Гэтыя радкі з верша Мікалая Філатава, прысвечаныя аднапалчаніну Васілю Аляксандравічу Князеву, лётчыку, Герою Савецкага Саюза, ураджэнцу мястэчка Бобр Крупскага раёна, можна па праву аднесці і да яго землякоў, сапраўдных рабочых вайны, Герояў Савецкага Саюза, таксама выхадцаў з Бабра – марскога дэсантніка Аляксандра Сяргеевіча Лютага (пра яго мы вялі аповед у папярэдніх нумарах «Крупскага весніка») і танкіста Міхаіла Дзмітрыевіча Конанава.
Іх аб’ядноўвае не толькі высокае званне Героя, малая Радзіма. Як і Люты, Князеў нарадзіўся ў студзені 1920 года. Конанаў, праўда, значна старэйшы па ўзросту.
В.А. Князеў быў рабочым чалавекам, як кажуць, па жыцці, яшчэ з маленства. Спачатку гэта была праца на зямлі, у сялянскай сям’і, затым пасля вучобы ў фабрычна-завадскім вучылішчы ў майстэрнях чыгуначнага вузла Віцебска. Адначасова Васіль без адрыву ад вытворчасці наведваў Віцебскі аэраклуб. Гэта і вызначыла яго далейшы жыццёвы і ратны шлях. У 1940 годзе ён скончыў Адэскую ваенную авіяцыйную школу, пазней курсы камандзіраў авіяцыйных звенняў.
Падчас Вяікай Айчыннай вайны свой баявы лік збітых варожых самалётаў лётчык адкрыў ужо на другі дзень вайны, збіўшы варожы бамбардыроўшчык, усяго ж у першыя два месяцы пасля нападу гітлераўцаў на СССР атрымаў чатыры асабістыя перамогі над ворагам, збіўшы 4 самалёты. За гэта першым у авіяпалку ў лістападзе 1941 года ён быў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.
Паводле ўспамінаў аднапалчан Князеў увесь час імкнуўся да бою, шукаў сустрэч з ворагам, смела нападаў на праціўнікаў, нягледзячы на іх колькасную перавагу.
«Кипучий по характеру, голубоглазый белорус всегда обращал на себя внимание виртуозностью в технике пилотирования, быстротой реакции в неожиданных ситуациях. У него было больше умения воздушного бойца, чем у других летчиков», – так адзываўся пра лётчыка начальнік штаба авіяпалка, у складзе якога ваяваў Князеў.

За першыя два гады вайны Васіль Аляксандравіч збіў 20 самалётаў праціўніка, не лічачы соцень забітых варожых салдат, дзясяткаў знішчаных танкаў, пушак, аўтамашын. У жніўні 1943 года ён быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.
Князеў удзельнічаў у баях у небе Украіны, Беларусі, камандаваў эскадрылляй самалётаў-знішчальнікаў 88-га авіяцыйнага палка. У адным з баявых данясенняў падчас аперацыі «Баграціён» адзначалася, што пара знішчальнікаў на чале з капітанам Князевым суправаджала штурмавікі Іл-2. Калі бамбардыроўшчыкі скінулі свае бомбы на калону адступаўшых па шашы варожых войск, Князеў разам з вядомым на самалётах спікіравалі на ворагаў, расстрэльваючы іх з пушак і кулямётаў. Пасля іх штурмоўкі на зямлі засталіся дагараць больш за 20 адзінак варожай тэхнікі.
Адразу ж пасля вызвалення ад гітлераўцаў Беларусі, як вядома, 28 чэрвеня 1944 года Крупскага раёна, а 3 ліпеня – сталіцы, горада Мінска, лётчык здолеў пабываць у родных мясцінах. Ён убачыў амаль поўнасцю спалены пасёлак Бобр, даведаўся, што больш за тысячу яго аднавяскоўцаў былі расстраляны. Не абмінула гора і сям’ю Князева: гітлераўцы расстралялі двух братоў Міхаіла і Алега, прапалі без вестак бацькі і сястра.
Вярнуўшыся ў свой полк, Князеў даў клятву. У гэтай клятве-звароце, надрукаванай 12 ліпеня 1944 года ў газеце «Крылья Родины», а ў наш час, у 1999 годзе, у кнізе «Памяць» па Крупскаму раёну, ёсць такія радкі: «Тры гады знаходзілася пад фашысцкім гнётам мая Радзіма – Беларусь. Тры гады фашысцкія разбойнікі здзекваліся над беларускім народам, спрабуючы пазбавіць яго чалавечых правоў, ператварыць у рабоў…
Асабіста мяне напаткала вялікае гора. Фашысты знішчылі маіх родных… Клянуся, што ніколі не дрогне мая рука ў баі. Пакуль б’ецца маё сэрца, я буду знішчаць ворага, змагацца за шчасце маёй Радзімы».
Вайну Князеў скончыў у Германіі, недалёка ад Берліна на пасадзе камандзіра палка. Да гэтага часу ён стаў свайго рода рэкардсменам сярод лётчыкаў-знішчальнікаў па колькасці вылетаў – 1 088, правёў 138 паветраных баёў і збіў 29 варожых самалётаў, не лічачы знішчаных на зямлі 800 гітлераўцаў, тэхнікі праціўніка. Вось такі вынік ратнай працы рабочага вайны.
Падчас Дня Перамогі на яго грудзях зіхацелі, акрамя зоркі Героя, 2 ордэны Леніна, 2 – Баявога Чырвонага Сцяга, 2 ордэны Айчыннай вайны першай ступені, ордэн Аляксандра Неўскага, не лічачы іншых узнагарод.
Пасля пераможнага завяршэння вайны камандзір авіяпалка гвардыі палкоўнік Князеў да 1962 года служыў у арміі, перадаваў свой вопыт маладым авіятарам. Звольніўся ў запас з пасады камандзіра дывізіі, пазней жыў у Адэсе, працаваў у мірнай авіяцыі, на лініях грамадзянскага Аэрафлота. Але вайна не прайшла без слядоў для здароўя, і ў 1968 годзе Князева не стала. Яго імем названы вуліцы ў Віцебску, на станцыі Бобр. На Беларускай чыгуначнай магістралі працуе цеплавоз «Васіль Князеў».
Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук. Фота прадастаўлена аўтарам.


