krupki.by

ru RU be BE en EN


Мы, беларусы! (Частка 1)

Автор / Паралелі часу / Понедельник, 28 января 2019 15:59 / Просмотров: 1931

Міхась Клімковіч з сястрой КсеніяйПалітычны светапогляд аўтара тэксту Дзяржаўнага гімна БССР Міхася Клімковіча ўсталёўваўся на Крупшчыне. Гэта вельмі цікавы факт з гісторыі нашага раёна. Праз гады Міхася Клімковіча будуць ведаць як беларускага паэта, драматурга, празаіка і крытыка. А ў тыя далёкія і супярэчлівыя 20-я гады мінулага стагоддзя ён, тады яшчэ малады чалавек, з энтузіязмам успрыняў бальшавіцкія ідэі і савецкую ўладу і зрабіў шмат чаго плённага. Міхась Мікалаевіч настаўнічаў у Хацюхова. І зараз пра гэта там захоўваецца добрая памяць, у школе створаны музей, у які ў свой час шмат клопату і намаганняў уклала настаўніца Алена Аляксандраўна Зайцава. На гэтыя матэрыялы мы ў многім будзем абапірацца ў аповядзе пра Клімковіча, а таксама на звесткі кандыдата гістарычных навук Дзмітрыя Хромчанкі і ўласныя даследаванні.

Міхась Клімковіч нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Сялітранка Барысаўскага павета Мінскай вобласці. Хоць паходзіў ён з сялянскай сям’і, бацькі марылі аб тым, каб даць сыну добрую адукацыю. Беднасць прымусіла бацьку шукаць сродкі для існавання, ён пайшоў працаваць на лесапільны завод купца Горліна ў Нова-Барысаве. У 7 гадоў Міхась паступіў вучыцца ў вясковую школу. Хлопчык аказаўся вельмі здольным, чым і прыцягнуў да сябе ўвагу вясковай настаўніцы і мясцовага святара. Яны і накіравалі Міхася ў 1911 годзе ў Барысаўскае вышэйшае чатырохкласнае гарадское вучылішча. Вучоба давалася лёгка, і хлопец увесь вольны час аддаваў чытанню кніг, што даставаў у бібліятэцы, у настаўніцы і ў святара.

У той час ён знаёміцца з рэвалюцыйнай літаратурай, зачытваецца творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Тут упершыню сам спрабуе творчую працу – арганізоўвае выпуск рукапіснага часопіса «Пралеска». Пасля паспяховага заканчэння вучылішча Клімковіч пачынае настаўнічаць у школах Барысаўскага павета. А ў 1918 годзе трапляе на Крупшчыну. У Хацюхоўскай школе нам распавялі, што ў той час школа размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце. У музеі ёсць унікальныя ўспаміны Мацвея Фаміча Макрыцкага, аднаго з першых выпускнікоў школы. Вось што ён расказаў: «Пачатковая школа ў вёсцы Хацюхова адчынілася восенню 1908 года. Яна называлася Хацюхоўская Народная школа Міністэрства народнай адукацыі. Спецыяльнага школьнага будынка не было. Царскі ўрад клапаціўся пра пабудову школы вельмі мала, народнай адукацыяй ён не цікавіўся. Давялося наняць пад школу прыватнае памяшканне ў вёсцы Хацюхова ў больш заможнага грамадзяніна. Школа займала палову хаты, дзе было толькі тры невялікія вакенцы. Грошы за памяшканне плаціла Земская ўправа. У гэтай школе было пастаўлена 10 школьных лаў, на кожнай сядзела па пяць-шэсць вучняў. У класе было цесна, таму падчас перапынку мы выходзілі на вуліцу. Зімой было холадна… Вопратка на нас была даматканая, на нагах заўсёды мокрыя лапці і парцянкі». Мацвей Фаміч цёпла ўспамінае настаўніка Івана Фёдаравіча Жалкевіча, які вучыў дзяцей да 1914 года, затым новую настаўніцу Ксенію Піліпаўну, якая працавала да прыезду Міхася Мікалаевіча Клімковіча. «Клімковіч пачаў настаўнічаць з восені 1918 года, – даведваемся далей з успамінаў. – І адразу ж прыступіў да работы па ўмацаванні савецкай улады ў Хацюхова. У 1920 годзе арганізаваў камсамольскую ячэйку. Клімковіч перасцярог многіх з нас ад удзелу ў бандытызме, шмат разоў бандыты замахваліся на яго жыццё».

Сведчыцца, што многія бацькі не пускалі тады дзяцей у школу. Міхась Мікалаевіч правёў вялікую растлумачальную работу з жыхарамі вёскі. У выніку не толькі дзеці, але і дарослыя сталі наведваць заняткі. Пад кіраўніцтвам маладога настаўніка была адкрыта хата-чытальня. Кожную нядзелю ў былой панскай сядзібе ладзіліся тэатралізаваныя прадстаўленні. Перад кожным спектаклем Міхась Клімковіч абавязкова выступаў з дакладам, расказваў пра падзеі на фронце, патрэбы народа, пра жыццё краіны. Уся вясковая моладзь брала ўдзел у гэтых вечарынах. Відавочцы сведчаць, што ніводзін чалавек з навакольных вёсак не пайшоў у банду.

Ішла Грамадзянская вайна, злоснічалі бандыты. Мясцовых жа сіл для барацьбы з узброенымі фармаваннямі не хапала. Камуністаў і камсамольцаў уключалі ў атрады ЧАП (часцей асобага прызначэння) і ўзбройвалі для арганізацыі самаабароны. Падобны атрад быў створаны і ў вёсцы Хацюхова. У яго ўвайшлі 17 чалавек: тры камуністы, пяцёра тых, хто спачувае, і восем камсамольцаў. 15 мая 1920 года, у разгар вайны з палякамі, Клімковіч уступіў у члены партыі і актыўна праводзіў яе палітыку ў масы, узначаліўшы Хацюхоўскую партыйную ячэйку. Пад яго кіраўніцтвам камуністы разгарнулі вялікую асветніцкую работу сярод насельніцтва, арганізавалі пункты ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, гурткі мастацкай самадзейнасці.

Мяркуючы па пратаколах сходаў ячэйкі за 1924-1925 гг., кола дзейнасці хацюхоўскіх камуністаў было даволі шырокім: правядзенне землеўпарадкавання, арганізацыя збору падаткаў і г.д. У вёсцы часта ладзіліся мітынгі ў сувязі з пэўнымі датамі або падзеямі, спектаклі, канцэрты ў клубе (хоць вядомыя выпадкі нападу бандытаў падчас гэтых спектакляў), узброеная абарона насельніцтва вёскі ад рабаванняў. Аднойчы бандыты незаўважанымі з’явіліся на спектакль, але страляць не сталі, а даглядзелі пастаноўку да канца. Потым падышлі да Клімковіча і сказалі: «Ты добра іграеш. Забіваць сёння цябе не будзем, але іншым разам літасці не чакай!»

І яшчэ цікавы прыклад. 7 верасня 1924 года была шырока адзначана, здавалася б, не занадта значная ў календары дата – міжнародны юнацкі дзень. Тым не менш, камуністы і камсамольцы вёскі арганізавалі дэманстрацыю: са сцягамі і спевам рэвалюцыйных песень прайшлі да цэнтра вёскі, дзе правялі мітынг. Паступова, нягледзячы на восеньскія клопаты, да іх падцягнулася больш за сотню аднавяскоўцаў, пасля мітынгу былі пастаўлены нават два спектаклі: «Катаржнік» і «Пасланец», прычым апошні – на беларускай мове.

Варта адзначыць, што і Клімковіч, і большасць іншых камуністаў у той час не шукалі асабістых выгод, а змагаліся за ідэю сацыяльнай справядлівасці і шчыра верылі ў правільнасць абранага імі шляху. Іх «прывілеем» было тое, што, як сведчыць раздаткавая ведамасць, сакратар партячэйкі і іншыя сябры партыі атрымлівалі па 20 патронаў на вінтоўку, астатнія – па 10.

У 1921 годзе Міхася Клімковіча прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. У школьным музеі ёсць унікальны здымак – наш герой разам з сястрой. Але, перш, чым расказаць яго гісторыю, зробім вельмі патрэбнае адступленне. Мы ўжо ўзгадвалі Алену Аляксандраўну Зайцаву, якая працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры і кіравала літаратурна-краязнаўчым гуртком. Дык вось, акрамя ўсяго іншага яна падтрымлівала, можна нават сказаць, сяброўскія сувязі з жонкай Міхася Клімковіча Марыяй Іосіфаўнай. Захавалася вельмі цікавая і змястоўная перапіска, з якой мы можам шмат пра што даведацца. Вось, напрыклад, пра гэты здымак. Марыя Іосіфаўна пісала: «Фотаздымак М. Клімковіча з яго старэйшай сястрой Ксеніяй. Сфатаграфаваўся Клімковіч з сястрой у 1921 годзе, калі працаваў у вёсцы Хацюхова. У тым годзе ён ішоў у Чырвоную Армію. Гэту картачку ён падарыў гаспадару, у якога жыў на кватэры. Гаспадар з вялікай любоўю захаваў гэтае фота дагэтуль. Гэты чалавек паказаў картачку вашаму дырэктару школы. Дырэктар стаў прасіць, каб ён аддаў фота для школьнага музея. Той заявіў, што ніколі і нікому не аддасць гэтай картачкі, што з гэтай картачкай ён прайшоў усю вайну і ні адна куля яго не зачапіла. Праз год пасля майго прыезду ў Хацюхова паехала мая дачка ў камандзіроўку ў Крупскі раён. Яна – журналістка, і газета накіравала яе сабраць матэрыял да Дня калгасніка. Я папрасіла, каб яна заехала ў Хацюхова і паглядзела, што робіцца з музеем. Яна заехала ў вашу школу. Пачуў гэты селянін, якому Клімковіч падарыў фота, што прыехала дачка Клімковіча, і адразу ж прыбег і забраў яе да сябе ў госці. Пачаставаў яе цудоўна… Падчас размовы мая дачка так яму спадабалася, што ён вырашыў аддаць ёй сваё дарагое фота. Такім чынам гэта картачка с дароўным надпісам Клімковіча апынулася ў мяне».

Пасля было зроблена некалькі копій. Адну з іх Марыя Іосіфаўна і падаравала школьнаму музею.

З арміі Клімковіч вярнуўся ў 1923 годзе. Зноў настаўнічаў, але нядоўга. Ёсць звесткі, што ў тым жа 1923 годзе ён быў абраны сакратаром павятовага камітэта партыі ў Халопенічах. Хацюхоўскія актывісты заўсёды хадзілі ў Халопенічы на пасяджэнні. Клімковіч усяляк спрыяў гэтай актыўнасці. Нават сведчыцца, што, калі халодным восеньскім днём у аднаго з хлопцаў не было ботаў, каб ісці ў Халопенічы, Клімковіч аддаў яму свае, а сам абуўся ў лапці.

Увогуле, жыццё ў першыя паслярэвалюцыйныя і пасляваенныя гады было цяжкім і супярэчлівым. Але многае рабілася энтузіястамі, якія ўспрынялі савецкую ўладу, звязваючы з новым сацыяльным ладам надзеі на іншае, больш цікавае жыццё. Свае асабістыя бязладзіцы, як, напрыклад, цяжкае матэрыяльнае становішча, яны ўспрымалі як часовыя цяжкасці і гатовыя былі ахвяраваць асабістым дабрабытам дзеля справы. І, трэба сказаць, яны многага дасягнулі. Так, як і малады хацюхоўскі настаўнік, які пакінуў яскравы творчы след у беларускай культуры і стаў аўтарам тэксту Дзяржаўнага гімна БССР.

Але пра гэта – у іншы раз.

Марына БАРАДАЎКА.

На здымку: Міхась Клімковіч з сястрой Ксеніяй.

Фота з фондаў музея Хацюхоўскай СШ.

Дарэчы, Клімковіч часта ўзгадваў пра Крупшчыну. І нават верш прысвяціў невялікай вёсачцы Новае Сяло (зараз Вялікае Восава). Друкуецца ўпершыню.

 

Новае Сяло

На пятнаццаць вянкоў, на пятнаццаць вякоў,
На пятнаццаць людскіх пакаленняў
Мы паклалі падруб, абчасалі мы зруб
У вясёлы дзянёк, у нядзельны.
Самы сівы дзядок у пярэдні куток
Залаты палажыў урачыста,
А на трэцім вянцы ўсе паднялі карцы
З півам пенным, ячменным, іскрыстым.
Так хадзілі дзяды, і наш круг малады
Не пярэчыў ніводным ім словам,
Хоць стаўлялі сяло мы не там, дзе было,
А на ўзгорку высокім, нанова!
Каб далёка ў свет светлых вокан прывет
Ліўся з новых, як звон, пяцісценак,
А ў гарачы паўдзён смолкі ліпеньскіх дзён
Дыяменты гарэлі на сценах.
Мы заклалі садок, як вішнёвы вянок,
Вакол новай збудованай хаты,
Насадзілі кляны, каб шумелі яны
Над дамоўкай прасторнай, багатай.
З тых часоў тапары ад зары да зары
Не змаўкаюць, як дзятлы ў лесе,
А часамі сачыў з пухавых аблачын
За той працай і здзіўлены месяц.
І як дзень з шэрай цьмы, узняліся дымы
І шарэнгаю роўнаю сталі,
І ў вокнах шырокіх, што ўставілі мы,
Сонца яснага промні заззялі.

1946 год.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

  • Район
  • Область

Актуально

27 ноября можно получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ»

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября.
Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

23 ноября "прямую линию" проведет председатель районного Совета депутатов

В субботу, 23 ноября, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию проведет председатель Крупского районного Совета депутатов ДОМАРЁНОК Елена Александровна. Телефон 2-77-47.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация врача-гинеколога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача-гинеколога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация хирурга-стоматолога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача хирурга-стоматолога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

22 октября ИМНС проводит день информирования по вопросом применения налога на профдоход

22 октября инспекцией Министерства по налогам и сборам Республики Беларусь по Борисовскому району для физических лиц проводится тематический день информирования по разъяснению вопросов применения налога на профессиональный доход при осуществлении видов деятельности, разрешенных для осуществления в качестве самостоятельной профессиональной деятельности, определенной приложением 2 к постановлению Совета Министров Республики Беларусь от 28.06.2024 № 457 «О видах индивидуальной предпринимательской деятельности». Обращаться в отдел информационно-разъяснительной работы инспекции по тел. (0177) 73-93-27.

С 18 сентября работает "горячая линия" по лицензированию в сфере социального обслуживания

Крупский ТЦСОН информирует, что с 18 сентября работает телефон "горячей линии" 2-10-30 по вопросам лицензирования в сфере социального обслуживания и организации ухода за нетрудоспособными гражданами.

Please publish modules in offcanvas position.