецца, што ён валодае невычарпальнай творчай фантазіяй. Напрыклад, зараз адначасова ў рабоце шэсць вялікіх заказаў, на гэты раз з палімерных матэрыялаў. Працуе ён і над вобразамі Янкі Купалы і Якуба Коласа для Нацыянальнай акадэміі навук. 

– У творчага чалавека заўсёды ёсць мара, – дзеліцца Алег. – І шлях да яе бясконцы: ты бярэш адну вяршыню, а за ёй – другая. І гэтак далей. Напэўна, таму творцы заўсёды ў пошуку. Дарэчы, адна мая мара звязана менавіта з Крупкамі. Я б хацеў, каб тут прайшло яшчэ некалькі пленэраў. Крупшчына – край лясны. А чаму б не зрабіць нейкую асаблівую, знакавую рэч? Некалі ў юнацтве мне давялося браць удзел у стварэнні дарогі Чурлёніса. Тады народныя майстры ўпрыгожылі творамі малой архітэктуры дарогу ад Варэны да Друскенінкая. Гэта драўляныя дубовыя слупы з арнаментамі, рэльефнымі выявамі, фігурнымі кампазіцыямі, што навеялі творы вялікага літоўскага мастака і кампазітара. Дык вось, можна было б, да прыкладу, зрабіць нешта ў гэтым стылі па дарозе на Сяляву. Думаецца, быў бы цікавы архітэктурны ход і арт-аб’ект, які прыцягваў бы ўвагу турыстаў. 

Алег лічыць, што трэба больш актыўна ствараць і назапашваць архітэктурныя пласты ў нашых малых гарадах, каб самабытная культура занатоўвалася, была на відавоку і перадавалася з пакалення ў пакаленне. 

– Тое, што створана ўласнымі рукамі, арыгінальнае, не масавае – вельмі каштоўнае, бо ў яго ўкладзена душа. Аўтарскі твор мастацтва будзе надаваць гораду непаўторнае аблічча, шарм, – перакананы ён. – Хацелася б, каб у людзей прачыналася жаданне рабіць нешта прыгожае для свайго горада або пасёлка, каб іх дзеці ганарыліся і імкнуліся стварыць яшчэ лепш. Трэба, каб мастацтва больш уваходзіла ў наша штодзённае, бо без яго немагчыма паўнавартасна жыць. Памятаю, якое ўражанне зрабіў на мяне Рым. Там архітэктура і скульптура працуюць так моцна і так натуральна, што ты ўсёй сваёй істотай атрымліваеш асалоду ад гэтага вечнага хараства, і сам адчуваеш сябе вечным. А ўсё гэта зрабіў чалавечы талент. Мы, канечне, не будзем параўноўвацца з Рымам, ды гэта і не трэба. А вось рабіць свае самабытныя культурныя напластаванні проста абавязаны. 

Пленэрныя скульптурныя кампазіцыі, якія маюць быць усталяваны ў гарадскім парку, – нядрэнны крок да гэтай мэты. 

Дарун-камень Алега Купрыянава плануецца размясціць на беразе возера, знізу, паміж дрэў. Там добрая панарама, што дае ўсе падставы для арыгінальных і запамінальных фота. 

–  Мы ствараем скульптуры і для сябе, і для людзей. Для таго, каб самому стаць лепшым і, можа, зрабіць лепшым некага іншага, – дзеліцца майстар. – Таму натуральна, нічога дзіўнага няма, што гэтыя камені надзяляюцца асаблівымі ўласцівасцямі, добрай энергетыкай скульптара. Я мару, каб мая кампазіцыя, якую я імкнуўся напоўніць лірыкай і гісторыяй, радавала і натхняла, каб маладыя ў дзень шлюбу прыходзілі, каб верылі, кахалі і рабілі ўсё для шчасця сваіх сем’яў.  

Што ж, чакаем сустрэчы з гэтым мастацкім творам, падаецца, такім жа рамантыкам, як і яго неўтаймаваны і апантаны мастацтвам аўтар.

Фота аўтара.

Барыс МАКАРЭВІЧ

                   *   *   *

Камянёў розных шмат на зямлі,

Не каштоўных і вельмі каштоўных.

Рукі майстра адзін узнялі 

Доўгай працай да ліку чароўных.

 

Гэта «Камень-дарун». Падыдзі,

Дакраніся павольна рукою.

Нешта добрае зноў абудзі,

Што ты носіш у сэрцы з сабою.

 

Загадаеш жаданне сваё –

Дзіўны «волат» твой голас пачуе.

З ціхім, светлым сваім пачуццём

Подых ветру цябе пацалуе.

 

Пра галоўнае камень спытай,

Як рука на яго ціха ляжа, 

Цеплыні сваёй крыху аддай,

І табе дабрынёй ён адкажа. 

 

«Продкі», «Вера», «Краіна твая» –

Прагучаць запаветныя словы,

«Людзі», «Блізкія», «Дзеці», «Сям’я»,

«Бацька», «Маці» і «Родная мова»… 

 

«Мудры камень» – так скульптар жадаў,

Ёсць духоўнае ў ім прыцягненне,

Нехта, убачыўшы, цуда назваў

Светлым вынікам верша натхнення.

История Крупского района

На северо-востоке Минской области находится Крупский район. Богатейшая история вмещает события почти пяти столетий. Находясь на перекрестке дорог и эпох, местечко, поселок, город Крупки повидал многое: путешественников по знаменитому Екатерининскому тракту, пожарища 1812 года, переломные события начала ХХ века, боль и страдания фашистской оккупации, беспримерный подвиг защитников Родины, самоотверженный труд людей, сделавший район современным и развитым, прославившим его далеко за пределами страны. 

Подробнее о Крупском районе

Приемная главного редактора

Приемная редактора

 

Уважаемые читатели!

Главный редактор районной газеты «Крупскi веснiк» Марина Николаевна Бородавко ответит на ваши вопросы.

 Чтобы задать вопрос воспользуйтесь формой обратной связи на нашем сайте.