Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Выхаванец Бобрскага дзіцячага дома. Скончыў сярэднюю школу. У Чырвонай Арміі з 1940 года. З чэрвеня 1941 года на фронце. Радыст узвода сувязі 384-га асобнага батальёна марской пяхоты (Адэская ваенна-марская база).
Вызначыўся ў дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў. Старшы матрос Аляксандр Сяргеевіч Люты ў ноч на 26 сакавіка 1944 года ў складзе групы маракоў і салдат (67 чалавек) пад камандаваннем старшага лейтэнанта К. Альшанскага быў высаджаны ў тыл праціўніка. Двое сутак да падыходу сваіх войск яны падтрымлівалі бесперабойную сувязь атрада з камандаваннем, адбілі 18 атак праціўніка і знішчылі 700 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Пахаваны ў брацкай магіле ў г. Мікалаеў. У гонар подзвігу дэсантнікаў у Мікалаеве пастаўлены помнік.