У народзе верылі, што ў гэты дзень рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку. Расліны і жывёлы размаўляюць. Беларусы збіралі лекавыя кветкі і травы, бо ў гэты час яны набывалі асаблівую сілу, праводзілі рытуал ачышчэння вадой і агнём, варажылі на будучае, спявалі песні і шукалі папараць-кветку.
Вось у такую чароўную і таямнічую атмасферу акунуліся крупчане падчас гуляння ў гарадскім парку. На беразе ракі Бобр разгарнулася тэатралізаванае дзеянне з усімі купальскімі атрыбутамі. Гучалі абрадавыя песні. Галоўныя матывы купальскіх песень – будучы ўраджай і, зразумела, каханне. Купалінка запрашала паўдзельнічаць у конкурсах і гульнях – крупчане праяўлялі актыўнасць Купалінка, вяночкі, вогнішча – старажытныя рытулы гуляння.
– Мы пастаянныя ўдзельнікі свята Купалля, што ладзіцца ў парку, – кажа Генадзь Волах з вёскі Майск. – А сёння ў імпрэзе прымае ўдзел 12-гадовая дачка Ксенія. Помню, як у дзяцінстве на Купалле збіраліся ўсім сялом, палілі вялікае вогнішча і вадзілі карагоды.
Іна ГАРА.
Фота аўтара.