
«Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».
Божае Нараджэнне – гэта вялікі знак з Нябёсаў, які гаворыць аб тым, што наш Бог, наш Творца любіць нас, памятае пра нас, дапамагае нам. Кожны з нас можа стаць чалавекам, які нясе святло, а, значыць, нясе Ісуса ў свет.
У гэты святочны час асабліва адчуваецца сіла Божай любові, якая з’яўляецца крыніцай нашага жыцця і надзеі. Божае нараджэнне – запрашэнне жыць у святле Евангелля, быць сведкамі Божай любові ў свеце.
Бо менавіта ў Яго нараджэнні мы знаходзім сапраўдны сэнс жыцця, пакліканне да міласэрнасці і служэння іншым. Заклікаю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, не забываць пра тых, хто побач з намі мае патрэбу ў падтрымцы, цеплыні і ўвазе.
У гэты святочны час заклікаю вас не забываць пра малітву – моцны сродак злучэння з Богам і крыніцу духоўнай сілы. Няхай малітва будзе для вас не толькі словамі, але і жыццём. І святло жывога Ісуса Хрыста, які прыйшоў у свет як Дзіця, асвятляе наш шлях, напаўняе сэрцы надзеяй і вернасцю, дорыць сілы ісці за Ім кожны дзень.
Ксёндз Віталій СТРЫГА, пробашч касцёла Святога Юзафа ў Крупках.


