• Font size:
  • Decrease
  • Reset
  • Increase
Скиф
Россия. История, фэнтези. боевик
Приключения Паддингтона 2
Великобритания, Франция. Мультфильм
Zомбоящик
Россия. Комедия
Астрал 4: Последний ключ
США. Ужасы

Транспорт

Фотогалерея

Карта района

Видео

Обратная связь

Карта сайта

На п’едэстале творчасці знакамітага беларускага мастака, нашага земляка Аляксандра Ксяндзова стаіць чалавек

Рейтинг:   / 12
ПлохоОтлично 

Прыгажуня Ганна – статная, годная, з цёмнымі вачыма і далікатнымі рысамі. Таленавітая піяністка, чалавек тонкай душы. Максім – малады літаратуразнаўца, публіцыст, таленавіты паэт, пранікнёны лірык. Яна ўвайшла ў яго жыццё як вялікае каханне і як муза, што падаравала асаблівае натхненне, азарэнне, новыя яркія хваляванні душы. Гісторыя гэтых пачуццяў такая ўзнёслая і такая шчымлівая. Яна кранае за душу і сама просіцца на паперу, на палатно.

Творчая фантазія нашага земляка, вядомага мастака Аляксандра Ксяндзова надала ёй візуальны вобраз. Яго незвычайную па сваёй эмацыянальнасці і кампазіцыйнасці карціну «Прысвячэнне. Памяці Максіма Багдановіча» можна ўбачыць у Крупках у мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева.  

На першым плане – Максім і Ганна, здаецца, кожны ў сваіх думках. Як быццам, знешне ўсё спакойна, але адчуваецца вялікая ўнутраная напружанасць. У яе вобразе чытаецца сумненне, у яго – спадзяванне. На другім плане, у перспектыве, – горад, які даў столькі радасці і столькі тугі, дзе чароўнай кветкай расцвіло яго каханне, але не займела свайго шчаслівага завяршэння.   

У той час Максім Багдановіч жыў і вучыўся ў Яраслаўлі. Знаёмства з сястрой свайго гімназічнага сябра Ганнай Какуевай перавярнула яго жыццё. Кожнае спатканне з Аняй прыносіла яму такую вялікую радасць, што яна не магла змясціцца нават у яго вершах. Сваёй музе Багдановіч прысвяціў цыкл «Мадонна», паэму «Вераніка», вершы «Учора шчасце толькі глянула нясмела...», «Уймитесь, волнения страсти» і шмат іншых твораў. Можна смела сцвярджаць, што яраслаўскі перыяд – сапраўдны росквіт таленту паэта, дзе адчуваецца немалы ўнёсак яго музы. 

Але над гэтымі пачуццямі ўвесь час лунаў сумны лёс – няўлоўна, але непазбежна. Максім, цяжка хворы на сухоты, не мог паўнавартасна спадзявацца на стварэнне сям’і. Ды і цётка, што выхоўвала Ганну, здагадвалася аб хваробе юнака і ведала, што сухоты, ад якіх памерлі яго маці і брат, рана ці позна забяруць і яго. Максім разумеў, што яна ніколі не пагодзіцца на іх шлюб. Але адмовіцца ад кахання, што надало крылы, ён не мог і не хацеў.

Хуткім часам Ганна едзе вучыцца ў Пецярбургскую кансерваторыю, а затым выходзіць замуж за аднакласніка Максіма Івана Лілеева. Горкім болем адгукнулася гэтая навіна ў сэрцы паэта, але ён усё роўна працягваў абагаўляць сваё нязбытнае каханне. Кожны вечар Максім выходзіў на набярэжную, праходзіў тыя мясціны, якія ён некалі наведваў з Аняй, якая дапамагла яму адкрыць новую, напэўна, самую пранікнёную старонку яго жыцця і лірыкі. Дарэчы, асобнік адзінага надрукаванага пры жыцці паэта зборніка вершаў «Вянок» Максім падарыў свайму сябру Мікалаю Какуеву. Як аказалася, гэтая кніга ўвесь час захоўвалася ў Ганны... 

Вельмі шчымлівая гісторыя кахання. Вельмі прыгожая, філасофская, прыцягальная карціна, дзе мы можам убачыць яе герояў.

– Жыццё творчага чалавека было б значна абедненым, калі б у ім не існавала муза, – гаворыць аўтар жывапіснага палатна Аляксандр Ксяндзоў. – Каханне стала моцным эмацыянальным і пачуццёвым падсілкаваннем таленту паэта. Гэты момант быў для мяне, як мастака, вельмі цікавы. Можна сказаць, што ён і прадвызначыў з’яўленне на свет такой карціны.

Аляксандр Паўлавіч сам неаднаразова бываў у багдановіцкіх мясцінах. Як прызнаўся, не столькі як мастак, колькі як чалавек – каб зразумець, адчуць, ужыцца ў той час. 

– Менавіта так мне ўяўляецца месца, дзе мог бы сустракацца паэт са сваёй каханай, – дзеліцца ён. – Яно вельмі рамантычнае, з прыгожай панарамай. Горад жыве сваім жыццём. Тым часам у сэрцы маладога паэта віхураць пачуцці: і каханне, і разуменне таго, што яму не наканавана спраўдзіцца. Але адчуваецца вялікая надзея, спадзяванне, жаданне, каб яго пачуцці прынялі. 

Можна пафантазіраваць, што адбывалася падчас гэтай сустрэчы. Можа, хвіліна прызнання, а можа – перад расстаннем?

– Я думаю, хутчэй за ўсё гэта паўза, чаканне, папярэднік нейкай сур’ёзнай размовы, – расказвае мастак. – Магчыма, перад тым, як прачытаць вершы, ці прысвячэнне ў спадзяванні на тое, што пранікнёныя радкі знойдуць сваю сцяжынку да сэрца каханай. Памятаеце: «Ах, как умеете Вы, Анна, Не замечать, что я влюблен. Но все же шлю я Вам не стон, А возглас радостный: осанна!». А можа, момант прызнання – кранальна стрыманага, урачыстага, ад усёй чысціні і палкасці пачуццяў.

Карціна вельмі ўражвае сваёй глыбінёй. Яна нібы запрашае да роздуму. Аляксандр Паўлавіч раскрыў сакрэт – калі ён працаваў, то марыў дасягнуць сутворчасці з яе будучымі гледачамі. Каб людзі, кожны са сваім успрыняццем, сваімі асацыяцыямі, эмоцыямі, нібы дапрацоўвалі ў думках вобразы і падзеі. А гэта магчыма тады, калі вобразы гэтыя сапраўды кранаюць. І гэта яму, безумоўна, удалося.

Дарэчы, творчыя асобы заўсёды прыцягвалі ўвагу Аляксандра Ксяндзова – адметным светаўспрыманнем, поглядамі на жыццё і мастацтва. У свой час ён напісаў «Прысвячэнне Уладзіміру Караткевічу», палатно набыла Дырэкцыя мастацкіх выстаў Міністэрства культуры СССР. Ёсць шэраг іншых работ.

Ды і сам Аляксандр Паўлавіч – асоба вельмі цікавая, неардынарная, шматгранная. Захапляе рознабаковасць яго творчых накірункаў. Любімы жанр – партрэт, разам з тым шмат і з задавальненнем піша нацюрморты, батальныя, бытавыя, гістарычныя палотны. 

У мастацкім асяроддзі вызначаюць яго творчае вольналюбства і імкненне да эксперыменту. І не без падстаў. Нельга не адзначыць тое, што Аляксандр Ксяндзоў адным з першых беларускіх мастакоў стаў пісаць у такім далікатным жанры, як «ню». 

Мастак заўсёды ў рабоце, здзіўляе яго творчая энергія, і са сваім натхненнем знаходзіцца ў пастаяннай гармоніі. Напэўна, таму яго творчая скарбонка надзвычай багатая. Аляксандр Паўлавіч правёў вялікую колькасць персанальных выстаў у Беларусі і за мяжою. Яго жывапісныя работы захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Англіі, Швейцарыі, Італіі, Францыі і іншых краін. Да прыкладу, карціну «Настальгія» набыла Траццякоўская галерэя. Яго работы ўпрыгожваюць Нацыянальную бібліятэку Беларусі, знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага дзяржаўнага мастацкага музея, а для будынка Савета Рэспублікі ён зрабіў вітражы.

Аляксандр Ксяндзоў належыць да кагорты мастакоў, знакавых для культурнай прасторы нашай краіны. Сёння ён, бясспрэчна, велічыня. Калі азірнуцца на жыццёвы і творчы шлях мастака,  то можна адзначыць адну важную рысу – амаль бесперапынны працэс навучання, дзе ён і вучань, і выкладчык. Унушае толькі пералік. Вучоба ў Рэспубліканскай школе мастацтва, Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў знакамітых Гаўрыіла Вашчанкі і Анатоля Бараноўскага, а таксама ў творчай майстэрні жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Міхаіла Савіцкага. Сябра Саюза мастакоў СССР і Беларускага саюза мастакоў. Такая сур’ёзная школа і прыроджаны талент сталі падставай вельмі плённай уласнай творчай дзейнасці і шматгадовай выкладчыцкай працы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А сярод найбольш значных узнагарод – медаль імя Францыска Скарыны.

Сваё ранняе дзяцінства мастак правёў на Крупшчыне, у вёсцы Баравыя. І зараз часам ён прыязджае на малую радзіму. Праўда, парадаваў крупчан сузіраннем сваіх карцін толькі аднойчы падчас персанальнай выставы «Нараджэнне Венеры». Зразумела – занятасць. Але ўсё роўна ёсць усе падставы спадзявацца і чакаць яго з новым творчым візітам.

У чым яна, прыцягальная таямніца палотнаў Аляксанра Ксяндзова? У тым, што на п’едэстале яго творчасці заўсёды стаіць чалавек, прыгажосць яго душы і цела. У тым, што мастак не проста піша палотны, ён спасцігае сутнасць сваіх герояў, таму атрымліваюцца яны такія сапраўдныя. У тым, што валодае таямніцамі святла і стварае карціны, у прастору якіх хочацца ўвайсці.

Давайце яшчэ раз паглядзім на палатно «Прысвячэнне. Памяці Максіма Багдановіча».  Гэта ўнікальная работа – цэлае апавяданне з яго галоўнымі героямі, вонкавым асяроддзем і яшчэ многімі дэталямі, дзякуючы якім яна ўспрымаецца асабліва. Гэта шчодры дар нам, гледачам, а таксама памяці назаўжды юнаму геніяльнаму паэту, якому лёс наканаваў 25 гадоў зямнога і вечнасць творчага жыцця.

Фота Аляксандра БУДЗЬКО.

 

Таццяна КАВАЛЕНКА

 

Гады мінаюць. На карціне мастака

Стаіце вы ў тым самым усё маўчанні.

І Аня побач! Вы ў баку ад гарадка.

І часу шмат яшчэ да развітання…

О, як жа многа вам ёй хочацца сказаць, 

Завесці б з ёю шчырую размову!

Але вы і далей усё будзеце маўчаць,

Бо гэта лепей, чым пачуць адмову.

У маўчанні шчэ надзея ўсё жыве.

Вы, юны, гэта добра зразумелі.

Таму прыспешваць вы не будзеце яе,

А проста пастаіце ў задуменні.

І вершы потым у вас з’явяцца, Максім,

Неверагоднай, дзіўнай прыгажосці.

Лёс мудрым вас зрабіў не па гадах зусім.

Ваш талент пасталеў у маладосці.

Ёсць мастакі ў гэтым свеце нездарма.

Яны  імгненне пераўтвораць у вечнасць!

Ў жыцці патрэбна Аня вам адна?

У паглядзе вашым бачыцца бясспрэчнасць.

Вы не пачулі ад яе жаданых слоў,

Жыцця дарогі так вас не злучылі.

Яе ж імя толькі таму паўтораць зноў,  

Што моцна вы, Паэт, яе любілі.

История Крупского района

На северо-востоке Минской области находится Крупский район. Богатейшая история вмещает события почти пяти столетий. Находясь на перекрестке дорог и эпох, местечко, поселок, город Крупки повидал многое: путешественников по знаменитому Екатерининскому тракту, пожарища 1812 года, переломные события начала ХХ века, боль и страдания фашистской оккупации, беспримерный подвиг защитников Родины, самоотверженный труд людей, сделавший район современным и развитым, прославившим его далеко за пределами страны. 

Подробнее о Крупском районе

Приемная главного редактора

Приемная редактора

 

Уважаемые читатели!

Главный редактор районной газеты «Крупскi веснiк» Марина Николаевна Бородавко ответит на ваши вопросы.

 Чтобы задать вопрос воспользуйтесь формой обратной связи на нашем сайте.