Даўно адгрымелі паходы. З кожным днём становіцца ўсё менш тых, хто мог бы расказаць пра іх з першых вуснаў. Але ёсць мы, наша памяць, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, што занатавана ў кнігах, музеях, старых фотаздымках… Ніяк не выходзіла з галавы тое фота. Што гэта за людзі, як праходзіла іх партызанская маладосць, як склаўся далейшы лёс? Гэтыя пытанні пацягнулі ў цікавую даследчую работу. Давялося шмат перачытаць старых газетных падшывак, шукаючы звесткі праз успаміны розных людзей. А яшчэ пашчасціла атрымаць допіс пра бацькоў іх сына, Івана Іванавіча Падалінскага, што жыве ў пасёлку Крупскім.
У выніку перад вачыма кінастужкай прайшоў няпросты лёс людзей, смеласць якіх заслугоўвае самых высокіх слоў.
Іван Уласавіч Падалінскі нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і ў вёсцы Каменка на Сенненшчыне ў 1921 годзе. Яго бацька, Улас Андрэевіч, быў рэпрэсіраваны як кулак. Маці, Соф'і Рыгораўне, давялося паднімаць дзяцей адной. Іван імкнуўся вучыцца – паступіў і паспяхова скончыў Полацкі лясны тэхнікум.
Праскоўя (Паша, так часцей называлі яе, нават у друкаваных крыніцах) Емяльянаўна – у дзявоцтве Казлоўская – таксама з мнагадзетнай сям'і, нарадзілася ў 1922 годзе ў Дзянісавічах. Жылі бедна, бацька рана памёр ад хваробы. Паша працавала піянерважатай у Выдрыцы, куды хадзіла пешшу.
Так, да вайны іх жыццё складвалася прыкладна аднолькава. Сустрэўшыся падчас ліхалецця, яны хутка зразумелі і адчулі адзін аднаго, каб аб'яднаць свае лёсы ў адзін, поруч змагацца з ворагам.
У пачатку 1942 г. пасля спецыяльнай падрыхтоўкі Іван у складзе 48 байцоў атрада «Гвардзеец» накіроўваецца ў тыл ворага ў Беларусь на тэрыторыю Крупскага раёна. Быў у гэтай групе і яго родны брат Ігар. Атрад ішоў за лінію фронту начамі, глухімі сцежкамі, непраходнымі балотамі за суткі больш за паўсотню кіламетраў. Нярэдка даводзілася ўступаць у сутычкі з ворагам. Каля станцыі Абалянка, пераходзячы чыгунку, патрапілі пад абстрэл і ўступілі ў бой. Партызан Адзінец кулямётным агнём прымусіў фашыстаў залегчы, а Іван падпоўз да дзоту і закідаў яго гранатамі.
Атрад прыбыў на Палік, дзе быў раздзелены на дзве часткі. Адну з іх разам з камісарам Іванам Фёдаравічам Ісачанкам узначаліў Іван Уласавіч Падалінскі. Яна і накіравалася ў Крупскі раён для падбору месца пастаяннай дыслакацыі атрада (пазней Падалінскі ўзначаліў адну з дыверсійных груп, а яшчэ пазней стаў начальнікам штаба).
Тым часам у так званай дзянісавіцкай зоне размяшчаліся некалькі нямецкіх гарнізонаў, толькі-толькі стаў зараджацца партызанскі рух. У мясцовых лясах партызанілі групы пад кіраўніцтвам Жуніна, Машчыцкага, Цярноўскага і Сарокіна. Пастаяннай сувязной у групе Жуніна ўжо тады была Аня Казлоўская, сястра Пашы. А ў хуткім часе да гэтай справы далучылася і сама Праскоўя.
Партызанскі рух мацнеў. У ліпені-жніўні 1942 года дыверсійная група старшага сяржанта Падалінскага паміж станцыямі Крупкі-Прыяміна ўзарвала 4 эшалоны, знішчыла ў агульнай колькасці 27 вагонаў. Падрыўнікі на ўчастку Ухвала-Крупкі знішчылі 9 нямецкіх аўтамашын.
Група пад кіраўніцтвам Падалінскага пастаянна выходзіла на баявыя заданні. Мініраванне чыгункі, дыверсія на станцыі Крупкі, калі ўзарвалі паравоз і 4 вагоны з жывой сілай ворага, дыверсія ў вёсцы Каменка, падчас якой знішчаны склад з боепрыпасамі і г.д.
Дыверсіі, здзейсненыя на чыгунцы, партызаны атрада «Гвардзеец» занатоўвалі ў дзённіку. Вось адзін з запісаў: «18/04/1943 г. група з 6 чалавек (Падалінскі і іншыя ... (далей быў пералік прозвішчаў) каля вёскі Нача ажыццявіла падрыў варожага эшалона. Згодна сведчанняў членаў групы, а таксама работніка па рамонту чыгункі і работніцы сельскай школы з в. Радзіца, з рэек з высокага абрыву сышло 14 вагонаў з жывой сілай і 2 вагоны з харчаваннем. Забіта і паранена да 500 чалавек. Рух цягнікоў прыпынены на 16 гадзін, разбіты паравоз паднялі толькі на чацвёртыя суткі».
Разгортвалася рэйкавая вайна. Народныя мсціўцы ўзмацнілі дыверсійную работу на чыгунцы. Аднойчы восенню 1943 года рух на ўчастку Барысаў-Орша быў спынены на цэлы тыдзень.
Іван Уласавіч Падалінскі быў сапраўдным майстрам падрыўной справы. Некалькі эпізодаў узгадвае па аповядах бацькі яго сын, Іван Іванавіч Падалінскі. «Калі партызаны хацелі ўзарваць мост праз раку Нача, пры падыходзе падарваўся на міне партызан Бойка, і пры гэтым узляцела сігнальная ракета. Узмоцненая ахова адкрыла агонь. Па загаду бацькі партызаны пачалі бой. З боку Барысава набліжаўся цягнік, бацька разам з партызанам Пятровічам закладваў міну пад агнём. Ахова імкнулася папярэдзіць машыніста, але цягнік не паспеў спыніцца, і сем вагонаў сышлі з рэек. Рух спыніўся на цэлыя суткі. Быў выпадак, калі пры выбуху эшалона бацьку ледзь не забіла адарваным паравозным колам, а затым кантузіла. Адыходзілі тады з боем. Партызаны пайшлі без бацькі, лічачы яго загінулым, але ён ачуняў і праз суткі вярнуўся сам».
Набліжалася чарговая гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да яе партызаны з некалькіх атрадаў на партыйным сходзе вырашылі разграміць Дзянісавіцкі гарнізон. Менавіта праз Пашу Казлоўскую (пасля арышту фельчара Георгія Буракова) партызанам удалося пацвердзіць той факт, што начальнік Дзянісавіцкай паліцыі Сакалоў шукае сувязі з партызанамі для перагавораў. Дзяўчына атрымала заданне пайсці да яго і перадаць звесткі пра месца і час сустрэчы. І адважная Паша паспяхова выканала яго. Як вядома, пасля гэтага гарнізон быў разгромлены, а партызанскія рады папоўніліся новымі байцамі.
Да таго часу Паша стала пастаяннай сувязной атрада «Гвардзеец». Шмат каштоўнай інфармацыі здабыла яна для народных мсціўцаў. З гэтай прычыны над сям'ёй навісла пагроза арышту, і Паша разам з малодшымі братамі-падлеткамі пайшла ў партызанскі атрад. Там яна хадзіла на заданні, працавала па гаспадарцы.
У атрадзе дзяўчына сустрэла Івана Падалінскага. Вайна не стала перашкодай для кахання, і ў 1943 годзе камандзір нават зарэгістраваў іх шлюб, напісаўшы адпаведнае пасведчанне на нямецкай паперы. Там жа, у атрадзе, нарадзіўся іх першынец Леанід.
Шмат давялося перажыць падчас блакады на Паліку ў 1944-м. Дыверсійная група пад кіраўніцтвам Івана Падалінскага неаднаразова выходзіла на заданні на чыгунку, пускала пад адхон саставы з тэхнікай, боепрыпасамі і прадуктамі, якія ішлі на фронт.
«А маці там ледзь не страціла свайго першынца, – апавядае з успамінаў бацькоў Іван Іванавіч Падалінскі. – Іх прыціснулі да непраходных балотаў. Казалі, што калі немцы стралялі па балоце, даводзілася ныраць разам з дзіцём з галавой пад ваду. Але яны выжылі».
Потым быў прарыў блакады, сустрэча з Чырвонай Арміяй. «Бацька быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга і медалямі, – працягвае свой аповяд Іван Іванавіч Падалінскі. – Мама ўзнагароджана медалём «За адвагу». Шмат гора зведала наша сям’я. У атрадзе разам з бацькам быў брат Ігар. Браты Марк і Аляксей партызанілі ў атрадзе Заслонава пад Оршай, Марк загінуў. Сястра Аляксандра пражывала ў горадзе Сызрань».
Пасля вызвалення Іван Уласавіч Падалінскі не трапіў у дзеючую армію, бо яго накіравалі на вучобу ў Мінск. Узялася за мірную працу і Праскоўя Емяльянаўна. Адразу жылі ў Дзянісавічах, пакуль не пабудавалі дом у пасёлку Крупскім у 1948 годзе. Праскоўя Емяльянаўна працавала ў райпо загадчыцай склада, буфетчыцай. З 1965 па 1975 год – інспектарам па кадрах. А з 1975-га – у Крупскай аўтабазе № 16 лінейным, пасля пасадачным кантралёрам.
Іван Уласавіч уладкаваўся ў ляспрамгас – дапамагла адукацыя, набытая яшчэ да вайны. А затым быў першым ляснічым у Крупскім ваенным лясніцтве, якое ўтварылася 7 мая 1949 года (цяпер гэта дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Крупскі ваенны лясгас»). Затым да 1965 года працаваў у Крупскім хімлясгасе. У 1965 г. быў пераведзены дырэктарам самага буйнога ў Беларусі Палескага хімлясгаса ў Калінкавічах Гомельскай вобласці, дзе да 1975 г. пражывала ўся сям'я. Завочна скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава.
«У 1975 г. вярнуліся на малую радзіму (настаяла мама), – працягвае Іван Іванавіч Падалінскі. – Тут бацька працаваў галоўным інжынерам, а затым дырэктарам Бобрскага лесазавода. На пенсію (па інваліднасці) пайшоў з пасады старшыні Ігрушкаўскага сельсавета. У бацькоў нас чацвёра сыноў: Леанід 1943-га, Валерый 1946-га, Уладзімір 1952-га і я, Іван, 1958-га гадоў нараджэння».
Вось такая яна, гісторыя сям’і Падалінскіх. Адна з тысяч і тысяч гісторый людзей, што мужна прайшлі суровымі дарогамі вайны. Нам, цяперашнім, цяжка нават уявіць сабе маштаб таго, што зведана падчас ліхалецця! І яны, нашы продкі, змагаліся з ворагам для таго, каб мы бачылі мірнае неба. Нізкі ім за гэта паклон!