– Вось над нашым Вялікім Лесам цэлы суботні дзень сонечна, – зазначыла ўраджэнка вёскі Таццяна Міранюк. – Гэта, пэўна, таму, што напярэдадні мы прыгаворвалі такую прыказку: “Дзедка баравы, бабка лугавая, пагода трэба, у нас заўтра свята”. Праўда, гэта крыху перайначаныя намі словы прыгаворкі на надвор’е падчас сушкі сена. Але, як бачыце, дзедка баравы і бабка лугавая нас пачулі і нам паспрыялі. Наша свята ладзім упершыню і таму усе крыху хвалюемся.
Мы яшчэ раскажам пра гэтую цікавую неардынарную жанчыну, бо першай, з кім адбылося маё знаёмства на свяце, была менавіта Таццяна Яўгенаўна.
Месца, дзе меўся адбыцца фэст, шукаць не трэба было. Толькі ўехаўшы ў Вялікі Лес, ля першага дома заўважылі мітусню: ставіліся сталы, развешваліся вышываныя сурвэткі і ручнікі, да спецыяльнага стэнда мацаваліся малюнкі і старыя фотаздымкі, на асобным століку выстаўляліся розныя падзелкі.
А госці ўсё ішлі і ішлі. І не толькі жыхары Вялікага Лесу, але і з суседняга пасёлка Бобр, з навакольных вёсак. Прымеркавалі свой адпачынак да свята і некаторыя ўраджэнцы вёскі, якія цяпер жывуць ва Украіне і Расіі. У прыватнасці, Вячаслаў Хвашчэўскі з жонкай Святланай і ўнучкай Дар’яй па некалькі разоў на год прыязджаюць у Вялікі Лес з Санкт-Пецярбургу. “У нас вялікія навагоднія канікулы, майскія святы, таму заўсёды едзем у вёску да бацькоў Вячаслава, – гаварыла Святлана Васільеўна. – А ўжо водпуск абавязкова праводзім тут. Ды і Даша імкнецца толькі ў Вялікі Лес. Тут прыгожа, утульна, добра”.
...Свята адкрыла вядучая, яна ж дырэктар Бобрскага гарадскога Дома культуры, Ірына Ярмоленка. Першым узяў слова старшыня Бобрскага сельвыканкама Сяргей Гур.
-- Шчыра і сардэчна вітаю ўсіх, хто прыехаў у Вялікі Лес, -- гаварыў Сяргей Сцяпанавіч. – У кожнага з нас ёсць дарагія, святыя мясціны, да якіх хочацца хоць калісьці, але вярнуцца. Малая радзіма шчымліва нагадвае ўспамінамі аб родных краявідах, мілых сэрцу куточках. Ваша вёска заўсёды славілася працавітымі і стараннымі людзьмі, дбайнымі гаспадарамі. Чыстыя вуліцы, дагледжаныя падворкі, у палісадніках – кветкі, у садах – яблыні, ігрушы, слівы, побач лес, багаты дарамі прыроды. Пажадаць хачу вам здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, бадзёрасці, натхнення і доўгіх-доўгіх гадоў жыцця.
І вось на імправізаваную сцэну запрашаюцца Вера Ракавец і Галіна Хвашчэўская, якія ўсё сваё жыццё працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Іх віталі Сяргей Гур і старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Кляновічы” Надзея Заблоцкая. Уручаючы падарункі, яна адзначыла стараннасць і ўвішнасць гэтых працаўніц, іх адказнасць за даручаны ўчастак работы, поспехі, якіх яны дабіваліся. У адрас Веры Іванаўны і Галіны Васільеўны прагучалі сардэчныя пажаданні і музычнае віншаванне.
Са словам у адказ выступіла Вера Ракавец, якая гаварыла аб працы брыгадзірам паляводчай брыгады, называла прозвішчы тых, з кім працавала, расказала, як спраўлялі дасеўкі, зажынкі, дажынкі, успамінала розныя цікавыя выпадкі.
– Прыемна, што і нашы дзеці не забываюць сваю малую радзіму, прыязджаюць да бацькоў, дапамагюць ім у справах. У свой час падлеткамі яны таксама шчыравалі ў мяне падчас адказных кампаній, -- зазначыла Вера Іванаўна. – Без перабольшання скажу: Вялікі Лес – вельмі культурная і прыгожая вёска, і жывуць тут цудоўныя людзі. Няхай з яе не выйшла вучоных і паэтаў, але і ў нас ёсць маракі, лётчык-выпрабавальнік і нават “Чалавек года Міншчыны” – Васіль Міранюк.
Вялікі Лес – вёска ў Бобрскім сельсавеце, за 15 км на ўсход ад Крупак, 3 км ад чыгуначнай станцыі Бобр на лініі Брэст-Масква, 13 км ад Мінска. вакол лес, на поўдзень балоты, у 2010 годзе – 30 гаспадарак, 77 жыхароў.
Вядомы з канца 19 – пачатку 20 стагоддзя як хутар у Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1897 годзе тут было 13 жыхароў. У 1909 годзе – засценак, 8 двароў, 25 жыхароў. З лютага да лістапада 1918 года ў зоне акупацыі германскіх войск. З 1919 года да сакавіка 1924 года – у РСФСР. З 20 ліпеня 1924 года – у складзе Сакалавіцкага сельсавета Крупскага раёна Барысаўскай, а з 18 чэрвеня 1927 года Аршансай акруг.
Паводле перапісу 1926 года ў вёсцы было 14 двароў, 86 жыхароў. У 1930-я гады арганізаваны калгас “Прагрэс”. У студзені 1932 года ў ім налічвалася 18 гаспадарак. З 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з 1.7.1941 г. да 28.6.1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах загінулі 16 жыхароў вёскі.
З 1950 года – у складзе калгаса імя Сталіна, які ў 1959 годзе перайменаваны ў калгас імя Свярдлова. З 16 ліпеня 1954 года – у складзе Бобрскага сельсавета. У 1960 годзе – 155 жыхароў, у складзе саўгаса “Бобр”, з 2004 года – у складзе ААТ “Кляновічы”.
Ужо затым у прыватнай размове з Верай Іванаўнай яна нагадала, што ў 1975 годзе ў Вялікім Лесе было 120 жыхароў, з іх 45 – працаздольных, 30 дзяцей, якія хадзілі ў пачатковую школу на станцыю Бобр, а ўжо ў сярэднюю – у Бобрскую.
– Ваша вёска вельмі прыгожая, асабліва ўлетку. Але такой яна стала не сама па сабе, а дзякуючы людзям, якія жывуць і працуюць на гэтай зямлі, -- працягвала вядучая. – І зараз для ўзнагароджання мы запрашаем Тадэуша Сельвестравіча і Святлану Міхайлаўну Маляўскіх, а таксама Уладзіміра Міхайлавіча і Антаніну Іванаўну Трусаў, дамы якіх удастоены звання “Лепшае падвор’е”.
Ізноў гучалі словы ўдзячнасці за працу і прыгажосць, якую гэтыя сем’і ствараюць сваімі рукамі, віншаванняў і пажаданняў новых задум і іх ажыццяўлення.
Тут жа былі нагаданы прозвішчы воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта – Сяргей Васільевіч Вячэрскі, Іван Міронавіч Макарэвіч, Ягор Пятровіч Макарэвіч, Аляксей Якаўлевіч, Андрэй Якаўлевіч і Васіль Якаўлевіч Марозавы, Герасім Станіслававіч Марцынкевіч, Барыс Рыгоравіч, Валянцін Уладзіміравіч, Іван Сяргеевіч, Уладзімір Ягоравіч, Ягор Хрыстафоравіч Міранюкі, Ілья Сысун, Уладзімір Якаўлевіч Трыфанаў, Іосіф Ісакавіч Шуцько. За сувязь з партызанамі былі расстраляны Іван Фёдаравіч Трус і Павел Цімафеевіч Трус, а Уладзімір Цімафеевіч Трус стаў ахвярай фашысцкага тэрору.
Не змагла прыйсці на свята старэйшая жыхарка Вялікага Лесу Надзея Цімафееўна Міранюк. Разам са старшынёй сельвыканкама мы завіталі ў яе дом. Суправаджала нас дачка Таццяна. Па дарозе яна расказала, што гэты дом узвёў яе прадзед, а ён і сёння, як званок, у садзе расце яблыня, якой ужо 120 гадоў, а яе ствол яна не можа абхапіць абедзвюма рукамі. Яблыкі і сёння радуюць ўсіх, але ўжо не такія і вялікія і сакавітыя, як раней. Але Таццяна Яўгенаўна зрабіла прышчэпку ў сваім садзе.
Цёпла сустрэла нас Надзея Цімафееўна, якая сваю вёску ніколі не пакідала. Працавала на Бобрскім лесазаводзе, гадавала дзяцей – дачку і дваіх сыноў, вяла хатнюю гаспадарку. Праз год такім жа летнім часам яна будзе адзначаць сваё 90-годдзе. Сяргей Сцяпанавіч зазначыў, што Надзея Цімафееўна Міранюк прызнана пераможцай у намінацыі “Самы мудры жыхар вёскі Вялікі Лес” і разам з падарункам уручыў ёй памятны адрас з такім надпісам.
А Таццяна Яўгенаўна працягвала свае ўспаміны. Сама яна адпрацавала на чыгунцы 37 гадоў. Калі ж выйшла на заслужаны адпачынак, вярнулася ў Вялікі Лес, пабудавала дом, дзе і жыве апошнія 10 гадоў, даглядае маму.
Дарэчы, яшчэ да пачатку свята яна паказала мне ў лесе два курганы, назвала ўрочышчы з наступнымі назвамі – Прохараў лог, Дзедава сажалка, Марозіхіна гумно, Крыжы, Дзятлава, Салтыкова, Нандаткі, Міхайлаўка і інш. Назва кожнай з іх гаворыць сама за сябе.
– У вёсцы найбольш прозвішчаў Мельнік, Шуцько, Міранюк, Хвашчэўскія, -- па дарозе да курганоў распавяла Таццяна Яўгенаўна. – Раней тут не было лесу, а расла дубрава, дзе стаяла леснічоўка. Вось ля гэтых курганоў струменілі крыніцы, і наогул, яны па ўсёй вёсцы былі. Мая бабуля, а яна пражыла 99 гадоў, расказвала, што тут арэшнікі раслі і яны мяшкамі збіралі фундук. Сады былі вельмі пладавітыя, грушы захоўваліся ажно да новага ўраджаю. З дзяцінства я вельмі цікаўная была, таму і выпытвала ў яе пра тагачаснае жыццё. Дзесьці ў 1897 годзе пачалося будаўніцтва чыгункі, дык многія сталі пакідаць мясціны, маўляў, куродым будзе. Дык мой прадзед Вячэрскі скупляў землі ў тых, хто ад’язджаў. Таму і быў зажытачным гаспадаром.
Падчас свята давялося сустрэцца з многімі вяскоўцамі. Да мяне падышла расіянка Надзея Кулік і з захапленнем расказвала пра вёску: і прыгожая, і людзі добрыя і дружныя, а лес – дык, як кажуць, рукой падаць. Шчырыя словы гаварыла пра свёкра – Міхаіла Сямёнавіча Куліка, якому ўжо 84 гады, пра свякроў – Валянціну Іосіфаўну, што пайшла ўжо з жыцця. А Мікалай – яе муж – успамінаў, як Вера Іванаўна вадзіла іх у калгас. У вёсцы выраслі і іх дзеці, таму, як толькі ёсць магчымасць, з радасцю едуць сюды.
Свята працягвалася. Добры настрой прысутным стваралі артысты Бобрскага ГпДК – Аляксандр, Яўгенія, Паліна і Дзіяна Дзем’яновічы, Лідзія Вішнеўская, Іна Бараўцова, Лізавета Конанава, Наталля Данілава, Лізавета Жорава, Марыя Лабастава. Паліна – унучка Трусаў – прадэкламавала верш пра вёску.
Ад імя ўсіх вяскоўцаў словы ўдзячнасці старшыні сельвыканкама Сяргею Гуру і ўсім, хто яго зладзіў, выказала арганізатар свята Тамара Куракова. Яна прапанавала і ў далейшым сустракацца штогод у першую суботу жніўня. Гэта прапанова была падтрымана дружнымі апладысментамі. Затым прачытала верш пра любую вёску, які сама ж і напісала.
А ўжо добра знаёмая нам Таццяна Міранюк напрыканцы ўзгадала наступныя вершаваныя радкі:
Сэрца хвалююць, як і ў дзяцінстве,
Рысы адметныя роднага краю:
Стала над хатай таполя ў маністах,
Стройная, быццам нявеста якая.
Побач калодзеж з цяглом жураўліным,
Дай, калі ласка, мне зноўку напіцца,
Зноўку адчуць водар роднай Айчыны,
Смак з жураўля найгаючай вадзіцы.
Роднае неба, палеткі, разлогі,
Слаўлю ваш ранак, і дзень, і сутонне,
Больш мне на свеце не трэба нічога –
Дыхаць бы вамі заўжды, як сягоння!