Каханне, прыгажосць прыроды, чалавечыя ўзаемаадносіны, радасць, смутак, праца, любоў да зямлі, што дала табе жыццё, свет вакол – гэта ўсё наша, блізкае і зразумелае. Цудоўна, што ёсць людзі, якім звыш дадзена бачыць у гэтым больш тонкага і вобразнага. І тады нараджаецца верш, і ён становіцца нашым здабыткам, узбагачае, дазваляе ўбачыць з’явы па-новаму, узвышае і закранае найлепшыя струны душы.
Даўно ведаю нашага земляка, паэта-песенніка Барыса Макарэвіча, яго творчасць, але кожны раз здзіўляюся тым паэтычным знаходкам, што выяўляюць новыя творы. Узровень майстэрства яго вершаў атрымаў высокую адзнаку не толькі ў прыхільнікаў паэзіі, але і прызнанне ў прафесійнай суполцы – Барыс з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Разнапланавая і шматгранная яго творчасць, што, дарэчы, не такая і частая з’ява. Яму аднолькава ўдала даецца і пранікнёная, і патрыятычная, і філасофская лірыка, а таксама вершы для дзяцей, сатыра і нават байкі.
Многія лічаць, што сённяшні свет – гэта свет суровай прозы. Згодзімся, не без таго. Да палічак з паэтычнымі зборнікамі падыходзім радзей, выдаецца менш, асабліва сучаснікаў. Але ёсць нямала таленавітых аўтараў, якія здольныя знайсці неардынарныя рыфмы, сказаць пра галоўнае ў вершаваных радках. І сярод іх – наш Барыс, які перакананы, што людзі абавязкова вернуцца да паэзіі.
– Зараз шмат транслюецца халоднай, спрошчанай інфармацыі, хапае меркантыльнасці, негатыву, вялізны вал усяго, што адразу ж забываецца, – выказвае сваю думку ён. – А душы таксама трэба падтрымка, і яна абавязкова захоча пачуццяў, нечага ўзвышанага, што акрыляе, дорыць эмоцыі, упрыгожвае.
І сам паэт на практыцы стараецца, каб паэтычнае слова хутчэй даходзіла да людзей. У яго для гэтага ёсць свой план.
– Зразумела, што можна пісаць вершы і складваць іх да лепшых часоў, – дзеліцца ён. – Можна выдавацца ў калектыўных ці ўласных зборніках, і гэта мы па крысе робім, хоць пакуль нельга сказаць, што маем масавага чытача. І я вырашыў пайсці да людзей праз песню. Чаму? Таму, што песенны тэкст крыху «лягчэйшы» калі можна так сказаць, падмацаваны музыкай, ён больш запамінальны. Песня зараз – найбольш прабіўны від творчасці.
Можа, песенны тэкст і ўспрымаецца лягчэй, але гэта не значыць, што напісаць яго прасцей.
– Эмоцыі, натхненне, жаданне выказацца – гэта вельмі важна, – працягвае Барыс. – Але песенны верш мае сваю навуку. Добры тэкст пачынаецца з добрай ідэі. Павінны арганічна спалучацца рыфмы, рытміка, музыкальная натацыя і шмат яшчэ чаго. Калі гэта ўдаецца, то можна прэтэндаваць на тое, што песня атрымаецца, яе зразумеюць і палюбяць слухачы. Каб пісаць вершы для песень, добра, калі чалавек сам нейкім чынам мае стасункі з музыкай.
Дарэчы, Барыс атрымаў прафесійную музычную адукацыю ў Мінскім вучылішчы мастацтва. І сам актыўна піша музыку да ўласных тэкстаў, добра іграе на гітары і спявае. Зразумела, што гэта мы не маглі не скарыстаць падчас інтэрв’ю і папрасілі яго выканаць некалькі песень. Смешная пра прыгожую але няўдалую маладзіцу, вясёлая пра ката, лірычная пра расстанне ў каханні – нам вельмі спадабалася.
Заслужанымі апладысментамі віталі песні нашага земляка на вядомых творчых форумах: «Белазаўскі акорд» у Жодзіна, конкурс паэзіі і пісьменнасці ў Маладзечна, адборачны тур на «Славянскі базар», радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» і інш. Актыўна піша Барыс для салістаў і педагогаў Мінскага каледжа мастацтваў, яго песні гучалі падчас урачыстасцяў у Палацы Рэспублікі.
Увогуле ён вельмі запатрабаваны ў музычным асяроддзі, песні гучаць у эфіры папулярных радыёстанцый. «Мінск» у выкананні Якава Навуменкі, «Жураўлі» – Крысціны Святлічнай, «Дзяўчына» – арт-групы «Беларусы», «Позна» – Анастасіі Лушчык, «Развітальны блюз» – Дзіяны Бажко, «Салдаты Перамогі» – Дзмітрыя Сушко, «Паўночны хіт» – Анатоля Мяккага і гэтак далей.
Тое, пра што піша Барыс, можна прасачыць па назвах: «Мама», «Маё каханне», «Цените доброе», «Ночы блакітны рай», «Солдатам Победы», «Звезда по имени хоккей», «Спортивная», «Для цябе», «Юнацтва», «Природы тихий рай», «Минский рок-н-рол», «Намалюю я свет», «Ночь», «Звезда», «Маладзечанскі блюз», «Ты – моё открытие», «Песня о дружбе», «Вечер встречи», «Заквітней, ружа», «Будзь самім сабой», «Погляд кахання», «Музыка роднага краю» і гэтак далей.
А ў фондзе Саюза пісьменнікаў знаходзяцца каля 30 песень для дзяцей – словы і музыка Барыса Макарэвіча.
Даўно і плённа паэт супрацоўнічае з Аленай Атрашкевіч – старшынёй Саюза кампазітараў Беларусі. Пра яе стаўленне да паэзіі Барыса сведчыць тое, што яна і сама піша музыку на яго вершы. Гэта песні «Мінск», «Жураўлі», «Музыка – наш сусвет», якую назвалі гімнам для расійскага ліцэя пры Акадэміі музыкі Санкт-Пецярбурга, «Вясновы напеў», які можна лічыць гімнам Мінскага адкрытага конкурсу харавых калектываў, вакалістаў і вакальных ансамбляў «Вясновы напеў» і многія іншыя.
І тут трэба сказаць, што нямала песень, што пішуцца на словы Барыса Макарэвіча, прэтэндуюць на статус гімна. Акрамя вышэйназваных – «Дарогі Афганістана» для крупскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, «Квітней, Беларусь» для хора Унутраных войск Рэспублікі Беларусь і іншыя. Ну і, зразумела, «Мой Крупскі край» – гімн Крупшчыны.
Увогуле ж, вершы нашага паэта ў розных жанравых і тэматычных накірунках надрукаваныя ў 20-ці сумесных з іншымі аўтарамі зборніках. Мае Барыс і ўласны зборнік «Мелодыя душы».
Ці можна навучыцца пісаць вершы? Меркаванне прафесійнага чалавека на гэты конт, думаю, будзе цікава многім.
– Паэзія – гэта дар, патрэбна, каб нешта такое было знутры, – выказвае свой пункт погляду ён. – Зразумела, пры жаданні можна асвоіць тэорыю вершаскладання, навучыцца падбіраць рыфмы, саблюдаць рытміку. Атрымаюцца пэўныя творы. І гэта добра, нават вельмі добра, калі чалавек займаецца творчасцю, ён развіваецца, робіцца лепшым, больш дасканалым. Я ведаю нямала людзей, якія пішуць для сябе, для сваіх блізкіх. Але, усё ж такі, твор, які выносіцца на публіку, павінен быць дасканалым або блізкім да таго. А тут шмат чаго патрэбна.
Згодна з Барысам і поўнасцю падтрымліваю яго. Часцяком у рэдакцыю прыносяць свае тварэнні тыя, хто адчуў у сабе паэтычныя памкненні. Аднойчы і зусім адчувала бездапаможнасць. Верш строф з дзясятак. Сэнс патрыятычны, эмацыянальны. А вось форма! Разбяры яго на асобныя строфы – і яны самі па сабе маюць права быць. А разам – ну ніяк. Гэта як кажуць, як спартыўны касцюм і абцасы. На жаль, аўтар так і не зразумеў, што тут не так…
Здараецца такое даволі часта. Так што, паэтычныя памкненні – гэта цудоўна. А вось аддаваць іх у людзі – тут трэба добра падумаць. І без усялякіх крыўд. У кожнага ёсць свае здольнасці. Нехта па-майстэрску водзіць машыну, нехта спявае, што заслухацца, нехта майструе, што вока не адарваць...
– І на адным натхненні таксама паэтам не станеш, – працягвае Барыс. – Здольнасці павінны атрымліваць развіццё, над імі трэба ўвесь час працаваць.
Гэта ён ведае з уласнага вопыту. Творчыя задаткі ў Барыса ад прыроды. Яго бацька ў свой час пісаў вершы, многія па бацькавай лініі былі музыкантамі, праўда, самавучкамі. Барыс распарадзіўся тым, што дадзена, найлепшым чынам: прафесійная музычная адукацыя, а ў паэтычным накірунку – самаадукацыя і слушныя парады тых, хто ў гэтым разбіраўся.
– Першы дзіцячы вершык пра вераб’я, просценькі і наіўны, з’явіўся яшчэ ў школьныя гады, – успамінае Барыс. – Пазней сябра, які пісаў ужо вершы, паказаў некалькі прыёмаў. Мне спадабалася. Памятаю, узяў сшытачак – і пайшло. Але аднойчы раніцай прачнуўся, перачытаў і падумаў, як усё гэта няўдала атрымалася. Рук не апусціў, натхнення не адпусціў, а пачаў спасцігаць навуку вершаскладання. Добрым словам хачу успомніць Паўла Талкачова. Ён шмат чаго растлумачыў мне з тэорыі. Дапамагла адточваць майстэрства заснавальніца народнага клуба паэтаў і кампазітараў Ірына Карнавухава. І сам чытаў, вывучаў тэорыю і імкнуўся адточваць кожны верш.
Барыс Макарэвіч – пранікнёны лірык. Асабліва лёгка пішацца восенню, яна больш абуджае эмоцый, абвостраных пачуццяў, якія даюць паэту штуршок для творчасці.
Цікава, а чые творы больш кранаюць самога Барыса? Як аказалася, яго любімы паэт – Максім Багдановіч.
– Мяне вельмі ўражвае задушэўнасць, чысціня, праўдзівасць, з якой Максім выказвае пачуцці, пра што б ні пісаў, – адзначае мой суразмоўца. – Шкада, што такі адораны чалавек пакінуў гэты свет у зусім маладым узросце. Падобны талент даруецца адзінкам. І зараз яго вершы чытаюць з трапятаннем, спяваюць песні, напісаныя на іх.
Па перакананні Барыса Макарэвіча, у наша паўсядзённае жыццё трэба вяртаць творчыя гасцёўні, паэтычныя вечарыны, запрашаць туды моладзь. Лірыка нараджае ў сэрцах дабрыню, адкрытасць, спагадлівасць, а гэтага не хапае.
– Вазьміце любімы томік вершаў, перачытайце радкі, прыслухайцеся да пачуццяў, затрымайце іх у сабе, адчуйце ад іх асалоду, – раіць Барыс, і да гэтай парады трэба прыслухацца.
Цудоўна, што ёсць на нашай зямлі не толькі людзі, якія ўслаўляюць яе сваёй працай, але і людзі, што апяваюць яе сваім творчым узнёслым словам.
Барыс МАКАРЭВІЧ
Юбілею Мінскай вобласці прысвячаецца
Міншчына – часцінка Беларусі.
Песня майго лёсу, мілы край.
Я табой заўсёды ганаруся –
Мой зямны, утульны, ціхі рай.
Я люблю твае лясы, палеткі,
Сініх рэк, азёраў пераліў.
Я люблю цябе зімой і ўлетку,
Бог зямлю мне гэту падарыў.
Сонечныя промні над табою,
Новы дзень жаданы сустракай.
Чыстаю крынічнаю вадою,
Сэрца акрапі і сілы дай.
Гоман птушак, лёгкі вецер, кветкі,
Росы, нібы мары на траве.
Сонныя туманы, нібы сведкі –
Як чарговы ранак устае.
Храмы беласнежныя святыя,
Веры непагаснае святло.
Словы мовы вечныя, жывыя,
Зноў гучаць, як і раней было.
Дабрыні бязмежныя запасы,
Тут ад продкаў скарбам, на гады…
Фабрыкі, заводы і калгасы,
Вёсачкі малыя, гарады.
Мінск, Барысаў, Крупкі, Маладзечна –
Ці сяло якое нагадай,
Прывітаюць шчыра і сардэчна,
Пагасціць жадаеш – прыязджай…
Едзь, ідзі – кароткі шлях, ці блізкі…
Як напамінанне той вайны –
Тут і там – усюды абеліскі,
Ад сівога Буга да Дзвіны.
Твой народ ніколі не забудзе,
Лагер Трасцянец, Шталаг, Хатынь.
Смерць, пажары, голад і няволю,
Смак нядолі, горкі, як палын…
У люстэрках вокнаў водбліск свята.
Смех дзіцячы вуліцай плыве,
І вясёлка шчодра і заўзята
Шчасцю свае фарбы аддае.
Дык квітней, куток мой непаўторны!
Казачнай красою на вякі.
Малады, свабодны, непакорны,
Мірны, добры, велічны такі!