Нарадзілася ў вёсцы Колесава Яраслаўскай вобласці. Кандыдат у члены КПСС. Закончыла 2-е Маскоўскае педагагічнае вучылішча (1939 г.). Працавала настаўніцай Маскоўскай школы № 47, старшай піянерважатай. У пачатку вайны медсястра, удзельніца абароны Масквы. У 1941 годзе з групай разведчыц неаднаразова пераходзіла лінію фронту для дыверсійнай работы ў тыле ворага. З 1.5.1942 года – камандзір дыверсійнай групы ў Барысаўскім і Крупскім раёнах Мінскай вобласці, якая падарвала мост, 4 варожыя эшалоны, 7 эшалонаў разам з іншымі групамі, 3 аўтамашыны, разграміла 6 гарнізонаў праціўніка. Загінула ў баі ў в. Выдрыца Крупскага раёна. Пахавана ў г. Крупкі.
Імя Алены Фёдараўны Колесавай прысвоена калгасу (цяпер ён уваходзіць у склад ААТ «МайскаеАгра»), сярэдняй школе № 2 у г. Крупкі (зараз Крупская раённая гімназія), побач пастаўлены помнік; яе імем названа вуліца ў г. Крупкі; на месцы гібелі ў в. Выдрыца ўстаноўлены мемарыяльны знак.