Каб уявіць, наколькі гэта высокая ўзнагарода, згадаем, што за 53 гады яе існавання ганаровага звання ўдастоіліся 549 беларусаў – прадстаўнікоў розных сфер грамадскай вытворчасці, навукі і культуры. І ў кагорце такіх слаўных працаўнікоў – механізатар з Крупскага раёна.
У нашай рэдакцыі захаваліся газетныя архівы. Некалькі дзясяткаў гадоў – са старонак, як з кадраў кінахронікі, – вытворчая дзейнасць героя. А яшчэ змястоўная сустрэча з дочкамі, якія на лета прыязджаюць у бацькоўскую хату, – і вось ён, працаўнік-асоба.
Уладзімір Іосіфавіч УСОШЫН – Герой Сацыялістычнай Працы – ганаровае званне ў СССР з 1938 па 1991 гады, вышэйшая ступень працоўнай адзнакі. Званне прысвойвалася асобам, якія сваёй выдатнай наватарскай дзейнасцю ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, гандлю, навуковых адкрыццяў і тэхнічнай вынаходлівасці праявілі выключныя заслугі перад Савецкай дзяржавай, садзейнічалі ўздыму народнай гаспадаркі, навукі, культуры, росту магутнасці і славы СССР.
Сталёвы характар
«Бацька мой батрачыў, пасвіў чужых кароў. Разам з горкай бядняцкай доляй ён рыхтаваўся перадаць мне ў спадчыну сваю пастушыную пугу. Але час вырашыў інакш…», – так пачынаў адзін са сваіх допісаў у Крупскую раённую газету «Голас калгасніка» Уладзімір Іосіфавіч Усошын у 1958 годзе.
Тады яго зорка гарэла вельмі ярка, ён быў сапраўдным героем для сваіх землякоў-крупчан – просты селянін, які атрымаў вышэйшую ступень працоўнай адзнакі.
Нарадзіўся Уладзімір Іосіфавіч ў вёсцы Радзіца Нацкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерніі ў сялянскай сям’і ў далёкім 1911 годзе. Тут, як кажуць, нарадзіўся, тут спатрэбіўся, тут уславіў сваю малую радзіму.
Як і ўсе сялянскія дзеці, працу спазнаў з маленства, дапамагаў у бацькоўскай гаспадарцы, пасвіў жывёлу. У 1929 годзе ў Радзіцы была арганізавана сельскагаспадарчая арцель «Чырвоны барацьбіт», куды ў ліку першых уступіла сям’я Усошыных.
Арцельная гаспадарка мацнела, набіралася сіл. Праўленне прызначыла яго брыгадзірам як найбольш пісьменнага і працавітага. Хлопца вельмі ўразіла тэхніка мясцовай МТС. Выбар быў адназначны – стаць механізатарам. І ён заканчвае курсы трактарыстаў-ілноцерабільшчыкаў пры МТС, куды ў хуткім часе і пераходзіць. З тае пары яго праца неразрыўна звязана з зямлёй, з тэхнікай, якая ва ўмелых і ўвішных руках майстра праяўляла свой сапраўды сталёвы характар. Такі ж характар дэманстраваў і сам малады механізатар, а інакш не было б поспеху. Вясной і летам узворваў глебу, а затым пераходзіў на церабленне даўгунцу. Хутка дабіўся высокіх паказчыкаў, заваяваў рэпутацыю аднаго з лепшых працаўнікоў. У 1939 годзе за поспехі ўдастоіўся права ўдзельнічаць у першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве, а затым яшчэ неаднаразова бываў на гэтым і іншых прадстаўнічых галіновых форумах, узнагароджаны залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Іосіфавіч разам са старэйшым братам у складзе 84-й гвардзейскай стралковай дывізіі прымаў удзел у Мінскай і Вільнюсскай наступальных аперацыях. Вызваляў родную Беларусь, а затым змагаўся на тэрыторыі Літвы. Удзельнічаў у фарсіраванні ракі Нёман і захопе плацдарма ў раёне літоўскага горада Алітус. У жорсткіх баях за ўтрыманне плацдарма ў ліпені 1944 года Усошын трапіў у палон. А за дзень раней у палон трапіў яго брат. Яны былі ў няволі амаль да самага заканчэння вайны і вызвалены 2 мая 1945 года. Затым дэмабілізаваліся і прыехалі на радзіму.
Восенню 1945 года Уладзімір Іосіфавіч вярнуўся да працы на зямлі – быў механізатарам на палетах калгасаў, што абслугоўвала Грушаўская МТС. І зноў ён узворваў, сеяў, убіраў лён. Быў па-сапраўднаму апантаны працай і з кожным годам удасканальваў сваё майстэрства.
На пачатку 50-х шырокае развіццё ў раёне атрымала льнаводства. І Усошын упэўнена заявіў пра сябе, як пра перадавога механізатара. Лён тады лічыўся асновай росту эканомікі калгасаў. Гэта адразу кідаецца ў вочы, калі гартаеш газетныя падшыўкі той пары. Напэўна, больш падрабязна, як пра лён, яго вырошчванне, апрацоўку, уборку, не пісалі ні пра адзін іншы від сельскагаспадарчых работ. Разважалі пра тэхналогіі спецыялісты, паказваўся вопыт перадавых ільнаводаў. Дарэчы, тады ў раённай газеце практычна не было ўласных фотаздымкаў, а вось партрэт Усошына быў. Праўда, некалькі падобных клішэ, але тым не менш. І гэта пры тым, што яго галоўны тытул быў яшчэ наперадзе.
Лён мае добрую цану, здавай дзяржаве больш ільну
Чытаем газетныя публікацыі і нібы размаўляем з разважлівым, дасведчаным чалавекам, які дасканала ведае сваю справу. «Не першы год працую я на льноцерабілцы «ЛТ-7». Так, толькі летась у калгасах імя Варашылава, «Бальшавік» і «Усход» я выцерабіў за 15 дзён 120 гектараў ільну, выканаўшы сезоннае заданне на 240 працэнтаў. Заробак на льноцерабілцы разам з прэміяльнымі склаў каля паўтоны збожжа і 2 000 рублёў. І сёлета дырэкцыя Грушаўскай МТС даручыла мне работу на льноцерабілцы. Улічваючы свае магчымасці, я абавязаўся ў гэтым годзе выканаць тры сезонныя нормы. Першыя поспехі ўжо дасягнуты. За чатыры рабочыя дні ў калгасах імя Леніна і «Шлях Сталіна» выцераблена 45 гектараў ільну. Гэта значыць, што за змену выбіраў па 10 гектараў пры норме 5 гектараў.
На аснове ўласнага вопыту магу сказаць, што важнейшай умовай паспяховай работы з’яўляецца своечасовы і высакаякасны рамонт машыны, рэгулярнае правядзенне яе тэхнічнага догляду. Машыну пачаў рыхтаваць яшчэ да ўборкі. Уважліва адрэгуляваў яе, ліквідаваў выяўленыя памехі.
Раніцай, калі на льну яшчэ ляжыць раса, напрацягу гадзіны, а то і больш, праводжу догляд № 1. У гэты час ачышчаю механізмы ад смецця, пустазелля і сцяблоў, правяраю крапленне дэталяў, нацяжэнне церабільных рамянёў, праводжу змазку машыны, рэгуліроўку церабільнага апарата і транспарцёра. Чарговы догляд праводжу праз тры гадзіны работы. Ачышчаю раму пад секцыямі ад смецця і наліпшай зямлі, змазваю шарніры карданнай перадачы і вал. Гэтыя работы праводжу незалежна ад таго, добра ці дрэнна ідзе машына. Аглядаю ў часе абедзеннага перапынку і за дзве-тры гадзіны да канца змены.
Дзякуючы ўважліваму і сістэматычнаму догляду льноцерабілка працуе бесперабойна. Вядомы, што яна ідзе на счэпе ў трактара. Таму, зразумела, многае залежыць ад трактарыста, яго ўмення весці машыну. У залежнасці ад рэльефа мясцовасці і гушчыні пасеву льну трактарыст па майму сігналу манеўруе хуткасцямі.
Для больш прадукцыйнай работы палі, засеяныя льном, загадзя трэба разбіваць на загоны памерам не менш, чым на дзень работы. Для першага праходу агрэгата, а таксама на вуглах неабходна праводзіць ручное церабленне льну. Уперадзе яшчэ многа работы. Буду змагацца за выкананне ўзятага абавязацельства». Так расказваў ён у жніўні 1952-га.
За чатыры сезонныя нормы
«На льноцерабілцы я працую з 1936 года. З кожным годам выпрацоўка павялічваецца. Так, у 1952 годзе ўбраў 120 гектараў, а летась – 147. Сёлета абавязаўся даць за сезон 200 гектараў пры заданні 50 гектараў.
На ўборцы льну працую ў сельгасарцелі «Шлях Сталіна» Ігрушкаўскага сельсавета. Ільноцерабілку загадзя адрамантаваў, затым перад пачаткам уборкі яшчэ раз агледзеў яе, адрэгуляваў і абкатаў. Асаблівая ўвага пры гэтым была звернута на рэгуліроўку церабільных секцый.
Машына не падводзіць у рабоце. З першых дзён уборкі дабіўся высокай выпрацоўкі. Для дасягнення поспеху важнае значэнне мае таксама штодзённая падрыхтоўка машыны для работы. Перад пачаткам работы разам з трактарыстам Міхаілам Стасевічам праводзім догляд ільноцерабілкі і трактара. Пасля двух-трох гадзін работы машыну спыняем для агляду і змазкі церабільных ролікаў. Пры норме затраты на гэта 1 гадзіны 40 хвілін мы праводзім за 40-50 хвілін. Эканомія часу дасягнута за лік правільнай арганізацыі работы і правядзення змазкі церабільных ролікаў прамывачным шпрыцам. У правядзенні змазкі аказвае дапамогу трактарыст. Ён змазвае шарнір гука, стаканы вядучых ролікаў і іншыя дэталі машыны, а я ў гэты час прамывачным шпрыцам змазваю церабільныя ролікі.
Надвор’е сёлета няўстойлівае. Але гэта не змяншае тэмпаў работы. Церабленне льну праводзім і ў дажджлівае надвор’е. Каб церабільныя рамні не прабуксоўвалі, іх тужэй нацягваем. У сваёй рабоце мы ўстанавілі цесную сувязь з паляводчымі брыгадамі і льнаводчымі звёнамі. Перад пачаткам уборкі калгаснікі ўручную выцярэбліваюць паласу для першага праходу агрэгата і вуглы на паваротах, а таксама каля камення. Узятае абавязацельства – даць сёлета чатыры сезонныя нормы, выканаю». Гэта жнівень 1954-га.
І не выпадкова, што пры такім граматным і дасканалым падыходзе да справы вынікі не прымусілі сябе чакаць. У тым жа годзе раённая газета канстатуе: «У спаборніцтве льноцерабільшчыкаў МТС тав. Усошын заваяваў першынство».
Галіна развівалася, і ў 1955 годзе ў параўнанні з папярэднім годам значна пашырылася плошча пасеву льну ў калгасах зоны Грушаўскай МТС. Што, у сваю чаргу, вымагала і больш кваліфікаванай рабочай сілы. У сувязі з гэтым у МТС арганізавалі двухтыднёвыя курсы льноцерабільшчыкаў, дзе займалася 20 чалавек. Для выкладання на курсах былі прыцягнуты лепшыя спецыялісты. Заняткі па практыцы работы, зразумела, даверылі вопытнаму церабільшчыку, удзельніку Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў 1954 годзе Уладзіміру Усошыну. Дарэчы, у тым жа, 1955-м, яго чарговы раз накіравалі на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу, дзе яе галоўны камітэт узнагародзіў працаўніка малым залатым медалём і прэміяваў матацыклам.
З года ў год усё больш славіўся сваімі вытворчымі поспехамі льноцерабільшчык Грушаўскай МТС Уладзімір Усошын. Дасягнутыя поспехі – вынік стараннай працы, творчага ўкаранення перадавых здабыткаў ільноцерабільшчыкаў краіны.
Традыцыйна тады ў калгасе «Шлях Сталіна» лён церабілі толькі пры высокай спеласці, што прыводзіла да страт. Параіўшыся з праўленнем калгаса, спецыялістамі сельскай гаспадаркі, уборку вырашылі праводзіць значна раней, калі сцяблы маюць зеленаваты выгляд. І з першага дня Уладзімір Усошын разам з трактарыстам Мікалаем Куляшом забяспечылі высокапрадукцыйную работу агрэгата. Церабленне льну пачыналі ў 5 гадзін раніцы і працавалі ў полі да наступлення цемры. І зноў жа самая пільная ўвага – сталёвым працаўнікам – церабілцы і трактару. Такая сістэма тэхнічнага догляду дазваляла механізатарам працаваць без аварый і паломак.
Высокая ўзнагарода абавязвае
Словы Уладзіміра Усошына ніколі не разыходзіліся са справай. Таму натуральна, што такая працавітасць і адданасць не засталіся незаўважанымі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 студзеня 1958 года за вялікія поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця сельскай гаспадаркі па вытворчасці збожжа, бульбы, ільну, мяса, укараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту Уладзіміру Іосіфавічу Усошыну прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
І было падарожжа ў Маскву. Праўда, падрабязнасці нам невядомы. Хіба толькі з адной цытаты: «Атрымаўшы гэту высокую ўрадавую ўзнагароду з рук Першага сакратара ЦК КПСС тав. М.С. Хрушчова, я абяцаў працаваць яшчэ лепш. І для гэтага не шкадую сіл і энергіі». І яшчэ: «Няма слоў, каб выказаць шчырую ўдзячнасць. У адказ хачу запэўніць, што буду працаваць яшчэ больш і лепш на карысць нашай любімай Радзімы. Сёлета я абавязаўся выцерабіць 200 гектараў ільну. І за гэта зараз змагаюся. Гэта зраблю пастаяннай нормай выпрацоўкі. У справе далейшага ўздыму сельскай гаспадаркі вялікая адказнасць кладзецца на нас, механізатараў. Я ў сваю чаргу зраблю ўсё магчымае для павелічэння вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі».
І далей зноў падрабязна пра машыну, пра тое, як зводзіць прастоі да мінімуму, як трэці сезон працуе без капітальнага рамонту, замяніўшы толькі два ролікі і два пасы.
Здаецца, такія сур’езныя абавязацельствы, такая занятасць, але Уладзімір Іосіфавіч здолеў яшчэ весці грамадскую работу – ён быў абраны кандыдатам у праўленне прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. І, зразумела, пастаянна вёў настаўніцтва, бо такі вопыт абавязкова трэба было перадаваць іншым. Прычым, не толькі з механізатарамі-ільноцерабільшчыкамі са свайго раёна. Ён правёў такі семінар для калег з Барысаўшчыны. Там, у калгасе імя Панамарэнкі, як сказалі б зараз, даў майстар-клас свайго метаду работы на церабленні льну. І больш таго, пры Грушаўскай МТС былі арганізаваны курсы, дзе навучаліся тэорыі і практыцы 50 ільноцерабільшчыкаў Мінскай вобласці.
Вось так, ударна, і шчыраваў на палетках Уладзімір Іосіфавіч Усошын доўгія гады. І высокую планку трымаў заўсёды. На заслужаны адпачынак пайшоў у 1971 годзе, але без справы сядзець не мог. «Вялікай павагай і аўтарытэтам у саўгасе «Стараселле» карыстаецца Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Іосіфавіч Усошын. Хаця ён на пенсіі, але прымае актыўны ўдзел у вытворчай дзейнасці і грамадскім жыцці. Уладзімір Іосіфавіч працуе фуражырам, з’яўляецца дазорным групы народнага кантролю, вядзе вялікую прафілактычную работу па прадухіленні недахопаў, – чытаем мы ў раённай газеце ўжо «Ленінскім курсам» у 1983 годзе. У 80-х мы бачым яго вялікую актыўнасць у грамадскім жыцці. Вельмі адказна адносіўся да партыйнага даручэння – быць народным кантралёрам. Штогод у саўгасе «Стараселле» падчас жніва дзейнічалі пасты народнага кантролю. Народныя дазорныя сачылі за якасцю ўборкі, арганізацыяй працы на ёй.
Бацькоўская навука
Жыццё ў героя было сапраўды прыгожае і насычанае. Няспынны, шчыры працаўнік, на якога раўняліся. А якім ён быў у побыце, сям’і? Пра гэта нам расказалі дзеці. Нас сустрэў дагледжаны дом у Радзіцы па вуліцы Чапаева і яго ветлівыя гаспадары. Знаёмімся: Тамара Уладзіміраўна, яе муж Васіль Мікалаевіч і Таісія Уладзіміраўна.
– Ён быў шчырым камуністам і добрым бацькам, на першым месцы ў яго былі сям’я і работа, – расказвае Тамара Уладзіміраўна са светлым успамінам і добрай усмешкай. – Татава першая жонка памерла, пакіншўшы трох сыноў. Сустрэў маму, у яе тады таксама былі два сыны. Нарадзіліся мы з сястрой. Памятаю, як заўсёды, калі бацьку запрашалі выступіць перад вучнямі ў школе, ён мудра жартаваў: «Дзеці мае – яе – агульныя». І сапраўды, атрымалася вялікая і дружная сям’я, дзе ніколі не дзялілі на «тваё-маё», вельмі любілі адзін аднаго, увесь час дапамагалі і падтрымлівалі.
– Назаўсёды мы запомнілі бацькаву навуку, што трэба шчыра працаваць і трымацца сям’і, – падтрымлівае сястру Таісія Уладзіміраўна. – Вельмі цёплыя адносіны ў нас былі, усе разам, гуртам, ён усіх з’яднаў пад сваё надзейнае бацькоўскае крыло. Жыццё наш бацька пражыў добра і годна. Гэта сапраўды прыклад перш за ўсё для нас, дзяцей і ўнукаў, а таксама для ўсіх іншых людзей.
– Жылі мы сціпла, – працягвае Тамара Уладзіміраўна. – Каб пракарміць сям’ю, трэба было трымаць немалую хатнюю гаспадарку: дзве каровы, цяля, свінні 3-4 заўсёды, гусі, куры. Мы ў ягады і грыбы хадзілі – усё ўласнай працай. Бацька вельмі шанаваў сям’ю. Як шчыра і аддана ён працаваў, таксама ўмеў і адпачыць. Кожнае свята ў нашай хаце збіраліся вялікім дружным гуртам за сталом, мама мусіла ўсіх накарміць. Песні спявалі, жартавалі, смяяліся. Уся Радзіца чула. Праз нейкі час адна з маіх сябровак прызналася, што зайздросціла мне. Я здзівілася, як так, багацця ў нас не было? А яна сказала: «А да вас як ні прыйдзі, у вас заўсёды песні». Гэта самае вялікае шчасце, якое толькі можа быць для чалавека. Гэтага не купіш ні за якія грошы. Мы ніколі ў сям’і дрэннага слова не чулі і дрэнных звычак не бачылі.
– Мой цесць быў вельмі чэсны, заўсёды шанаваў калгаснае, – уключаецца ў размову Васіль Мікалаевіч. – Нават калі абкошвалі дарогі на сена для жывёлы, на калгаснае не дазвалялася зайсці нават на травінку. А чацвёртай гадзіне раніцы ўжо на полі, сцямнее, а ён яшчэ ў полі. Як стаў фуражырам, на ферме шмат працаваў, каня яму дырэктар даў. Выдаваў даяркам сена, муку, дбаў, каб усё было правільна. Шмат чаму навучыў і мяне, а я стараўся заўсёды дапамагаць. Быў вельмі вясёлы. А як спявалі разам з цешчай! Я вельмі ганаруся сваім цесцем, заўсёды расказваў калегам, што ён – герой. А яшчэ быў сціплым чалавекам і ніколі не скарыстаў сваё званне на нейкія матэрыяльныя асабістыя выгоды. Быў упэўнены, што дзеці павінны ўсяго дабівацца ўласнай працай і розумам. Самае галоўнае, што ён сваім прыкладам навучыў усіх нас працаваць.
А яшчэ, як расказала дачка, быў катэгарычна супраць прапановы, каб у яго гонар перайменавалі вуліцу Чапаева ў вёсцы, дзе знаходзіцца іх дом, каб не пакрыўдзіць памяць пра знакамітага чалавека.
– Вельмі падтрымлівала бацьку мама, Ефрасіння Андрэеўна, – працягвае Тамара Уладзіміраўна. – Напэўна, таму ў яго і ў працы так склалася ўдала. І на поле есці насіла, і гаспадарку глядзела, старалася, каб усё было належным чынам. Заўсёды старанна збірала яго ў раён, падбадзёрвала: «Ты ж герой!» Бацьку вельмі паважалі ў раёне, шанавалі, узнагароджвалі. Мама таксама ў калгасе працавала. Пра ўсіх нас клапацілася і калі былі малыя, і калі дарослыя, як бы ні было, а траячку ў кішэню пакладзе кожнаму. Яна ўсіх туліла і навучыла, каб адзін аднаго трымаліся, каб дзяліліся апошнім з таго, што ёсць. Калі мама пайшла з жыцця, бацька жыў у нас па чарзе, затым вярнуўся ў вёску, унук Саша яго даглядаў.
Уладзіміра Іосіфавіча Усошына не стала ў 2004-м. Пахаваны ён на вясковых могілках.
Вось усе разам мы разглядаем сямейны альбом – мноства фотаздымкаў. Асабліва ўразіў той, дзе Уладзімір Іосіфавіч каля сваёй хаты, тут яму 90. І задуменны, і ўсмешлівы адначасова, у позірку бачыцца мудрасць гадоў і жывая цікавасць да жыцця. А на сцяне аднаго з пакояў – вялікі партрэт, які ў 1981 годзе напісаў самадзейны мастак Аляксей Гамін з нагоды 70-годдзя героя. Не пусцее роднае гняздо, цяпер тут дзеці, унукі, што трымаюцца сваёй сям’і, сваіх родзічаў. І ў гэтым вялікая бацькоўская роля і самая лепшая жыццёвая навука.
Марына БАРАДАЎКА, Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.