Тут ён, равеснік Кастрычніка, нарадзіўся 12 студзеня 1917 года ў гарадскім пасёлку Крупкі. Тут з ранняга дзяцінства зведаў гора і нястачу, калі памёр бацька і згарэла хата. Тут натхніўся роднай прыродай, што бачыў навокал, у невялічкай вёсцы Селішча, куды ў дзедаву хату пераехалі пагарэльцы. Тут з маленства пачаў працаваць падпаскам і зведаў смак чэрствага хлеба, здабытага ўласнай працай. Тут вучыўся ў школе і напісаў свой першы верш. Тут працаваў у мястэчку Бобр старшым піянерважатым, а потым быў літработнікам у раённай газеце «Камуністычны шлях». Сюды, прайшоўшы праз вайну і стаўшы сталым пісьменнікам, вяртаўся зноў і зноў. Тут і зараз жывё яго стрыечны брат Эдуард Карлавіч Закрэўскі. Тут па сёння і надалей будзе добрая памяць пра адоранага паэта. Дарэчы, не так даўно ў нас з’явіліся два рэдкія здымкі. Адным з намі падзяліўся Ігар Шалаумаў з асабістага архіва, другім – супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея. На фота – паэт у акружэнні юных і сталых крупчан падчас чарговых сустрэч, шчырых і натхнёных.
Усё лепшае ў нас ад роднай зямлі – нездарма так спакон гаворыць беларускі народ. Крупская зямля нарадзіла і ўзгадавала талент Міхася Калачынскага. І ён, удзячны сын, шчыра дарыў сталіцы свайго юнацтва вершы, што кранаюць нейкім асаблівым лірызмам. Шмат прайшоў, шмат аб’ехаў, шмат пабачыў гэты чалавек, але нічога прыгажэйшага не знайшоў, за родныя Крупкі, раку Бобр, вёску Селішча… І з асаблівым замілаваннем расказаў пра гэта ў сваіх вершах. Паэт ганарыцца, што родная зямля напаіла яго душу палымянымі пачуццямі, напоўніла іскрыстай радасцю і жыццёвым роздумам. Ітак, пачытаем вершы Міхася Калачынскага пра нашу Крупшчыну.
ЖАДАННЕ
Мне б зноў прайсці па тых мясцінах,
Па той зямлі маіх бацькоў,
Дзе колісь быў не ў пагасцінах –
Рос, марыў, бегаў юнаком.
Даўно сляды юнацтва сцёрты
Вятрамі часу на жарстве.
А час далёкі?..
Ён не мёртвы, ён імем памяці жыве.
Пад сонцам стану, пагукаю
Яго на ўлонні ніў, лясоў,
I рэха прынясе з-за гаю
Мне сто юнацкіх галасоў.
Ад іх галіны белых вішань
Страсуць гадам адцвілы цвет,
Парог абвеюць, скуль я выйшаў,
Равеснік грозных дзён, у свет.
Хоць шмат было ў жыцці цяжкога,
Шлях да радзімы не стамляў.
Не, не знайсці свяцей святога,
Чым ты, бацькоўская зямля!
КРУПКА
Ты сэрцы другіх не кранала,
Ім сны не снавала свае,
I чыстай крупінкай апала
У думы і песні мае.
Загрукала градам агрэста
Пад хатай – дары аддала.
Маё залатое маленства
Дажджом, як з вядра, абдала.
Згадаў я і школьныя ліпы,
I шлях ад бацькоўскіх дзвярэй...
Ліпнёвым лістком ты прыліпла
Ка мне да грудзей.
I грудзі напоўніла горам,
Ледзь грымнула громам вайна.
I ў стэпе далёкім, і ў горах
Я часта тады ўспамінаў
Віры акунёвыя, крыгі,
Пад хлебным закальцам аер,
I родныя песні, і кнігі,
Узятыя напавер.
Але я не ведаў адчаю:
Гарэлі і біліся ў скронь
Віроў тваіх сіла крутая,
Лясоў вераснёвы агонь.
Мо лёгкай таму і ў паходзе
Мне справа любая была,
Што ты у семнаццатым годзе
Зарніцай мяне спавіла.
А зараз я сталы. I трэба
Сказаць на сваім мне вяку:
Хвала твайму жытняму хлебу,
3 чарніцамі малаку!
Хвала той дарозе у полі,
Дзе тлее дзіцячы мой след,
Юнацтву вясёламу, волі,
Што насцеж адкрыла мне свет!
АКРУГА СІНЯВОКІХ
Тым дзіўна,
Хто прыйдзе аднекуль:
Лён сіні ў палях да пляча,
Сінеча ў азёрах і рэках,
I вечна – ў дзявочых вачах.
Хто ж іх надзяліў сінявою?
Мо ў неба,
Да зорных арбіт,
Заглядвалі часта вясною,
Пакуль не прыдбалі блакіт?
Я ж помню:
На краскі ў маленстве
Глядзелі й казалі яны,
Каб вочы былі, як пралескі,–
Блакітныя зрэнкі вясны.
Казалі, бо ў красках вясновых
Зліліся ільны і смуга,
Сінь неба, і цвет васільковы,
I дым на баброўскіх лугах.
I зараз, куды ні паедзе
Хто з Крупшчыны,
нашых дзяўчат
Заўжды выдае ўсім на свеце
Вачэй іх блакітных пагляд.
НА ЕЛЕНЦЫ
Праз сінія-сінія ельнікі
Сцяжына ляжыць напрасткі.
Вядзе нас ад вёскі да Еленкі,
Налітай блакітам ракі.
Мы выйшлі, прачнуўшыся раненька,
З няхітрай задумай зямной.
Рука твая з матчыным пранікам
Ляжыць у далоні маёй.
Такая маленькая, плоская,
Што, можа, ёй пранік не ўзяць,
А ўзніме, аж хвалі заплёскаюць,
Вясёлкі пад сонца ўзляцяць.
Ды я пра інакшае думаю:
Брыў з дому – журбота вяла,
Стаў поплечкі, і журбу маю
Рука твая мігам зняла.
Прылессе дыміцца-туманіцца.
Мне ж добра: у вясеннім дымку
Благаслаўляю я раніцу,
Раку і сяброўства руку.
СЕЛІШЧА
Ірдзела парой світальнай
Неба – кацёл жаравы.
Крычалі ў балоце дальнім
Картавыя журавы.
На шэрых падушках купін
Песцілі жураўлянят.
Кут, што усім недаступен,
Ахоўвалі ў дзесяць варт.
Селішчу ж кут жураўліны
Патрэбны быў пазарэз:
Тлелі жарком журавіны,
Падаў дармовы лес.
А ўсім жа –
Рубіць трохсценкі
I сушні імхом імшыць.
А ўсім жа –
Аер трымценны
Зіме на куп’і сушыць.
Ледзь журавы прыляцелі,
Дух волі думы кружыў,
Бо кожны, як пралетарый,
У Селішчы зроду жыў.
Не хоча больш памяць кратаць
Лёс селіцкіх жыхароў.
Адно ў іх было за радасць –
Курлыканне журавоў.
НАЗВЫ I СУТНАСЦЬ
Бабёр мой
Бабрамі славіўся,
Ігрушка –
Кіслечаю груш,
А разам –
Алешнікаў навіссю
I непралазнасцю луж.
Адвеку
Грымела Выдрыца:
Выдраў
Не злічыш, дальбог.
А хто к ім трапляў,
Дык выбрацца
3 балот да пяскоў не мог.
Праўда,
3 гасцінца ў Апанскае
Дабрацца –
Ніякай бяды.
Але там
Бясхлебіца ляскала
Зубамі,
Як воўк руды.
Па нэндзе
Лічыліся роўнымі,
Вылі ад нэндзы
Да нематы
I Худаўцы з Зароўямі
I з Радзіцамі – Куты.
Вёскі –
Не важна,
Завуцца як, –
Цяпер задзіраюць насы:
Ім назвы
Пакінула рэвалюцыя,
А лёс іх змяніла зусім.
БАБРЫ I СЛАВА
Падаць амаль рукою
Да нашынскіх дуброў,
Што над Бабром-ракою
Прывабілі баброў.
Вяліся ў нас такія
Істоты там і сям.
Не раз каля ракі я
Страчаўся з імі сам.
Вялі суладкам справу
Рупліўцы ў лазняку,
Вілі ў хацінах славу
Пра ціхую раку.
Рабілі ўсё сумесна
Нямала зім і лет,
I стала славе цесна –
Гайда ад рэчкі ў свет.
Куды я ні паеду
Ці ні пайду, сябры,–
Ідуць за мной па следу
Баброўскія бабры.
Было перад сябрамі
Нялоўка мне здавён:
Няўжо адным – бабрамі
Наш славіцца раён?
Ды чутка завітала
3 маіх лясных мясцін:
Бабры сплылі – не стала
Ні хатак, ні плацін.
Сплылі – была падстава,
Ніхто ж іх не забраў.
Сплыла, выходзіць, слава
Зялёнага Бабра.
Даўно яго пакінуў
I летась на вясну
У родныя мясціны
Я зноўку заглянуў.
Іду – душа ў трывозе,
А тут, каля ракі,
Па лугавой дарозе
Насустрач – землякі.
Згадалі хлопцы жартам
Баброў у гушчары,
I мне пытаць не варта,
Што новага ў Бабры.
Жывуць тут людзі, справы
Вядуць свае як след.
Баброў няма. А слава?..
А слава дзівіць свет.