– У гэтым годзе акцыя, ініцыятарам якой традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі, адбудзецца ўжо ў 13-ы раз. І варта адзначыць, яна штогод ахоплівае ўсё большую колькасць удзельнікаў і пунктаў на карце нашай Крупшчыны, – адзначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Крупскага лясгаса Наталля Камовіч. – Да прыкладу, у мінулым годзе ў «Тыдні лесу» ўдзельнічала больш за 400 чалавек. Усяго за сем дзён акцыі валанцёры разам з лесаводамі высадзілі больш за 176 тысяч дрэў. Асноўнымі лесаўтваральнымі пародамі традыцыйна сталі хвоя, елка і бяроза. Акрамя пасадкі лесу, добраахвотнікі займаліся таксама ўборкай смецця, наводзілі парадак на месцах масавага адпачынку.
Далей Наталля Камовіч нагадала, што далучыцца да акцыі можа кожны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў лясгас альбо найбліжэйшае лясніцтва і заявіць пра сваё жаданне. Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць удзельнікаў акцыі неабходным рыштункам і пасадачным матэрыялам, а таксама пакажуць аб’екты, якія маюць патрэбу ў лесааднаўленні.