Вось і на свята, якое праходзіла ў раённым Цэнтры культуры напярэдадні Дня пажылых людзей і дзе падводзіліся вынікі конкурсу-агляду «Лепшае ветэранскае падвор’е», Іван і Тамара Паповы прывезлі асабістую выставу гародніны, пладоў і фруктаў, духмяных траў, а яшчэ – асенніх кветак. І на іх міні-падвор’е заглядвалі многія. Трымаючы ў руках адзнаку ўдачных спраў – Дыплом пераможцы, – Тамара расказвала:
– Сёлета мы вырашылі паэксперыментаваць – пасадзіць на градках, якія вызваліліся ад часнаку і цыбулі, – бульбу. Так-так, было гэта дзесьці 15 жніўня. Клубні хутка і дружна ўзышлі, пасадкі мы акучылі, і вось ужо атрымалі новы ўраджай. Якраз да канца верасня ў нас была ўжо маладая бульба. І сёння на нашай выставе яна займае дастойнае месца.
Затым пасля прэзентацыі Тамара з мужам уручылі букеты кветак многім удзельнікам свята, а асобным – вялізныя зялёныя букеты... з сельдэрэю.
На падворку сядзібы Паповых, якая знаходзіцца на вуліцы Янкі Купалы, дагледжаны фруктовы сад, шмат кустоў чорных і чырвоных парэчак, агрэсту, айвы, ажыны, маліны і ажынамаліны, клубніцамаліны, бружмелю (жимолости). Ёсць і экзатычныя расліны. Але іх гонар – мноства кветак. Цвітуць яны з самай ранняй вясны і да позняй восені, радуючы не толькі саміх гаспадароў, але і ўсіх, хто праходзіць міма. Гледзячы на створаную сваімі рукамі прыгажосць, Тамара і Іван Паповы будуюць новыя планы, бо ім гэта справа па душы!