І гэта цудоўна. Шмат чаго цікавага пра Начу нам распавёў краязнаўца, настаўнік Уладзімір Канстанцінавіч Канапліцкі, які шмат гадоў адпрацаваў у мясцовай школе, стварыў там невялікі, але вельмі змястоўны музей і сабраў багаты матэрыял пра гэты край. Мы вельмі рады, што ў нашага праекта з’явіўся новы суаўтар. Уладзімір Канстанцінавіч не застаўся раўнадушным да прапановы ўключыцца ў творчую групу. І вось зараз з яго дапамогай мы прыадчынем заслону часу і зазірнем у мінулае аднаго з куточкаў нашай малой радзімы.
…Як населены пункт Нача значыцца ў крыніцах з 1586 года. Яна заснавана як мястэчка ў Барысаўскім старостве віленскім ваяводай Крыштофам Радзівілам. Магчыма таму і сведчыцца, што мястэчка нейкі час называлі Радзівілаўская воля. А ў кнізе Валянціна Грыцкевіча і Адама Мальдзіса «Шляхі вялі праз Беларусь» сустракаем і такі запіс: «У 1593 годзе С. Хейс зазначыў, што Нача была заснавана ўсяго дзевяць год назад, а яе жыхароў кароль (кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый, – заўвага рэд.) на дваццаць гадоў вызваліў ад усялякіх падаткаў і павіннасцей». Атрымліваецца, што, верагодна, вёска і на 2 гады старэй.
Сама ж назва Нача хутчэй за ўсё паходзіць ад назвы рэчкі Нача і азначае пачатак ворыўнага земляробства, сельскагаспадарчых работ.
Паводле звестак, што падзяліўся краязнаўца Андрэй Аляхновіч, паселішча мае больш раннюю гісторыю. Мяркуючы па археалагічных знаходках, паміж Начай і пасёлкам Барок знаходзілася невялікае пасяленне эпохі пераходу ад каменнага да жалезнага веку. Недалёка ад вёскі былі знойдзены каменныя сякеры, рубілы, скрабкі, якія знаходзяцца ў школьным этнаграфічным пакоі.
І па старажытных назвах вуліц – Татаршчына, Кацярынінскі тракт, Рынак, Папоўшчына – можна ўжо аб чымсьці меркаваць. У час мангола-татарскіх набегаў захопнікі сяліліся на тэрыторыі нашай краіны і часта змешваліся з мясцовым насельніцтвам. Вось – і Татаршчына (зараз Паўночная). Вуліцу Папоўшчына (цяпер Паўднёвая) назвалі так таму, што тут жылі папоўскія сем’і.
Мястэчка Нача належала двум гаспадарам: пану Служку, старасту Рэчыцкаму і вяльможнаму яго міласці пану Яну Казіміру Сапегу, старасту жмудскаму, гетману Вялікага Княства Літоўскага. У 1682 годзе ў Начы было дзве ўніяцкія царквы: царква Святога Кузьмы і Дзям’яна і царква Святой Троіцы. У 1797 годзе Троіцкая царква была пераведзена ў праваслаўную. Аб гэтым мы даведваемся з архіва «Гісторыя праваслаўных цэркваў і царкоўна-прыходскіх школ і энцыклапедычнага даведніка «Праваслаўныя храмы на Беларусі» Анатоля Кулагіна. Тут упамінаецца эпізод, калі Павел I, імператар Расіі, праязджаў праз Начу і наведаў царкву ў 1797 годзе. Царква знаходзілася ў маляўнічым месцы на беразе рэчкі Нача, там, дзе цяпер узвышаецца абеліск загінуўшым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны. У перадваенныя гады святар жыў у вёсцы Колас (тады вёска Каўпыніца) і часта прыязджаў на службу па вуліцы Паўднёвай, якая вяла да царквы. Таму не дзіўна, што мясцовыя жыхары памятаюць назву вуліцы як Папоўшчына. Крыху далей ад абеліска была старожка для служкаў царквы.
Дзе-нідзе захаваліся і старыя сваі ад разбуранага маста праз рэчку Нача. Каля яго знаходзіўся млын, пабудаваны ў 1760 годзе. Да вайны на млыне працавалі Піліп Шастакоў і Дзмітрый Стасевіч.
Здаўна і, можна сказаць, да цяперашняга, Нача мае характэрную для большасці вёсак архітэктурную забудову: галоўная, цэнтральная вуліца, якая вызначала побыт і ўзровень жыцця насельніцтва, і некалькі яе адгалінаванняў. Цэнтральная вуліца зараз называецца Кастрычніцкая. Яна мае даўнюю і цікавую гісторыю. Як толькі яе не называлі! Вітава дарога або Вітаўка, затым Польскі шлях, Вялікі гасцінец, пасля Кацярынінскі бальшак або Кацярынінскі тракт, Старая Смаленская дарога, Варшаўка, Маскоўская, Алімпійка. Найбольш адметная назва, якая ў побыце сустракаецца і сёння, – гэта Кацярынінскі тракт. Вуліца існавала яшчэ да кацярынінскіх часоў. Яна звязвала Маскоўска-Варшаўскі напрамак. Іншага шляху не было. Старажылы нават помняць яшчэ тыя старыя бярозы, пасаджаныя пры Кацярыне, невялікія рвы па абодва бакі дарогі і мосцікі ў кожны двор. Вуліца шырокая, прамая, у кацярынінскі час была брукаваная.
У гады Айчыннай вайны 1812 года Напалеон са сваімі войскамі наступаў на Маскву па Кацярынінскім тракце праз вёску Нача. Французская армія, узначальваемая Багарнэ – пасынкам Напалеона, была затрымана рускімі ў вёсцы больш чым на суткі. Як вядома, руская армія пад камандаваннем Кутузава вымусіла адступаць французаў назад па гэтай дарозе.
Вуліца Набярэжная даўней называлася Рынак. У часы напалеонаўскага нашэсця яна вяла да двух рынкаў, што былі па абодва бакі ад цяперашняга магазіна. Там гандлявалі мёдам, салам, іншымі прысмакамі і, што немалаважна, пянькой. Гэты факт нават занатаваны на карце ў Напалеона, дзе Нача абазначана як пасёлак Пянькоў. Пянька, як вядома, выкарыстоўвалася для вырабу вяровак, у тым ліку для лапцей, канатаў для ветразяў. У Начы ж вяроўкі і вырабляліся. Большасць жыхароў з вуліцы Набярэжнай займалася рыбалоўствам, адсюль і сярод найбольш частых прозвішчаў – Рыбак.
Па звестках Фанвізіна і афіцэра царскай арміі Глінкі, якім таксама прыходзілася ў свой час праязджаць праз Начу, тады яна ўяўляла сабой невялікае паселішча, жыхары якога займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй і кустарным рамяством. Яны адзначалі, што месца гэта вельмі прыгожае. У той час у вёсцы быў невялікі тракцір і гасцінны двор (карчма), дзе можна было адпачыць і падсілкавацца таму, хто праязджаў тут. Па апісанні англійскага гісторыка і этнографа Кокса, які праязджаў двойчы праз Начу, яна таксама ўяўляла сабой невялікі пасёлак. Хаты ў ім былі нізкія, рубленыя сякерай, пакрытыя саломай. Вопратка ў жыхароў з тканіны, самаробна вытканай на мясцовых ткацкіх станках (кроснах). На іх галовах былі надзеты сувоевыя шапкі, часам з лямцу. Доўгія сарочкі, на нагах лапці з лазы, у іх доўгія валасы. Мужчыны носяць доўгія бароды, пры праездзе незнаёмых людзей яны нізка кланяюцца, вызначаюцца гасціннасцю. У хаце нічога няма, акрамя глінянага посуду, драўлянай лыжкі. Асноўныя сродкі працы – сякера, рыдлёўка, вілы, каса і серп. У 1886 годзе ў вёсцы налічвалася 54 двары з 480 жыхарамі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў вёсцы адбыліся вялікія змены. Ажыццяўлялася барацьба з непісьменнасцю, ствараліся калгасы, саўгасы. Але ўсё роўна працавалі ўручную, як і да рэвалюцыі, не хапала машын. Сеялі, апрацоўвалі зямлю канямі, часта самі людзі цягалі плугі і бароны. Убіралі ўраджай сярпамі і косамі.
Вельмі цікавая тэма – тапаніміка таго краю. Як адзначае Уладзімір Канстанцінавіч, зараз ужо мала хто ўспомніць назвы былых вуліц, урочышчаў ці хутароў. А тым часам звесткі пра іх – гэта каштоўная інфармацыя пра нашу малую радзіму даўней. Напрыклад, Воўчае логава, месца, што ў бок Прыяміна, называлі так з-за таго, што менавіта туды часцяком наведваліся ваўкі і пагражалі хатняй жывёле. На хутары Дудары жыла сям’я ўмельцаў іграць на дудках. Дудары так добра гралі і весялілі вяскоўцаў, што іх запрашалі ў Барысаў, Мінск і нават Маскву. Ад Каўпыніцы ў бок лесу была высокая гара, там даўней сушылі зерне і захоўвалі ў пуні, а гару з зернесховішчам звалі Высокая Пунька. Парасячы лог – мясціна ў лесе за ракой недалёка ад Барка, тут любілі прабягаць і «адпачываць» у гразі дзікі. На былым хутары Вейніца быў хмызняк, з якога вязалі венікі. Тут жыў Андрэй Цітавец, які да рэвалюцыі працаваў аб’ездчыкам лесу, а яго дачка, Анастасія Андрэеўна, працавала настаўніцай у Нацкай царкоўна-прыходскай школе. Пасёлак за Заполлем называўся Восьмае. Тут жылі яўрэі па прозвішчы Бейнінсон. Яны займаліся земляробствам і рамяством. Восьмае – таму, што аддалена ад астатніх вёсак, нібы за восем узгоркаў. Сям’я ў гады акупацыі была расстраляна, а пасёлак спалены. Селішча Яроцкае (на яго месцы зараз ільнозавод) звалася так па прозвішчы пана Яроцкага, які валодаў гэтымі землямі. Селішча складалася з васьмі хат, якія размяшчаліся па абодва бакі невялікай рачулкі Дубешня. Па расказах старажылаў, тут быў хутар Аляхновічаў – сям’і шляхецкага саслоўя. Непадалёку знаходзяцца старажытныя курганы – могільнікі, а іх больш за 30. Вяскоўцы лічаць, што гэта старажытныя пахаванні нашых далёкіх продкаў, якія жылі шмат стагоддзяў таму. Невялічкі пастамент з таблічкай напамінае, што курганы-могільнікі знаходзяцца пад аховай дзяржавы…
Уладзімір Канстанцінавіч Канапліцкі шмат чаго ведае з гісторыі мясцовага калгаса, школы, сабраў вялікую колькасць звестак пра знакамітых землякоў. Пра гэта мы раскажам пазней.