Мэта – павышэнне прэстыжу навуковай дзейнасці і ўзроўню падрыхтоўкі нацыянальных кадраў, развіццё творчай актыўнасці, прыцягненне моладзі да навукі, фарміраванне ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і пачуцця прыналежнасці да будучага краіны.
У конкурсе прынялі ўдзел больш за 700 чалавек з усіх куткоў Беларусі. Гэта людзі рознага ўзросту, узроўню адукацыі і жыццёвага вопыту, у тым ліку школьнікі. Лаўрэатамі і фіналістамі прызнаны каля 200 удзельнікаў. Работы ацэньвалі вядучыя вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук.
– Для мяне ўдзел у конкурсе такога ўзроўню – гэта магчымасць не толькі паказаць сябе, але і ўсвядоміць тое, што справа, якой я займаюся, патрэбная і карысная для маёй краіны, – гаворыць Любоў. – Навуковымі даследаваннямі займаюся два гады, а вось сваю працу ў Нацыянальную акадэмію навук прадставіла ўпершыню. Безумоўна, вельмі прыемна, што маё даследаванне не засталося па-за ўвагай навукоўцаў і мне пашчасціла на адной сцэне стаяць побач з вучонымі, магістрантамі і школьнікамі. Гэта надае некаторую ўпэўненасць, а таксама натхняе на далейшую навукова-даследчую дзейнасць.
Тэматыка прадстаўленай работы: выхаваўчы патэнцыял легендаў і паданняў роднага куточка на Крупшчыне – мястэчка Халопенічы.
Зварот да народнай педагогікі невыпадковы, бо там – невычэрпны скарб дабрыні, спагады, маральных якасцяў, прыкладаў адносін да працы, да бацькоў ды і ўвогуле адзін да аднаго. Гэта вельмі важна для сучаснай моладзі.
Не сакрэт, што зараз часцяком выхаванне дзяцей адбываецца ў соцыуме, які і ўздзейнічае на станаўленне асобы. Гэта можна сказаць пра тыя сем’і, дзе бацькі больш накіраваныя на тое, каб заробіць грошы і даць сваім дзецям маральныя выгоды. І вольныя хвіліны, якія выдаюцца дзіцяці, яно праводзіць у Інтэрнэце.
Легенды і паданні роднага краю – гэта вопыт нашых продкаў, пэўны культурны пласт, мудрасць народнага слова. Упэўнена, што тыя бацькі, хто чытаюць сваім дзецям з іх нараджэння беларускія калыханкі, забаўлянкі, казкі, робяць вельмі добрую і карысную справу. Менавіта праз фальклор з маленства чалавек звяртаецца да сваіх каранёў, да культуры, што наш беларускі народ назапашваў стагоддзямі.
Менаіта гэта і імкнулася раскрыць у сваёй працы наша вучаніца. Як бачым, ёй гэта ўдалося.
Наталля КУЛАГІНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Халопеніцкай СШ.
Фота прадастаўлена аўтарам.